Перайсці да зместу

Байкі (па Крылову і іншых)/Воўчы закон

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Конь і сабака Воўчы закон
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1926 год
Арыгінальная назва: Волк и Ягнёнок
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Даніна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Воўчы закон (Крылоў/Друцкі-Падбярэскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Воўчы закон.

У дужага слабы заўсёды вінаваты.


Ягнятка неяк ў летнюю пару,
Адбіўшыся ад хаты,
Пабегла да ракі вады напіцца.
І трэба-ж так было злажыцца,
Што акурат у тую-жа пару
Пры рэчцы той галодны воўк блукаўся.
Угледзіўшы здабычу, воўк аж аблізаўся.
І вось, з замерам паабедаць
Сьпяшыць к ягняці ён. Аднак,
Як ні хацелася яму барджэй ягняцінкі адведаць,
Воўк, (ён быў практычны, стары злодзей,
І не адну ўжо прыкрасьць меў
Калі каго украўшы проста зьеў) —
Хацеў абставіць справу так,
Каб быць зусім з законам ў згодзе,
Абвінавачаньням ня даць падставу,
Ну, словам, усё зрабіць „па праву“.
І вось пачаў к ягняці воўк чапіцца,
Быццам не дае яно яму напіцца.
— „Як сьмееш лезьць сюды!“ крычыць —
І тут, дзе буду піць,
Сваім паскудным рылам
Мяшаць ваду з пяском і ілам?
За сьмеласьць гэткую сарву
Тваю дурную галаву!“
„Калі ясьнавельможны воўк прыгледзіцца бліжэй“
— Ягнятка кажа, „дык можа аказацца,
Што тут зусім няма чаго злавацца.
Бо-ж я шагоў на сто ніжэй
Ад вашай міласьці па рэчцы п‘ю
І замуціць вады вам не магу!“
„А? Значыць я ілгу?
Нягодны! Ці чуў такую сьмеласьць хто ў сьвеце?

Ды, помню ты і ў прошлым леце,
Таксама мне тут насаліў!
Я гэтага, дружочак, не забыўся!“
„Перапрашаю: я толькі сёлета радзіўся,
Тады напэўне не я быў!“
Ягнятка кажа. „Дык гэта быў твой брат!“
„Ня маю я братоў“… „Дык кум, ці сват!
Ну, словам нехта з твайго роду!
Вы усе: сабакі, оўцы, пастухі —
Заўсёды сочыце мае грахі
І воўчаму жадаеце пагібелі народу!
Хто іменна з вас вінаваты,
Зусім цяпер я не пытаюсь,
З табой, шчанё смаркаты
За усіх тут асквітаюсь!“
„Скажэце-ж чым тут вінаваты я?“
„Маўчы! Абрыдла мне зусім ўся гутарка твая!
Даволі!
Няма чаго з табой вазіцца болей,
Пытаньнямі сваімі — зусім мне надаеў!
Адказваць табе — за многа чэсьці.
А хочаш знаць за што? Дык знай: даўно я еў,
І зьем цябе, бо хочу есьці!“