Перайсці да зместу

Атрута (1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Атрута
Драматычны абразок
Аўтар: Максім Гарэцкі
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Атрута (Гарэцкі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАКСІМ ГАРЭЦКІ

АТРУТА


КАРОТКІ ЖАЛОБНЫ АБРАЗОК
у 1-м акце.


ВІЛЬНЯ 1927


БЕЛАРУСКАЕ ВЫДАВЕЦКАЕ ТАВАРЫСТВА

Maksim Harecki „ATRUTA“, krótki obraz żałobny w 1 akcie.


Drukarnia „Wydawnictwo Wileńskie“ B. Kleckina, M.Śtefańska 23.

АСОБЫ:

Дзед
Раман, яго сын.
Ганна, жонка Раманава.
Аўдулька 8 г.
Косьцік 6 г.
Яначка 8 г.
Дзеткі Раманавы.
Хрысьцёна, цётка Ганьніна.

Усё дзеецца ў старэнькай, закопчанай вясковай хаце. Налева ў ёй — дзьверы ў сенцы і дальш у куце печ і качарэжнік. Ад печы — пол аж да правае сьцяны, у каторай два вакенцы; ад полу каля гэтай сьцяны ідзе лаўка. Перад лаўкаю водаль ад полу — стол, на стале ляжыць нож, а хлеба няма; к сталу прыстаўлен зэдлік. Над сталом у куце — абразы з палічкай для сьвечак.
На палу — сувалка; на ёй ляжыць дужа хворая Ганна пад дзяругай. Каля Ганны вісіць калыска на круку, убітым у столь; у калысцы сьпіць малы Яначка. Пасярод хаты, на падлозе — калодачка, на ёй сядзіць Дзед, даплятаець лапаць і за пачопку, калі трэба, калыша Яначку. У хаце вельмі бедна.

ПРАЯВА 1-ая.

Дзед, Ганна, у калысцы Яначка.

Дзед. Божухна-бацюхна. Ці будзе-ж гэтаму калі канец? П’янства кожны дзень, кожную ноч… Дзеткі плачуць, Ганна хворая ляжыць, — як ёй, матцы, глядзець на гэта? А ён? Охо-хо-о… Пакараў ты мяне, справядлівы божа! За грахі мае брудныя пакараў ты мяне, бо калісь і я ня меў сумленьня, цягнуў-піў зельле паганае, будзь яно проклята навекі… (Бярэцца за сьпіну). А-ай, усе костачкі ломяць. Мне, старому бацьку, трэба гараць ехаць во’, а ён… ён п’ець. Яму і клопату мала. Не-э, сынок, дап’ешся, апомнішся, ды каб ня было ногды позна… Нікому ніколі не падаруюцца сьлёзы дзетак, ой, ніколі! А ён п’ець, крычыць, б’ецца, глуміць, дзіцячы хлеб прапіваець. Будзе грэх, чую, усімі думкамі чую…
Ну, хіба іці саху прыснадзіць. (Паклаў лапаць, устаець). Эх, Раманка, Раманка… (Да Ганны з ласкай у гаворцы) Ганна! Ці чуеш, Гануля! Мо’ ты зьела-б чаго-небудзь? Хлеба кум Аўрам пазычыў, учарашняе поліўкі з ложку стаіць. Сербанула-б, Гануля!

Ганна (кранулася, гаворыць-стогне). Ці-і Раман прыйшоў з карчмы? А-ах…

Дзед. Зара прыдзець… Дык зьеш чаго крыху, Гануля. Як-жа гэта, божа мой, трэці дзянёк у цябе крошкі ў роце ня было. Смагу, балазе, прагнала-б.

Ганна. Не-э-э… Ня трэба. Касьцючку, Аўдульцы няхай поліўка. Дзетачкі вы ма-е-э… (Загадалася) Сусолачку зрабі дзіцёнку, нечым карміць яго, майго Я-на-чку. (Дзіцё ў люльцы заварушылася і закугакала жаласна). Калышы, калышы, та-ту-лечка…
Дзед (калыша). Забыўся сынок на бога, забыўся. Зьмяняў на гарэлку і сумленнасьць, і сямейку, і ўсё. Што яму? Абы пляшку купіць, а іншае, — цямся яно! На матчыну памяць забыўся: на імшу ня даў, а прапіў грошы… Чую грэх-бяду. Доля, доля… Дажыліся… (Мармоча нешта далей, ня можна расслухаць).

Ганна. Ня-ма, ня-ма Рамана, ня йдзець… Тата! А дзе Аўдулька, Косьцік? Дзетачкі мае-э…

Дзед. Усё чыста прапіў сынок. Мусіць, забыліся на бога людзі, ня дбаюць на таго, што сьвет яго. У карчме днююць, у карчме начуюць… Ат, што, — бацька-ж дурань, бацька нічога ня знаець, нашто яго слухаць?.. Ня слухай, сынку, ня слухай…

Ганна… Тата! Ці ёсць у нас дошкі на… (з натугай і праз сілу) на тру-ну? Акх!..

Дзед (спужаўшыся). Ня думай пра… пра гэта, Ганна! Божа воля на ўсё: — на бога і трэба думаць. (Закалыхаў дзіцёнка і адзяваець дзіравы жупан). У цябе дзеткі, Гануля, маленькія. Ось лецечка ідзець, падзівуйся, як вясёла на дварэ, як сонейка сьвеціць, птушачкі прыляцелі, лясок зарунеўся, Гануля… Кінь тое думаць… Дзеткі ў цябе, што я стары з імі рабіць буду? Мне трэба туды зьбірацца. А, а, а ты… Сонейка, во’, грэець, а ты, ты… (Убягаюць у хату Касьцючок і Аўдулька; абодвы босы, чуць адзеты; у Аўдулькі жмуток першых вясеньніх белых красак, у Косьціка мядзяныя грошы).

ПРАЯВА 2-ая.

Дзед, Ганна і дзеці.

Косьцік. А ў мяне грош! А ў мяне грош!

Дзед. Што?

Аўдулька. Ды не: гэта ў яго пяць ажно вун капеек; гэта, гэта… А ў мяне вун што, — краскі! На табе, мама! (Кладзець краскі к матцы).

Дзед. Адкуль грошы?

Косьцік. Каморнік даў… Мама, у мяне грош, глянь!

Ганна. Аддай, Косьцік, грошы дзеду. Аддай, дзіцятка, згу-біш… (Косьцік бегаець, не аддаець грошай і крычыць: „Грош, грош! Каморнік даў!“).

Дзед. Ну, кажы нам, Аўдуля, гдзе вы былі, хто грошы даў? А ты, Косьцік, ціху! Яначку ўзбудзіш.

Аўдулька. Мы… мы хадзілі ў гаёк вун кветкі ірваць… Там многа ўжо кветак… і… і там каморнік ходзіць… З ланцугом, у акулярах, але нястрашны. А нейкая труба блішчыць-блішчыць…

Косьцік. А гузікаў-жа ў яго!…

Аўдулька. І зайца спудзілі! Як пыхнуў уцякаць!..

Косьцік. І я бачыў.

Дзед. Ну, ну?

Аўдулька. Мы яму з вёскі вады занясьлі.

Дзед. Каму? Зайцу?

Аўдулька. Не, вун, каморніку. Ён, вун, сказаў нам: „Малайцы!“ А як пачуў ад дзядзькі Карпы, што наша, вун, мама хварэець, дык нешта гаманіў, а тады выняў грошы, даў Касьцюку і кажа: „На, табе, хлопчык, на бублікі“.

Ганна. Дзетачкі ма-е-э…

Дзед. Ці падзякавалі-ж вы пану за ласку?

Аўдулька. Мы і яму пралескі рвалі… Я хацела ў руку, вун, пацалаваць, дык ён кажа: „Ня трэба, ня трэба… Я-ж, кажа, — ня поп і не абраз“. І ні даў, вун…

Дзед (успомніўшы). Пара, пара гараць. Паеду, Косьцік! твае грошы цэлы будуць, дай — я схаваю іх. (Паклаў грошы на палічку перад абразамі, яны з хаты відны). Ну, Аўдулька, прыглядай матку, Яначку тута калышы, вады маме падай, калі пабажаець. Доля наша, доля… Грахі нашы. Пойдзем, Косьцік, я табе дудачку выражу з лазы… (Дзед і хлопчык пашлі за дзьверы).

ПРАЯВА 3-ая.

Ганна і Аўдулька (калыша Янку).

Ганна (маркотна). Дачушка мая, любенькая, памру я, чую сваю сьмертухну… Слухайся, шануй дзеда. А можа-ж і татка твой апомніцца, агоўтаецца, піць гарэлку перастанець… Даглядай Яначку, Косьціка… Дзеткі мае-э… Хораша жыць, калі ўсё ладна… (Ёй трудна гаварыць). Дай піць! (Аўдулька падаець карэц з вадою; Ганна, напіўшыся, гаворыць крапчэй). Якія прыгожыя красачкі. Каб мне разок яшчэ пабачыць, як жытцо каласіцца, а там… памерці…

Аўдулька (плача). Мама, не кажы-ж ты так, не кажы пра сьмерць, — мне страшна… Ня трэба нікому ўміраць…

Ганна. Ня бойся, дачушка, ня плач… Так ужо бог даў… Што я сьніла сёньня? Быццам нябожчыца мама, такая сьветлая, ясная, у беленькай сьвітачцы прыйшла к нам і да таго-ж жаласна і сумна кажа мне: „Ганначка, — кажа, — галубка, чаго ты так счарнела ды высахла, выпятрыла ўся? Рыхтуйся, — кажа, — бо табе-ж пад вянец пара, заждалася я цябе…“ (Маўчыць крыху, сьлёзы коцяцца, як боб). Тут я прачнулася, і страшна мне, і лёгка-лёгка неяк зрабілася…

Аўдулька. Мамачка, і я памру…

Ганна. Жыві, дачушка. Будзеш мне на могілку кветачак прыносіць… На Радаўніцу з яечкам прыйдзі хры-сто-са-вацца-а-а… (Горка-горка плача).

Аўдулька. Мама! Мамачка!.. (Чутна п’яная песьня пад вокнамі).

Ганна (адыйшла крыху). Нічога, нічога, я так… Што гэта?

Аўдулька (падбягае к ваконцу). Тата йдзець! Ай, п’яны, будзе біцца… (Палезла на пол к матцы).

Ганна. Забыўся на ўсё чалавек. А некалі-ж кляўся, бажыўся. Ці даўно тое было? І што гэта з ім: ці не паддаў яму хто? О-о-о…

(Адчыняюцца дзьверы і, дзяржучыся за клямку, хістаецца на парозе п’яны і, як слова, вясёлы Раман; пяець і прадстаўляецца прокудай).

ПРАЯВА 4-ая.

Тыя-ж і Раман.

Раман (пяець дальш). За-аўтра, за-аўтра, не-э сягоньня, — ко-ожны п’яніца пяе-э… (Спыніўся). Добры дзень тату ў хату! Хвароба ў лес, здароўе ў косьці! Стуку-груку, хто тут? (Ідзець па хаце, вугнава прыпявае).

Адна думка у Рамана,
Што кішэнечка падрана!
Няма грошай, няма дроў, —
А як выпіў — ўжо й здароў!

Не! Йшчэ адна думка ёсьць: каб мая сухотніца паднялася. А то, калі-і ўжо скрэмсалася! (3 ласкай да Ганны). Ганна! Ганначка! Жоначка мая любая! (Тужліва). Хварэеш? (Жаласна і безнадзейна). Усё хварэеш… Пара ачуняць! Лепшай, галубка мая, а я, я… Во табе сьвяты крыж, — досі жлуктаць гарэлку! Дос, дос і дос! Маё слова сьвята! Ня буду й ня буду, назаўсёды заракуся… (Садзіцца на зэдлік і крыху маўчыць). А дзе-ж тата? Дзе Кастусь? (Ніхто яму не адгукаецца). А? (Пачынае зьлець). Аўдулька! Куды пайшоў дзед? Чуеш? Злазь адтуль тэйчас, нячыстая каланіца, а то я табе! Янку калышы! Я вас! Што вы мне? Што хачу — то й раблю. Ось яшчэ! Соткі ўжо выпіць нельга? Што такое значыць?! (Ходзіць — хістаецца па хаце).

Аўдулька (калыша Яначку). Дзед з Касьцюком пайшоў у поле… Дзед гараць будзе…

Ганна (стогне). Божухна! Няма сумленнасьці ў чалавека… Апомніся, Раман! Сьмерць мая, дзеткі нашы малыя, ах…

Раман. До, дос ужо! Не стагні, не гнаі ты майго сэрца! Чуў тваю песьню. А тата… Як-жа ён гараць будзе, калі хамут, хамута… Я сам пагару. Няхай стары ня турбуецца, час ёсьць. Пагаром. Ня сёньня — заўтра. Сёньня галава баліць, спахмяліцца-б, хіба, цяпер. Гануля, дзе твая суконная хустка? дай на сотку! Не сярдуй.

Ганна. Раман!

Раман. Ну, што, што? Ну, на, забій мяне! Ну, на, на — зарэж мяне, а дай-жа ты мне на сотку, трэба-ж мне апахмеліцца!

Ганна. Пабойся бога, Раман! На хлеб дзеткам няма; што ты сабе ду-ма-еш?

Раман. Не стагні! Голая костка! Ад заможнага бацькі браў, а што ты мне ў гаспадарку прынясла? Сабаку печанага… Во’ захварэла, падла! І здохнеш хутка, падажджы… (Ганна ані слова, Аўдулька пачынае плакаць). Ня румзай, Аўдуля! У матку ўдалася! Заступніца!.. Я табе пака-ж-жу! На калені! Маўчы! Што-б твайго духу ня чутно было! (Аўдулька ціха хліпае і становіцца на калені).

Ганна. Божа! — (Ташнуець).

Раман. Зыйду і кіну, кіну… Прападайце тут, хвароба на вас. Ссушылі мяне… П’ю, — дык я-ж вас і кармлю. Ы-ы-ы! (Скрыгоча зубамі ад злосьці). Пілуюць-пілуюць, смурыжуць за кожную чарку, ці выпіў, ці ня выпіў… Зьешце мяне! на зло прап’ю, усё прагуляю! Зарэжуся! Задушуся! Зарэжуся!! (Хапаець са стала тупы нож і шмуляець па горле; Аўдулька крычыць, Ганна стогнець дужэй. Але нож сагнуўся, і Раман са злосьцю кідаець яго на зямлю).

Ганна. Кепска мне, кепска мне… Ай, мляўка… Сьмертухна мая… Аўдулька, па цётку Хрысьцёну… па дзеда… А-а-а… Раман, сьвечку, грамніцу…

Раман (схапіўшыся). Што? Што? Уміраць? Хіба-ж праўда? Аўдулька, бяжы, бяжы, дзетка, па цётку! (Аўдулька пабегла).

ПРАЯВА 5-ая

Няма Аўдулькі.

Ганна. А-х-ах…

Раман. Ганначка, пастой… Што, што ты гэта? Прасьці, прасьці мяне, гэта гарэлка пашкодзіла… (Схіляецца над жонкай) Мо’ даць вады?

Ганна. Ай, ай… Падкаціла пад грудзі… Вады… (Раман пабег у сенцы па ваду, насустрэчу зьняцёўку дзед; Раман адскочыў).

ПРАЯВА 6-ая

Ганна, Раман, дзед і Яначка (пачынаець варушыцца, Раман калыша).

Раман. Татуля, вады, вады! Нешта з Ганнай… Слабая яна.

Дзед. Цяпер, „татуля!“ Апокуль ты, адорва, лежань ты пятроўскі! (Бярэць карэц і, зачарпнуўшы у сенцах вады, нясець). П’янюга, згубіў жыцьцё маладзіцы, дзяцей абяздоліў… (Даець ваду Ганьне). Пракляну, дажджэшся, што пракляну, сынок; папомні! (Маўчыць троху). Раман!!! Дзе хамут? Куды хамут дзяваў? Прапіў! Усё ў карчму занёс!..

Ганна (напіўшыся). Ох, тата, адлягло-о… Раман, памру я; калі а-ажэнішся у-у-удругі — жалей маіх дзетак, ня крыўдзі і не дазваляй крыўдзіць. Кінь выпіўку… (Раман стаіць, утупіўшы галаву ўніз, і цяжка дыхаець).

Дзед. Каня возьмуць за даўгі, каравёнку прадалі, хамут быў — няма. Усё на гарэлку пайшло. Раман, чуеш ты? Зямлю прадам, сам кіравацца буду, пакуль сілы хопіць, а ўнукаў пракармлю, а цябе… пракляну, калі не забудзешся шляху да каршмы…

Раман. Тата!

Дзед. Да старэцкага хатыля бацьку давёў! У старцы астаецца, хіба, мне ісьці? Ты-ж у нас адзін быў, матка як цябе пеставала, а ты як успамянуў нябожчыцу? Гора ты маё… Вёсначка на дварэ, жаўранкі пяюць, людзечкі з весёласьцю на полі за сахою ходзяць, а мы, мы праз цябе тут, як у смале, кіпім! Гора ты маё…

Раман. Тата! Досыць вам, даволі… Апахмялюся я толькі і навекі заракуся! Ці мне-ж ня тошна? Атруціла мяне гарэлка, згубіла жыцьцё…

Ганна. Ты малады йшчэ, Раман. Устрапяніся. Ці хочаш, крый божа, каб я з таго сьвету прыходзіла да цябе за дзетак спрачацца, Рамане? Дай мне спакой.

Раман (пацьверазеў). Татуля! Ганна! Ці я-ж нічога не разумею? Ці мне-ж не баліць? І ці я-ж не заракаўся? Але-ж яна, як тая салодкая атрута… Як тое сьвятло бягучае купальскае, заводзіць яна чалавека ў такую круч, адкуль няма ўзвароту… Адбярэць і розум, і сумленьне, і жаласьць… Ці я-ж не разумею, тата? Ратуйце мяне… (Замарыўся).

Дзед. Праўда! Кара божая, Раманька! Казаў мне пакойны Габрыель: „Ня трэба слухаць тых, што кажуць: „Разумны п’ець, ды вум не прапіваець, а дурань і вадою абап’ецца… І разумнага, і моцнага, і вялікага пана, і апошняга мужыка, і пісьменнага, і працавітага, і цёмнага чалавека, — усіх адзінакава калечыць яна, ува ўсіх адбіраець сілы…“ Праўда. Бо то-ж кара божая! За тое, што праз гарэлку чалавек губіць розум, губіць абраз божы, робіцца самагубцам… Чуеш ты, Раман?

Раман (ташнуець праўдзіва). Што мне рабіць? Я ня маю сілы, я не змагу сябе! цяжка мне… Хаджу, як шалёны… Не хачу ісьці, не хачу піць, а… іду і прапіваюся да ніткі… На панахвіду па роднай мамачцы грошы прыблюў і пра-пра-піў-ў-ў… (Гудзець).

Дзед. Маліся, Рамане…

Раман (агоўтаўся ад плачу). Але-ж прысьпеў мой час… Татуля! Ганна! (Бразнуўся на калені перад абразамі і склаў перад тварам рукі далонямі). Божа міласэрны! Ты ўсё бачыш і ўсё ведаеш! Памажы мне, навышні! Клянуся табе, што ад гэтага часу ніколі…

Дзед (страшна гаворыць). Сынок! Не грашы! Не падманяй бога! Колькі разоў, шмат разоў ты ўжо заклінаўся, бажыўся — і ўсё дарма… Дык ня трэба-ж! Ня трэба прысягі, калі няма пэўнасьці яе споўніць.

Ганна. Раман, ня хітруй з богам! Пакарае-э… А-а-а…

Раман (творыць сваё)… Няхай буду я проклят, калі з гэтага часу ня кіну піць паганае атруты да самае сьмерці!.. Ня меў я долі, шчасьця, калі… (Убачыў на палічцы грошы, усхапіўся). Што там? Скуль тут грошы? (Хоча ўзяць іх, але дзед схапіў раней і пашоў да Яначкі, каторы плача).

Дзед. Рамане! Бог усё відзіць! Успомні, што ты сказаў! (Выймаець спавітага Яначку і дзяржыць яго каля сябе толькі на левай руцэ, у каторай і грошы, а праваю папраўляець у калысцы).

Раман. Тата! дай, дай грошы, мне толькі апахмеліцца… Дай, больш ніколі, ні разу ня буду, дай — галава баліць… (Падскочыў к бацьку, ірвануў з рукі грошы і маланкай пабег за дзьверы; Яначка скаўзануў з дзедавай рукі і грукнуўся галоўкай аб падлогу).

Ганна (усё бачыла). Ай! А-а-а!… (Раптам апынулася на падлозе, крыкнула, захлібнулася).

ПРАЯВА 7-ая.

Дзед і нябожчыкі.

Дзед (схапіўшы мёртвае ў крыві дзіцянё). О-о-о!.. Што гэта? Божа! Дзе-ж праўда? Пакарай, навышні, губіцеля свае крыві і цела, ня дай яму спакою ніколі за сьмерць непавіннага дзіцяткі… Няма ў мяне больш сына… Праклінаю! Праклінаю!!! (Плача, тымчасам шпарка бяжыць; бразнула дзьвярамі цётка Хрысьцёна).

ПРАЯВА 8-ая.

З цёткай Хрысьцёнай.

Хрысьцёна. Сваточак, чаго ў вас плач, крык? Што з Яначкам? (Дзіка крычыць). Памёр?! Кроў… А Ганнуся? (Падбегла да Ганны). Няжыва?! (Дзед здрыгнуўся). А божа-ж мой, што-ж гэта? Прачыстая матка!.. Вады, вады!.. (Пачынае выць). А ма-е-ж вы дзетухны, а ма-е-ж вы любыя…

Дзед. Кара божая! (Паклаў к матцы Яначку, схапіўся за галаву, страшна глядзіць на абразы і нешта шапоча ўсё дужэй).



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.