Божая Ліра (1930)/Прадмова
| ← Урыўкі із Сьвятога Пісаньня аб пяяньні духоўных песьняў | Прадмова Сьпеўнік Аўтар: Гальяш Леўчык 1930 год |
Песьняй мілай «Божай Ліры» → |
Гэты зборнік духоўных песьняў выданы дзеля таго, што ў беларускай рэлігійнай хрысьціянскай літературы амаль зусім нямаш духоўных песьняў, праз тое нястача іх вельмі адчувалася на нашых малітвеных зграмаджэньнях.
Выданы ў 1925 г. невялічкі духоўны сьпеўнік (песеньнік) з 12 песьняў з нотамі лацінікай і русінікай (гражданкай), а цераз 2 гады другі сьпеўнік — з 20 песьняў бяз нотаў гражданкай, зусім не здавалялі нашых духоўных патрэбаў, а прытым былі ў іх пэўныя недахопы і памылкі ў зьмесьце — адносна да нотаў.
Мы хочам з жывымі ісьці наперад і жыцьцё новае, вечнае здабываць; хочам у Хрыстовай рэлігіі мець крыніцу жывое вады, жыцьця, сілы, прыгожасьці; хочам у рэлігійных нашых песьнях знахадзіць для сябе спосаб выяўленьня стану душы, а нават водгукаў і настрояў жыцьця, хаця моча‘ часовых, пералётных, але каб толькі чыстых, хрысьціянскіх.
Жывучы, чалавек мае часіны суму, жалю, трывогі і часіны радасьці, надзеі; упадае часам у некую журбу, беспатольную думку; часам у экстазу, але таксама часта чуецца ён напоўненым энергіяй і жаданьнем дзейнасьці.
Дык ясна, што песьні аднолькавага зьместу і характару, хаця і паважныя, або падносячыя настрой у іншых веравызнаньнях хрысьціянскіх, бываюць часта монотонныя.
Мы стараліся сабраць тут мэлёдыі і матывы лёгкія, але гучныя і мілыя для слуху і рознародныя; стараліся даць ім, наколькі мага, зьмест і тэкст добры і згодны з нашай роднай мовай.
На агульны лік мэлёдыяў, (каля 145), шмат, бо больш за 45, ўзята з вялікага сьпеўніка: „The Methodist Hymnal“ і іншых амэрыканскіх сьпеўнікаў, дзеля іх мастацкай вартасьці і для падтрыманьня лучнасьці з мільёнамі нашых братоў і сёстраў, што жывуць у розных краёх і контынэнтах. Значная частка, (каля 60), ўзята з вядомага сьпеўніка: „Гарфа Сіонская“; 8 із песеньніка: „Песьні Сіону“, 12 із песеньніка: „Гусьлі“, 16 із сьпеўніка: „Песьні Странніка“, 9 із украінскага песеньніка „Кныга Хвалы“; у гэтым ліку тут ёсьць некалькі мэлёдыяў англіцкіх, амэрыканскіх і старых каталіцкіх, некалькі нямецкіх, польскіх, расейскіх, пара беларускіх, украінскіх і агулам славянскіх народнасьцяў.
Міма вялікае асьцярожнасьці з нашай стараны, знойдуцца ў песеньніку мо‘ якія памылкі ў нотах і недахопы ў тэксьце, дык мы ветліва просімо дараваць нам гэтыя памылкі і недахопы самым паправіць, што трэба будзе[1], хаця-б дзеля таго, што мэтай нашага зборніка ёсьць толькі Слава Божая!
Каб вялікі, добры, адзіны ў Тройцы Сьвятой Бог, дзеля Чэсьці і Славы Якога маюць служыць гэтыя песьні, пабагаславіў нас і вёў нашыя душы да Сябе!Выдавецкі Камітэт.
- ↑ Гэтыя песьні, перад выдрукаваньнем іх, былі перагледжаны, скантралёваны і папраўлены з музыкальнага боку і з боку правільнасьці правапісу і духа беларускага языка спэцыяльнай музыкальна-літэратурнай камісіяй белар. языкаведаў.