Перайсці да зместу

Беларусь бунтарская (1925)/Паўстанец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьцеражэцеся Паўстанец
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Закуты захад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўстанец (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЎСТАНЕЦ

Яму хатаю — сіні бор,
Дахам — неба блакіт зялёны.
Гэта вецер глухой жальбой
У грудзёх скалыхнуў праклёны.
Асыпаецца жоўты ліст
У панурую цень лагчыны,
А душа юнака зьвініць,
Бо у сэрцы квітнее чырвань.
Там, дзе стада старэнькіх хат
Прытулілі сівыя вербы —
Не баяліся там граха
Выхаваныя людзі-зьверы.


∗     ∗

Белы месяц на хвойку ўзьлез,
Зоркі ў небе блішчаць-іскрацца.
Прыгарнуў сінякудры лес —
Прытуліў да сябе паўстанца.
Можа заўтра жандараў раць
Скруціць рукі яму за сьпіну —
Павядуць бунтара караць.
Бяз суда… На старай асіне.
Ну, а можа — вякоў закон —
Гвалтаўнік на суку павісьне —
Пранясецца чырвоны конь
Ад Дняпра да бурлівай Віслы.
А пакуль-што трывожыць лес
Жартаўлівы брадзяга — вецер.
Белы месяц на хвойку ўзьлез —
І глядзіць, і глядзіць, і сьмяецца.
Хто ідзе там? Чужы ці свой —
Для паўстанца змаганьне — жарты.
І праз сінюю сетку хвой
Пазірае з усходу заўтра.