Беларуская граматыка для школ (1918)/V
| ← Правапіс | Сказ Публіцыстыка Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч 1918 год |
V
Сказ
§105. У мове кожнае слова ўжываецца не асобна, а ў зьвязку з другімі. Як вяжуцца паміж сабою словы ў мове паказвае навука аб сказе.
У мове мы выказваем словамі розныя думкі.
Думка выказаная словамі называецца сказам: Пастух трубіць. Зоркі зігацяць на не́бе.
Словы, з якіх складаецца сказ, называюцца часьцінамі сказу.
Часьціны сказу дзе́ляцца на асноўныя і даданыя.
Асноўныя часьціны дзьве́: дзе́йнік і сказьнік.
Дзе́йнік паказвае асобу або рэч, якая не́шта дзе́іць або з якою не́шта дзе́іцца: пастух трубіць; зоркі зігацяць.
Сказьнік паказвае, што ў сказе кажацца аб дзе́йніку, або што дзе́йнік дзе́іць ці што з ім дзе́іцца: пастух трубіць, зоркі зігацяць, трава зялёная і г. д.
§106. Даданыя часьціны сказу дадаюцца або да дзе́йніка, або да сказу. Возьмем, напр., такі сказ: Цікаўныя кніжкі ляжаць на паліцы. Тутака кніжкі — дзе́йнік, ляжаць — сказьнік; слова цікаўныя адносіцца да дзе́йніка (на пытаньне якія кніжкі? — цікаўныя); слова на паліцы[1] адносіцца да сказу (на пытаньне дзе́ ляжаць? — на паліцы).
Да даданых часьцінаў мовы могуць дадавацца другія даданыя часьціны. Вось, напр., сказ: Краве́ц пашыў — до́брую сьвітку.
Краве́ц пашыў — гэта асноўныя часьціны (дзе́йнік і сказьнік). Што пашыў? — пашыў сьвітку: гэта значыць, сьвітку адносіцца да пашыў; якую сьвітку? — добрую: значыць добрую адносіцца да сьвітку, да даданае часьціны.
Тая часьціна сказу, што адказвае на пытаньні які?, чый?, каторы?, колькі? называецца азначэньнем.
Ен мае добрую (якую?) кніжку.
Сын любіць свайго (чыйго?) бацьку.
Паляўнічы забіў чацьве́ртага (каторага?) цецярука.
Я маю пяць (колькі?) братоў.
Калі-ж слова адказвае на пытаньні каго? чаго? каму? чаму? каго? што? кім?, чым? пры кім? прычым?, то яно называецца дапаўне́ньнем.
Напрыклад: Вазьмі брытву ад дзіцяці (ад каго?). Ня люблю я ме́ста (чаго?) і г. д.
Тыя словы, што азначаюць час, ме́йсца, прычыну, мэту або спосаб дзе́йнасьці, называюцца акалічнасьцямі часу, ме́йсца, прычыны і спосабу.
Акалічнасьць часу адказвае на пытаньні калі? ці доўга? ад якога і да якога часу? Напрыклад: Вечаром пайшоў дождж. Усьцяж па табе́ плачу. Працуй зраньня аж да зьмярканьня.
Акалічнасьць ме́йсца адказвае на пытаньні дзе́? скуль? куды? Напрыклад: Бяда ў бары яго спаткала. З не́ба звалілася зорка. Рэкі плывуць у мора.
Акалічнасьць прычыны адказвае на пытаньне чаму? дзеля якое прычыны? Напрыклад: Ен за работай ня будзе ме́ць часу й паме́рці. Ен вярнуўся дамоў дзеля бацькоў. Хата загарэлася ад пе́чы
Акалічнасьць мэты адказвае на пытаньні нашто, для якое мэты? Напрыклад: Ен шмат дае́ на бедных. Валы пайшлі ваду піць.
Акалічнасьць спосабу паказвае як, якім спосабам не́шта робіцца. Напрыклад: Ціха сьпіць дзіцятка. Пайшла ў ме́ста пехатою.
§107. Тыя сказы, што маюць толькі асноўныя часьціны, г. з., дзе́йнік і сказьнік, называюцца кароткімі: Сонца ўзыйшло. Бацька гарэ.
Тыя, што маюць апрача асноўных часьцін і даданыя, называюцца разьвітымі: Побач раскінулісь родныя вёскі. Жалем сьціскаюцца грудзі.
Сказы, што маюць дзе́йнік, называюцца поўнымі. У паноў было ігрышча. Усё сьпіць.
Тыя сказы, што дзе́йніка ня маюць, але ён разуме́ецца, аб ім можна дагадацца, называюцца няпоўнымі: У аднаго чалаве́ка былі два сыны. Жылі сабе́ згодна (разуме́ецца сыны).
Калі-ж аб дзе́йніку і дагадацца не́льга, то гэта безасабовы сказ (г. з., без асобы або рэчы, ад якое зале́жыць дзе́йнасьць). Сьцямне́ла. Грыміць. Чужым розумам ве́к не перажыве́ш. Хоць блізка відаць, ды далёка дыбаць. Цярпе́ньнем і працай горы пераносяць.
Калі ў сказе два ці больш дзе́йнікі, сказьнікі, дапаўне́ньні, азначэньні ці аднолькавыя акалічнасьці, то такі сказ называецца зьлітым. Напрыклад: Ідзе́ жняя і ве́села пяе́. Ве́села й хутка мінутка ў мінутку зойдзе нам час. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае́.
§108. Кожную часьціну сказу можна разьвіць у цэлы сказ даданы, які дадае́цца да сказу асноўнага. Заместа — ніхто ня ве́дае чужога абе́ду, можам сказаць: ніхто ня ве́дае, як хто абе́дае. Ніхто ня ве́дае — гэта сказ асноўны; як хто абе́дае — гэта даданы сказ дапаўне́ньня, бо ён замяняе дапаўне́ньне (чужога абе́ду).
Так сама, як сказ дапаўне́ньня, могуць быць даданыя сказы дзе́йніка, азначэньня і розных акалічнасьцей, калі яны замяняюць дзе́йнік, азначэньне і акалічнасьці. Напр.: І той багатыр, хто мае ўсялякага дабра, і той, хто дужы і здаровы. Гай, што быў цёмны, зазеляніўся. Ніхто ня дойдзе туды, дзе́ канчаецца зямля. Тады папараць зацьвіціць, калі на вярбе́ вырастуць грушы. Будзе голад, бо збожжа не ўрадзіла. Прыйшлі да хаты, каб супачыць. Як ты да людзе́й, так людзі да цябе́.
§109. Прыдатак — гэта ёсьць азначэньне, выказанае іме́ньнем; стаіць яно ў тым самым склоне, як і тое слова, да якога яно адносіцца. Напрыклад: Астаўся адзін сын, сірата. Ех ты, Нёман, рака. Янка, брат майго таварыша, ве́льмі любіць паляваньне.
Прыдатак з усімі тымі словамі, што да яго адносяцца, выдзяляецца коскамі.
Зваротак так сама выдзяляецца коскамі. Радзі, Божа, жыта! Сьпі, наш міленькі саколік! Брацьця, ці зможам грамадзкае гора,
§110. У пісанай мове ставяцца розныя знакі прыпынку.
Пункт (.) ставіцца пасьля кожнага закончанага сказу.
Коска (,) выдзяляе зваротак, прыдатак, даданыя сказы з асноўнага і разьдзяляе падобныя часьціны ў зьлітым сказе. Напрыклад: Лятуць да нас, лятуць яны з далёкай, цёплай стараны, нясе́цца крык іх над зямлёй, бо бачуць ўжо край родны свой.
Коска звычайна стаіць перад а, бо, але, калі, дзе́, які, каторы, хто, што, хоць і ў іншых разох.
Коска разьдзяляе так сама і незале́жныя сказы, калі яны дужа кароткія, альбо паміж імі стаіць і, а, але. Лета зьбірае, а зіма праядае. Загрыме́ў гром, і пайшоў дождж. Смачны жабе гарэх, але зубоў Бог ня даў.
Калі-ж незалежныя сказы нічым ня зьвязаны і ня зусім кароткія, то паміж імі ставіцца пункт з коскай (;). Напрыклад: Вясною косы сонца што дзе́нь робяцца цяпле́йшымі. Птушкі пяюць зычне́й і весяле́й; перайка на іх асьвяжаецца, і самі яны ажыўляюцца.
Два пункты (:) ставяцца:
1) перад пералічэньнем, калі ёсьць слова, што абыймае ўсё пералічанае, напрыклад: Год мае чатыры пары: вясну, ле́та, восень, зіму.
2) паміж незале́жнымі сказамі, калі адзін аб’ясьняе другі — Тут ня гандаль, тут ня крама: няма дзёгцю, няма солі. Наагул, два пункты блізка тое самае, што слова значыць.
Працяжнік (—) ставіцца пасьля пералічэньня, дзе́ прапушчана не́йкае слова і, наагул, там, дзе́ хочам працягнуць увагу чытара, напрыклад: вясна, ле́та, восень і зіма — пары году. Падсадзі — сарву я грушку.
Недаказ (…) ставіцца, калі думка не даказана, напр.: Сказаў-бы я табе́… але што там гаварыць.
Пытальнік (?) стаіць пасьля пытаньня. Дзе́-ж ты гэта, мой каласок?
Клічнік (!) стаіць пасьля клічу, напр.: Добры ве́чар, пане гаспада́ру! Адважна, брацьця!
У чужаслове „—“ ставяцца або чужыя словы (ня тэй асобы, што гаворыць ці расказвае), або словы не́чым асаблівыя, напр.: Узяў шапку і, сказаўшы: „Аставайцеся здаровыя“! выйшаў з хаты. „Наша Доля“ — пе́ршая беларуская газэта.
У скобкі бярэцца паясьне́ньне або пабочная думка: Беларускія пляме́ньні (крывічы, дрыгвічы і радзімічы) здаўна жывуць на сваёй зямлі.
- ↑ прыйме́ньне ў сказе ня лічыцца за асобную часьціну.