У старасьці ўладыка — леў
Сябе папесьціць захацеў.
Старыя косьці не маглі
На камянёх і на зямлі
Знайсьці спакою і цяпла
Так неабходных дзеля сна.
І вось сваіх заве баяраў,
Гіенаў, тыграў, ягуараў,
І кажа ім: „стары я стаў,
Слабы і хворы — нешчасьлівы.
Сюды я вас усіх прызваў,
Каб раду й помач мне далі вы.
Я не магу ужо як раней,
Валяцца нейдзе між камней, Або на голай зямлі спаць,
Бо-ж косьці старыя баляць…
Павінны вы паклапаціцца
І на пасьцелю мне злажыцца.
Хай кожны жменю шэрсьці дасьць,
— Усе вы пухам вось багаты, —
Пасьцелю будзе з чаго скласьць,
Бяз крыўды чыей, або страты“…
„О, цар! даем табе мы слова,
Пасьцеля будзе ў міг гатова!“
Баяры хорам адказалі:
„Была-б нам ганьба, каб ня далі
Цару свайму па жмені шэрсьці!
Ды мы усе, для вашай чэсьці —
Нат‘ скур сваіх не пажалеем.
Ад страты-ж шэрсьці не згалеем!
Спакойны будзьце, мы ўраз —
Пацешым і здаволім вас.
Застаньцеся тымчасам з Богам,
Будзе усё як па загаду!“
Баяры выйшлі й за парогам
Ураз злажылі сваю раду.
„Хіба стары наш звар‘яцеў?“.
Казалі усе. Іш захацеў?
Няма і спрэчкі: мы пушысты.
Аднак — ці-ж дань даюць міністры?
Нашто-ж бараны, оўцы, лані,
Народ усё створаны для дані?
Хоць шэрсьць ня надта іх прыгожа,
Ды на даніну будзе гожа! Ня зробім крыўды тут зусім,
Калі нат‘ зголім скуры ім!
Ім хутка адрасьце іх шэрсьць.
З іх дань зьбярэм, нам будзе чэсьць
Што вось, у крытычную пару,
Ахвярай памаглі цару.
А каб як-што ня мог ён знаць, —
Да льва народ той не пушчаць!“
І вось, ашчырыўшы клыкі,
Баранаў ды авец бакі
Яны пачалі ураз скубаць,
Даніну тую ўжо зьбіраць…
Здаволены тут цар застаўся:
Пасьцелі цёплай дачакаўся.
І каб ахвярнасьць атлічыць,
Ня ведае нат‘ чым дарыць…
Дажджом паліліся чыны,
Мэдалі, йстужкі, ардзены…
Ня ведаю, ці чесна бралі,
Ці моʻ — па просту скажам: кралі,
Зьбіраючы баяры дань.
Ды вось: баран, аўца ці лань,
Авечы словам ўвесь народ,
Зусім бяз шэрсьці засталіся.
А у баяр — наадварот:
Пасьцеляў лішкі завяліся…
Ня толькі у зьвяроў, а й між нас
Такі здаўна ужо парадак,
Што калі трэ плаціць падатак
Мужык плаці дый увесь сказ!