Беларускі нацыянал-фашызм (1930)/Тэорыя і практыка беларускага нацыянал-фашызму
| ← Аб вытоках беларускага нацыянал-дэмократызму і нацыянал-фашызму | Тэорыя і практыка беларускага нацыянал-фашызму Публіцыстыка Аўтар: Леапольд Родзевіч 1930 год |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Тэорыя і практыка беларускага нацыянал-фашызму. |
ТЭОРЫЯ і ПРАКТЫКА БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛ-ФАШЫЗМУ[1]
1. Прычыны актывізацыі агентаў фашызму
Белы тэрор, турма народаў, хронічныя крызісы форпост імпэрыялізму — вось тыя характэрныя адзнакі, якія даюць агульнае разуменьне аб сучаснай фашыцкай Польшчы. Сьпечаная антантаўскімі дыплёматамі на вэрсальскай політычнай кухні Польшча стала пляцдармам сусьветнага імпэрыялізму ў падрыхтоўваемай праз яго контр-рэволюцыйнай вайне супроць СССР.
Экономічныя чыньнікі пры заснаваньні Польшчы былі падпарадкаваны заборчай політыцы міжнародных і краёвых імпэрыялістых, падпарадкаваны міжнародным дыплёматычным комбінацыям. Вось чаму зусім натуральна, што пасьлявэрсальская Польшча пры сваёй політыцы вайны эксплёатацыі і прыгнечаньня перажывае хронічныя гаспадарчыя крызісы.
Сучасны крызіс Польшчы мае ў сабе значна больш вострыя формы, чым папярэднія яе крызісы, бо выцякае з непараўнальна глыбейшых супярэчнасьцяй капіталістычнай гаспадаркі Польшчы і зьяўляецца адбіцьцём усё паглыбляючагася сусьветнага гаспадарчага крызісу, у ціскох якога корчацца капіталістычныя дзяржавы ўсяго сьвету.
Польшча — найбольш слабое зьвяно ў ланцугу капіталістычных дзяржаў і дзеля таго ў ёй з асаблівай вачавіднасьцю і яскравасьцю наглядаюцца тыя адзнакі, якія характарызуюць трэці пэрыод пасьляваеннага крызісу капіталізму. Расхістваньне і расклад капіталістычна-абшарніцкай гаспадаркі, бурны ўздым рэволюцыйнай хвалі, пашырэньне ўплыву компартыі, разгул белага тэрору — вось якімі праявамі жыве сучасная Польшча, вось чым багаты дні нядоўгавечнага існаваньня фашыцкай дыктатуры.
У гэты час, калі ў капіталістычным сьвеце буржуазная гаспадарка корчыцца ў конвульсыйных схватках крызісу, дык у СССР працоўныя масы пад кіраўніцтвам УсеКП(б) ня толькі даганяюць з боку тэхнічнага перадавыя капіталістычныя краі, але на шмат якіх вучастках пераганяюць, а ў цэлым нячувана шпаркім тэмпам будуюць соцыялізм, ідуць да соцыялізму.
Міжнародны капітал бачыць у Савецкім Саюзе, у яго нячувана шпаркім тэмпе індустрыялізацыі краю і колектывізацыі сельскай гаспадаркі прычыну прычын сваіх гаспадарчых і політычных крызісаў, росту рэволюцыйнага ўздыму працоўных мас.
Нябывалы дагэтуль выбух антысавецкай міжнароднай кампаніі зьяўляецца выразьнікам завастрэньня інтэрвэнцыйных імкненьняў імпэрыялістых, накіраваных да таго, каб узброенай сілай выбіць з рук пролетарыяту і яго ленінскай партыі соцыялістычную перабудову СССР.
Фашыцкая Польшча, зьяўляючыся форпостам міжнароднага імпэрыялізму, тым больш выяўляе агрэсыўнасьць і сьпешна куе зброю супроць вогнішча міжнароднай рэволюцыі — Савецкага Саюзу.
Падаўленьне ўзросту рэволюцыйнай хвалі і падрыхтоўкі вайны зьяўляюцца цяпер галоўнейшымі ўдарнымі задачамі, асновай асноў усёй політыкі фашыцкага лягеру капіталістых, абшарнікаў усіх нацыянальнасьцяй Польшчы і кулакоў і іх фашыцкай дыктатуры. Найбольш адказныя і важныя вучасткі гэтай політыкі фашыцкага ўраду, вучасткі акопаў супроць наступленьня пролетарыяту, займаюць соцыял-фашыстыя і нацыянал-фашыстыя. Зьяўляючыся неад’емнай складанай часткай фашыцкага лягеру, гэтыя агенты фашызму разумеюць, што пролетарская рэволюцыя нямінуча пакончыць і з іх існаваньнем. Клясавыя абавязкі, ускладзеныя на соцыял-фашыстых і нацыянал-фашыстых іхнай соцыяльнай базай, іхняя контр-рэволюцыйная роля, з аднаго боку, і нарастаньні контр-наступленьня пролетарыяту, набліжэньне рашучых клясавых баёў з другога, выклікаюць ажыўленьне дзейнасьці гэтых агентаў фашызму. Ідзе зацятая барацьба да канца — клясы супроць клясы, барацьба між фашызмам і комунізмам — хто каго. У гэтай барацьбе соцыял- і нацыянал-фашыстыя як найбольш спрактыкаваныя ў ідэолёгічнай барацьбе і якія непасрэдна стаяць у масах, зьяўляюцца найбольш пакладзістымі сіламі фашызму, ударнымі атрадамі фашыцкай дыктатуры ў яе барацьбе з комуністычным рухам за працоўныя масы.
Тое асаблівае ажыўленьне дзейнасьці агентаў фашызму (ППС, Бунд, беларускія і украінскія нацыянал-фашыстыя), якое выяўляюць яны ў апошнія часы, зьяўляецца лепшым паказальнікам набліжэньня пролетарскай рэволюцыі, заблытанасьці і труднасьці палажэньня фашыцкай Польшчы, паказальнікам расхістваньня ўстояў фышыцкай дыктатуры і сьпешнасьці падрыхтоўкі яе крыжовага паходу на край саветаў.
Об’ектыўнымі прадпасылкамі крысталізацыі і ўзмоцненай дзейнасьці беларускага нацыянал-фашызму зьяўляюцца:
1) Абвастрэньне клясавай барацьбы ў ЗБ, рост рэволюцыйнай актыўнасьці пролетарыяту і асноўнай масы эксплёатаванага сялянства і ўсё большая консолідацыя нацыянальна-вызваленчага руху пад кіраўніцтвам КПЗБ.
2) Абвастрэньне клясавай барацьбы ў БССР у выніку пераможнага соцыялістычнага наступленьня на капіталістычныя элемэнты гораду і вёскі і рост праяваў нацыянал-дэмократызму, як адбітак і вынік абвастрэньня барацьбы беларускага нэпманства, кулацтва і буржуазнай контр-рэволюцыйнай інтэлігенцыі супроць савецкай улады. Абвастрэньне ўнутраных і замежных супярэчнасьцяй капіталістычнай стабілізацыі змушае буржуазію, у тым ліку і беларускую, згуртаваць усе сілы для таго, каб ажыцьцявіць спробы, знайсьці выхад са створанай сытуацыі шляхам вайны з СССР.
(III пленум ЦК КПЗБ).
Сказанымі вышэй прычынамі трэба тлумачыць і тую стараннасьць і адданасьць у паслугах фашыцкаму ўраду з боку беларускіх нацыянал-фашыстых, якімі верхаводзіць вядомы політычны махляр А. Луцкевіч.
Нядаўні напад банды галаварэзаў з беларускіх фашыцкіх студэнтаў у Вільні на ўстановы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху мае аграмаднае політычнае значэньне, дае яскравую політычную навуку. Гэты напад паказвае на непраходную глыбіню распластаваньня ў беларускім народзе, паказвае аб поўным зросьце беларускай буржуазіі і кулацтва з польскімі багатымі клясамі, зросьце беларускіх нацыянал-фашыстых з апаратам фашыцкай дыктатуры, паказвае аб вастрыні клясавай барацьбы на Заходняй Беларусі. Ідзе на жыцьцё і на сьмерць барацьба клясы супроць клясы.
Беларускія багатыя клясы і іх ідэолёгі нацыянал-фашыстыя актывізуюцца, бо гэтага патрабуюць клясавыя інтарэсы іх і польскай буржуазіі, патрабуе політычнае становішча фашыцкай Польшчы, патрабуе імпэрыялізм буржуазіі ўсіх нацыянальнасьцяй Польшчы. Душыць рэволюцыйны рух, біць комуністых, рыхтаваць «крыжовы паход» супроць СССР — вось ударныя лёзунгі, пад якімі ідзе на Заходняй Беларусі адзіным клясавым фронтам буржуазія польская, беларуская, яўрэйская і іх агенты польскія, беларускія і яўрэйскія соцыял- і нацыянал-фашыстыя.
Белы тэрор становіцца ўсё больш адзінай зброяй фашыцкага ўраду ў яго політыцы вайны, эксплёатацыі і прыгнячэньня. Кожная частка фашыцкага лягеру мобілізуе цяпер усе свае сілы і здольнасьці, каб прыняць пасільны ўдзел у ліквідацыі «крамолы», у падрыхтоўцы вайны супроць СССР, «успакаеньні крэсаў» як пляцдарму ў надыходзячай антысавецкай вайне.
Беларускія нацыянал-фашыстыя ў першых шэрагах фашыцкага лягеру на Зах. Беларусі — яны паміма цкаваньня і провокацыі, ладзяць контр-рэволюцыйныя пагромы. Беларускі нацыянал-фашызм, бачачы, што рабочыя і сялянскія масы ўсё больш горнуцца пад рэволюцыйны сьцяг нацыянальна-вызваленчага руху і яго кіраўніка компартыі, рашылі актыўным паліцэйскім тэрорам выступіць у абарону фашыцкай дыктатуры. Нацыянал-фашыстыя выступілі з пагромам нацыянальна-вызваленчага руху пад лёзунгамі адказу з іх боку на ліквідацыю кулака, як клясы ў БССР, на жорсткую пераможную барацьбу супроць нацыянал-дэмократызму. Наладзіўшы першы адкрыты контр-рэволюцыйны пагром, яны здалі экзамен перад фашыцкім урадам на здольнасьць організаваньня беларускіх фашыцкіх баёвак, на манэр пэпээсаўскіх і стралецкіх баёвак, ужо ня раз макаўшых свае рукі ў крыві рабочых і сялянскіх мас.
Фашызм, спускаючы гэтых сабак з ланцугу, дае сыгнал да далейшых, больш шырокіх пагромаў нацыянальна-вызваленчага рэволюцыйнага руху рабочых і працоўнага сялянства. Фашыцкі ўрад, каб замаскаваць сваю політыку нацыянальнага і соцыяльнага прыгнячэньня працоўных мас Зах. Беларусі, політыку разгрому беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, выкарыстоўвае, як мы бачым, беларускіх нацыянал-фашыстых, якія ў даным выпадку, праводзячы паліцэйскі фізычны тэрор, выконваюць ролю паліцыі.
Дзеля таго, што Луцкевічаўская група стаіць у пярэдніх шэрагах контр-рэволюцыйнага лягеру на ЗБ, што яна зьяўляецца ідэолёгічным цэнтрам, концэнтруючым ядром і найбольш актыўнай групай беларускага нац.-фашызму, затрымаемо ўвагу чытача імённа на тэорыі і практыцы гэтага найбольш ваяўнічага атраду фашызму на Зах. Беларусі.
2. Соцыяльная база беларускіх нац.-фашыстых
Ажыўленьне дзейнасьці беларускага нацыянал-фашызму выцякае з зкономічнага разгортваньня ягонай соцыяльнай базы, а іменна беларускай буржуазіі і кулацтва — выцяеаё з росту агрэсыўнасьці гэтай буржуазіі ў адносінах да БССР, з росту падрыхтоўкі ўзброенага нападу на СССР з боку польскага і сусьветнага імпэрыялізму.
Фашыцкі ўрад, праводзячы сваю політыку на Зах. Беларусі (аграрную, падатковую, крэдытовую, вайны, эксплёатацыі і інш.), мае на мэце ўзмацняць сваю соцыяльную базу коштам эксплёатацыі рабочае клясы, руйнаваньня бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак. Усе мерапрыемствы ўраду маюць на мэце садзейнічаць капіталістычнаму разьвіцьцю абшарніцкіх, кулацкіх і асадніцкіх гаспадарак. Пашыраючы сваё зямлякарыстаньне пры дапамозе зямельнай і крэдытовай політыкі фашызму, кулацтва стала пераводзіць сваё гаспадарства на капіталістычныя рэйкі, бязьмежна эксплёатуючы згаладаную, зруйнаваную асноўную масу сялянства. Абрастае ў пер’е і беларускі купец. Галоўнае, што паслужыла гаспадарчаму ўзмацаваньню беларусскага кулака — гэта дапушчэньне яго да ўздыму ў парцэляцыі, а таксама правядзеньне камасацыі і ліквідацыі сэрвітутаў.
Тэмп прыватнай і ўрадавай парцэляцыі пасьля фашыцкага перавароту ў 1926 г. шпарка расьце на Зах. Беларусі: у 1925 г. распарцэлявана на Зах. Беларусі 51.28 га, 1926 г. — 54.035 га, 1927 г. — 77.587 і 1928 г — без Навагрудчыны — 64.082 га. У гэты-ж час значна аслабляецца тэмп асадніцтва на крэсах. У 1925 г. выдзелена парцэляванай зямлі для асаднікаў 15.044 га. 1926 г. — 8.240 га, 1927 га — 1.333 га, у 1928 г. ніжэй тысячы. З такога шпаркага павялічэньня плошчы парцэляванай зямлі праз прыватную, а таксама і ўрадавую парцэляцыю і зьмяншэньня тэмпу асадніцтва зусім вачавідна выплывае той аграмадны ўдзел у парцэляцыі мясцовага, пераважна беларускага, кулака, які быў дапушчаны да гэтай парцэляцыі, пасьля 1926 г.
Тэмпы правядзеньня мерапрыемстваў па зямляўпарадкаваньні надзвычайна ўзрасьлі пасьля фашыцкага перавароту 1926 г. Калі ўзяць усю скамасаваную зямлю ў Польшчы ў г. г. 1918—1928 за 100, дык на 1918—1925 г. прыпадае 22,6 проц., а на 1926—1928 (9 месяцаў) гг. — 77,4 проц. Характэрна адзначыць дынаміку камасацыі пры фашыкім рэжыме: 1926 г. — 15,5 проц., 1927 г. — 27,8 проц., 1928 (9 месяцаў) г. 34,3 проц. Пры гэтым скамасаваная зямельная плошча ў Зах. Беларусі складае палову скамасаванай плошчы ўсёй Польшчы. Вышэй даныя гавораць аб тым, што фашызм ідзе форсіраваным тэмпам на ўзмацаваньне сваёй соцыяльнай базы і апоры капіталістычна-абшарніцкай окупацыі на Зах. Беларусі, як пляцдарму. перад надыходзячай вайной супроць СССР.
Тое-ж самае наглядаецца і з ліквідацыяй сэрвітутаў. За 1919—1925 гг. зьліквідавана сэрвітутаў 19,7 проц. ва ўсей Польшчы, за час ад 1919 г. да 1928 г., а ў 1926—28 гг. аж 80,3 проц. Тэмп ліквідацыі сэрвітутаў таксама шпарчэйшы на Зах. Беларусі.
|
Зьліквідавана ў гектарах.
|
Крэдытовая політыка, якая таксама абслугоўвае абшарнікаў, асаднікаў і кулакоў, значна ўзрасла пры фашыцкім рэжыме.
Узмацненьню сельскай буржуазіі служыць хронічны голад на Зах. Беларусі, тое руйнаваньне вытворчых сродкаў бедняка і серадняка, іх непамерна вострая паўпэрызацыя. Даволі сказаць, што 14 проц. усіх гаспадарак ня мае ні каня, ні каровы, а да 15 проц. мае толькі адну карову, каб прадставіць усю галечу працоўнай вёскі. Адгэтуль беспрацоўе, экономічная залежнасьць ад вясковых багацеяў, жорсткая эксплёатацыя і кабала праз абшарнікаў і кулацтва і пераход зямлі і інвэнтару асноўных мас сялянства ў рукі вясковых багацеяў.
Бясспрэчна, што гаспадарчы крызіс адбіваецца на інтэнсіфікацыі буйных і кулацкіх гаспадарак, гэта відаць са зьмяншэньня попыту на штучныя ўгнаеньні ў 1929 г. у параўнаньні з 1928 г. — попыт на паташ зьменшыўся на 34 проц., а на фосфарнае ўгнаеньне на 40 проц. Зьменшыўся і ўвоз сельска-гаспадарчых машын.
Аднак, недахопы і прарэхі ў абшарніцкіх і кулацкіх гаспадарках у зьвязку з крызісам вясковыя эксплёататары і ліхвяры імкнуцца пакрыць узмоцненым наступам на сельскі пролетарыят і паўпролетарыят. А рост рэволюцыйных настрояў працоўных беларускіх мас і наступленьне пролетарыяту, ліквідацыя кулака як клясы ў СССР, паход соцыялістычнага будаўніцтва сямімільнымі крокамі пяцігодкі, росквіт беларускай пролетарскай культуры яшчэ цясьней будзе зьнітоўваць беларускую буржуазію і кулацтва і іх ідэолёгаў нацыянал-фашыстых з фашыцкім лягерам, будзе выклікаць усё больш ажыўленую контр-рэволюцыйную іх дзейнасьць.
3. Фашыцкі клёк тэорый А. Луцкевіча
Тэорыі А. Луцкевіча, як ідэолёга беларускай буржуазіі (у тым ліку і кулацтва) політычна аформляючага яе мэты і імкненьні, зьяўляюцца працягваньнем і разьвіцьцём тэорый выплываючых з яго доўгай згодніцкай контр-рэволюцыйнай практыкі. Галоўны агонь і ўся «філёзофія» А. Луцкевіча заўсёды былі накіраваны супроць рэволюцыі, дыктатуры пролетарыяту і яго компартыі. Свае тэорыі і практыку Луцкевіч заўсёды дапасоўваў да вымаганьняў і інтарэсаў беларускіх заможных клясаў. Ён у часы (1917—20 гг.) ваенных інтэрвэнцый і ўзброенага змаганьня супроць соцыялістычнай Кастрычнікавай рэволюцыі выступаў з адкрытым забралам у перадавых шэрагах контр-рэволюцыі. У час настаўшай ваеннай перадышкі Луцкевіч панырае замаскаваным агёнтам буржуазіі і провакатарам у гушчу працоўных мас, змагаючыся за сваё соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне. Цяпер у час заборчага мілітарыцкага шалу імпэрыялістых, напярэдадні выбуху новай крывавай бойні супроць пролетарскай дзяржавы, тэорыі Луцкевіча поўнасьцю адбіваюць і старанна выконваюць соцыяльны заказ імпэрыялістычных апякуноў, адбіваюць клясавыя інтарэсы беларускага абшарніка, кулака, купца, прамыслоўца. Ён стары нашанівец, прайшоўшы провакатарскую школу пры фашыцкім рэжыме, улічваючы існаваньне Савецкай Беларусі і шырокі ўплыў компартыі на Зах. Беларусі, ужывае абноўленыя мэтоды ў сваёй практыцы, практыцы значна ажыўленай, якая апіраецца на ўзмоцненую соцыяльную базу, і падпіхаецца організаваным антысавецкім блёкам міжнародных акул.
Нас перш-на-перш цікавіць, якім таварам аздабляе А. Луцкевіч палічкі сваёй крамкі, каб завабіць масы бліжэй да фашызму і на якую прыманку ён ловіць масы ў сваю фашыцкую мышалоўку. У органе авангарду беларускіх нацыянал-фашыстых «Наперад» любімая нотка Луцкевіча — гэта гаварыць ад імя прыгнечанай беларускай нацыі, плакацца аб разьбіваньні праз комуністых адзінага нацыянальнага фронту, трызьніць аб беларускай народнай рэспубліцы. Буржуазным нацыяналізмам прасьмярдзеў кожны радок гэтай газэціны, Вось некалькі вынятак, якія паказваюць сапраўдны твар ягомасьці Луцкевіча і зьмест яго. нацыяналістычных «тэорый».
Сьвядомая нацыянальна-беларуская радыкальная інтэлігенцыя лічыць змаганьне за нашыя правы на культурна-нацыянальным фронце за найважнейшую ў сягонешніх варунках жыцьця справу. Менавіта на гэтым фронце беларусам сягоньня даводзіцца адлюстроўваць найвялікшы націск усіх рознаколерных і рознаязычных ворагаў нашага нацыянальнага адраджэньня і вызваленьня. («Наперад» № 4, 1930 г.) (невыпадкова гэты агент польскага фашызму замоўчвае пытаньне экономічнага парадку ды соцыяльнага вызваленьня. — Ст.)
— «Пад гул гарматных стрэл, ад якіх валіліся ў пыл тры вялізарныя монархіі: Расійская, Нямецкая і Аўстрыяцкая, — здабылі сабе дзяржаўную незалежнасьць. І тыя-ж чэхі, і літвіны, і латышы, і эстонцы, і палякі, і фінляндцы. І толькі беларусы ды украінцы аказаліся менш шчасьлівымі за другіх: бо, з аднаго боку, дужэйшыя суседзі іх былі лішне ўжо зацікаўлены ў падняволеньні і падзеле іх між сабою, з другога боку, далёка ня ўсе 10 мільёнаў беларусаў і 30 мільёнаў украінцаў, мелі неабходную нацыянальную сьвядомасьць, без якое немагчыма воля. («Наперад« [Наперад (1929)/1930/6|№ 6]], 1930 г.).
Буржуазія ўжывае розныя формы нацыяналізму для сваіх клясавых інтарэсаў, яна нацыяналістычнай пропагандай затушоўвае клясавыя супярэчнасьці ў народзе, распальвае нацыянальны антагонізм для аслабленьня клясавай барацьбы, для адцягваньня працоўных мас з-пад інтэрнацыянальнага вызваленчага сьцягу компартыі.
Ваяўнічы шовінізм — гэта абстуканая і ўжо даволі ненадзейная зброя фашызму, як прыгнечаных так і прыгнятальных нацыянальнасьцяй. Італьянскія фашыстыя, праводзячы наступленьне капіталізму на рабочую клясу, крычалі ў вушы ўсім пакрыўджаным, прыгнечаным і эксплёатаваным аб «сьвятым адзінстве», аб «папсутай пабедзе», аб «велічы італьянскай нацыі». Для нямецкіх фашыстых прыкрыцьцём іх буржуазнага аблічча і клясавай барацьбы паслужылі лёзунгі за адбудову «вялікай» Нямеччыны, за рэванш Францыі.
Адкрытаму беларускаму шовінізму ва ўмовах сучаснай Заходняй Беларусі няма вялікага размаху сярод шырокіх працоўных мас. Беларускаму нацыянал-фашызму пры наяўнасьці шырокага ўплыву компартыі на працоўныя масы ў Зах. Беларусі, пры сумежным існаваньні і росквіце вольнай Савецкай Беларусі ня прыдзецца пажынаць лаўраў сваіх перамог. Бо трудна супроцьставіцца ясным і зразумелым для мас лёзунгам компартыі, што нацыянальнае прыгнечаньне ёсьць складаная частка прыгнечаньня пролетарыяту і ўсяго капіталістычнага рэжыму, што няма нацыянальнага вызваленьня без соцыяльнага, што нацыянальнае пытаньне не зьяўляецца надклясавым пытаньнем і яно можа быць вырашана толькі шляхам пролетарскай рэволюцыі, толькі пры дыктатуры пролетарыяту, як гэта мае месца ў СССР.
Стары згоднік і прайдзісьвет Луцкевіч, прыкрываючыся нацыяналізмам, як ідэолёгічнай заслонай, хоча ўгаварыць працоўныя масы Зах. Беларусі, быццам у рамках капіталістычнага ладу Польшчы можна стварыць сваю бацькаўшчыну «лепшую будучыню і поўнага свайго расьцьвету». Аднак гэтая заслона шыта белымі ніткамі, бо калі Луцкевіч і ўсе іншыя нацыянал-фашыстыя выступаюць у абароне ўсяго беларускага народу, выпучваючы свой «надклясавы патрыотызм» і адначасна з пенай на губах накідваюцца на пролетарскую рэспубліку — Савецкую Беларусь, дык гэтым выдаюць з галавой буржуазны фашыцкі клёк сваіх тэорый. Опэруючы падношанымі лёзунгамі аб адзінстве інтарэсаў усяго беларускага народу, нацыянал-фашыстыя хочуць усыпіць клясавую чуйнасьць працоўных мас, адцягнуць іх ад рэволюцыйнай барацьбы, ад уплыву компартыі. Кожны, хто за клясавую барацьбу ў абароне інтарэсаў рабочых і працоўнага эксплёатаванага сялянства, хто за рэволюцыйны рух і ўвязку яго з міжнароднай соцыялістычнай рэволюцыяй, хто стаіць у абароне Савецкай Беларусі, як сваёй бацькаўшчыны, тых Луцкевічаўская група і ўсе нацыянал-фашыстыя абвяшчаюць ворагамі беларускага народу, абвяшчаць інтэрнацыяналістымі і «служкамі чужых багоў».
Служачы не за страх, а за сумленьне польскаму капіталу і сваёй буржуазіі, Луцкевіч хоча скрыць служэньне сваім багом, менавіта буржуазіі, жульніцкай манэрай — «лаві злодзея» ў адносінах да тых, хто жорсткай барацьбой і кроўю здабывае соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне працоўных мас у Зах. Беларусі.
Аднак, нацыянал-фашызму трэба лічыцца з няпрыемным для іх фактам, лічыцца з той завостраснай клясавай барацьбой, з тым высокім узроўнем нацыянальна-вызваленчага руху працоўных мас Зах. Беларусі, лічыцца з тым, што гэтыя масы прайшлі вялікую рэволюцыйную школу пад кіраўніцтвам компартыі. Працоўныя масы Зах. Беларусі на досьледзе барацьбы са шматлікімі беларускімі згодніцкімі групоўкамі ў значнай меры ўяўляюць сабе, што калі гаворыцца аб абароне інтарэсаў усяго народу, значыць справа ідзе аб абароне інтарэсаў буржуазіі і заможных клясаў, аб абароне капіталістычнага ладу, што справа ідзе аб большым іх закабаленьні. Не ашукаеш і не завабіш працоўныя масы пропагандуемай Луцкевічам незалежнасьцю Беларусі («якую маюць чэхі, палякі…»). Працоўныя масы свой горкі досьлед пад буржуазнай так званай незалежнасьцю фашыцкай Польшчы, параўноўваючы з сапраўднай незалежнасьцю ў БССР, робяць зусім процілежныя вывады з Луцкевічаўскай пропаганды за беларускую народнаю рэспубліку.
Вось ўсё гэта змушае нацыянал-фашыстых выдумваць новыя прошукі ў ашуканстве мас.
Тут Луцкевіч са сваёй новай махінацыяй даводзіць, што зьяўляецца найбольш здатным агентам фашызму. Ён удала выкарыстоўвае політычную пляцформу нябожчыцы благой памяці «сэцэсыі» КПЗБ, яе прыкрытыя нацыяналізмам сфальсыфікаваныя лёзунгі бальшавізму, яе контррэволюцыйную барацьбу супроць польскіх і вялікарасійскіх комуністых, ды сапраўдных комуністых беларусаў-інтэрнацыяналістых. Той самы «Наперад» у кожным нумары зьмяшчае ці, лепш кажучы, кожны нумар прысьвячае антысавецкай і антыкомуністычнай барацьбе. Ва ўсіх гэтых прысьвечаньнях гутарка ідзе аб прасьледваньні беларускіх комуністых у БССР, прасьледваньні беларускай культуры, аб маскоўскім чырвоным імпэрыялізьме, аб Сталінскай супроцьбеларускай політыцы і таму падобная буржуазная лухта.
Прыводзячы цытаты з артыкулу менскай прэсы і партыйных пастаноў, «Наперад» дае свае адменныя ад польскай буржуазнай прэсы комэнтарыі. Кажучы аб барацьбе КП(б)Б супроць нацыянал-дэмократычных ухілаў, «Наперад» даводзіць, што гэта ёсьць расправа з усімі тымі комуністымі-беларусамі, якія «на працягу дзесяцёх гадоў, паверыўшы, што Комінтэрн «надоўга і ўсур’ёз», пайшлі насустрач вызвольна-адраджэнцкім імкненьням беларусоў, з напружаньнем усіх сваіх сілаў будавалі беларускую соцыялістычную радавую рэспубліку і беларускую культуру».
Вінаваты беларусы-комуністыя тым, што шчыра працавалі ў духу ленінскай лініі, не спадзяваючыся, што Сталін так хутка зьменіць курс у нацыянальнай політыцы і павядзе яе ў кірунку, любым маскоўскаму нацыяналізму («Наперад» № 1, 1929 г.).
Згодна тэорыі «Наперад» цяпер У БССР маюць разьвязаныя рукі маскоўскія нацыяналістыя, якія, «выкарыстаўшы адпаведны момант скажэньня Сталіным запраўднай ленінскай лініі, рынуліся ў атаку на ўсё беларускае» («Наперад» № 4, 1929 г.).
Маскоўскія нацыяналістыя ў комуністычнай скуры і іх беларускія прыслужнікі, пускаючы ў ход свае абвінавачаньні супроць лепшых прадстаўнікоў беларускага комунізму на Ўсходзе…
(«Наперад» № 4, 1929 г.).
З гэтых цытат відаць, як Луцкевічаўская група нахабнай дэмагогіяй у галіне «стопроцантнай» рэволюцыйнасьці, шарлятанскай фальсіфікацыяй сучаснай ленінскай лініі ЎсеКП(б) і яе правадыра г. Сталіна, стараецца пусьціць туман у вочы працоўных мас, стараецца скомпромэтаваць заваёвы працоўных мас СССР і БССР у галіне экономічнай і нацыянальна-культурнай. Гэтыя агенты фашызму ўжываюць політычны шантаж, маскуюцца абаронай «беларускага комунізму на Ўсходзе», — абнаўляюць свае нацыяналістычныя контр-рэволюцыйныя лёзунгі з тым, каб закінуць фашыцкую вудачку ў тое опортуністычнае балота, ад якога ачышчаецца КП(б)Б і КПЗБ, каб праціснуць ідэі сэцэсыі (якая знайшла свой опогей у провокатарстве Гурына) у найбольш хісткія элемэнты КПЗБ, каб яднаць і стаць на чале ўсіх «пакрыўджаных і прасьледуемых у БССР», г. з. буржуазных элемэнтаў і іх ідэолёгаў. Прадстаўляючы нацыянал-дэмократаў і ўсіх ухілістых, як барацьбітоў за беларускую справу, як ахвяр «сталінскага рэжыму», ствараючы легенды аб «скажэньні» ленінскай лініі, нацыянал-фашыстыя хочуць унесьці дэзарыентацыю ў рэволюцыйныя шэрагі, падарваць сымпатыі да Савецкай Беларусі, давер’е да компартыі — словам, служаць на ўзмацаваньне фашыцкай дыктатуры і рэалізацыі яе політыкі вайны, эксплёатацыі і паняволеньня.
Цяпер віноўнік усяму, як бачыце, т. Сталін, які згодна зьвягі «Напераду», здрадзіў свайму грузінскаму народу, прадаўся маскоўскаму нацыяналізму, ён-жа «разграміў» у 1917 г. так называемы ўсебеларускі зьезд, а цяпер прасьледуе беларусоў-комуністых, прасьледуе «беларускі комунізм на Ўсходзе».
Чым-жа выклікана гэтая ненавісьць з боку нацыянал-фашыстых да т. Сталіна? На гэта дае адказ сам «Наперад»: «Усё гэта (колектывізацыя і ліквідацыя кулака як клясы» — А. с) робіцца ў імя «новай тэорыі», якую надумаў праводзіць у жыцьцё Сталін, адкінуўшы старую ленінскую лінію ў зямельнай політыцы» («Наперад» № 4, 1930 г.).
Шпаркі тэмп індустрыялізацыі, перабудова сельскае гаспадаркі шляхам колектывізацыі, выкарчоўваньне і зьнішчэньне рэштак капіталістычных элемэнтаў у горадзе і вёсцы, сакрушальная барацьба супроць нацыянал-дэмократаў у БССР, словам, перамога Ленінізму на ўсіх франтох соцыялістычнага будаўніцтва зусім зразумела выклікаюць шалёную клясавую ненавісьць у ідэолёгаў і выявіцеляў волі беларускай буржуазіі і кулацтва — беларускіх нацыянал-фашыстых.
Непамерна вялікія заслугі т. Сталіна, як найвыдатнейшага ленінца ў практыцы і тэорыі, як стойкага, рашучага змагара за чыстату ленінскай лініі з шматлікімі ўхілістымі, пры якім УсеКП(б) і Комінтэрн зьдзяйсьняюць пераможнае бальшавіцкае кіраўніцтва ў соцыялістычным будаўніцтве і міжнародным руху, — усё гэта прыводзіць да заваёў шырокіх мас компартыямі, выклікае пролетарскія сымпатыі да тав. Сталіна. Ствараючы нябывалыя легенды пра паварот партыі ў сельскагаспадарчай політыцы, па-фашыцкаму фабрыкуючы розныя недарэчнасьці пра кіраўніцтва КП(б)Б і яго барацьбу за чыстату ленінскай лініі, нацыянал-фашыстыя награмаджаюць дзікія абвінавачаньні на т. Сталіна з тым каб выклікаць у масах сумненьні адносна правільнасьці лініі ЎсеКП(б), каб выкарыстаць гэтыя сумненьні для сваіх ваенных фашыцкіх мэт.
Што Луцкевічаўская група спрытна пераняла ідэолёгію заснавацеля ўспомненай сэцэсыі — КПЗБ провокатара Гурына, сьцьвярджае яго паказаньне на процэсе Грамады, якое было пададзена на суд у пісьмовай форме. Нацыянал-фашыстыя падпяваюць Гурыну, калі той барацьбу КПП і КПЗБ супроць сэцэсыі і нацыяналістычных элемэнтаў ў партыі так тлумачыў: «разумеючы, што далейшае супрацоўніцтва беларускіх організацый немагчыма з Комінтэрнам, я перайшоў да вострай крытыкі комуністычных партый наогул і КПП асабліва, абвінавачваючы іх у тым, што яны вядуць згодніцкую маскоўскую політыку».
З паказаньняў провокатара Гурына можна чытаць па картах Луцкевічаўскай групы: «Створаную праз мяне сэцэсыю — кажа Гурын — я ўважаў, як організацыю пераходную. Я ня выказваў выразна аб зрыве з прынцыпамі комунізму і гэта з мэтай завербаваньня як найбольш сяброў. Аднак па сутнасьці імкнуўся да легалізацыі новастворанай партыі… шляхам дагаворанасьці з ППС». Аб тым, што гэтая дагаворанасьць паміж Луцкевічаўскай групай і ППС ужо існуе, пабачым ніжэй.
Але Луцкевічаўская група ідзе далей. Яна далучае і сябе да гэтых ахвяр «Сталінскай супроцьбеларускай політыкі». «Наперад» № 1, 1930 г., даводзіць, што КПЗБ у 1926—27 г. «Луцкевіча, Тарашкевіча, Астроўскага, Рак-Міхайлоўскага і іншых узносіць на недасягальны п’едэстал, як сапраўдных з адзіных барацьбітоў-мучальнікаў за працоўны беларускі народ». Далей «Наперад» адзначае, што цяпер компартыя Луцкевіча, Астроўскага пераводзіць у лягер контр-рэволюцыйны і вядзе барацьбу супроць іх, якія «засталіся вернымі свайму ідэалу». Зразумела, што «Наперад» ня кажа аб тым, што сапраўдныя барацьбіты за вызваленьне беларускіх працоўных мас, як Тарашкевіч, Міхайлоўскі і інш. сядзяць у вастрозе фашыцкай Польшчы. А вось «верныя сваім ідэалам», гэта ёсьць прынцыпам фашызму, Луцкевіч і Астроўскі, адслужыўшы провокатарскую ролю ў Грамадзе, сталі адкрытымі агентамі фашызму і працуюць верныя сваім ідэалам пад апекай у фашыцкага ўраду. І бяда нацыянал-фашыстым з гэтымі сталінцамі нават у Зах. Беларусі, якія «распачалі няпрымірымую барацьбу, каб зьнішчыць культурныя здабыткі беларускіх сялян і работнікаў, каб паўзрываць беларускія культурныя ўстановы».
Больш таго, нацыянал-фашыстыя ў сваім асьцервяненьні да нацыянальна-вызваленчага руху і яго кіраўніка — компартыі, даводзяць, што пагром масавых беларускіх організацый і беларускіх гімназій праз фашыцкі ўрад і пры іх дапамозе зьяўляецца ня чым іншым, як «паходам компартыі на культурныя пляцоўкі».
Такі паклёп на компартыю з боку беларускіх нацыянал-фашыстых зьяўляецца разьвіцьцём і дапасаваньнем да сучаснасьці. лёзунгаў провокатара Гурына, які кажа: «што тактыка Комінтэрну, якая праводзіцца ў Польшчы, гэта політычная провокацыя… якая мае на мэце выклікаць з боку ўлад масавыя рэпрэсіі».
Вывады свае Луцкевічаўская група робіць з таго, што працоўныя масы пад кіраўніцтвам КПЗБ вядуць барацьбу супроць культурніцтва, супроць позытыўнай работы нацыянал-фашыстых, якая пры фашыцкім рэжыме ідзе выключна на карысьць пануючых багатых клясаў і служыць адводам мас ад клясавай барацьбы за сваё вызваленьне. Гэтыя свае вывады Луцкевічаўская група робіць з мэтай зноў-жа дзеля прыкрыцьця фашыцкай буржуазнай сутнасьці сваіх тэорый і сваёй практыкі, дзеля атуманьваньня мас і перацягваньня іх на шлях згоды — супрацоўніцтва з фашызмам.
Орган нацыянал-фашыстых «Наперад», льлючы кракадзілавыя сьлёзы, аб заняпадзе «беларускай культуры і гаспадарнага стану» Зах. Беларусі, заклікае працоўныя масы да позытыўнай творчай работы. Кожны рабочы, кожны працоўны вёскі дазнаўся на сваёй скуры, што ня можа быць ніякай органічнай творчай работы пры фашыцкай дыктатуры, якая-б ішла на карысьць працоўным масам. Тыя беларускія організацыі (як, напрыклад, ТБШ), якія організуюць працоўныя масы для абароны сваіх інтарэсаў, пастаянна прасьледуюцца ўрадам, тэрорызуюцца, разграмляюцца. Беларускія гімназіі і школы, якія больш-менш ішлі насустрэч дзецям працоўных бацькоў, цяпер разгромлены і сфашызаваны і абслугоўваюць выключна кулакоў і буржуазію.
Зразумела, што пры фашыцкім рэжыме ўсё жыцьцё, усе парадкі і сыстэма апарату фашыцкае дыктатуры пабудаваны так, каб за кошт шырокіх працоўных мас будаваць панаваньне і роскаш багатых клясаў. І заклік Луцкевіча да позытыўнай творчай работы зьяўляецца нічым іншым, як заклікам да супрацоўніцтва з фашызмам, да ўзмацненьня базы фашызму і яго дыктатуры, ды окупацыі на Зах. Беларусі.
Характэрна, што Луцкевічаўскі «Наперад» у адмену іншых беларускіх нацыячал-фашыстых не абмінае і рабочага пытаньня і выстаўляе сябе прыхільнікам рабочае клясы. Луцкевіч улічвае, што цяпер у эпоху пролетарскіх рэволюцый нельга ігнораваць рабочага пытаньня, ён з жахам адчувае сілу тэй вядучай кіраўнічай ролі пролетарыяту ў міжнароднай рэволюцыйнай арміі, ён ведае, што інтарэсы яго клясы патрабуюць ад яго раскладальнай пагромнай работы і сярод рабочае клясы.
Каб яшчэ больш выявіць новы манэўр беларускіх нацыянал-фашыстых у сэнсе аб’яднаньня вакол сябе ўсіх ухілістых, выкінутых з компартыі ў Зах. Беларусі і БССР, у сэнсе стварэньня каля сябе орэолу прававерных рэволюцыянэраў, трэба адзначыць, што «Наперад» не забывае часамі кульгануць і аб сусьветнай рэволюцыі (артыкул «Барацьба за моладзь» № 1, 1930 г.) і аб тэорыі марксызму, за што радыкальную прэсу бязумоўна ўлады ўсьлед конфіскоўвалі-б. Аб «марксызьме» Луцкевіча няхай пасьведчаць ніжэй пададзеныя радкі:
«Ведама, што марксызм нясе вызваленьне ўсім прыгнечаным народам і ніколі ні ад кога не вымагае, каб выракаўся права на самастойнае жыцьцё. У Сталінскай лініі запраўды-ж лішне шмат цёмнага. Пастараемся разабрацца ў гэтым у спэцыяльнай стацьці. Запраўды-ж: тут пахне провокацыяй у адносінах да рэволюцыі і яе здабычаў…»
Наогул новая атрута ў тэорыях А. Луцкевіча заключаецца ў тым, што ён побач з асьцервянелым контр-рэволюцыйным паходам, супроць комуністычнага руху і СССР ўжывае, надзвычайна гнуткую нацыянальную і соцыяльную дэмагогію, нахабную фальсіфікацыю лёзунгаў УсеКП(б) і КПЗБ і падзей у БССР, спэкулюе сваёй провокатарскай роляй у разгромленай Грамадзе. Бязумоўна, што ўсе гэтыя махінацыі нацыянал-фашыстых і іх хітрая маскіроўка зьяўляюцца пагрозай таму, што на тым ці іншым вучастку вызваленчай барацьбы ім удасца на якісь час праціснуцца ў шэрагі працоўных мас. Аднак, Луцкевічаўскай групе ня ўдасца ашукаць шырокія масы і разьбіць іх рэволюцыйны рух, ня ўдасца вырваць гэты рух з-пад кіраўніцтва компартыі.
Бо ўжо гэты Луцкевічаўскі манэўр сам па сабе вельмі характэрны ў сэнсе ацэнкі настрояў шырокіх працоўных мас Зах. Беларусі. Улічваючы высокі рэволюцыйны ўздым і ўплыў компартыі, Луцкевіч змушаны быў ня толькі спэкуляваць імем разгромленай Грамады, але пайсьці на розныя фальсыфікацыі, легенды і хлусьню аб компартыі і яе ленінскай лініі, аб сусьветнай рэволюцыі, марксызьме і т. п., каб паказаць сваю выабражальную блізкасьць да рэволюцыйнага руху і гэтым прасціснуцца ў шэрагі працоўных мас.
Луцкевічаўская група спэкулюе популярным імем БС-Р Грамады, гаворыць ад імя радыкальнай інтэлігенцыі Зах. Беларусі і ў імя абароны «беларускага комунізму на Ўсходзе» маскуецца левай фразай і паказной опозыцыяй да ўраду. Гэтая група разумее, што з адкрытымі фашыцкімі лёзунгамі будзе адразу пабіта і прагнана з асяродзьдзя працоўных мас, яна ведае, што ў адкрытай бойцы з КПЗБ за масы яна будзе сакрушальна і шпарка разьбіта. Практыка пераможнай барацьбы з усімі беларускімі згоднікамі зьяўляецца залогам таму, што не памогуць ніякія прошукі і дэмагогічный выкрутасы і Луцкевічаўскай групе.
4. «Ідэйная коопэрацыя»
Аднэй з важнейшых задач, пастаўленых польскім фашызмам перад групай Луцкевіча — гэта консолідаваць і організаваць усе беларускія контр-рэволюцыйныя антысавецкія групоўкі і элемэнты. У перадавіцы першага нумару «Наперад» абвяшчаецца, што робіцца спроба «згуртаваць усе жывыя беларускія сілы» ў «ідэйную коопэрацыю». Ужо цяпер можна сказаць, што ўсё больш-менш выдатнае на беларускім контр-рэволюцыйным відавоку групуецца каля газэты «Наперад», каля галоўнага стаўленьніка польскага фашызму А. Луцкевіча. Да гэтай групы прымыкаюць ня толькі прадстаўнікі беларускіх буржуазных кулацкіх слаёў, як беларускі фашысты Я. Станкевіч, Уласаў, расійскі кадэт Самойла, беларуская буржуазная інтэлігенцыя, але і беларуская белая эміграцыя (Чэха-Славакія, Латвія, Літва).
Існуе і ўмацоўваецца чулае братаньне і пераклічка паміж наперадаўцамі і Віленскімі пілсудчыкамі. У сваім органе «Кур’ер Віленскі» крэсавыя пілсудчыкі аддаюць шмат увагі «рабоце» Луцкевіча, бяруць яго ў сваю абарону, пропагандуюць яго ідэі. «Кур’ер Віленскі» вітае групу Луцкевіча, якая «не дае падстаў, каб лічыць яе антыпольскай, антыдзяржаўнай», якая «ўносіць вельмі цэнны ўклад пры рэгуляваньні польска-беларускага сужыцьця». Атэстацыя зусім адкрытая. Мірна жыць і зрастацца з фашызмам можа толькі той, у каго з фашызмам аднолькавыя інтарэсы, хто ідзе з ім у нагу ў справе падрыхтоўкі нападу на СССР, у справе падаўленьня рэволюцыйнага руху рабочых і працоўнага сялянства, якія ня могуць і ня хочуць мірна жыць пад фашыцкім ярмом.
«Кур’ер Віленскі» і «Наперад», як кроўныя браты аднэй фашыцкай сям’і, як «верныя сваім ідэалам», гавораць адным языком.
«Кур’ер Віленскі» № 31, 1930 г.:
«З моманту ўзяцьця ўлады ў Бальшэвіі праз Сталіна адразу распачаўся пэрыод прасьледваньня нацыянальнага руху на Савецкай Беларусі».
«Наперад» № 1, 1929 г.::
«Калі кіраўніцтва партыяй перайшло ў рукі Сталіна, нязвычайна высака падняў галаву пільна ўкрываны раней маскоўскі нацыяналізм».
«Кур’ер Віленскі» № 31, 1930 г.:
«Сярод беларускага грамадзянства вызначаюцца ўсё больш выразныя імкненьні да позытыўнай творчай работы, абапертыя на ўзмацаваньні свайго нацыянальнага бытаваньня, а таксама ў галіне экономічнай і культурна-асьветнай».
«Наперад» № 1, 1999 г.:
«Ад гэтае гадзіны трэба ўсе беларускія радыкальныя (!) сілы мобілізаваць на грунце позытыўнае творчае культурна-нацыянальнае работы».
«Кур’ер Віленскі» ад 29/II 1929 г.:
«Лёзунгам комуністых зьяўляецца лепш зьнішчыць кожную беларускую організацыю, чымся ўтраціць свой уплыў».
«Наперад» № 2, 1930 г::
«Тыя-ж людзі, што ў Менску цяпер распачалі няпрымірымую барацьбу, каб зьнішчыць культурныя здабыткі беларускіх сялян і работнікаў, далі загад сваім паслугачом у Зах. Беларусі, каб за ўсялякую цану паўзрываць перш тут беларускія культурныя ўстановы».
І ўрэшце № 6 «Наперад» у прыпісцы ад рэдакцыі да аднаго артыкулу па прыяцельску патрасае руку віленскім фашыстым: «у газэце «Кур’ер Віленскі» былі зьмешчаны два артыкулы, прысьвечаныя таму-ж пытаньню, і мусім з задаваленьнем адзначыць, што рэдакцыя польскага органу заняла становішча блізкае да нашага». Як бачым, поўнае супрацоўніцтва з польскім фашызмам, і беларускія нацыянал-фашыстыя вельмі задаволены, што ўдала спраўляюцца з задачай свайго гегемона.
ідэйная коопэрацыя беларускіх — нацыянал-фашыстых захоплівае ў сябе і таварышоў па роду фашыцкай зброі — ППС. У нацыянал- і соцыял-фашыстых задачы і мэты адны і мэтоды ў барацьбе з рэводлюцыйным рухам і компартыяй — сваяцкія і роўналежныя. «Наперад» старанна пропагандуе важнейшыя манэўравыя постуляты ППС, называючы гэтых фашыцкіх пагромшчыкаў і катаў рабочае клясы «польскай лявіцай». «Наперад», як і ППС, сее дэмократычныя ілюзіі, выступае «змагаром за парлямантарную дэмократыю».
«Недахоп сапраўднага моцнага беларускага прадстаўніцтва ў сойме, з якім сойм мусіў-бы я паважна лічыцца, даецца ўзнакі народу на кожным кроку» («Наперад» № 4, 1930 г.).
Луцкевічаўская газэціна прадстаўляе правадыроў ППС, як змагароў за «справядлівую констытуцыю, у якой ёсьць задаваленьне ўсіх патрэб прыгнечаных народаў, прыцягненьне працоўных мас да ўлады».
Луцкевічаўская група вельмі дасьціпла адгараджвае сябе ад здэмаскаваных ужо беларускіх фашыцкіх груп з тым, каб у вачох мас прадстаць, як сапраўдныя грамадаўцы, як «Беларуская радыкальная інтэлігенцыя». З гэтай мэтай на старонках «Напераду» можна сустрэць полемічныя артыкулы, накірованыя супроць беларускай хадэцыі. Аднак, у сапраўднасьці, гэтая сямейная спрэчка зьяўляецца ні чым іншым, як прыкрыцьцём адзінага фронту ўсіх беларускіх рознастайнасьцяй нацыянал-фашыстых у іх барацьбе супроць нацыянальна-вызваленчага руху. Бо як толькі паўстае пытаньне аб компартыі, СССР, рэволюцыі — усе беларускія нацыянал-фашыстыя ў адзін тон нападаюць на сваіх клясавых ворагаў, навыперадкі вядуць дзікую кампанію супроць СССР.
«Нацыяналістычны лягер беларускай буржуазіі, ня гледзячы на яго вонкавую раздробленасьць, зьяўляецца адзіным лягерам бел. нацыянал-фашызму, які ідзе пад гегемоніяй польскай буржуазіі ў шэрагах міжнароднага антысавецкага фронту і поўнасьцю падпарадкуецца плянам фашыцкай дыктатуры ў Польшчы». (Пастанова III пленуму ЦК КПЗБ).
Луцкевічаўская ідэйная коопэрацыя працуе пад кіраўніцтвам і наглядам дэфэнзывы і праз яе фінансуецца. Пастаянныя дэлегацыі да обэр-фашыстага Кіртыкліса, чулыя спатыканьні прэзыдэнта Польшчы хлебам, сольлю і кветкамі, малебны «за здраўе» жонкі старосты (Навагрудак), супрацоўніцтва ў беларускіх гімназіях з вучыцелямі-дэфэнзыўшчыкамі і паліцыяй, ажыцьцяўленьне лёзунгаў провокатара Гурына, ды шмат што іншае гаворыць аб цеснай політычнай і організацыйнай увязцы тэорыі і практыкі нацыянал-фашызму з дэфэнзывай.
«Ідэйная коопэрацыя» Луцкевічаўскай групы выцякае з таго процэсу зрастаньня ў адзін фашыцкі лягер беларускай буржуазіі і кулацтва з лягерам польскіх заможных багатых клясаў, выцякае «са зьнітаваньня клясавага саюзу буржуазіі ўсіх нацыянальнасьцяй у Польшчы. Саюз гэты ўзьнікае з абапольных інтарэсаў гэтых паасобных аднародных частак фашыцкага лягеру: захопныя пляны беларускай буржуазіі ў адносінах да БССР зыходзяцца з імпэрыялістычнымі плянамі польскай буржуазіі. Беларускі буржуа і кулак ідзе на падтрыманьне белапольскай окупацыі Заходняй Беларусі, бо ім пагражае магутны процэс соцыялістычнага! нацыянальна-культурнага разьвіцьця БССР і рост рэволюцыйнай хвалі заходня-беларускіх працоўных мас, які ідзе па лініі міжнароднай клясавай солідарнасьці працоўных мас усяе Польшчы, па лініі барацьбы супроць буржуазіі ўсіх нацый і абароны СССР. Выходзячы са сваіх клясавых інтарэсаў, заходня-беларуская буржуазія шукае дапамогі і абароны ў большым зацясьненьні саюзу з польскім капіталам. А неабходнасьць завастрэньня і ўзмацненьня барацьбы супроць уздымаючайся рэволюцыйнай хвалі і сьпешнасьць падрыхтоўкі вайны супроць СССР змусіла польскія пануючыя багатыя клясы пашырыць свой клясавы фронт і ўключыць у яго буржуазію і кулацтва падняволеных народаў і іх нацыянал-фашыстых, якія нароўні з польскай буржуазіяй праводзяць у жыцьцё антысавецкія контр-рэволюцыйныя пляны Польскага фашызму, праводзяць унутраную і замежную політыку фашыцкага ўраду.
Буйныя яскравыя дасягненьні ў СССР у справе соцыялістычнай перабудовы вёскі на аснове колектывізацыі і ліквідацыі кулака як клясы, асабліва рэзка прычыніліся да яшчэ больш выразнага клясавага падзелу ў беларускім грамадзтве, да яскравага разьмежаваньня двух варожных лягераў на ЗБ — фашыцкага і антыфашыцкага, рэволюцыйнага.
Працоўныя масы Зах. Беларусі, зносячы падвойны экономічны і політычны ўціск, цясьней зьнітоўваюць сваю барацьбу ў супольны клясавы фронт з барацьбой працоўных мас усяе Польшчы і пад кіраўніцтвам пролетарыяту і яго компартыі змагаюцца супроць клясавага. фронту буржуазіі польскай, беларускай, украінскай, яўрэйскай і іншай. Працоўныя масы Зах. Беларусі ўсё больш рашуча разрываюць путы, якімі іх зьвязвалі ў нацыянальным пытаньні з «уласнай» буржуазіяй рознымі адзіным нацыянальным фронтам, нацыянальным супрацоўніцтвам і т. п.
Беларускія нацыянал-фашыстыя, выходзячы са сваіх контр-рэволюцыйных клясавых інтарэсаў, усімі мерамі стараюцца не дапусьціць разьвіцьця гэтага процэсу сярод працоўных мас і ўжываюць дзікую нацыянальную дэмагогію — прыкрываюцца абаронцамі ўсяго беларускага народу, жонглююць лёзунгам незалежнасьці Беларусі, становяцца ў абарону Ўсходняй Беларусі, «падняволенай чырвоным маскоўскім імпэрыялізмам», і г. д. Польскі фашызм, ідучы з падачкамі і абяцанкамі беларускім нацыянал-фашыстам асабліва ў галіне культурна-нацыянальнай, дае ім страву для іх нацыянальнай дэмагогіі.
Вось гэтая дэмагогія беларускіх нацыянал-фашыстых, цкаваньне супроць СССР па нацыянальнай лініі, гэты шум, гам аб новым, так званым новым курсе ў нацыянальнай політыцы, аб культурных рэформах з боку фашыцкага ўраду зьяўляецца падрыхтоўкай матэрыялу для новага, узмножанага цкаваньня супроць СССР. Міжнародным імпэрыялістам патрэбна ў справе падрыхтоўкі ўзброенага нападу на СССР стварыць побач з «прасьледваньнем рэлігіі» новую легенду аб прасьледваньні і падняволеньні народаў у СССР, легенду, якая дасьць конкрэтныя падставы для «крыжовага паходу» на вольны Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік.
Пілсудзкі, Луцкевіч, Лявіцкі, Дашынскі і іншыя фашыцкія верхаводы-бандыты памыляюцца ў сваіх разьліках — іх захады і прошукі і ў гэтай галіне паб’юць іх-жа самых так, як і кампанія за так наз. абарону рэлігіі. Распальваючы нацыянальнае пытаньне, яны яшчэ больш зробяць нацыянальную проблему ў Польшчы адным з важнейшых фактараў надыходзячага ўпадку фашыцкай дыктатуры і распаду фашыцкай Польшчы.
5. Нацыянал-фашыстыя рыхтуюцца да вайны супроць СССР
Галоўная работа ў справе ідзолёгічнай падрыхтоўкі працоўных мас ЗБ да вайны, у справе ўцягненьня гэтых мас да ўзброенага нападу на СССР узложана польскім імпэрыялізмам на беларускіх нацыянал-фашыстых. Луцкевічаўская група ў сваёй газэце «Наперад» са скуры лезе вон, каб хлусьнёй, паклёпам, цкаваньнем падарваць сымпатыі мас да СССР і галоўным чынам да яго складовай часткі БССР, да соцыялістычнага будаўніцтва, якое так шпарка разгортваецца пад кіраўніцтвам ленінскай УсеКП(б). З кожнага нумару «Наперад» перакошаны ад клясавай ненавісьці твар нацыянал-фашызму брызгае пенай атруты да ўсяго савецкага, рэволюцыйнага, комуністычнага. Кожны крок КП(б)Б па ўзмацаваньні і разгортваньні соцыялістычнага будаўніцтва, кожнае заваяваньне і дасягненьне працоўных мас у галіне індустрыялізацыі краю, колектывізацыі сельскай гаспадаркі, разьвіцьця беларускай пролетарскай культуры, посьпехі ў галіне політычна-ідэолёгічнага выхаваньня мас — усё гэта выклікае скрыгітаньне зубоў у нацыянал-фашыстых, выклікае іх актыўнасьць у барацьбе з рэволюцыйным рухам, у падрыхтоўцы да нападу на СССР.
На антысавецкую контр-рэволюцыйную антыкомуністычную кампанію мобілізаваны ўсе сілы, усё прошукі і здатнасьці нацыянал-фашыстых, ваенным мэтам падпарадкаваны ўсе іх тэорыі і практыка. Іх тэорыя, што КП(б)Б вырастае карэньнямі з беларуска-буржуазнага адраджэнцкага руху, іх надзеі на капіталістычна-буржуазную рэстаўрацыю Савецкай Беларусі сакрушальна разьбіты пасьпяховай рэалізацыяй пяцігадовага пляну вялікіх работ. Ушчэнт выкарчоўваецца іх апошняя апора ў БССР, — капіталістычныя элемэнты гораду і вёскі, ліквідуецца кулак як кляса, іх ідэолёгічных пабратымцаў — буржуазную інтэлігенцыю, нацыянал-дэмократаў сакрушальнай барацьбой канчаткова выбіваюць з усіх позыцый. Усё гэта б’е па клясавых інтарэсах беларускай буржуазіі і кулака на Зах. Беларусі, якія бачаць у цесным саюзе з польскай буржуазіяй задаваленьне сваіх інтарэсаў і ратунак ад надыходзячай соцыялістычнай рэволюцыі. Нацыянал-фашыстыя, як ідэолёгі беларускіх заможных клясаў і рознавіднасьць нацыянал-фашызму — нацыянал-дэмократы аформляюць дамаганьні і імкненьні сваёй соцыяльнай базы, а іменна: змагацца супроць пролетарскай рэволюцыі ў Польшчы, падрываць соцыялістычнае будаўніцтва ў БССР, ажыцьцяўляць заборчыя пляны сваёй буржуазіі, выслугоўвацца перад польскім і міжнародным капіталам.
Ваенны заказ фашыцкага ўраду і заборчыя пляны беларускай буржуазіі Луцкевічаўская група стараецца працягнуць у масы шляхам шалёнай кампаніі хлусьні і паклёпу па СССР і компартыю. І газэта «Наперад» па-фашыцку выкарыстоўвае, перакручвае, скажае кожны рух у разьвіцьці соцыялістычнага будаўніцтва з мэтай давесьці масам, асабліва працоўнаму сялянству, што мэта іх барацьбы — гэта не ўстанаўленьне дыктатуры пролетарыяту, не аб’яднаньне з Савецкай Беларусьсю, з барацьба супроць Саветаў, барацьба за так называемую буржуазную незалежнасьць Беларусі, «якую здабылі сабе чэхі, палякі і г. д.»
Пераход беднякоў і сераднякоў у БССР пад кіраўніцтвам пролетарыяту і яго компартыі на шлях соцыялістычнага будаўніцтва праз колектывізацыю Луцкевіч прадстаўляе, як крах савецкага ладу, а зьніштажэньне кулака як клясы прадстаўляе, як наступленьне на ўсё сялянства наогул і ў цэлым. Адгэтуль абарона прышчэпаўшчыны, цкаваньне «сталінскай політыкі супроць хутарызацыі» і г. д…
У справе антысавецкай, антыкомінтэрнаўскай кампаніі Луцкевічаўская група ў Заходняй Беларусі зьяўляецца застрэльшчыкам і ўзорам, яна пад кіраўніцтвам польскага фашызму ідзе наперадзе контр-рэволюцыйнага лягеру, яна ў гэтай кампаніі найбольш ваяўнічая і актыўная,
Яскравым паказальнікам ліхаманкавасьці падрыхтоўкі да вайны зьяўляецца работа Луцкевічаўскай групы па заманьваньні ў свае фашыцкія сеткі працоўнай моладзі (выданьне часопісаў «Сям’я і школа», «Вучнёўскі звон», «Студэнцкая думка», організаваньне моладзі і г. д.). Згодна тэорыі гэтых нацыянал-фашыстых моладзь трэба выхоўваць на «нацыянальна-сьвядомую» інтэлігенцыю, якая «мусіць узяць у свае рукі далейшае правадырства беларускімі працоўнымі масамі ў іх барацьбе за нацыянальныя і соцыяльныя ідэалы». Вострую клясавую барацьбу, якую вяла працоўная вучнёўская моладзь у беларускіх гімназіях супроць іх фашызацыі і полёнізацыі, супроць беларускіх нацыянал-фашыстых, Луцкевіч абзывае маскоўскай провокацыяй. Адгэтуль далоў клясавую барацьбу, трэба даць «дзецям навуку, падрыхтаваць іх да вялікага заданьня, якое прыпадае ім на долю, як будучых інтэлігентаў». Луцкевічаўскі «Наперад», пападаючы ў тон буржуазнай пілсудчыкаўскай прэсе, лемантуе аб комуністычнай пагрозе для моладзі і заклікае:
«Да грамадзян, да бацькоў мы сёньня зварочваемся з заклікам: беражэце нашых дзяцей, не давайце, каб з іх рабілі гарматнае мяса нібыта ў імя сусьветнай рэволюцыі» («Наперад» № 1, 1930 г.).
Атручваючы моладзь нацыяналізмам, адцягваючы іх ад рэволюцыйнай барацьбы супроць іх клясавых ворагаў, беларускі нацыянал-фашызм нацкоўвае моладзь на компартыю, на «маскоўскі комунізм», прадстаўляючы іх віноўнікамі ўсіх «Сьціл і Харыбд», змушае вучняў прымаць удзел у ваенных кампаніях фашызму (збор на польскі ваенны флёт у Навагрудку) і г. д.
Ідучы ўсьлед за польскім імпэрыялізмам, беларускія фашыстыя пры дапамозе польскага ўраду таксама мобілізуюць свае контр-рэволюцыйныя сілы для больш пасьпяховай падрыхтоўкі ўзброенага нападу на СССР. Згодна паведамленьняў «Наперад» ствараюцца організацыі беларускіх жанчын, моладзі, вучыцялёў, поэтаў. Організацыя праскага (Чэха-Славаччына) контр-рэволюцыйнага гнязда беларускіх студэнтаў пераносіць сваю сядзібу ў Вільню. Нядаўна наведаў віленскіх нацыянал-фашыстых прадстаўнік беларускай белай эміграцыі ў Літве інжынэр Душэўскі, які ў 1920—21 гг. уваходзіў у 2-гі аддзел польскай дэфэнзывы. Навязаў сувязь і «ўдарнік» генэрала Шкуро — беларускі пасол латвійскаму сойму Пігулеўскі,
Як бачым, ажываюць і зьлятаюцца ўсе недабіткі вайсковай камісіі, слуцкіх паўстанцаў і інш. агенты, папіхачы імпэрыялістычнага антысавецкага блёку…
У апошнія часы адбываецца ня толькі ажыўленьне работы нацыянал-фашыстых, але і консолідацыя ўсіх іх элемэнтаў, коордынацыя іх работы па лініі стварэньня адзінага антысавецкага фронту ўсіх контр-рэволюцыйных сіл прыгнечаных нацыянальнасьцяй Польшчы. З гэтай мэтай пад крылом фашыцкага ўраду ў Варшаве адбылася конфэрэнцыя самых заядлых контр-рэволюцыянэраў — прадстаўнікоў нацыянал-фашыцкіх беларускіх, украінскіх і літоўскіх. Конфэрэнцыя прайшла пад лёзунгамі барацьбы супроць нац.-вызваленчага руху, пад лёзунгам падрыхтоўкі вайны супроць СССР.
6. КПЗБ непераможны кіраўнік рэволюцыйнага руху.
III пленум ЦК КПЗБ, аналізуючы вытокі, дзейнасьць і сутнасьць беларускага нацыянал-фашызму, а таксама об’ектыўныя варункі і сучасную політычную сытуацыю, констатуе, што
«беларускі нацыянал-фашызм зьяўляецца галоўным ворагам комуністычнага руху ў барацьбе за беларускія працоўныя масы. Недбясьпека з гэтага боку яшчэ больш павялічваецца ў выніку таго націску, які робіць нацыянал-фашызм побач з нацыянал-дэмократызмам у БССР на вядомыя колы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, — націску, які выяўляецца ў шэрагу ўхілаў і хістаньняў унутры гэтага руху, а таксама і прасачваецца ў шэрагі нашай партыі. Дзеля гэтага барацьба з беларускім нацыянал-фашызмам і яго ўплывам на нацыянальна-вызваленчы рух і нашую партыю зьяўляецца галоўнейшай задачай КПЗБ, асабліва-ж маючы на ўвазе ўсё больш актуальную пагрозу ваеннага нападу фашыцкай Польшы на СССР».
Да гэтага часу Луцкевічаўскай групе і ўсім нацыянал-фашыстым пры іх пастаянных патугах не ўлалося дасягнуць значнейшага посьпеху па лініі заваяваньня працоўных мас, паглыбленьня хістаньня ў шэрагах нацыянальна-вызваленчага руху.
Па-фашыцку апрацаваны плян фашызацыі ТБШ, быў з поўнай клясавай сьвядомасьцю здэмаскаваны і адкінуты працоўнымі масамі. Як працоўнае сялянства настарожана і рэволюцыйна чула да ўсіх агентаў фашызму, як даюць адпор вылазкам Луцкевіча-Астроўскага, сьведчаць лісты з месц да рабоча-сялянскай газэты «Сьвітаньне».
«Гэтым паведамляем вас, што мы, сяляне з вёскі Мішут, як звычайна атрымалі газэту «Наперад» № 4, прачытаўшы, пераканаліся, што гэтая газэта зьяўляецца здрадніцкай, дык сяляне нашай вёскі гэтай заразнай газэты чытаць ня хочуць».
«Сяляне Ашмянскага павету напісалі протэст, у якім заяўляюць, што нічога супольнага ня хочуць мець са здраднікамі беларускага вызваленчага руху Луцкевічам і Астроўскім, якія брэшуць у сваёй газэце «Наперад» на БССР і СССР. Протэст падпісала 19 сялян». («Сьвітаньне» № 4).
Далей газэта паведамляе, што рэдакцыя «Наперад» атрымлівае цэлыя скруткі нумароў, адсылаемых назад сялянамі з месц.
Асабліва яскравае паражэньне і банкруцтва атрымала Луцкевічаўская група ў сваіх спробах зламаць рэволюцыйную волю кіраўнікоў Грамады, засуджаных на доўгія гады вастрогу. Тарашкевіч, Валошын, Мятла, Рак-Міхайлоўскі і іншыя грамадаўцы катэгорычна адмаўляюцца прымаць Луцкевіча, Астроўскага ці іх агентаў да пабачэньня ў вастрозе. Тарашкевіч на апошнім сваім судзе 24 студзеня г. г. патрабаваў удаленьня з залі суду Луцкевіча і Астроўскага, якія прыйшлі як госьці, а змушаны былі выйсьці зьбянтэжанымі агентамі фашызму.
Тарашкевіч і Валошын у адказ на нясупынныя спробы Луцкевіча і Астроўскага дабіцца ад іх хоць ценю пакаяньня перад фашызмам, адказалі адкрытымі лістамі з астрогу, у якіх заяўляюць, што «міласьці прасіць мы не прасілі і ня будзем… Усе зьдзекі і астрог ні на крок ня прыблізілі нас да прымірэнцтва ці згоды. Словам ніхто з нас у санацыю (Луцкевічаўская група — А. С.) ня пойдзе» (ліст Тарашкевіча). «Я лічу яго (А. Астроўскага) прыезд політычным шантажом. Наогул, якія не рабіў-бы ён захады адносна мяне ці-то ў відзе звальненьня, ці-то каўцыі, адкідаю іх з пагардай, як нязломны барацьбіт за інтарэсы беларускіх сялян і работнікаў і як адзін з правадыроў гістарычнай БСР Грамады. На яго захады аб звальненьні я катэгорычна і ясна заяўляю: рукі прэч» (з лісту Валошына). Гэтыя банкруцтвы і паражэньні нац.-фашыстых кажуць аб высокім рэволюцыйным уздыме шырокіх мас, кажуць аб тым, што КПЗБ — ўвязваючы з барацьбой КП(б)Б супроць нацыянал-домінуючая політычная сіла ў Зах. Беларусі.
Перад КПЗБ стаіць адна з галоўнейшых задач, якая цесна зьвязана з барацьбой супроць правай небясьпекі — гэта барацьба супроць усялякіх праяў нацыяналізму ў шэрагах партыі, нацыяналізму наогул, небясьпека якога бязумоўна ўзрастае. Неабходна сваячасова выпальваць агнём бальшавіцкай крытыкі і самакрытыкі ў шэрагах партыі і ўсялякія праявы нацыянал-опортунізму і нацыянал-бальшавізму, у зародку зьнішчаючы гэтыя правыя концэпцыі і прымірэнцтва да іх. Гэтая барацьба павінна весьціся ня толькі шляхам ідэйным і пропагандыцкім, але ў першую чаргу шляхам практычнай дзейнасьці ў галіне нацыянальна-вызваленчага руху Зах. Беларусі, цесна ўвязваючыся з барацьбой КП(б)Б супроць нацыянал-дэмакратызму ў БССР.
Кожнае банкруцтва і паражэньне нацыянал-фашыстых і нацыянал-дэмократаў і перамогі КПЗБ і КП(б)Б б’юць па адзіным фронце гэтых агентаў імпэрыялізму, дэмаскуюць іх тэорыі, падрываюць іх практыку. Пераможнае соцыялістычнае наступленьне на ўсіх франтох у СССР і БССР, штурм рэволюцыйных мас пад кіраўніцтвам КПЗБ на фашыцкую дыктатуру зьмятаюць і зьмятуць усіх агентаў капіталу.
Працоўныя масы СССР і БССР, побач з будовай соцыялізму, узмацняюць і абарону краю, яны ў любы момант гатовы нанесьці сакрушальны ўдар па першай спробе міжнародных імпэрыялістых пасягнуць на заваёвы Кастрычнікавай рэволюцыі, — яскравым прыкладам чаго зьяўляецца паражэньне кітайскіх генэралаў. Працоўныя масы Зах. Беларусі пад кіраўніцтвам КПЗБ вядуць барацьбу супроць падрыхтоўкі вайны з СССР, на выпадак-жа ўзброенага нападу на СССР рабочыя і працоўныя сяляне павернуць штыхі супроць сваіх эксплёататараў і прыгнятацеляў.
Польскі імпэрыялізм, які ў апошнія часы асабліва нахабна пачынае патрасаць збройным кулаком. У бок СССР, які ахоплены ваенным чадам, з асаблівай сьпешнасьцю організуе сваіх агентаў — беларускіх нацыянал-фашыстых — павінен успомніць грозны штых Чырвонай арміі і сакрушальныя ўдары паўстаўшых працоўных мас Беларусі.