Перайсці да зместу

Беларуская трагедыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларуская трагедыя
Артыкул
Аўтар: Ян Пазняк
1930 год
Крыніца: «Беларуская крыніца», 1930, № 32

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уся беларуская гісторыя ад найдаўнейшых і да нашых часаў — гэта бадай адна вялікая трагедыя.

Беларускія землі заўсёды былі тэрэнам войнаў Масквы і Польшчы, а так-жа тэрэнам іх палітычнай і эканамічнай экспансіі.

Землі нашы зажывалі спакою і народ наш памысна жыў і разьвіваўся культурна і эканамічна толькі пад сьцягам «Пагоні", за часаў Вялікага Княства Літоўска-Беларускага, у якім дружна працавалі на агульную карысць Беларусы, Ліцьвіны, Украінцы і дружна баранілі сваю дзяржаву.

Але гэта памыснае палажэньне Беларусі трывала коратка. Доўгія ж вякі жыцьця нашага народу — гэта адна вялікая трагедыя, адно цяжкое цярпеньне.

Гэту адвечную беларускую трагедыю бачым і сягоньня. Народ наш, пасьля доўгага заняпаду, сяньня прабуе паўстаць да жыцьця, але ў гэтай ягонай пробе, у ягоных жыцьцёвых натугах — яго муча тая-ж хвароба, тая-ж гістарычная трагедыя, вынікаючая з тых-жа: польскага і расейскага эгоізмаў, якія — рэч дзіўная — адносна Беларусі, сьведама, ці нясьведама, звычайна дзеяць солідарна.

Прыпамінае гэта нам сваечасную палітыку расейскую і нямецкую адносна Польшчы, калі яны заўсёды ў бедах Польшчы былі між сабой солідарны.

Пасьля распаду турмы народаў царскай Расеі, беларускі Народ на ўсіх кутках сваей зямлі сваю ахвоту да жыцьця выказваў нядвузначна. Разам з гэтым, як з-пад зямлі, паявіліся і ягоныя "апякуны".

Роля "сардэчных" апякуноў польскіх адносна Беларусаў выявілася яскрава ў іхных адносінах да Беларускай Найвышэйшай Рады, да Слуцкага Паўстаньня і агулам да беларускай палітыкі, эканомікі і асьветы.

Ўзноў-жа „мілыя" праявы і расейска-бальшавіцкай палітыкі адносна нас спатыкаем у яе крывадушных, двулічных адносінах да беларускай нацыянальнай справы і ў яе ўрэшце фікцыйным будаўніцтве беларускай дзяржаўнасьці.

Усе-ж гэтыя, чыста фікцыйныя як польскай так і маскоўскай палітыкі „сардэчныя" і "мілыя" да Беларусі адносіны мелі месца звычайна тады, калі ей патрэба было здабыць сымпатыі беларускага народу і ўкалыхаць яго да згубнага супакою, да падтрыманьня палітыкі польскай, ці маскоўскай, і гэтым аслабіць яго яшчэ больш, далей паглыбляючы яго адвечную трагедыю. Калі-ж міналі эгоістычныя да Беларусі патрэбы з боку маскоўскага ці польскага, дык хаваліся і "апякуны" і свайму гадунцу — Беларусі — паказвалі... каб жа язык, а то звычайны кулак.

Сымбалям скрыжаваньня польска-расейскіх уплываў і інтарэсаў на беларускім народзе была нядаўная "Беларуская Сялянска Работніцкая Грамада", правадыры каторай, паддаючыся гэтым чужацкім уплывам, у рэзультаце выразна падзяліліся на два лагеры: адны сталі на старане Варшавы (Луцкевіч, Астроўскі і інш.), а другія на старане Масквы (Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і інш.). Лёгічны-ж результат гэтага для Беларусі дужа трагічны.

Сяньня ў Польшчы беларуская справа зьведзена да самых малых разьмераў. Гэта дзеецца якраз тады, калі ў польскую палітыку ўпрагліся такія беларускія "тузы", як Луцкевіч і Астроўскі.

А гэткая беларуска-польская палітыка чуткім рэхам адбіваецца так-жа на ўсходзе і ўдзяляецца палітыцы маскоўскай.

Як нясуць апошнія весьці, у Менску, у сэрцы Беларусі, пасаджаны ў вастрог цэлы рад выдатных беларускіх палітычных і культурных дзеячоў, паэтаў, пісьменнікаў і людзей навукі. Камуністыя абвінавачываюць іх і жадаюць для многіх кары сьмерці, за іхны нацыяналізм і демократызм і... быццам за зносіны з белай Польшчай.

У Польшчы-ж, гаворачы мімаходам, Беларусаў надта часта падазраюць у зносінах з чырвонай Масквой.

Гаты-ж маскоўскі паход на беларускі Народ робіцца якраз тады, калі Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і інш. некаторыя іхныя таварышы апошнім часам выразна занялі фронт маскоўска-бальшавіцкі.

Гэта далейшы цяг беларускай гістарычнай трагедыі.

З вышэйсказанага ясна відаць сапраўдная крыніца вялікай гістарычнай беларускай трагедыі, якая, калі самі Беларусы не апамятаюцца і калі „прыяцелі" нашы яшчэ больш намі „заапякуюцца", народ беларускі можа давесьці да... нацыянальнай сьмерці.

Але ў гэта мы ня герым. Мы верым, што жыцьцё мацнейшае ад сьмерці. Пасьля буры праясьніцца і пацяплее.

Станенца гэта аднак толькі тады, калі прынамсі большасьць беларускай інтэлігенцыі і народу зразумее, што беларуская палітычная думка і праца мусяць быць самастойныя, а не складовай часткай палітыкі польскай, ці расейскай.

Як найдалей мусіць быць беларуская палітыка ад крыніцы нашай гістарычнай трагедыі!...