Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926)/XI
| ← Разьдзел X. Гістарычны агляд думак аб пахаджэньні і сутнасьці мовы | Разьдзел XI. Працы славянскіх вучоных па агульнаму мовазнаўству і сынтаксу Падручнік Аўтар: Пётр Бузук 1926 год Пераклад: Платон Жарскі |
Дадатковыя бібліограічныя паказаньні → |
РАЗЬДЗЕЛ XI.
Гісторыю філёзофскага мовазнаўства і сынтаксу, прадстаўленую ў дзейнасьці славянских вучоных, я вылучаю ў асобны разьдзел, з прычыны яе сваяасаблівага лёсу: славянскія вучоныя зусім адышлі ў распрацоўку аднэй галіны мовазнаўства, а іменна — сынтаксу, і толькі ў сувязі з апошнім займаюцца пытаньнямі філёзофскага мовазнаўства.
Гістарычны агляд вывучэньня сынтаксу я пачну з упамінаньня старажытнейшых прац па граматыцы, у якія ўваходзіць і аддзел сынтаксу. Старажытнейшымі граматычнымі творамі трэба лічыць, папершае, артыкул анонімнага аўтара „О восьми частях слова“, які пападаецца вельмі часта ў рукапісах ХІV і наступных сталецьцяў, і, падругое, граматычныя разважаньні Канстанціна Граматыка, баўгарына па пахаджэньні, дзейнасьць якога адносіцца да канца XIV і пачатку ХV сталецьцяў.
Уплыў Канстанціна Граматыка, які зьяўляецца правадніком бізантыцкіх граматычных сыстэм, пашырыўся і ў працах расійскіх вучоных.
Але з ХVІ ст. ў расійскую граматычную літаратуру прасякае ўжо лацінскі ўплыў, пачатак якому быў паложаны перакладам „Ars minor“ Доната. І ў грэцкіх, і ў лацінскіх сыстэмах было па васьмі часьцей мовы, розьніца-ж заключалася ў тым, што ў лацінскіх граматыках адсутнічаў член (ἄρυρον), яго замяняў выклічнік (interjectio).
Першым расійскім творам, дзе быў аддзел сынтаксу, зьяўляецца граматыка Лаўрэнція Зізанія, якая вышла ў Вільні ў 1596 г.
Але асабліва заслугоўвае ўвагі „Грамматікі славенския правилное синтагма.“ Мелеція Сматрыцкага, надрукованая ў 1619 году.
Знаходзячыся пад уплывам лацінскай граматыкі, Сматрыцкі ўжываньне члена (ἄρυρον, па тэрмінолёгіі-ж старых расійскіх граматык различіе) лічыць не ўласьцівым „славенскому языкови“, але затое ён, па ўзору лацінск. interjectio, уводзіць у сваю граматыку выклічнік.
У наступнай расійскай навуцы заслугоўваюць ўпамінаньня граматыкі Ламаносава, Вастокава і Грэча.
Працы Грэча, як даводзіць проф. Грунскі, зрабілі ўплыў на Вастокава і Буслаева.
Больш правільнае і навуковае вывучэньне расійскага і старадаўня-царкоўна-славянскага сынтаксу бярэ свой пачатак з часу Ф. І. Буслаева, які займаўся ў сувязі з мовай таксама і пытаньнямі мітолёгіі. Галоўны яго твор „Опыт исторической грамматики русского языка“, вышаўшы першым выданьнем у 1858-м годзе і потым вельмі хутка пасьля гэтага другім выданьнем пад другой назвай („Историческая грамматика русского языка“), заключае, апрача даных па гісторыі сынтаксу, якія ня страцілі значэньня і ў сучасны момант, яшчэ шэраг азначэньняў прыроды слова. У яго кнігу ўключаны таксама аддзел аб тропах і сынонімах. Супроць гэтага ўводу аддзелу пярэчыў у сваёй рэцэнзіі К. Аксакаў, бачачы ў гэтым парушэньне цэльнасьці пабудаваньня. Але гэта няцэльнасьць толькі здаецца. Проф. Трунскі лічыць, што Буслаеў уводам гэтага аддзелу хацеў правесьці тую думку, што „от участия тропов зависит видоизменение в синтаксическом употреблении“ (Очерки по истор. разработки синтакс. слав. язык, стар. 236). Але гэты погляд Буслаева высьлізнуў, па думцы проф. Грунскага, ад увагі К. Аксакава.
Калі дапушчэньне Трунскага нават і правільна, трэба згадзіцца, аднак, з тым, што Буслаеў ня ўмеў зьвязаць гэтага аддзелу з іншымі аддзеламі і не давёў думкі, пазьней даведзенай Потэбняй, што ўсякае ўтварэньне граматычнай формы зьяўляецца пэўнага роду поэтычным тропам.
У гісторыі мовы Буслаеў бачыць дапаможны матэрыял для гісторыі культуры. Так, яшчэ ў сваёй дысэртацыі „О влиянии христианства на славянский язык“ Буслаеў паказвае на сувязь мовы з рэлігійнымі — паганскімі і потым хрысьціянскімі — вераваньнямі ў старажытных славян.
Ад Буслаева шлях гістарычнага разьвіцьця цікавячых нас галін філёлёгічных ведаў беспасярэдна вядзе да Потэбні.
У ліку многіх заслуг Аляксандра Афанасавіча Потэбні перад навукай, мусіць, самай важнай зьяўляюцца яго працы па сынтаксу і псыхолёгіі мовы, на асновах якіх была пабудована ім таксама поэтыка і вызначана, апрача таго, вырашэньне шэрагу іншых навуковых пытаньняў. Ідучы часта па сьлядох заходня-эўропэйскай навукі, Потэбня, аднак, унёс шмат уласнага, орыгінальнага ў асьвятленьне гэтых пытаньняў.
Першым па часу выйсьця творам, які зьяўляецца як-бы ўводзінамі да ўсіх наступных прац Потэбні ў данай галіне, была яго книга „Мысль и язык“, надрукованая першы раз у Ж. М. Н. Пр. ў 1862 годзе. У 1892 годзе вышла 2-е выданьне гэтага твору з прадмовай проф. Дрынава, а ў 1913 г. зьявілася 3-е выданьне гэтай цікавай кнігі, да якое ўдава нябожчыка профэсара — М. Потэбня далучыла артыкул „Язык и народность“ і невялікую заметку „О национализме“, зьвязаныя па зьместу з поглядамі Потэбні на мову. 4-е выданьне вышла ў 1922 г. ў Адэсе пад рэдакцыяй акадэм. Б. М. Ляпунова. Гэта досыць удалая па свайму вылажэньню праца Потэбні, аднак, менш самастойна, чым доктарская яго дысэртацыя „Из записок по русской грамматике“.
Галоўная думка твору, як відаць з загалоўку, — выясьніць адносіны паміж думкаю і моваю.
Кніга складаецца з дзесяці разьдзелаў. Першыя два разьдзелы прысьвечаны крытычнаму разгляду панаваўшых на Захаде тэорый пахаджэньня мовы. Адным з цікавейшых разьдзелаў кнігі зьяўляецца III разьдзел, прысьвечаны вучэньню Гумбольдта. Але сьледам за Штэйнталем, аднак, Потэбня ўсьведамляе супярэчнасьці ці антыноміі ў вучэньні Гумбольдта, абумоўленыя рэшткамі мэтафізычнасьці ў яго вучэньні.
Наступныя разьдзелы разгляданай намі кнігі і асабліва VIII разьдзел „Слово, как средство апперцепции“ і часткова IX разьдзел напісаны пад вялікім уплывам Штэйнталя.
У вывядзеньні слова з злучнасьці прадстаўленьняў, потым у азначэньні апэрцэпцыі Потэбня, уласна кажучы, сьледуе Гэрбарту, што, аднак, ускосна адбівае ўплыў таго самага Штэйнталя, першым прыстасаваўшага да мовазнаўства прынцыпы гэрбартыянства.
На выкладаньні VIII разьдзелу мы спынімся больш падрабязна.
Усякая апэрцэпцыя ёсьць тлумачэньне пазнаваемага пры дапамозе пазнанага. Але галоўнае значэньне апэрцэпцыі служыць мэтай пазнаньня, г. зн. утварэньню новых думак, і таму рэзультатам апэрцэпцыі, як узаемаўплыву дзьвюх мас прадстаўленьняў, апэрцэпуючай і апэрцэпуемай, зьяўляецца набыцьцё чагосьці новага, непадобнага ні да адной з гэтых мас. Дзеля таго, каб даная зьява магла быць успрынята, патрэбна, каб яна мела хоць якія-небудзь агульныя рысы з апэрцэпуючай масай. Гэтыя агульныя рысы можна назваць сродкам апэрцэпцыі. Трэцяе, агульнае паміж двума членамі, параўнаньня (tertium comparationis) і ёсьць сродак апэрцэпцыі (Потэбня, „Мысль и язык“).
Такім самым сродкам апэрцэпцыі зьяўляецца і чалавечае слова. Яно, дзякуючы знадворнай, гукавой форме і так званай „унутраной форме“, якія зьяўляюцца як-бы tertium comparationis, дае магчымасьць адшукаць агульнае паміж новым успрыманьнем і раней пазнаным.
Найбольш самастойны і найбольш глыбокі па зьместу — ІХ разьдзел „Представление, суждение, понятие“, які заключае ў сабе зачаткі тых думак, якія разрасьліся ў стройную філёзофскую сыстэму ў яго „Записках по русской грамматике“. Тут як-бы апрыорна былі вызначаны галоўныя пункты яго вучэньня, якія потым a posteriori былі пацьверджаны Потэбняй на аснове фактычных назіраньняў над мовай.
У гэтым разьдзеле Потэбня, папершае, паказвае, як першапачатковыя разрозьненыя адчуваньні, дзякуючы дзеяньню тэй самай апэрцэпцыі, яднаюцца ў цэнны комплекс, які называецца пачуцьцёвым вобразам. Сродкам гэтай апэрцэпцыі павінна быць, як нам ужо вядома, слова.
Ад звычайнага асоцыяцыйнага процэсу гэта апэрцэпцыя адрозьніваецца тым, што яна, як двучленны акт, прадстаўляе ў сутнасьці, псыхолёгічнае суджэньне, прычым „апэрцэпуемае і падлягаючае тлумачэньню будзе суб‘ектам суджэньняў, апэрцэпуючае і тлумачачае — яго прэдыкатам“. Усе словы, якія вымаўляліся першабытным чалавекам альбо вырываліся ў нас пад уплывам ахапіўшага нас пачуцьця ці зрабіўшага на нас уражаньне ўспрыйманьня, як, напр., пажар, будуць псыхолёгічнымі прэдыкатамі да пачуцьцёвых успрыйманьняў.
Разьбіўшы далей думку Бэкера аб тым, што гэтыя першапачатковыя выказьнікі зьяўляюцца дзеясловамі, потым думку Штэйнталя аб тым, што гэтыя словы — выказьнікі, як назвы азнак дзеяньня, трэба было-б назваць прыслоўямі, Потэбня даводзіць, што першапачатковы выказьнік прадстаўляе зерня, з якога разьвіваюцца будучыя граматычныя катэгорыі. Тут ужо відзён намёк на будучыя дасьледзіны Потэбні. Далей Потэбня выясьняе, як утвараюцца ў нашай псыхіцы паняцьці разам з пераходам мовы ад першапачатковых сынтэтычных суджэньняў да пазьнейшых аналітычных.
Апошні дзесяты разьдзел „Поэзия и проза“ заключае шэраг палажэньняў па пытаньнях поэтыкі, якія закранаюцца Потэбняй таксама ў яго магістарскай дысэртацыі „О некоторых символах в славянской народной поэзіі“ і ў кнізе „Из лекций по теории словесности“, але якія паўней за ўсё выкладаюцца ў яго творы „Из записок по теории словесности“. Гэтыя „Записки“, якія засталіся ў чарнавых нататках, былі выданы Харціевым.
Кніга ўся разьбіта на тры аддзелы.
I-ы аддзел, які носіць назву „Поэзия и проза“, устанаўляючы адпаведнасьць паміж вышэйшымі творамі чалавечага слова і асобным словам, выясьняе адносіны паміж поэзіяй і прозай. Падобна да таго, як поэтычнае слова адзначаецца ад прозаічнага тым, што ў ім, апрача знадворнай формы і значэньня, мы знаходзім яшчэ „ўнутраную форму“, падобна да гэтага і кожны поэтычны твор адзначаецца ад прозаічнага тым, што значэньне, думка перадаюцца ў ім у мастацкім вобразе, які зьяўляецца тут як-бы „ўнутраной формай“ твору.
У II аддзеле разглядаюцца віды поэтычнай інасказальнасьці. Адвяргаючы звычайнае азначэньне тропаў, як „пераносных выразаў, якія адвольна ўжываюцца з мэтай прыкрасы мовы“, Потэбня заяўляе, што ўсякі пераход думкі да новага значэньня зьяўляецца тропам, які мае сваёй асновай чыста псыхолёгічныя законы асоцыяцыі.
У ІІІ аддзеле даецца азначэньне мітычнага мысьленьня і паказваецца на яго розьніцу ад мысьленьня поэтычнага.
У „Записках по теории словесности“ закранаецца, апрача таго, яшчэ шэраг іншых пытаньняў, як, напр., аб значэньні мастацкага твору для аўтара і для публікі, аб мэце ў мастацтве, аб натхненьні, аб адносінах народнай поэзіі да поэзіі штучнай. Робячы ўражаньне меткасьцю і глыбынёю думкі, адказы Потэбні (напр., аб суб‘ектыўнай і об‘ектыўнай каштоўнасьці мастацтва) разгортваюцца парою ў цэлыя, самастойныя дасьледзіны.
Але найвялікшае значэньне ў гісторыі сынтаксу і філёзофіі мовы мае доктарская дысэртацыя Потэбні „Из записок по русской грамматике“, — гэта каштоўны пэрл расійскай навукі, у якім разгарнулася ўся моц таленту Потэбні. У той час, як „Мысль и язык“ прадстаўляе, большай часткай, апрыорнае выкладаньне прынцыпаў заходняй навукі, філёзофскія і граматычныя прынцыпы ў „Записках по русской грамматике“ прадстаўляюць стройныя і дакладныя вывады, атрыманыя на падставе шматлікіх назіраньняў над ўсімі мовамі бальтыцка-славянскай галіны.
Першы том „Записок по русской грамматике“, вышаўшы ў 1874 годзе, складаецца з І часьці — „Введения“ і II часьці — „Составные члены предложения и их замены в русском языке“.
Паўтарыўшы ў першых разьдзелах „Введения“ з некаторымі зьменамі і дадаткамі ўсё сказанае раней аб прыродзе слова і аб адносінах яго да думкі, Потэбня потым у ІІІ разьдзеле („Различные понятия о корне слова“) абвяргае погляд Курцыуса аб об‘ектыўным быцьці каранёў і полемізуе з панаваўшай у Заходняй навуцы думкай М. Мюльлера аб адцягненасьці першапачатковых каранёў.
У гэтай думцы ён бачыць адбітак бэкеравай тэорыі „кардынальных паняцьцяў“.
Але асабліва цікавы разьдзелы IV, V, VI і VII, у якіх вызначаецца сутнасьць граматычных формаў, сынтаксычных і этымолёгічных, і вырашаецца таксама пытаньне аб процэсах утварэньня і разбурэньня граматычных формаў.
Ня спыняючыся падрабязна на поглядах Потэбні, я рэзюмую толькі іх галоўную думку: граматычная форма слова азначаецца яго ўжываньнем у сказе альбо, інакш гаворачы, этымолёгічная прырода слова азначаецца яго сынтаксычнай функцыяй.
Такім чынам, этымолёгія і сынтакс не зьяўляюцца рознымі галінамі мовазнаўства, якія вывучаюць у васобку, з аднаго боку, знадворныя формы і, з другога боку, іх значэньне, як лічыў Буслаеў. Этымолёгія і сынтакс адзначаюцца адна ад другое толькі, як розныя пункты погляду на адну і тую самую галіну зьяў.
У сувязі з прыведзеным азначэньнем граматычнай формы, Потэбня лічыць памылковым той погляд, што пэрыод утварэньня формаў у мове зьмяняецца пэрыодам іх разбурэньня. З зьнікненьнем знадворных азнак граматычная форма яшчэ ня зьнікае; яна прадаўжае жыць у значэньні, якое азначаецца месцам слова ў сказе.
Потэбня дае таксама новыя азначэньні часткам мовы, адыходзячы ад таго, якая роля належыць слову ў сказе.
Сказ зьяўляецца таксама адыходным пунктам для гістарычнага разьвіцьця граматычнага пабудаваньня мовы; малюнак гэтага разьвіцьця Потэбня расчыняе ў II і III разьдзелах сваіх „Записок по русской грамматике“.
Галоўная думка ўсіх дасьледзін Потэбні — гэта думка аб зьменнасьці і рухавасьці граматычных формаў.
Гэта разьвіцьцё граматычнага пабудаваньня, як паказаў Потэбня складаецца ў пераходзе ад конкрэтнага зьліцьця да дыфэрэнцыяцыі асобных частак мовы. Сынтаксычныя вывады першай часткі можна формуляваць у наступных словах:
У сваім гістарычным разьвіцьці мова паступова пераходзіць ад складанага выказьніка, галоўным чынам, у яго форме дзеяслоўнай прыметы, да простага, і адначасова з гэтай эволюцыяй павялічаецца супроцьлежнасьць паміж імем і дзеясловам і падзяляюцца іх функцыі.
Дзеяслоўныя прыметы, больш блізкія па функцыі да дзеяслова, перайначваюцца ў асабовыя дзеясловы, дзеяслоўныя-ж прыметы, больш далёкія ад дзеяслова, робяцца іменьнямі.
Але ў першапачатковай катэгорыі імені не адрозьнівалася назоўнае ад прыметнага; гэтае адрозьніваньне наступіла ўжо пазьней. Гісторыі гэтага аддзяленьня імені прыметнага ад назоўнага і прысьвечана III частка „Записок“ Потэбні, складзеная з пасьмертных матэрыялаў і выданая пад рэдакцыяй Харціева ў 1899 годзе.
Заключаючы свой сьціслы агляд вучэньня Потэбні, на чым больш падрабязна мы спыняліся ў папярэдніх разьдзелах, мы бачым, што Потэбня даў нам ня мёртвую клясыфікацыю граматычных формаў; ён моцным узмахам свайго генія нарысаваў малюнак гістарычнага разьвіцьця мовы, якое заўсёды выцякае толькі з унутранога жыцьця духу і абумоўліваецца яго законамі.
У супроцьлежнасьць спробам Буслаева, Потэбні ўдалося таксама давесьці, што ўсякае ўтварэньне граматычнай формы зьяўляецца поэтычным тропам, мастацкім спосабам прадстаўленьня лёгічнага зьместу думкі.
Глыбынёй і зьмеснасьцю свайго вучэньня, Потэбні ўдалося абудзіць сярод многіх расійскіх і заходніх вучоных зацікаўленасьць да вывучэньня сынтаксу і псыхолёгіі мовы і ўтварыць у Расіі цэлую школу пасьлядоўцаў. На Захадзе многія палажэньні з вучэньня Потэбні прыняты Ягічам.
Першым па часу з вучняў Потэбні зьяўляецца рана памёршы і аплаканы самім Потэбняй А. В. Папоў, які ў сваёй працы „Синтаксические исследования. I. Именительный, звательный и винительный в связи с историей развития заложных значений и безличных оборотов в санскрите, зенде, греческом, латинском, немецком, литовском, латышском и славянском наречиях“ (Варонеж, 1881 г) імкнецца давесьці найбольшую старажытнасьць вінавальнага склону, які спачатку нёс і функцыі назоўнага склону. І толькі пазьней зьяўляецца назоўны склон, які пачынае абазначаць бліжэйшы прадмет у той час, як за вінавальным застаецца толькі роля абазначэньня больш аддаленых прадметаў.
У гэтым і некаторых іншых палажэньнях Папова сказаўся моцны ўплыў Курцыуса.
Але найбольш выдатным пасьлядоўцам Потэбні і найлепшым популярызатарам яго вучэньня зьяўляецца акад. Д. Н. Аўсяніка-Кулікоўскі.
Ідучы па сьлядох свайго настаўніка, ён у шэрагу сваіх прац імкнуўся разьвіць далей і ўсебакова ўгрунтаваць думку Потэбні аб узмацненьні ў нашай мове выказнасьці за кошт субстантыўнасьці.
Аўсяніка-Кулікоўскі дапаўняе працы Потэбні тым, што ён выходзіць з галіны адных толькі славянскіх падмоў і пераносіць свае дасьледзіны на глебу інда-эўроп. моў (гл. „Синтаксическ. наблюд.“ Ж. М. Н. П. за 1897, 98 і 99 г. г.).
Але галоўная адзнака прац Аўсяніка-Кулікоўскага ад прац Потэбні тая, што ён многія свае палажэньні абгрунтоўвае не на філёлёгічных, а на псыхолёгічных довадах. Такую перавагу псыхолёгізму мы бачым у азначэньні акту прэдыцыраваньня („Синтаксическия наблюдения“; „Психология мысли и чувства. Художественное творчество“, VI том твораў).
Азначаючы прэдыкатыўнасьць, як адзначальную рысу ня толькі граматычнага, але псыхолёгічнага і лёгічнага суджэньняў, Аўсяніка-Кулікоўскі ўтоесамлівае гэтым зусім справядліва прэдыцыраваньне з актам апэрцэпцыі.
Першым адзначальным момантам прэдыцыраваньня (як, наогул, процэсу апэрцэпцыі, дадамо мы) зьяўляецца ўступленьне зьместу прадстаўленьня ў сьветлы, фіксацыйны пункт сьвядомасьці.
Другая істотная рыса прэдыцыраваньня састаіць у яго валявым характары.
Праводзячы, з мэтай выясьненьня гэтага боку зьявы, паралель паміж прэдыцыраваньнем і атрыбуцыраваньнем („снег — бел“ і „белый снег“), Аўсяніка-Кулікоўскі адзначальнай рысай першага акту лічыць прысутнасьць у ім суб‘ектыўнае самасьвядомасьці, вядомае валявое патугі, у той час, як самасьвядомасьць суб‘екта ў атрыбуцыраваньні амаль зьведзена да нуля.
У сувязі з сказаным аб прэдуцыраваньні Аўсяніка-Кулікоўскі выясьняе таксама розьніцу паміж дзеяслоўнай прыметай у ролі прэдыкатыўнага атрыбуту і ў ролі прэдыкатыўнай апозыцыі.
Асобны досьлед Аўсяніка-Кулікоўскі прысьвяціў бяссуб‘ектным сказам. Гэтым пытаньнем займаліся да яго Потэбня і Міклошыч.
У супроцьлежнасьць Міклошычу, які клясыфікаваў безасабовыя сказы на падставе формальнага значэньня дзеяслова, які знаходзіцца ў іх, Аўсяніка-Кулікоўскі ў аснову сваёй клясыфікацыі кладзе розьніцу ў ступені бессуб‘ектыўнасьці сказу і, адыходзячы з гэтага, усе бяссуб‘ектныя сказы падзяляе на абсолютна-бессуб‘ектыўныя і адносна бессуб‘ектыўныя.
З агляду гістарычнага разьвіцьця бессуб‘ектыўных сказаў Аўсяніка-Кулікоўскі робіць наступнае філёзофскае абагуленьне. Паказаўшы на разьвіцьцё бессуб‘ектыўных выразаў у розных мовах, паказаўшы потым на тое, што з дапамогаю безасабовых зваротаў з il i es у францускай і нямецкай мовах можа быць выражаны амаль усякі асабовы сказ, Аўсяніка-Кулікоўскі выводзіць заключэньне, што разам з ростам бессуб‘ектыўнасьці ў мове субстантыўнасьць паступова выпіхаецца прэдыкатыўнасьцю альбо дзеяслоўнасьцю.
Гэта зьнікненьне субстантыўнасьці ў безасабовых сказах Аўсяніка-Кулікоўскі ўдала ставіць у сувязь, як заўважае проф. Грунскі, з паступовым зьнікненьнем medium‘a, „у якім сказвалася“ „аглядка на дзейніка“ і з зьяўленьнем на яго месца формаў пасыву „низводящего производителя признака в фиктивного действователя“ (Очерки по истор. разраб. синтакс. слов. яз., ІІ, стар. 112).
Ідэі Потэбні знашлі адбітак у шэрагу прац іншых вучоных, напр., у „Начертании церковно-славянской грамматики“ Будзіловіча, які прыстасаваў да царкоўна-славянскай мовы прынцыпы вучэньня Потэбні.
Уплыў Потэбні таксама сказаўся ў працы Добіаша „Опыт семасиологии частей речи и их форм на почве греческого языка“ (Прага, 1897 г.).
Аб тым, як адбілася вучэньне Потэбні ў граматыках Пяшкоўскага і іншых формалістых, нам ужо даводзілася гаварыць ня раз.
Азнаёміўшыся з вучэньнем Потэбні і яго пасьлядоўцаў, мы спынімся яшчэ на працах заходня-славянскіх вучоных па сынтаксу (Міклошыча, Ягіча і Вондрака) і параўнаем іх вучэньне з вучэньнем расійскіх мовазнаўцаў.
У вадным годзе з І т. „Запис. по рус. грамматике“ Потэбні вышла ў сьвет праца Міклошыча „Vergleichende Syntax der slavischen Sprachen“, якая, аднак, ня гледзячы на выстарчальную колькасьць прыведзенага Міклошычам фактычнага матэрыялу, запазычанага, галоўным чынам, з народнай поэзіі, значна ўступае працам Потэбні па каштоўнасьці вывадаў, якія прапаноўвае аўтар. Прычынай гэтага профэсар Грунскі правільна лічыць прыняты Міклошычам мэтод досьледу. Міклошычу азначэньні і вывучэньні частак мовы адыходзіць ня з сказу, у якім зараджаюцца ўсе граматычныя катэгорыі, як гэта робяць Потэбня і Ягіч; Міклошыч азначае часткі мовы незалежна ад іх ролі ў сказе, азначае толькі па іх знадворных азнаках, якія ім уласьцівы.
„Vergleichende Syntax“ складаецца з дзьвюх частак: І частка „О знании частей речи“ і II ч. „О знании словесных форм“, прысьвечанай зьмене гэтых частак мовы — пытаньню аб склонах і аб дзеяслоўных формах.
Адзначаючы розьніцу паміж назоўным і прыметным, Міклошыч паказвае, што розьніца паміж імі па значэньні складаецца ў тым, што першае абазначае насіцеля азнакі, а другое не абазначае насіцеля, розьніца-ж па форме складаецца, папершае, у розных суфіксах і, падругое, у тым, што назоўнае ня можа, падобна прыметнаму, зьмяняцца па родах і ступенях прыраўнаваньня.
У выкладаньні асобных склонаў проф. Грунскі паказвае на наступныя няправільнасьці.
Міклошыч, як і Вондрак у пазьнейшы час, вельмі сьмела лічыць зварот accusativus cum infinitivo ў славянскіх мовах запазычаньнем з клясычных моў. Пераважней, па думцы проф. Грунскага, тая асьцярожнасьць, з якой вырашае гэтае пытаньне Потэбня.
У родным склоне славянскіх моў Міклошыч бачыць спадчыну двух склонаў інда-эўроп. прамовы: старадаўняга ablativus‘a i genetivus‘a. Рознавіднасьцю род. склону ў славянскіх мовах зьяўляецца таксама genetivus partitivus.
У выкладаньні прыладнага склону Міклошычам дапушчана наступная памылка. Падобна Буслаеву, прэдыкатыўны прыладны Міклошыч лічыць больш старадаўнім зваротам, чым назоўны прэдыкатыўны. Няправільнасьць гэтай думкі была даведзена Потэбняй у II т. яго „Записок по рус. грам“.
Галоўнай працай Ягіча па сынтаксу зьяўляецца яго „Beiträge zur slavischen Syntax“ (Wien, 1899).
У сваім сынтаксе Ягіч адыходзіць з больш правільнага пункту погляду — з вывучэньня сказу; разыходзячыся з многімі няправільнымі вывадамі Міклошыча, Ягіч набліжаецца хутчэй да поглядаў Потэбні. Так, набліжаючыся да думкі Потэбні, ён лічыць асноўным элемэнтам сказу verbum finitum. У супроцьлежнасьць Міклошычу ён трымаецца тэй правільнай думкі, што ня толькі знадворным шляхам, г. зн. пры дапамозе далучэньня адпаведных суфіксаў, — прыметнае, лічэбнае і іншыя часткі мовы пераходзяць у назоўнае. Канечнай умовай субстантыраваньня гэтых частак мовы будзе іх зьяўленьне ў сказе ў ролі суб‘екта.
У пытаньні аб склоне імянной часткі выказьніка Ягіч таксама стаў на пункт погляду Потэбні і зусім правільна даводзіць думку аб большай старадаўнасьці назоўнага склону прад прыладным у ролі імяннога прэдыкату.
У выкладаньні пытаньня аб прэдыкатыўнасьці дзеяслоўнае прыметы Ягіч таксама ідзе па сьлядох Потэбні (у разьдзеле „Particip als Prädicat“).
У пачатку цяперашняга сталецьця пытаньнямі сынтаксу заняўся Вондрак, які прысьвяціў сынтаксу значную частку ІІ тому „Yergleichende slavische Grammatik“. Калі мы правядзем роўналежную паміж Вондракам і Міклошычам, мы пабачым, што Вондрак, падобна Міклошычу, не адыходзіць ад жывога, цэльнага сказу, а разглядае граматычныя формы незалежна ад яго, але многія няправільнасьці ў працы Міклошыча апраўдваюцца багацьцем прыведзенага матэрыялу, чаго мы ня можам, аднак, сказаць наконт сынтаксу Вондрака.
Але асабліва губляе праца Вондрака пры параўнаньні з працамі Потэбні. У Вондрака мы не знаходзім гістарычнага пункту погляду на мову, як у Потэбні; у выкладаньні Вондрака факты мовы ня жывуць, не разьвіваюцца, яны замораны пагубнай, высушаючай клясыфікацыяй або „граматычнай анатоміяй“, як выказваецца проф. Грунскі.
Апрача таго, проф. Грунскі зусім правільна адзначае „надзвычай павярхоўнае знаёмства Вондрака з працамі Потэбні“. З прычыны гэтага незнаёмства з літаратурай пытаньня Вондракам дапушчаны і іншыя памылкі, як, напр., у тлумачэньні ўжываньня роднага склону.
Ён ня толькі прызнае, сьледам за Міклошычам, асобную катэгорыю родн. партытыўнага ў славянскіх мовах, але гэты від родн. склону Вондрак лічыць нават асноўным яго значэньнем. Аднак, гэта катэгорыя, як давёў проф. Томсон, не зьяўляецца спрадвечнай у славянскіх мовах; яна ўвашла ў нашы граматыкі толькі пад уплывам лацінскае мовы. Некаторыя з артыкулаў проф. Томсона па гэтаму пытаньню вышлі яшчэ да зьяўленьня ў сьвет „Сравнительной грамматики“ Вондрака, і дзеля гэтага за дапушчаныя апошнім няправільнасьці ў тлумачэньні род. склону нельга яго прасьціць.
Скажам яшчэ некалькі слоў аб монографіях па асобных пытаньнях сынтаксу, з якіх найбольш цікавымі зьяўляюцца артыкулы проф. А. І. Томсона, прысьвечаныя ўжываньню роднага-вінавальнага ў славянскіх мовах. У больш раньніх працах „Винительный падеж прямого дополнения в отрицательных предложениях в рус. языке“ (Варшава, 1902) і „К синтаксису и семасиологии русского языка“ (Адэса, 1903 г.) проф. Томсон выясьняе сэмасыолёгічныя прычыны зьяўленьня роднага склону ў значэньні дапаўненьня, адкідаючы звычайную думку аб партытыўным пахаджэньні гэтага склону. Розьніца ва ўжываньні склонаў выклікана розьніцай у значэньні. Пры большай конкрэтнасьці, азначальнасьці дапаўненьня, мова ўжывае форму він. склону (не шей красный сарафан), пры вядомай-жа абстрактнасьці, неазначальнасьці — форму роднага склону (не нашел подходящей квартиры). У сувязі з гэтым Томсон абвяргае няправільны погляд на genetivus partitivus у славянскіх мовах. Большай часткай, родны партытыўны абазначае ня частку, а якраз служыць выяўленьнем неазначальнага, абстрактнага дапаўненьня. Пазьнейшыя працы проф. Томсона („Родит.—винит. пад. при названиях живых существ в славянских языках“, известия отд. русск. яз. и слов. Р. Акад. Н., 1908, №№ 2, 3) — прысьвечаны ўжо пытаньню аб замене формы вінавальн. склону формай родн. склону ў асновах на — о мужчынскага роду. Галоўнай прычынай проф. Томсон лічыць супаданьне форм назоўн. і вінавальн. склон. адзіночнага ліку мужч. роду (Иван позвал Петра), што выклікала імкненьне дыфэрэнцыраваць дзейніка ад дапаўненьня.
Дасьледзіны проф. А. І. Томсона выклікалі пярэчаньні Н. П. Некрасава, які, зьвяртаючыся да вучэньня аб genetivus‘e partitivus‘e, дапушчае прад назвамі матэрыяльных прадметаў пропуск слова часть, кусок, прад уласнымі-ж іменьнямі — пропуск слова личность (я знаю личность Петра). Але ўсе гэтыя вельмі нацягнутыя пярэчаньні Некрасава ўдала адкінуты проф. Томсонам.
Утварыўшы сваімі лекцыямі па параўнальнай граматыцы інда-эўропэйскіх моў цэлую школу мовазнаўцаў у нас і заграніцай, вядомы акад. Фортунатаў сваю долю ўнёс і ў расійскую літаратуру па сынтаксу сваім невялікім, але каштоўным артыкулам „О залогах русского глагола“ (Изв. отд. р. яз. и сл. Р. Ак. Н. IV, 1899, кн. 4-я) і мэтодычным артыкулам „О препод. граммат. русск. языка в сред. школе“ (Русск. филол. Вестник, 1905, № 2). Вельмі важныя яго азначэньні формы і сказу.
Аб працах профэсароў Багародзіцкага і Буддэ і акадэм. Шахматава — па сынтаксу мы гаварылі ў адпаведных мясцох. І вып. яго „Синтаксиса русского языка“ Шахматава нядаўна выпушчаны Расійскай Акад. Навук. Нейкія погляды нябожчыка акадэмыка, якія, мусіць, выказаны ў 2-м яшчэ нявыданым выпуску, мы цытавалі па артыкулу Бэрнштэйна.
Гэтым мы скончым гістарычны агляд вывучэньня славянскага сынтаксу. З гісторыяй разьвіцьця гэтай навукі нас знаёміць не адзін раз цытаваная намі дысэртацыя проф. Грунскага „Очерки по истории разработки синтаксиса славян. языков“, I т., які прысьвечаны вучэньню Потэбні, ІІ т. — агляду ўсіх прац іншых вучоных па гэтаму пытаньню. Зьяўляючыся ў сучасны момант амаль адзіным падручнікам пры вывучэньні гісторыі распрацоўкі сынтаксу, гэта кніга, аднак, ня можа прэтэндаваць на самастойнасьць дасьледзін, калі ня лічыць даданага да яе разгляду мовы Зографскага Е. Зьяўляючыся звычайным перакладам розных думак, перакладам, які не падлягае пэўнаму пляну, яна не дае якога-небудзь новага, крытычнага асьвятленьня выкладаных пытаньняў; аўтар яе абмяжоўваецца толькі заўвагамі аб тым, ён згодзен ці ня згодзен з тэй ці іншай думкай, што трэба было-б разьмеркаваць матэрыял у такім-то парадку.
Шмат ведаў дае таксама грунтоўная праца акад. І. В. Ягіча „История славянской филологии“ (Энциклоп. славянск. филолог., вып. 1), па поваду якое яе рэцэнзэнт — акад. Сьпяранскі (Изв. отд. р. яз. и слов. Р. Ак. Н. т. ХѴ, кн. 2-я, стар. 167—179) заўважыў, што „ў яго (Ягіча) асобе славянская філёлёгія атрымала свайго летапісца, у яго „Истории“ — буйнае здарэньне ў сваёй гісторыі“.
Вылажэньне вучэньня Потэбні, Аўсяніка-Кулікоўскага, Буддэ, Багародзіцкага і інш., галоўным чынам, у прыстасаваньні да пытаньняў выкладаньня роднае мовы, знаходзім у кнізе І. П. Плотнікава „Методическая трилогия. 1-я ч. Психологическая школа в языкознании и методике русского языка“ (выд. 2-е, Курск, 1921).