Беларускі элемэнт у повесьці Ант. Мільлера «Powołanie»
Беларускі элемэнт у повесьці Ант. Мільлера «Powołanie» Крытыка Аўтар: Уладзіслаў Талочка 1936 год Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 1 (5). — С. 37—41 |
Беларускі элемэнт у повесьці Ант. Мільлера „Powołanie“
Рэгіональная і разам аўтобіографічная повесьць пад вышэйазначаным назовам вышла яшчэ ў 1928 г. Актуальнасьці сваей для Беларусаў ня страціла яна дагэтуль і варта ей пасьвяціць крыху ўвагі.
Затрымлівацца над будовай повесьці ня буду, бо ў гэтым артыкуле ідзець мне толькі аб тое, каб аднатаваць — і магчыма верна — беларускі элемэнт, які аўтар уплёў у яе.
Повесьць адносіцца да 1890 году; аснавана яна на грунце польска-літоўскіх адносінаў каталіцкага клеру ў Літве і Беларусі; акцыя адбываецца: ў Вільні, Бірштанах, Немонюнах, у дарозе да Кучкурышак, у Полацку і ўзноў у Вільні, у Крожах і ўрэшце канчаецца ў Вільні. Расеяй кіруе цар Александар III „Міратворац“, стасуючы да сваіх падданых палітыку яўна „ограничительскую“. Рэакцыя трыумфуе. Беларусь крэпка сьпіць і аб беларускай справе няма й мовы. „Северо-Западным Краем“ кіруюць цьвёрдай рукой віленскія генэрал губэрнатары Каханов і Оржэвскій. Адным з асяродкаў, што ў гэтым часе ўмеў жыць уласным жыцьцём, была каталіцкая духоўная сэмінарыя ў Вільні. Ад яе Мільлер і распачаў у повесьці „Powołanie“ свой расказ.
Польска-літоўскі спор у сэмінарыі ўжо ўпоўні. Аб Беларусах першы раз паяўляецца ўспамін, калі інспэктар Ключынскі (у повесьці Замчынскі) гэтак напамінае занадта адданага музыцы сэмінарыста Альфрэда Шыльлера: „Касьцёл у Літве патрабуе духоўнікаў-жаўнераў, а не трубадураў. Забываешся, што жывём на быўшых рубяжох Рэчыпаспалітай з беларускім і літоўскім насельніцтвам, духова і палітычна з намі асыміляваным. Нясём яму збаўленьне на вастрыі эвангельскіх радаў! Таруем Рыму дарогу на ўсход“… (бач. 50). Здольны да глыбейшых рэфлексыяў сэмінарыст гэны ў сваім дзеньніку напісаў: „Разумею, што хто пойдзе з місіянарскім крыжам у Расею, той станецца ахвярай. Без ахвяры скрыпкай не разбуджу божых думак у Хама Вялікай і Белай Русі. Калі маемо наварачваць, дык не аднымі мастацкімі сродкамі. Цёмнага Беларуса ці Маскоўца трэба страшыць серкай з пекла, смалой з пупа бэльзэбуба! Лягчэй яго пераканаць абразом Люцыпара з рагамі, як памазком Рафаэля ці Мурыльля“ (51). Раз, пасьля добра адбытай споведзі, Шыльлер падае ў дзеньніку урыўкі пачутай ад спаведніка навукі і свае разважаньні: „Не пара на нацыянальную калатню, што можа разбудзіць інстынкты людзкой бэстыі. Прызнаў я яму слушнасьць, хоць ня таю, што душа мая аднолькава тужа як да гуку мовы беларускай, так і Цыцэрона“. (53). Яшчэ лепш зарысоўваецца духовы абраз Шыльлера ў наступных выражэньнях: „Уважаю сябе за Паляка… Аднак часамі, калі паддамся навальніцы ўспамінаў… надыходзяць хвіліны духовага неспакою і сябе пытаю: кім я ёсьць, што люблю, якія мае суб’ектыўныя палітычныя нахілы? —
„Здаецца мне, што я на раздарожжы. Хоць я ўдыхнуў у сябе расчыну культуры польска-лацінскай і чуюся генэтычна зьвязаным з польскай нацыянальнасьцяй, — чую адначасна, што люблю Беларусь, што люблю яе мову. Паходжу з Вітэбшчыны… Магу, знача, што да паходжаньня парафразаваць словы Оржэхоўскага: gente Alboruthenus sum, natione — Polonus! Праўду кажучы, мы ўсе, паўночныя рубежане, гэта самае аб сабе можам сказаць…“ (59).
Далей аўтар у ваднэй з частых дыспут укладае ў вусны сэмінарыста Літоўца Борусаса гэткі зварот адносна Беларусаў: „А хто-ж не гарцаваў па нашым нібы жаўлаковым карку?!.. Ах, скажу вам, што нас заліваў і Беларус! Гэта сьцьверджаная гістарычная праўда! Праз Літоўскі Статут беларускі язык дастаўся ў судоўніцтва, адміністрацыю, загарнуў абшары на захад ад Вільні, а нам пакінуў нейкія павыкрыўляныя граніцы“. —
— „Хто-ж вам вінават? — заўважыў іронічна Марцінкевіч, прототып сэмінарыста беларуса. — Прагарэлі, ня маеце адпорнасьці! Vae victis! — Праўду кажаш! — стукнуўшы кулаком па стале — казаў Солюнас… Бяда нам ня ў тым, што мы пераможаныя, а ў тым, што мы сябе за такіх уважаем. А вось сяньня, як Сымэон, зачынаем аглядаць збаўленьне! І не ў пакорным цалаваньні царскіх папіхачоў, не ў чаканьні бяздзейным, не ў наварочваньні ўсходняй душы, але ў разьвіваньні ў сабе самастойнасьці, самапачуцьця і нацыянальнага духа! Vae victis! Гора вам, варшаўскім слугам! Вы пераможаныя! А мы ўжо перамагаем, бо ў нас жыве бунт. Бунт тварэц!… Ня верце, што будуюць ціхія… Не! Толькі тыя, што ўмеюць стварыць новую зару і жыць яе блескам! Зарой гэтай будзе незалежная Русь і Літва!“ (69—70).
Прабываньне ў прыгожых Бірштанах над Нёманам жыва прыпомніла Альфрэду радзімы край. Праўда, няма ў яго яшчэ перадуманага нацыянальнага пагляду, дык якбы пярэчачы таму, што казаў раней, зрабіўшы гістарычную дыгрэсыю, аб мінуўшчыне Беларусі і аб яе сумным і прыгожым крайабразе, расчуляецца і кажа: … „І цяпер чую сьлёзы ў вачох, бачачы абраз гэны. Хацеўбы вярнуцца да гэнага гнязда, гдзе сэрца жыло з прыродай, а людзі былі добрыя і лагодныя. Нажаль, вярнуцца туды не магу! Двор па сьмерці дзядькі прадалі, бо я, як каталік, спадкаберцам быць не магу. Праваслаўныя спадкаберцы спусьцілі бацькаўшчыну сялянам. Корчыцца маемасьць… Залівае царская авангарда і Паляка і Беларуса!“
„Калі падумаю, што беларускія дзеці, якія са мной гулялі, стопяць сваю гаворку з языком валдайскіх ямшчыков, чую вялікую крыўду, быццам адбірае хто ад мяне права гаварыць папольску і пабеларуску. З расейскім языком украдзецца ў сэрцы рубяжан і ненавісьць да польскасьці. Можа прыйсьці час, што на грунце палітыкі, стоячы вока ў вока, адчуваць будзем разбежнасьць імкненьняў. Пашкадаванай тут будзе польскасьць і каталіцкасьць. З гэтым аднак не згаджаюцца са мной ані таварышы, ані знаёмыя. Занадта магутнай, кажуць яны, ёсьць наша культура і занадта вялікія ўплывы клеру, каб мог утрываліцца які сэпаратызм. І хто-ж лічыўся-б з некулькімі авантурнікамі! Аднак жа сумна мне, Божа!“ (91—92).
Далей натуе Шыльлер дзіўнае зьявішча, што жывучыя на Беларусі стараверы, хоць паходжаньня вялікарускага, ужывалі на сяле, і пэўна ўжываюць цяпер, беларускай мовы. Відаць гэта з таго, што лазьня ў сераду робіцца на тое, як кажуць яны, „каб чэрці ня цешыліся“, а ў суботу: „каб абмыць грэшнае цела“ (92).
Доўгія зімовыя вечары па дварох на Беларусі запаўняліся галосным супольным чытаньнем кніжак, або — яшчэ часьцей — страшным расказам аб нападах ваўкоў, успамінамі з паўстаньня. Калі раз зайшла гутарка аб павешаных і расстрэленых, сталася здарэньне, каторае падаю тут у апавяданьні Шыльлера: „На маё пытаньне, за што? пан харужы адказаў: — за імкненьні да свабоды. Цётка шапнула яму: „нашто дзіцяці гаварыць аб гэтым?!“ Харужы з абурэньнем сказаў пабеларуску: Калі рабёнак ня будзе знаць, што гэта маскаль, а што паляк, то ніколі ня будзе кахаць роднай зямлі. Агулам беларускі язык у штодзеннай гутарцы быў ужываны нароўні з польскім. Служба знала абодва. Слухаючы гутарак на кухні, чуў я сказ: паны зьбяднелі, прагарэлі. Старая кухарка Сафея была тэй думкі, што калі-б паны за картамі не сядзелі і за бабамі не ганялісь, тобы цар іх ня трогаў. Стары Сенька, быўшы лясьнічы, часта сардэчна гаварыў мне: Бедны панічок! што табе асталась? дзед быў багаты. Малісь… Адбярэш зямлю, што Мураўёў забраў!“
„Не адчуваў я ненавісьці ў сялян ані да паноў, ані да Польшчы. Здавалася мне, што яны яшчэ не асвоіліся з скасаваньнем паншчыны і ўсьцяж клоняцца да двара. Усе вакалічныя сяляне радзіліся ў дзядзькі, жылі з ім у найлепшай згодзе, цалавалі яго (і мяне) у рукі і называлі мяне панічок. Забаўляўся я з сялянскімі дзяцьмі, як з прыяцелямі, і гаварыў з імі пабеларуску…
Маё выабражэньне гадавалі і разьвівалі легенды валдайскія і беларускія. Расказвала мне іх 104 летняя Беларуска Мялюшчыха… Мела яна нязвычайны дар вобразнага апавяданьня прыкладнай беларушчынай. Ад яе так-жа чуў я песьні, каторых ніхто ўжо з жывучага пакаленьня не пяе. Адна з гэтых песьняў-легендаў, з падкладам гістарычным, урэзалася мне ў памяць і дагэтуль распальвае выабражэньне сваей поэтыцкасьцяй, ёмкасьцяй выражэньня і казаўбы прарочай сілай напяцьця“ (92—93).
Даўгаватай гэтай легенды паўтараць тут ня трэба. Даволі сказаць, што дышала яна вайной Рэчыпаспалітай польскай з Масквой, а выступае ў ей апрача розных гістарычных асоб, так-жа юродзівы — дух Русі. Асновай гэтай легенды ёсьць інтуіцыйная тэза: „Як звон Зыгмунта ў Кракаве, так звон Івана Грознага ў Маскве не сальюцца ў вадзін голас, так Польшча з Масквою ня згодзяцца на супольнага караля“ (97).
Дагэтуль у повесьці забіралі голас выключна мужчыны, цяпер-жа даходзе да голасу і маладая інтэлігэнтная Полька Аўрэля. Паслухаймо новай вакацыйнай дыскусіі: „Завязалася дужа ажыўленая гутарка на тэму здольнасьці двух народаў, што жывуць на ўсходніх рубяжох быўшай Рэчыпаспапітай. Аўрэля выказала знаёмасьць прадмету. Зьдзіўлены сэмінарыст, Альгерд, запытаўся: Якім спосабам дайшла пані да так канкрэтных вестак?
— „Асабістым стыкам з народам. Мала чытаць: трэба справу дасьледжваць на месцы! Затым так сьмела праводжу паралель між тыпам Беларуса і Літоўца. Беларус сонны, Літовец — павольны, але энэргічны; гэны ня вера ў вартасьць вынаходаў, — гэты разумее ўжо карысьць машын, мэліорацыі. А гэта ўсё дзякуючы кунігасу і конспірацыі вучыцелькі. Ксёндз нават растрыгае цывільныя справы, знаючы права звычаёвае, а народ падлягае яго аўторытэту, мінаючы суды каронныя з накінутым, чужым кодэксам. Гэткага ўплыву ксяндзы на Беларусі не асягнулі. Занадта блізка жывуць з дваром, які не патрабуе такой апекі, як селянін“…
— „Праўду пані кажаш, але ня сусім. Я такжа крыху знаю этнічную Беларусь. Беларускі двор нязвычайна зьвязаны ў пашыраньні польскасьці. Сабачы нос урядніка, звычайна праваслаўнага Беларуса, сьлядзіць ксяндза і пана, як хорт ці гончы. Ваколіцы з мяшаным насельніцтвам няпэўныя. Прынцыпова сяляне хіляцца… да двара, але яшчэ помняць указ скасаваньня паншчыны…
— „Аднак-жа бароцца трэба — сказала Аўрэля! Згаджаемся, што тут працаваць лягчэй. Элемэнт аднолькавы расова і рэлігійна — гэта сіла! І псыхіка іншая! Літовец любіць зямлю ня так утылітарна, як Беларус, што кажа — каб зямелькі пабольш, — але больш духова, бо зямля сьвятая!“… (140—141).
Падчас вакацый, прабытых на радавітай Літве, у Амброзайцісаў, раз скарысталі з парафіяльнага сьвята, каб заімпровізаваць над роднай ліпой веча, на якім мелі забіраць голас некалькі сымпатыкаў літоўскай і беларускай нацыянальнай справы. Літоўцы, учасьнікі веча, наракаюць на тое, што „Літва-Русь зрабіла гістарычную памылку спалучэньня з чужапляменнай нам Польшчай. Мусім памылку гэту паправіць“… (155).
Другі ўзноў Літовец гэтак гаварыў: „Баючыся беспасрэднай стычнасьці гранічнай з Немцамі, Масква захоча мець Літву-Русь, пабратымчыя плямёны, што маюць палову праваслаўнага насельніцтва. А гэгемонію над гэтымі народамі: Беларусамі, Русінамі, над рэштай Палякоў мусім абняць мы: Літоўцы!“ (Там-жа). Іншы ізноў казаў: „нашто нам Русь! Даволі Літвы вялікай еднасьцяй веры і языка!“ (161). Спольшчаны Літовец на гэта так рэплікаваў: „Толькі палітыка нашых грабароў палітычных магла выдумаць шалёную концэпцыю стварэньня Вялікага Княства Літоўска-Рускага паміж Расеяй і Польшчай! Гэта справа ясная!.. Хутчэй Эўропа адрэстаўруе Польшчу, як Літву-Русь і да таго пад гэгемоніяй Літвы“. (162).
Усё ў нас, што датычыла Беларусаў, было звычайна зводжана да справы бізантызму, як гэта відаць хацяжбы з гутаркі наступнай: „Польская культура мусіць падвоіць сваю чуйнасьць, каб зваяваць наступаючы на нас бізантызм“.
— „Праўду кажаш — заявіў Альф; ужо даўна ідзець барацьба на нашых землях, асабліва на ўсход ад Вільні… барацьба духавенства каталіцкага і праваслаўнага… За што? За душу гэтага беларускага народу“… (170).
Беларуская справа яшчэ вернецца ў повесьці, калі яе галоўны гэрой Альф знайдзецца ў Полацку, скуль вось гэтак напіша да свайго сэмінарыстага таварыша Альгерда: „Далёка мы адзін ад другога: я ў сэрцы паўночнай беларушчыны, у бацькаўшчыне Рагнеды, а ты на землях бацькаўшчыны Біруты. Аднак-жа чуемся дзяцьмі адной зямлі, каторай гісторыя запісана літарамі — крывавымі і някрывавымі. Што далей будзе пісацца? Няведама. У кожным выпадку будуць гэта нашы дзеі ў дальшым цягу, дзеі нашай адпорнасьці прад навалай бізантызму. Пішу да цябе, праняты думкамі: allora e oggi. Сяджу на руінах Горнага Полацкага Замку. Праступная воля наезьніка не апякуецца гэтымі рэліквіямі, што сьведчаць аб мінуўшай волі нашай“… (200).
Мінула трохі часу. Якраз мінаў год ад здарэньняў, каторыя так страсанулі ўсей Літвой. Надыход кражанскага працэсу выклікаў зацікаўленьне клеру палітычнымі справамі… Дыспуты ў сэмінарыі мелі цяпер характар рачовы, спакойны… Альф студыюе этнолёгію і гісторыю літоўска-польскіх адносінаў і зацікавіўся ён так-жа і лёсам Беларусаў.
„Была гэта першая заранка зацікаўленьня грамадзянства беларускай справай. Рух гэты вялі перадусім мінчукі. Альгерд так-жа зацікавіўся ім. Аб гэтым адбываліся доўгія дыспуты, на каторых абодва прыходзілі да праказаньня, што розная іх псыхіка клоніцца да розных сьветаў, да адменных формаў зьдзейсьненьня іх ідэолёгіяў“… (229—330),
Вышэйапісанае паказвае нам, як агулам выглядалі ў нас прапачаткі беларускай справы, асабліва на грунце каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Вільні. Ведама, гэта толькі ласкуты таго, што перадумалі і перадыскутавалі аб гэтым сэмінарысты, у душы каторых, ня гледзячы на варожае асяродзішча, жыла яшчэ лучнасьць з беларускім народам і з ягонай „простай“ мовай. Дзеелася ўсё гэта на гадоў колькі раней, як у мурох тэй-жа сэмінарыі знайшліся сьведамыя Беларусы ў сучасным разуменьні гэтага слова.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.