Белы вянок (1929)
| Белы вянок Драма Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1929 год |
Ул. ГАЛУБОК
БЕЛЫ ВЯНОК
ДРАМА ў 1-м АКЦЕ
З ЖЫЦЬЦЯ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ
|
БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА МЕНСК 1929 |
|
Надрукавана ў друкарні |
|
Гарасім — селянін 40 г. |
Гарасім. Падаткі, падаткі. Думка ня выходзіць з памяці: і ўстаю, і кладуся — усё падаткі, падаткі. Ну, чым-жа заплачу? Чацьвёртую павестку пан пасылае. Эх, напіцца-б з гора ды бяды… хоць на хвілю атупела-б галава… (Пауза). І гэтага ня можна, няма грошай. (Пауза). Шчасьлівая дачушка, Аксіньня, нагулялася за дзень і сьпіць, нішто яе ня рупіць… былі-б цацкі, а гора ня будзе. (Перабірае на стале яе цацкі). Што гэта? грошы? адкуль яны? А, яна-ж зьбірала ягады — зарабіла, купіць хоча кніжку… (Пауза). Падаткі, падаткі, думка ня сходзіць з памяці. Эх, напіцца-б (Задумаўся). А што, каб… узяць. Што будзе (пауза) дзіця даруе мне… (За шапку). Даруй, дзеткі, бацьку п‘яніцу, ён зьневажае цябе, змушае плакаць горкімі сьлязьмі. З часам, дзеткі, падрасьцеш будзеш ведаць, чаму твой бацька п‘яніца. (Выходзіць).
Аксіньня (абудзілася). Дзіўна, чаму гэта мяне на
сон марыць і мамка нічога ня кажа — маўчыць. Але
годзе спаць, пабягу зараз на сяло і запытаюся ў
дзяўчат, калі па ягады пойдзем. А цяжка зьбіраць
маліны, ой, цяжка. З аднаго боку — лясьнікі панскія,
а з другога — глядзі, каб на сонную гадзюку не наступіць. Учора я наступіла… І за малым-малым не пакусала мяне. Уцякла. Зарабіла грыўню, а страху
мела — вой-вой!.. Але нічагуткі: зьбегаю ў дзялянку,
зьбяру ягад і прадам, і як будзе рубель, куплю сабе кніжку. Тут мае цацкі, тут мае грошы. (Шукае). А дзе ж яны?.. няма… забралі… хто-ж гэта забраў? (Плача).
Жонка. Ну, чаго плачаш?
Аксіньня. Ды нічога, я так.
Жонка. На пагоду ці на дождж.
Аксіньня. Гэта я ўспомніла, як мяне ў лесе гадзіна хацела ўкусіць. (Кажа гэта, манячы).
Жонка. Ува сьне?
Аксіньня. Ды не, учора ў лесе, як зьбірала я гады.
Жонка. А дзе-ж твае грошы, што зарабіла?
Аксіньня. Грошы… грошы не аддаў мне фурман; ён купіў у мяне ягады. (І гэта маніць).
Жонка. Купіў, дзіўна. А калі-ж ён аддасьць?
Аксіньня. Казаў сягоньня.
Жонка. Ну, дык схадзі да яго, і скажы, каб аддаў грошы: есьці няма чаго.
Аксіньня. Добра, я пайду.
Жонка. А бацька дзе?
Аксіньня. Ня ведаю, яго ня было. (Пайшла).
Жонка. Каб яно затанула гэткае жыцьцё, дажыліся да астатку. Грошай няма, хлеба няма, скаціна пазводзіць. Ужо чацьвёртую абвестку прыслалі, падаткі плаціць; што будзе, прагоніць пан з зямлі, старцамі пойдзем у сьвет (За сцэнай забрахаў сабака).
Войт. Твой гэта сабака на дарозе мяне пераняў?
Жонка. Калі руды, то мой.
Войт. І што-ж сабе думаеш, маўчаць буду?
Жонка. А што здарылася, паночку?
Войт. За нагу рвануў.
Жонка. Ах, каб яго ваўкі, ён у нас такі, — спадцішка.
Войт. Ну, а я рвану, каб усе ведалі, будзе ведама табе і твайму сабаку, што войт, а ні абы хто.
Жонка. Паночку, то што-ж будзе?
Войт. Як паклічуць на суд, будзеш ведаць.
Жонка. І адкуль такое насланьнё.
Войт. Ну, годзе. Не за тым я прыехаў, каб сабака за лыткі рваў. Падаткі ёсьць?
Жонка. Няма, паночку!
Войт. І за чацьвёртым разам няма?
Жонка. Адкуль-жа іх узяць? Самі ведаеце.
Войт. А няма падаткаў — з зямлі вон. Пан такіх ня любіць, і мне такія не да спадобы. Я калі зьяўлюся да каго ў хату, сабак не выпушчаюць, а пераймаюць і частуюць.
Жонка. Паночку, пабойцеся бога!
Войт. Ня бога трэба баяцца, а пана; пан — твой бог. Можа прагнаць, можа пакінуць, можа ўзяць падаткі і ня ўзяць. Пан!
Жонка. Усё гэта я ведаю.
Войт. Дзе твой мужык?
Жонка. Ня ведаю. А нашто пану?
Войт. Расьпісацца трэба.
Жонка. А вось ён, лёгкі на ўспамін.
Войт. Гэй, ты, чортаў смык, дзе цягаешся?
Гарасім. Ды тут, ля хаты.
Войт. Падаткі калі будуць?
Гарасім. Я ўжо і сам ня ведаю.
Войт. Я ня прыехаў жартаваць; а кажы толкам, калі падаткі будуць?
Гарасім. Хіба ўвосень.
Войт. А што, увосені хлеба намалоціш, шмат насеяў?
Гарасім. Чаму-ж бы не насеяў, але насён ня было. А пры тым, град поле папсуў.
Жонка. Увосень мо‘ заробім. Будуць сячы лес, а мы пацярэбім.
Войт. Падпішы гэтую паперу! Вось тут.
Гарасім (падпісвае).
Жонка. А можна ведаць, што гэта?
Войт. Папера, якая такіх арандатараў выкіне вон з панскіх абшараў. Сабаку прытрымай. (Пашоў, а за ім Гарасім).
Жонка. Вось табе новае ліха. Цяпер з зямлі прагоняць, калі паперу падпісаў. Што будзе: на старасьці засталіся жабракамі і самі, і дзіця.
Жонка. Ну, што, падпісаў?
Гарасім. Адкуль я мог ведаць?
Жонка. Ня ведаеш?! А зекры заліць гарэлкай мог ведаць. О… чортава кузьня, гад смалены!
Гарасім. І чаго баба лаешся? Старайся нейкі спосаб дабраць, няўжо адрачыся зямлі?
Жонка. Ды раней ты вырачашся кашулі, пакуль я выракуся зямлі. На коленках папаўзеш да пана, ногі цалаваць будзеш, а зямлю выпрасіш.
Гарасім. Так нас і паслухаюць.
Жонка. А не паслухаюць, дык горш для цябе; ня будзе табе ні хвілінкі спакою: я цябе загрызу!
Гарасім. Рабі, што хочаш. (Сеў).
Жонка. П‘янюга, абібок!
Разносьніца. Можа тавары крамныя патрэбны?
Жонка. Ды на ліха яны — капейкі за душой няма.
Разносьніца. То можа заначаваць дазволіце? Ноч набліжаецца.
Жонка. Заходзьце.
Разносьніца. Пахвалёны ў хату!
Жонка. Адкуль ідэяце?
Разносьніца. Ведае цыган адкуль ён ідзе? 3-за сьвету. Жыцьцё наша валацужнае. Кутка ўласнага няма.
Жонка. Але-ж пэўна добра зарабляеце, калі не абрыдла цягаць за сабой гэткі клумак.
Разносьніца. О, яшчэ і як абрыдла! Ды нічога ня зробіш. Хлеб.
Жонка. Купляў хто ў нашым сяле?
Разносьніца. Ды не; толькі з шляху ўзышла. Ваша першая хата паслужыць мне прыпынкам.
Жонка (да мужа). Чаму гэта Аксіньня ня ідзе?
Гарасім. А куды яна пайшла?
Жонка. Ды па грошы да фурмана. Ягады купляў, ды грошы не аддаў.
Гарасім. Як мне ведама, ён ягад у яе ня купляў, і грошай ня вінен.
Жонка. Ну, як? аддаў? (Пауза). Чаго-ж маўчыш? Кажы, грошы прынесла?
Аксіньня. Не аддаў.
Жонка. Чаму не аддаў? (Пауза). А можа ты страціла?
Аксіньня. Мамачка, даруйце, я вам зманіла! Я па грошы не хадзіла, бо ніхто ня вінен: яны згінулі… у скрынцы былі…
Жонка. Ах, так! (За палку). Ты мяне на ашуканства браць?
Гарасім (спаміж іх). Сядзь, шалёная, не палохай дзіця!
Жонка. Як-то сядзь, ды я… (Замахнулася).
Гарасім. Кажу не гарачыся, біць ня будзеш, бо ў гэтым не яе віна, а мая, — я ўзяў грошы!
Жонка. Ты? Ах ты, п‘янюга прагорклы! за яе грошы напіўся?
Гарасім. Так, за яе.
Жонка. Чакай-жа ты мне!
Гарасім. Аксіньня, дачушка, даруй мне, гэта я ўзяў твае грошы; узяў я ня дзеля таго, каб зрабіць табе боль, а каб заліць балючыя раны сэрца. Цяжка мне, сумна мне; усё гіне, усё валіцца ў бяздоньне. Ты сама, дзіцятка, бачыш наша становішча; зямельку — і тую адбіраюць. (Плача).
Аксіньня. Ня плачце, татачка, ня трэба мне грошы!
Жонка. Табе ня трэба, яму ня трэба, а падаткі плаціць трэба? А ведаеш ты, сабака бяздомны, што нас з зямлі выкідаюць?
Аксіньня. А за што, мама?
Жонка. А за тое, што падаткі ня плацім. Пан шкадаваць ня будзе!
Разносьніца. Пані гаспадыня, аб чым у вас шум?
Жонка. Ды аб тым, што гэты п‘янюга ў дзіцяці грошы ўзяў ды прапіў.
Разносьніца. Толькі ўсяго? І за гэта сварыцца? Кіньце! Хадзі, дзетка, да мяне, я табе дам грошы. (Выпусьціла з рук мяшэчак грошай). А ліханька, з рук валяцца. (Як выпалі ў разносьніцы грошы, маці хітра глянула). Ну, а цяпер будзе ціха. (Аксіньня грошы аддае маці).
Аксіньня. Цётачка, якая вы добрая, дзякую вам!
Разносьніца. Ня трэба, дзеткі, ня трэба! Няхай у вашай хатцы згода будзе! Не магу бачыць сваркі.
Жонка. Вы добра абмяркуйце: у хаце ні хлеба, ні солі, а ён абы капейку — у шынок.
Гарасім. Не разумееш душы чалавека, не разумееш! Ня сам я ў шынок іду, а доля горкая заганяе туды… хата валіцца, падрубы згнілі, зямлі — і тэй няма. Эх, чаму-ж ня ўдарыць гром і не пахавае мяне, гаротнага, тут, на месцы?
Разносьніца. Кіньце сварку, неяк будзе!
Гарасім. Так і будзе. Голас мой не пачуе ніхто, а сьлёз сьвет не пазнае.
Жонка. Ну, годзе ўжо, годзе!.. і так горка ўжо!
Разносьніца (нечага шукае).
Жонка. Чаго шукаеце, страцілі што?
Разносьніца. Аршын дзесь задэчыла, і сама ня ведаю.
Жонка. Як мне здаецца, да нас прышлі без аршына.
Разносьніца. Пэўне, на дарозе згубіла.
Жонка. Можа дзе недалёчка? Аксіньня, зьбегай пашукай!
Разносьніца. А мы разам.
Аксіньня. Згода, цётачка, разам!
Жонка. Запалі ліхтар, а то нічога ня ўбачыш!
Аксіньня. Я знайду і так. (Пайшлі).
Гарасім. Прыказка не здарма кажа: сьвет не бяз добрых людзей. Чужы чалавек, а прыняў у сваё сэрца і нашу бяду.
Жонка. Добра прыймаць, меўшы гэтулькі грошай. Ты бачыў?
Гарасім. А па што я маю заглядацца на чужое дабро?
Жонка (ласкава). Нам, браце, ня суджана мець
нічога людзкага, апроч гэтага ламачча, а мець хацелася-б, ой, як хацелася-б. (Пауза). Ну, скажы, чым дрэнна, каб мець гэтулькі грошай: апрануўся-б, хату новую ўзгарусьціў і чарку гарэлкі яшчэ.
Гарасім. Перш падаткі заплаціў-бы.
Жонка. Вось гэта разумна! Перш падаткі. Ты мне даруй, што я накрычала на цябе.
Гарасім. Крычы, я не баюся. Зьвягі толькі ня люблю.
Жонка. Праўду кажучы, ты сам вінен, у такую пару разважаеш, як дзіця, а пры тым паперу войту падпісаў.
Гарасім. Падпішаш, калі загадае.
Жонка. Так вось што! Гора горам, а радасьць радасьцю. Схадзі ты ў шынок і прынясі гарэлкі… маеш грошы?
Гарасім. Гарэлкі? Жартуеш, ці што?
Жонка. Ня жарты, а сапраўды. Прынясі гарэлкі сюды, а рэшту выпі там.
Гарасім. Нашто табе гарэлка?
Жонка. Вось дурны, піць будзем. Хіба дрэнна? Ну, ідзі, пакуль ня злосная.
Гарасім. А можа ня трэба піць? Нешта ахвота адпала адразу.
Жонка. Ну, хутчэй ідзі, у мяне важная справа ёсьць!
Гарасім. Якая такая справа?
Жонка. А вось бяжы, тады скажу.
Гарасім. Не пайду.
Жонка. Ну, і дурны. А ў мяне спосаб ёсьць, як паперу тую вярнуць назад, што войту падпісаў.
Гарасім. Жартуеш, баба!
Жонка. А вось ідзі — і папера будзе ў нас, а падаткі ў пана.
Гарасім. Я трачу прытомнасьць. (Доўга думаў і пашоў).
Жонка. Толькі не марудзь. (Думае). На сяле яе ніхто ня бачыў, грошы не малыя.
Жонка. Ну што, знайшлі?
Аксіньня. Цёмна! Трэба запаліць ліхтар.
Жонка. А я-ж табе казала.
Аксіньня. А дзе ліхтар?
Жонка. У сенцах.
Аксіньня. Мамачка!
Жонка. А што?
Аксіньня. Мамачка, ня крычэце на татку, ён ня вінен!
Жонка. Ды я ня крычала.
Аксіньня. І на мяне ня крычэце! Я зманіла.
Жонка. І на цябе ня крычу.
Аксіньня. Я зараблю шмат грошай і ўсе вам аддам. Мне грошы не патрэбны.
Жонка. Ну, добра, ідзі ўжо, ідзі!
Аксіньня. Матуленька, а я вам пахвалюся! Яна мне абяцала, як знойдзецца згуба, на сукенку даць.
Жонка. Вось бачыш, як добра. Шукай, будзеш мець гасьцінец!
Аксіньня. О, я буду шукаць, папрашу белай тканіны і мне пашыюць белую вопратку. (Адышлася і вярнулася назад — пацалавала матку і пабегла).
Жонка. Ах, хоць бы ўдалося! А тады наша зямля, наша будова!
Жонка. Ну, вось, адразу відаць, што выпіў, вочы — і тыя пасалавелі.
Гарасім. Ня тое, каб пасалавелі, ня тое, каб ні пасалавелі, але так нешта ў галаве каламуціць.
Жонка. Нябось, і сілы больш, і адвагі больш.
Гарасім. А пэўне, што цяпер перад войтам ня ўздрыгнуўся-б.
Жонка. Веру, веру.
Гарасім. Табе патрэбны падаткі? Во падаткі — мазольныя мужыцкія рукі. Табе патрэбны словы? Маеш словы. Эх, сказаў-бы… што з гарматы.
Жонка. Адважны, адважны ты ў мяне.
Гарасім. Ну, а чым я не адважны? Я адважны. Праўда, калі цьвярозы — маўчу, а вып‘ю — агрызнуся. Хіба няпраўда?
Жонка. Ды якая там праўда, калі ты ануча.
Гарасім. Як-то ануча?
Жонка. А так, каб ты быў крышку сьмялейшы, не сядзеў-бы бяз хлеба і зямля наша была-б.
Гарасім. Усё наша пры нас. Зямлі я не аддам, бо ня год, ня два баранаваў яе і плаціў падаткі, а цяпер ня маю чым, могуць пачакаць, не згалее ад гэтага пан.
Жонка. Падаткі ёсьць, толькі трэба ўзяць іх.
Гарасім. А дзе іх узяць? Хіба прысьніла?
Жонка. Ня прысьніла, а сваімі вачыма бачыла і ты бачыў.
Гарасім. У каго?
Жонка. У разносьніцы.
Гарасім. Ну і што?
Жонка. Так вось, кіўні пальцам — і грошы ў тваёй кішэні, і зямля пры нас.
Гарасім. Не разумею.
Жонка. На сяле яе ніхто ня бачыў.
Гарасім. Але што трэба зрабіць?
Жонка. Адабраць грошы.
Гарасім. Што ты, баба? Да цябе нячысты прыстаў. Перажагнайся!
Жонка. Не палохайся, дурненькі, не адганяй шчасьця, калі само ў рукі ідзе.
Гарасім. Ну, дык у чым рэч? Адбяры! Сьмеху варта. У бабы адабраць грошы. Ды яна, мае міленькія, такі вархал падыме, што нябожчыкі пачуюць. Спрабуй-жа ты ў мяне што адабраць, то я за сякеру вазьмуся.
Жонка. А вось-жа зямлю адабралі, а за сякеру ня ўзяўся, а яшчэ дзьверы войту адчыні.
Гарасім. А што мне было рабіць?
Жонка. Тое, што было, ня вернеш. Рабі так, як кажу. Адбярэш і маўчаць будзеш.
Гарасім. Як-то маўчаць, калі яна жывы чалавек?
Жонка. Яна будзе спаць.
Гарасім. А як абудзіцца, дзе падзенешся?
Жонка. Тут будзеш.
Гарасім. Рабі сама, я няздольны на злачынства! За свой век блага нікому не зрабіў.
Жонка. Дарма, не марнуй часу на пустую гутарку, а то будзе позна.
Гарасім. І слухаць не хачу!
Жонка. Ты добра памяркуй, якое тваё жыцьцё: калі ты быў сыты? Ніколі! Калі ты меў боты — ніколі! Век на табе зрэб‘е, век на табе лапці. Ты ўспомні, на каго ты працаваў? Што ў цябе ёсьць? Зямля — і тая не твая. А старасьць за дзьвярыма. Што тады будзе? Выганіць пан з хаты і пойдзем, як мышы рудыя, у сьвет.
Гарасім. Ня было да гэтага часу граху, няхай і ня будзе; бедны жабрак, але сумленны.
Жонка. Злыдзень, не адмаўляйся, кожная хвіля дорага; табе здаецца, я жартую, гад смалены; паперу падпісаў і слюнкі распусьціў. Зрабіць, што кажу, а то самога са сьвету зьвяду. Бачыш ты яго — не магу,
не магу. Калі ня рвалі сабакі твае ногі, дык парвуць,
калі жабраваць будзеш. Самога будуць пушчаць начаваць, бо свайго кутка мець ня будзеш. На яшчэ
грыўню, выпі ды прыходзь, бо калі так ня зробіш, вочы табе павысмальваю. (Палажыла грошы на стале).
Гарасім. Рабі што хочаш, а так не зраблю.
Жонка. Тады вон з хаты, я сама зраблю. Вон! (Bыпіхае).
Гарасім. Ачмурэла баба, дальбог.
Жонка. Так, ачмурэла, бо голад прымушае. А галодны чалавек ня ведае, што робіць. Трэ‘ будзе табе галаву сякерай адсяку. Са мной жарты малыя… апошні раз пытаюся… ідзеш?
Гарасім (узяў грошы, вышаў).
Жонка. О, як-жа цяжка было ўгаварыць… упёрся, як бык…
Жонка. А што, знайшлі?
Разносьніца. Знайшлі, ля самага лесу быў.
Жонка. А хто-ж знайшоў?
Аксіньня. Я.
Разносьніца. У яе вочкі сьвецяць добра, як зоркі, за гэта гасьцінца ёй дам.
Аксіньня. Цётачка, як я рада, буду мець новую вопратку.
Разносьніца. Будзеш, дзеткі, будзеш, дам табе лепшай тканіны, дам грошы, каб пашылі.
Аксіньня. Якая вы добрая! Матуленька, чулі, — усё ў мяне будзе.
Жонка. На сьвеце жывучы, усяго нажывеш.
Аксіньня. Мама, а куды татка пайшоў?
Жонка. Да суседзяў. А нашто ён табе?
Аксіньня. Я хацела прасіць і татку, і вас, каб вы не сварыліся; я буду памагаць вам, і ў нас будзе хлеб.
Жонка. Будзе — ды ня ў нас.
Разносьніца. Ну, нашто так разважаць? Не заўсёды так будзе.
Жонка. Праз усё жыцьцё гэтак… доля ўжо такая… ну, Аксіньня, ты зусім асалавела, сьпіш ужо. Кладзіся!..
Аксіньня. Добра, мамачка, лягу.
Разносьніца. Гляджу я на вашу дачушку радуюся, — залатое дзіця… столькі разуму… уцеха на старасьці…
Жонка. Якое яе жыцьцё ў гэткай нудзе?
Аксіньня. Ну, мамуленька, пайду спаць. Бывайце здаровы, ня гневайцеся на мяне.
Жонка. Добра ўжо, добра; ня дуры галавы, цётка таксама адпачыць хоча.
Разносьніца. Праўду кажаце, за дзень натупалася, з вамі размаўляю, а вочы зьліпаюцца.
Жонка. Ну, дык і кладзецеся.
Аксіньня. І з вамі, цётачка, разьвітаюся…
Разносьніца. Сьпі, маё дзіцятка.
Аксіньня. Ах, хоць-бы прысьніць белую вопратку. Вось я і пашла. (Вышла ў бакоўку).
Жонка. А вы кладзецеся тутака.
Разносьніца. Дзякую, мне абы прыткнуцца.
Жонка. Вось гэтым накрыйцеся, а я пайду старога пашукаю. (Пашла).
Разносьніца. Ох, жыцьцё, жыцьцё, век па чужых хатах.
Аксіньня. Цётачка, а-ку-ку-ку. (Праз дзьверы).
Разносьніца. Ты яшчэ ня сьпіш?
Аксіньня. Ня сплю, цётачка! Усё думаю, як буду мець новую вопратку, як выйду на вуліцу і ўсе зьдзівяцца.
Разносьніца. Выйдзеш, дзеткі, выйдзеш.
Аксіньня (пасьля вялікай паузы). Цётачка!
Разносьніца. А што?
Аксіньня. А мне хочацца паглядзець, якую дасьце вопратку?
Разносьніца. Ну, калі так хочаш, устану ды пакажу. (Устае).
Аксіньня. Цётачка, даруйце, я вас патурбавала.
Разносьніца. Нічагутка, пакажу (Разьвязала клумак). Вось гэта табе — падабаецца? (Дастала з клумка белую з блакітнымі стужкамі сукенку, дала Аксіньні, тая прылажыла да грудзей, склаўшы накрыж рукі).
Аксіньня. Падабаецца, цётачка, падабаецца.
Разносьніца. А вось табе і вяночак, белы, як сьнег. (Кладзе на галаву).
Аксіньня. Цётачка, мусіць прыгожа?
Разносьніца (дае люстэрка). Глянь, дзеткі, глянь!
Аксіньня (глянула і дзіка ўскрыкнула).
Разносьніца. Дзеткі, што з табой?
Аксіньня. Страшна мне, страшна, вазьмеце, не хачу, баюся… (Зьдзела).
Разносьніца. Чаго-ж ты, дзеткі, спалохалася?
Аксіньня. Я была падобна…
Разносьніца. Да каго?
Аксіньня. Да нябожчыцы.
Разносьніца. І зусім не, пакінь, дзеткі, палохацца; нядобра супроць ночы сьмерць успамінаць.
Аксіньня. І мамы няма.
Разносьніца. Мама прыдзе, не палохайся, дзеткі, кладзіся, кладзіся.
Аксіньня. Цётачка, вы мне падаравалі гасьцінец, а я вам аддаю сваё месца, — яно і цяплейшае і раскашнейшае.
Разносьніца. А ты-ж дзе ляжаш?
Аксіньня. А тутака.
Разносьніца. Ну, добра… дзякую табе, родненькая!
Аксіньня (кладзецца). Я, цётачка, накрыюся з
галавой… каб адразу заснуць, сьмерці баюся.
Разносьніца. Сьпі! (Пашла у бакоўку).
Аксіньня. Цётачка, а прыдзе мама, так скажэце, што гэта падарункі вашы… і я спалохалася сьмерці.
Разносьніца. Пакінь ты, дзеткі, супроць начы сьмерць успамінаць.
Аксіньня. Ня буду, цётачка, ня буду. (Закрылася).
Разносьніца (вышла. Вялікая пауза).
Гарасім. А чые гэта рэчы?
Жонка. Вось табе і на! Пакуль з шынку вярнуўся і забыўся. Падарунак для Аксіньні.
Гарасім. Ага, успомніў! Дрэнныя думкі доўга ў галаве не сядзяць. (Глядзіць на вянок).
Жонка. Ды пакінь ты ўглядацца!
Гарасім. Белыя кветкі, як вочкі маёй дачушкі: гляджу я на гэты вяночак, і бачу яе перад сабой, мне здаецца, што яна зараз зьявіцца перада мной у гэтай вопратцы, і запытаецца, хто я: сумленны чалавек ці забойца?
Жонка. Зусім раскіс… і гарэлка не памагла.
Гарасім. Быццам я ня піў…
Жонка. Ну, здаецца, усё абгаварылі, застаецца зрабіць канец. Чуеш? Сьпіць!
Гарасім. Баба, што ты робіш?.. вусьцішна… сумленны-ж я чалавек.
Жонка. І будзеш.
Гарасім. Баюся! Абудзіцца, наробіць крыку.
Жонка. Ото-ж дурань… (Дае гарэлку). На, выпі і зрабі, што кажу! Ну, пі, табе кажу!
Гарасім. Што са мной?.. (П‘е).
Жонка. Падаткі аддамо, зямля наша, скінеш лахманы. (Дае сякеру).
Гарасім (са страхам). Забіць…
Жонка. А то як-жа… сам казаў — абудзіцца, у астрозе згніеш.
Гарасім. О, не… Згінь ты, прападзі!..
Жонка. Ня бойся! Адзін раз сякерай кіўнеш і лепшая доля перад намі.
Гарасім. Што яна робіць са мной, куды нахіляе?
Жонка. Куды нахіляю? А вось туды (паказвае), бо калі не паслухаеш… сам толькі памятай… табе на дарозе катарга.
Гарасім. Але-ж як гэта можна?
Жонка. Усё можна… абы жыць… чалавек, калі топіцца, — не глядзіць. Сьмерць — страх!
Гарасім. А дзе-ж ты падзенеш?
Жонка. Дзе?.. За хатай вір глыбокі — завалаку, што ў магілу. А ну, хутчэй, больш адвагі, вунь яна… Я выношу сьвятло… Чуеш? (Узяла лямпу і вышла).
Гарасім (сеў). Не, не магу… будзь ты проклята!
Жонка (праз вакно). Доля лепшая перад намі, аддамо падаткі, будзем самі жыць і дзіця гадаваць…
Гарасім. Не магу!..
Жонка (уваходзіць з лямпай). Разьвяжы пятлю, што душыць нас, хоць-бы дзеля Аксіньні… жабраваць будзе па сьвеце.
Гарасім (схамянуўся). Жабраваць, маё дзіця… (Заплакаў). Маё дзіцятка, не дапушчу… Згодны. (Узяў сякеру). Няхай будзе спакой у палацах пана, і ў беднай хаце. Выйдзі!
Жонка (з лямпай вышла).
Гарасім (замахнуўся сякерай, але ў гэты час Аксіньня хутка са сну ўсхапілася. Гарасім са страху дзіка ўскрыкнуў, кінуў сякеру, выбег на сярэдзіну сцэны, нэрвова заплакаў).
Аксіньня (ня ведаючы, у чым справа, падышла да бацькі, супакойвае). Ня плачце, татаньку, падаткі мы
аддамо, ня плачце!
Жонка (са страхам глядзіць то на разносьніцу, то на Аксіньню).
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.
