Перайсці да зместу

Беларуска-расійскі слоўнік (1926)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Слоўнік
Аўтар: Мікола Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч
1926 год
Сьпіс скарачэньняў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Мэта гэтага „Беларуска-Расійскага слоўніка“ — даць дапамогу пры чытаньні сучасных беларускіх выданьняў тым асобам, якія хаця й маюць або элемэнтарна-тэорэтычнае, або практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ ня зусім дакладна ўяўляюць сабе тое слоўнікавае багацьце, якім ўладае сучасная навукова-літаратурная беларуская мова ў параўнаньні з мовай расійскай.

Паказанай мэтай тлумачыцца тая асаблівасьць слоўніка, што тут значная ўвага накірована на словы і тэрміны, ужываныя ў навукова-літаратурнай мове.

З іншых асаблівасьцяй слоўніка трэба адзначыць наступныя:

а) У слоўнік унесены, як правіла, тыя беларускія словы, што адрозьніваюцца ад расійскіх слоў або па вымове й транскрыпцыі або па сэнсу.

б) З так званых „чужаземных“ слоў запісаны толькі тыя словы, якія можна лічыць „абеларушанымі“, г. зн., тыя словы, што падлягаюць прынцыпам беларускага правапісу.

в) Для падзешаўленьня выданьня ў мэтах даступнасьці яго для шырокіх колаў грамадзянства словы, як правіла, выпісаны бяз прыкладаў (у праціўным выпадку слоўнік разросься-бы ў некалькі разоў болей). Прыклады дадзены толькі да некаторых слоў, пераважна тых, што выпісаны беспасярэдна з твораў сучасных аўтараў.

г) Граматычныя абазначэньні даюцца ў слоўніку толькі агульныя (да іменьнікаў толькі паказаньні роду „м“, „ж“, „н“ без абазначэньня роднага склону. Наагул пры карыстаньні слоўнікам патрабуецца знаёмства з элемэнтарнай граматыкай беларускае мовы (Б. Тарашкевіча або Я. Лёсіка).

Пры ўкладаньні слоўніка меліся на ўвазе наступныя слоўнікі й зборнікі слоўнікавага матар’ялу.

1. Словарь белорусского наречия, составленный И.И. Носовичем. Изд. Отд. Рус. языка и словесности Имп. Академии Наук. СПБ. 1870 г.

2. Максім Гарэцкі. Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік. Рэдакція Я. Станкеўчыка. Выд. 2-е. Вільня. 1921 г.

3. Мікола Байкоў і Максім Гарэцкі. Практычны Расійска-Беларускі слоўнік. Менск. 1924 г.

4. А. К. Сержпутоўскі. Кароткі Беларуска-Рускі слоўнічак (рукапіс).

5. А. Д. Ярушэвіч. Беларускі слоўнік (рукапіс; зьмешчаны беларускія словы без перакладу).

6. Беларуская Навуковая Тэрмінолёгія. Выд. Інстытуту Беларускае Культуры. Менск. 1922—24 гг. Вып. І—VI.

7. Рукапісы яшчэ не надрукованых тэрмінолёгій у апрацоўцы Камісій Інстытуту Беларускае Культуры: Зоолёгічнай, Юрыдычнай і Гістарычнай, а таксама Вайсковай тэрмінолёгіі, апрацованай Вайсковай Падкамісіяй пры ІБК.

Апроч таго, меўся пад рукамі Беларуска-Польска-Расійскі слоўнік Я. Ціхінскага (рукапіс Інстытуту Беларускае Культуры). Гэты слоўнік служыў для праверкі слоўнікавага матар’ялу, дадзенага ў іншых слоўніках. Быў прыняты пад увагу і „Смоленский Областной словарь“ У. Дабравольскага.

Пэўная колькасьць слоў выпісана для слоўніка й беспасярэдна з твораў баларускіх пісьменьнікаў. Прыняты пад увагу найноўшыя выданьні гэтых твораў, хаця зусім зразумела, што за той короткі час, у які быў напісан слоўнік (4 мес.), ня было магчымасьці дакладна прааналізаваць кожнага пісьменьніка й прышлося абмежавацца толькі некаторымі характэрнымі словамі.

Урэшце, вельмі важнае значэньне ў справе ўкладаньня слоўніка меў зложаны і С. Некрашэвічам сумесна з М. Байковым „Падробны Расійска-Баларускі слоўнік“. Амаль што двохгадовая праца над гэтым слоўнікам значна палегчыла сыстэматызацыю слоўнікавага матар’ялу.

У справе ўкладаньня слоўніка беларускае навукова-літаратурнае мовы істотнае значэньне мела й дзейнасьць Інстытуту Беларускае Культуры ў складзе яго сяброў да моманту рэорганізацыі. Навуковыя тэрміны, якія ўвашлі ў слоўнік, абавязаны сваёй апрацоўкай Інстытуту Беларускае Культуры.

Зразумела таксама, што толькі пры ўмове існаваньня такога асяродку навуковае чыннасьці ў Беларусі, якім зьяўляецца Інстытут Беларускае Культуры, стала магчымым весьці слоўнікавую працу на больш пэўным грунце, чымся гэта было раней.

Аднак зразумела, што кароткі тэрмін працы й навіна справы не маглі не адбіцца на апрацоўцы слоўніка. Тут магчымы пахібы і апушчэньні, адзначыць якія павінна крытыка. Таксама з папярэдняга відаць, што гэты слоўнік яшчэ ня ёсьць поўным слоўнікам беларускае мовы. Ён — толькі адзін крок да ўтварэньня такога слоўніка.