Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
3. Летні дзень 4. Як выдумляюцца страхі
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
5. Жыта
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як выдумляюцца страхі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




4. Як выдумляюцца страхі.

Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Апрача таго, неразумныя людзі страшаць маленькіх дзяцей цемнатою, усялякімі дзядамі з торбамі, каторыя быццам бяруць плаксівых, нягодных дзяцей. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашую душу засяваецца зерня страху, ад каторага чалавеку потым трудна збавіцца. Незразумелае і страшнае для нас усё тое, чаго прычыны мы ня ведаем.

Ішла раз уночы баба. Дарога праходзіла паміж могілак і карчмы. Карчма стаяла па сярэдзіне дарогі. Напроці карчмы, крокаў за сто, стаялі могілкі — цёмныя, старыя, з хваёвымі крыжамі. Могілкі з іх старою драўлянаю капліцаю, з некалькімі тоўстымі хвоямі і зялёнымі клёнамі, карчма з гнілою, аброслаю мохам, страхою — рабілі ўсё месца страшным і дзікім.

Як толькі баба падышла пад карчму, то пачула, што на могілках нешта плакала, як дзіця. Гэта пугач ці сава сьвістаў у гнілой капліцы. Баба перапалохалася насьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. Прыбегшы да вёскі, яна расказала пра невядомы плач. З гэтага часу простыя людзі і сапраўды сталі што-небудзь бачыць або чуць, калі здаралася ісьці аднаму ўночы паміж карчмы і могілак, хоць там і нічога ня было. Болей навукі — меней страху!