Белымі пялёсткамі (Дарожны)
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Белымі пялёсткамі Верш Аўтар: Сяргей Дарожны 1927 |
Белымі пялёсткамі параслі нізіны,
Белымі снягамі
Серабрыцца гаць.
Белая маўклівасць села на каліны,
Села берагамі
Зацвітаць.
Словы завіліся радасцю нязнанай.
Стану каля грубы
У такую золь.
І здаецца проста ці ільсніцца снамі —
Ласкавыя губы
І каса, як смоль...
За акном каліны, за акном таполі
І зара над гаем
З зараніц.
А цяпер каліны хіляцца у полі
З белымі снягамі
Ніц.
Пасінела неба раніцой над гаем,
Пасінела рана —
Скрозь.
А сягоння любая у мяне другая —
ў залатым убранні
Ля бяроз.