Белая музыка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Белая музыка
Верш
Аўтар: Леапольд Родзевіч
Крыніца: Леапольд Родзевіч. Творы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ты, муза, народу працай пачэснаю
З паху квяцістага саду вясной,
З сонечных косаў, кудзелі нябеснае,
Водгулля славы дзяржаўнай, старой
Выткала з слуцкім узорам надзіва
Мне самалётны дыван асаблівы.

Рой матылькоў, ось бы краскі лятучыя,
Крылкамі кволымі між сінявы
Ледзь-ледзь чапаюць за струны пявучыя,
Што аб'ядналі ў хаўрус векавы
З добрым Дажбогам Край грэчкі і руты.
Гуслі чароўныя, сэрцам пачуты!

Папараці-кветкай смела здабыў я сам
Скарб нечапаны, дзе тоіцца чар:
Поўдзень Спажы між машынай і лотасам:
Мова матчыная — вечнасці дар;
Трон працы творчай, красы-багавіцы;
Музыкі, калёраў, паху — крыніцы.

Гук аксамітны, гармонія чулая,
Гучная хваля і покліч вясны,
Рад з вамі новаму, слаўлю мінулае,
Далі няпройдзенай рояцца сны,
Чую песнь крылляў, то водгук Прыходу...
П'ю моц лілеямі, п'ю асалоду.