Перайсці да зместу

Божая Ліра (1930)/A/II/a/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
24. Дзіцятка нарадзілося 25. У калядны вечар на куцьцю
Сьпеўнік
Аўтар: Гальяш Леўчык
1930 год
26. а) Сьвятая ноч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




25.У КАЛЯДНЫ ВЕЧАР — НА КУЦЬЦЮ.
(Калядка).

1.У калядны вечар сэрца весяле́е,
Як са ўсходу зорка ярка заясьнѐе —
Да вячэры ў згодзе ўся радня сядае,
І калядны песьні радасна сьпявае.

2.А сялянскі дзеткі па старым звычаю
Ва ўсіх вёсках, сёлах ў нашым родным краю
Бавяцца вясёла за сталом ў саломе,
Каб усё вялося добра ў родным доме.
3.А па той забаве іх склікае маці,
Кажа да малітвы ручкі ім складаці,
Бо за бацьку й матку і за ўсю радніну
Трэба памаліцца ў гэтую часіну. —

4.А пасьля найбольшы шчыра прамаўляе
І за словам маткі гучна паўтарае:
„О, Хрысьце Маленькі, Мілы наш Язусе,
„Памажы ўстаць любай роднай Беларусі!

5.„Памажы ўстаць хутка, ліха перажыці
„І ў вялікай славе Госпада хваліці.
„Памажы, пацеш, як сьвятам — калядамі!“. —
Просіцца так беларускімі дзяцямі.

6.Хай ляціць да неба гэткая малітва,
Сільна, нат сільнейша, чым з паганствам бітва
Гэтая малітва нас ад сьлёз і гора
Збавіць і падніме, быццам з глыбі мора! —