Беларусізацыя праваслаўнай царквы
Беларусізацыя праваслаўнай царквы Артыкул Аўтар: Аляксандр Коўш 1928 год |
Усё больш і больш грамадзянства зварочвае ўвагі на станавішча Праваслаўнай Царквы ў Польшчы.
Гэткую зьяву трэба лічыць з аднаго боку вельмі пацяшаючай, як доказ сьвядомасьці таго, што Праваслаўная Царква зьяўляецца фактарам грамадзка-гаспадарственнага значаньня, з другога-ж боку ня зусім бясьпечнай, бо рожныя апэратары хацелі-б зрабіць апэрацыю арганізму праваслаўнай царквы выключна з палітычнага ці з сваіх партыйных пунктаў гледжаньня.
Праваслаўная царква, як і кожная іншая, не павінна служыць матар'ялам для палітычных і партыйных экспэрымэнтаў. Існаваньне гэтай небясьпекі павінна аб’яднаць усіх шчырых дзяцей Праваслаўнай Царквы: іярархію, клір і міран.
Справа ўпарадкаваньня Праваслаўнай Царквы зьяўляецца правам выключна саборнага розуму і нашага праваслаўнага суменьня, а дзеля гэтага можа быць вырашана толькі на правідлова і свабодна скліканым Краявым Саборы.
Што датычаць рожных парадаў з боку іншаверцаў, дык хаця-ж гэтыя парады і падсказы паходзілі-б і ад вельмі прыхільных да Праваслаўнай Царквы элемэнтаў, аднак, прымаючы іх з удзячнасьцю, мы лёс свае Царквы павінны вырашаць толькі самі. Царква стаіць вышэй палітыкі, вышэй партыйнасьці, а дзеля гэтага пры вырашэньні пытаньня аб царкоўным ладзе трэба забыцца і аб палітычных і аб партыйных справах.
Такі агульны пагляд на ўпарадкаваньне праваслаўнае царквы ў Польшчы беларускага праваслаўнага народу і стаячага на чале яго беларускага правослаўнага асьвечанага грамадзянства.
А дзеля гэтага, што датычыць палепшаньня агульнага ладу царкоўнага жыцьця ў Польшчы, дык яно павінна быць вырашана прадстаўнікамі праваслаўнага народу і духавенства на Саборы, пераважнае-ж права на прыняцьце ўдзелу ў гэтым Саборы ад Беларусі маюць прадстаўнікі пераважаючага тут беларускага праваслаўнага народу і роднага яму духавенства, загартаванага ў векавой абароннай барацьбе за чысьціню праваслаўнай веры і добра знаёмага з мясцовамі царкоўнага патрэбамі. Праваслаўнае беларускае грамадзянства шчыра жадае карыснага для царквы, народу і духавенства палепшаньня царкоўнага жыцьця, але да вырашэньня гэтага вялізнай вагі пытаньня яно падыходзіць з вялікай развагай. Удзел сваіх прадстаўніку на Саборы беларускае праваслаўнае грамадзянства разумее ня ў сэнсе ўзаемных абвінавачаньняў, а ў хрысьціянскі-любоўным вырашэньні цяжкіх пытаньняў, у сумеснай з Іярархіяй абароне спраў царквы.
Зьмяшчаючы гэтак часта весткі на тэму „аб беларусізацыі царквы", ні польская, ні расейская прэса ня выказала, што іменна яна разумее пад словам „беларусізацыя” царквы.
Праваслаўныя беларусы ня маюць на мэце замяніць царкоўка-славянскае мовы ў багаслужэньні беларускаю не дзеля таго, каб такі замен быў некананічным, а дзеля таго, што ён для царкоўнае справы ў сучасны момант не карысны.
Але бязумоўна карысным і абавязкава патрэбным, па думцы грамадзкіх беларускіх дзеячоў, знаёмых з настроямі беларускага насельніцтва, зьяўляецца: 1) казаньне царкоўных навук у беларускай мове там, дзе насельніцтва гэтага пажадае, 2) выкладаньне ў школах рэлігіі на беларускай мове. З) узгадаваньне будучых духаунікоў для беларускага народу, у Віленскай Духоўнай Сэмінарыі ў беларускім нацыянальным духу і ў сувязі з гэтым выкладаньне ў сэмінарыі прадметаў у беларускай мове, з абавязкавым выкладаньнем паляністыкі і расейскай мовы. 4) вядзеньне дзелаводства ў кансісторыях і перапіскі паміж кансісторыямі, благачыннымі і сьвяшчэньнікамі ў беларускай мове, а таксама зьдзейсьненьне іншых плянаў, дапамагаючых збліжэньню духавенства з міранамі нацыянальна, а праз гэта для агульнай карысьці духова.
Усе народы міра выказваюць імкненьне да нацыянальнага самаакрэсьленьня і аб’яднаньня, і ў гэтым няма нічога варожага царкве, бо Царква стаіць вышэй нацыянальнасьці.
Вялікае дабро было-б для Царквы, калі-б духавенства само ўзяло ў свае рукі справу нацыянальнага самаакрэсьленьня народу.
Заданьне Царквы і яе служыцялёў — панаваць над напраўленьнем духа часу і накіроўваць яго да вялікшай хвалы ўсявышняга.
Магутнасьць Царквы будуецца на панаваньні над розумам і калі мяняць гэтую магутнасьць на асабістую карысьць сёньняшняга дня, дык, запраўды, карысьць не вяліка і ня трывала.
Але-калі духавенства свабодна і рашуча стане на чале нацыянальнага руху, пастараецца ўзяць яго ў своё рукі і ўмеючы, бяз рэзкіх ухіленьняў пакіруе ім, дык народ яму неадкладна падпарадкуецца і будзе яго благаслаўляць.