Перайсці да зместу

Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926)/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел VI. Сэмасыолёгія Разьдзел VII. Граматыка
Падручнік
Аўтар: Пётр Бузук
1926 год
Пераклад: Платон Жарскі
Разьдзел VIII. Галоўныя прынцыпы граматычнага разьвіцьця

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ VII.

Граматыка.

Фонэтыка і сэмасыолёгія дасьледуюць розныя бакі мовы; першая дае аналіз гукаў, з якіх складаюцца словы, або іх злучэньняў (напр., складоў), але незалежна ад сэнсу, такім чынам, займаецца вывучэньнем моўных атомаў, таго сырога матэрыялу, з якога выліваюцца формы — паасобныя словы ці словазлучэньні[1]; другая дасьледуе пытаньні аб сэнсе слоў наогул і аб яго галоўных зьменах. Зусім іншыя адносіны да сэмасыолёгіі будуць у граматыцы, якая разьбіваецца на два аддзелы — морфолёгію і сынтакс. І абодва аддзелы вывучаюць ужо формы мовы, — першы, г. зн. морфолёгія, вывучае формы паасобных слоў, другі — сынтакс — формы злучэньняў слоў. Форме даюць розныя азначэньні. Адны разумеюць пад формаю наогул гукавы, знадворны бок слоў, другія лічаць формаю толькі канчатак, на падставе якога слова ўводзіцца да тэй ці іншай граматычнай катэгорыі (да часьціны мовы, склону, асабы і г. д.), нарэшце, трэція называюць формамі гэтыя самыя граматычныя катэгорыі[2].

Бліжэй да праўды другое і трэцяе азначэньні. Слова мае форму, калі яно здольнае распадацца на корань і канчатак. Але той ці іншы канчатак уводзіць слова ў пэўную граматычную катэгорыю, г. зн. надае яму які-небудзь сэнс, праўда, шырэйшы і агульнейшы ад сэнсу кораню (напр., азначае дзейнасьць, дзеючую асобу, прымету і інш.). Гэткім чынам, граматыка зьвязваецца з сэмасыолёгіяй, як два процілеглыя канцавосьсі. І запраўды, падзел слова рука на паасобныя гукі (р, у, к, а) ці склады (ру, ка) зусім не залежыць ад сэнсу, падзел-жа на морфолёгічныя часьціны — рук і а стаіць ужо ў сувязі з сэнсам. Корань рук мае матэрыяльны сэнс, а — формальны (гл. аб гэтым дакладней далей). Такім чынам, слова форма мы разумеем прыблізна ў тым самым сэнсе, у якім у мастацтве формаю можна назваць напр., статуй, які адрозьніваецца ад звычайнае камлыгі мармуру сваёю значымасьцю.

Пераходзім цяпер да дакладнейшага разгляду задач морфолёгіі і сынтаксу, якія заўсёды бываюць цесна зьвязаны паміж сабою. Апошні аддзел можна яшчэ назваць морфолёгіяй сказу.

Паасобнае слова, што датычыцца яго морфолёгічнага складу, не зьяўляецца цэльнаю нераскладнаю адзінкаю, яно становіць комплекс розных морфолёгічных часьцін — кораняў, прыставак, уставак і канчаткаў[3]. Такім чынам, слова становіць не адзіночны процэс асоцыяцыі знадворнага знаку з пэўным сэнсам, а гэта — сума некалькіх асоцыяцыйных процэсаў. Кожная морфолёгічная часьціна ўваходзіць у асоцыяцыю з пэўным сэнсам, і таму яна і будзе паасобнаю сэмасыолёгічнаю адзінкаю, будзе чымсьці блізкім да паасобнага нават слова, што мы і бачым, напр., у г. званых каранёвых мовах, як кітайская або ангельская, у якіх нашым морфолёгічным часьцінам слова адпавядаюць паасобныя словы.

Калі возьмем форму дав. скл. мн. л. настаўнікам, мы пабачым, што яна распадаецца на такія часьціны: прыстаўка на, корань стаў (став), устаўкі н і ік і канчатак —ам. Корань став — азначае галоўную прымету настаўніка, але гэта прымета стае ясьнейшаю ў сувязі з прыстаўкаю на—став—). Нейкія прыметы да галоўнае прыметы дадаюцца ўстаўкамі, але гэтыя прыклады значна агульнейшыя, шырэйшыя па сэнсу. Напр., ік (як і ач або слав. —тел—ь: дел— а— тел—ь) адзначае наогул дзеячую асобу[4]. І толькі канчатак ам (ом) будзе мець зусім іншы сэнс. Яго сэнс чыста формальны. Ён паказвае, галоўным чынам, суадносіны паміж прадметамі. Праўда, гэты формальны сэнс адначасна можа злучацца і з больш рэальным сэнсам (напр., можа адзначаць род, лік), але галоўнейшым сэнсам канчатка зьяўляецца адзначэньне суадносін. Такім чынам, проф. Багародзіцкі (Введение в тюрко-татарское языкознание, 1922, ст. 30) меў падставу такою формулаю ілюстраваць морфолёгічны склад слова.

прыстаўка + корань + ўстаўка +
канчатак
матэрыяльная часьціна слова
ці аснова.
формаль-
ная чась-
ціна слова.

Канчаткі (якім даецца яшчэ назва сынтаксычных часьцін слова) бываюць склонавыя і асабовыя. Тую самую функцыю, што і канчатак, можа выконваць яшчэ і зьмена асновы, якой Фортунатаў даў назву „флексыі асновы“. Сюды адносіцца чаргаваньне галосных (напр., у нямецк. мове), можна аднесьці сюды і націск (рас. вербы́ — ве́рбы).

Адзнакаю формы часамі можа быць і адсутнасьць канчатка, напр., у форме наз. скл. адз. л. слоў мужч. р. (сад— пры інш. склонах сад—а, сад—у).

Значыць, форменнае слова распадаецца на часьціны. Умоваю гэтага распадзеньня зьяўляецца існаваньне ў нашай сьвядомасьці двох радоў. Калі нам якое-небудзь слова нагадвае іншыя словы з аднолькавымі канчаткамі, але з іншымі каранямі, а з другога боку, словы з тым самым коранем, але з іншымі канчаткамі, тады слова распадзецца на морфолёгічныя часьціны. Відавочна можна гэта перадаць такім чынам.

Кас—а, вад—а, наг—а і т. д.
Кас—ы
Кас—е
Кас—у
і г. д.

Здольнасьць слова распадацца на часьціны зьвязваецца з другою здольнасьцю — здольнасьцю ўваходзіць у асоцыяцыю з аднолькавымі морфолёгічнымі адзінкамі. У вэртыкальным напрамку данае слова злучаецца асоцыяцыяю з іншымі склонамі ці асобамі (калі гэта дзеяслоў) на падставе агульнага кораню, у горызонтальным-жа напрамку яго асоцыяцыя зьвязвае з іншымі словамі ўжо на падставе аднолькавых канчаткаў.

Гэткім чынам, аб‘яднаньне і асоцыяцыя ў адным, напрыклад, у вэртыкальным напрамку немагчымы без асоцыяцыі ў другім — горызонтальным напрамку. Гэтая падвойная здольнасьць і становіць галоўную прымету форменнага слова, а гэтая прымета па сутнасьці ёсьць нішто іншае, як яго зьмяняемасьць, на падставе якое данае слова мы і ўносім да тэй ці іншае граматычнае катэгорыі. Унясеньне слова рук—а ў катэгорыю слоў, якія зьяўляюцца формаю наз. скл. адз. ліку назоўнікаў жан. р., ёсьць у той самы час прызнаньне за яго коранем здольнасьці злучацца з пэўнымі склонавымі канчаткамі.

Граматыка, як мы казалі ўжо, біполярная ці двохполюсная. Яна дасьледвае пытаньні аб формах слоў і словазлучэньняў у сувязі з сэмасыолёгічным бокам, — з сэнсам гэтых часьцін слова ці словазлучэньняў. Калі прадметы і адносіны між імі выказваліся паасобнымі словамі, тады злучэньне слоў адпавядала злучэньню сэмантычных (сэнсавых) адзінак, г. зн. морфолёгія сказу была корэлятыўнаю ( працілеглаю) з сынтаксам[5]. Калі-ж паасобныя карані з рэальным і формальным сэнсам сталі зрастацца ў новыя словы, тады здольнасьць вызначаць адносіны апынулася ў паасобных часьцінах слова. Ніці адпаведнасьці між двома членамі дзяленьня морфолёгіі і двома членамі дзяленьня сэмасыолёгіі перасталі быць паралельнымі і яны сталі перасякацца: морфолёгія слова ў складзе форменнага слова зазначае часьціны ня толькі з рэальным, але і з формальным ці сынтаксычным сэнсам.

Формальным сэнсам апошніх абумоўліваюцца сынтаксычныя функцыі ў будаваньні сказу; той ці іншы канчатак слова азначае і яго месца ў сказе, а таксама і формы іншых членаў сказу, з якімі даны член будзе злучацца. Слова памыў ня толькі будзе абавязкова выказьнікам у сказе: ён памыў галаву, але з ім можа злучацца толькі абавязкова вінав. скл. слова галава — галаву: ён памыў галаву.

Ня ўсе, аднак, словы і ў формальных ці флексыйных мовах зьяўляюцца форменнымі ці зьмяняемымі. У выніку таго, што зьнікае асоцыяцыя ў адным з двох успамянутых напрамкаў, зьнікае сувязь і ў другім. Напр., у выніку таго, што іншыя склоны слова кром-а перасталі ўжывацца, адзіны месн. скл. кром-ѣ (цяпер рас. кроме), які захаваўся, ужо не адчуваецца як гэты склон; слова зрабілася прыслоўем. І цяпер ужо яно само, а не яго канчатак, азначае яго месца ў сказе.

Пасьля гэтага ўсяго мы зразумеем тую клясыфікацыю, якую ў апошні час прапануюць прадстаўнікі формальнага напрамку ў граматыцы. Падзяліўшы ўсе словы (апрача выгукаў, якімі адзначаюцца не прадстаўленьні, а адчуваньні) на зьмяняемыя і незьмяняемыя, яны далей першую катэгорыю разьбіваюць на такія словы, якія зьмяняюцца па склонах і ліках (назоўнікі), потым такія, якія мяняюцца яшчэ і па радох (прыметнікі), нарэшце, такія, якія спрагаюцца, г. зн. якія зьмяняюцца па часох і асобах (дзеясловы). Такім чынам, у іх ня бачым, як паасобных часьцін мовы, лічэбнікаў і займеньнікаў і яны адыходзяць або да назоўнікаў (я, ты, пяць, шэсьць) або да прыметнікаў (мой, твой, пяты і г д.). Да прыметнікаў трэба аднесьці і дзеяслоўны прыметнік[6].

Крайнія формалістыя імкнуцца абмежавацца толькі формальным азначэньнем часьцін мовы, але гэта не дае добрых вынікаў, хаця-б ужо таму, што ў такім выпадку ім неабходна адмовіцца ад вытлумачэньня нязьменных часьцін мовы, а галоўнае, таму, што самы падзел слова на морфолёгічныя часьціны мы робім на падставе якраз сэнсу. Той ці іншы канчатак, які азначае месца слова ў сказе, у той самы час надае яму і пэўны формальна-сынтаксычны сэнс. Зьмяняе масьць слова ня ёсьць нешта належнае яму самому, незалежна ад сказу, ці — як-бы мы выказалі нашу думку філёзофскім тэрмінам — нешта іманентнае самому слову, — гэта зьмяняемасьць стаіць у сувязі з месцам і функцыяю слова сказе. Слова, выхапленае са сказу, гаварыў яшчэ Потэбня, ня жыве. Такім чынам мы падыходзім да слова з формальна-сынтаксычным крытэрыем. Пакажам гэта на прыкладзе.

Калі мы здольнасьць прыметніка зьмяняцца ня толькі па склонах і ліках, але і па радох лічым яго характэрнаю адзнакаю, то гэта зьмяняемасьць па радох стаіць у сувязі толькі з тым, што прыметніку неабходна ў сказе быць азначэньнем, а таму трэба і зьмяняцца і па радох, каб ён мог дапасвацца з тым назоўнікам, да якога адносіцца ў сказе. Нарэшце, гэта самая зьмена нават будзе немагчымаю для чалавека, які ня ведае граматыкі; ён ня зможа зьмяняць самы прыметнік па радох, але ён правільна будзе ўжываць яго ў пэўным родзе і склоне ў злучэньні з назоўнікам.

А форма назоўн. скл. назоўніка дае яму і пэўнае месца у сказе — месца дзейніка; у формах-жа іншых склонаў назоўнік будзе дапаўненьнем; калі-ж данае слова — дзеяслоў у васабовай форме, яно абавязкова ў сказе будзе выказьнікам, нарэшце, прыслоўе можа быць ў сказе толькі акалічнасьцю (ён добра піша).

Гэту сувязь морфолёгічнага і сынтаксычнага крытэрыяў можна так вытлумачыць. Выходным пунктам і агульным для ўсіх моў будзе існаваньне сынтаксычных катэгорый сказу: дзейніка, выказьніка, азначэньня, дапаўненьня і акалічнасьці. І гэтым сынтаксычным катэгорыям ці членам сказу належаць тыя адзнакі, якія прыпісваюць звычайна тым морфолёгічным катэгорыям ці часьцінам мовы, якімі даныя члены сказу выказваюцца. Гэта аб дзейніку трэба сказаць, што ён ёсьць назва прадмету — насіцеля прымет, гэта аб азначэньні трэба сказаць, што яно зьяўляецца назвай прыметы, данай у прадмеце, гэта аб выказьніку (праўда, не аб усякім, а толькі аб дзеяслоўным выказьніку) мы павінны сказаць, што ён вызначае якую-небудзь прымету, якая, аднак, ёсьць вынік жывое дзейнасьці прадмету, гэта аб акалічнасьці, якая абавязкова адносіцца да выказьніка ці да азначэньня, трэба сказаць, што яна зьяўляецца назвай прыметы самае прыметы. Так і бывае ў каранёвых мовах ці ў мовах, блізкіх да іх па свайму становішчу. Напр., у францускай мове з кожнага слова за дапамагаю артыкля le, l’ можа выйсьці назоўнік.

Але ў формальных мовах, дзякуючы таму, што сынтаксычныя ці формальныя словы зрасьліся з каранямі і сталі гэткім чынам канчаткамі, гэтымі канчаткамі можа азначацца граматычная прырода слова і незалежна ад сказу. Вось такім чынам і ўтварыліся катэгорыі слоў, якім можна даць азначэньні, аднолькавыя з тымі, якія мы даём членам сказу. Словы новы, прыгожую можна азначыць як тыя словы, якія ў сказе будуць азначэньнямі, або можна азначыць (а гэта будзе тое самае) як словы, якія вызначаюць прыметы, даныя ў прадметах: такую формулу мы далі азначэньню.

Гэтыя формальна-сынтаксычныя крытэрыі і бяруцца пад увагу ў тых азначэньнях, якія даў яшчэ Потэбня, замест памылковых азначэньняў старое лёгічнае граматыкі, і якія прымаюць Пешкоўскі і іншыя аўтары. Зазначыўшы, што проціў старых азначэньняў (назоўнік — назва прадмету, прыметнік — назва прыметы, дзеяслоў — назва дзеі ці становішча прадмету) гавораць такія прыклады, як назоўнік белизна, які таксама, як і белый, вызначае прымету, або як назоўнік пение (таксама вызначае дзею, як і поет), Потэбня прапануе новыя формулы, прыблізна такія: дзеяслоў — вызначэньне прыметы ў момант вынікненьня яе (у выніку дзейнасьці самога прадмету), прыметнік — назву прыметы, данае ў прадмеце (белеет), назоўнік — гэта прымета, ужо адарваная, абстрагаваная ад прадмету або ад дзеячае асобы (белизна, пение), або часамі і самы насіцель прымет.

Прычынаю памылковасьці старых азначэньняў зьяўляецца вось што: аўтары іх забывалі аб псыхолёгічнай прыродзе слова, як асоцыяцыі прадстаўленьняў. А ў рэчаіснасьці слова вызначае ня самыя прадметы і іх прыметы, а толькі прадстаўленьні гэтых прадметаў, іх прымет і дзей. У такім прыблізна псыхолёгічным характары даваў азначэньні граматычным катэгорыям яшчэ проф. Багародзіцкі (у „Общем курсе русской грамматики“, 1907), а пасьля яго нябожчык Шахматаў (гл. „Основные вопросы синтакс. в освещен. А. А. Шахматова“, Изв. отд. р. яз. и сл. Р. А. Н., т. XXV, ст. 223[7]. З успамянутымі псыхолёгічнымі формуламі, здаецца, нам можна пагадзіць і тыя азначэньні, якія даваў Потэбня. Калі мы гаворым аб данасьці або аб адарванасьці прыметы, то гэту данасьць і адарванасьць мы разумеем у чыста псыхолёгічным сэнсе. І гэта адарванасьць прыметы ў слове белизна і дае ёй самастойнае існаваньне, робіць з яе прадстаўленьне субстанцыі.

Первясткова гэтымі асаблівасьцямі, як мы гаварылі, азначаліся члены сказу, а пазьней гэтымі самымі асаблівасьцямі сталі азначацца і граматычныя катэгорыі слоў, якімі выказваюцца пэўныя члены сказу. Такім чынам, калі мы выказьнік заўсёды звыклі адчуваць як дзейнасьць (або становішча) дзейніка, то гэтаю самаю асаблівасьцю мы можам характарызаваць і дзеяслоў, які зьяўляецца выказнікам ў аднэй катэгорыі сказаў. Рэальнае розьніцы няма паміж сказамі лес чорны і лес чарнее, але ў апошнім сказе тая самая прымета прадмету лес жыва рысуецца прад нашымі вачыма, як вынік дзейнасьці дзейніка лес. Часамі гэты формальны сэнс дзеяслова-выказніка можа нават пярэчыць рэальнаму сэнсу. Так, напр., кажа Пешковскій (Р. синт., ст. 50), рэальны сэнс дзеяслова ленюсь — нічога не раблю, а формальны — нешта раблю. Нам здаецца сьмешнаю, гаворыць ён крыху далей, школьная формула: „что сделал? умер“, але ў рэчаіснасьці з граматычнага боку яна беззаганная. Таксама і прыметнік, які ў сказе бывае азначэньнем, мы азначым на падставе яго сынтаксычнае функцыі або (а гэта будзе з лёгічнага боку тож самае) прыпішам яму тыя самыя асаблівасьці, якімі характарызуецца азначэньне — вызначаць прымету, даную у якім-небудзь прадмеце. Прыслоўе-ж мы азначым у сувязі з тым, што яно бывае акалічнасьцю, але калі ўспомнім аб тым, што апошні член сказу ніколі не адносіцца да назоўнікаў (дзейніка або дапаўненьня), а заўсёды адносіцца да дзеяслова або да прыметніка (г. зн. да прыметы, якая зьяўляецца вынікам дзейнасьці: зрабіў добра, або да данае прыметы: зроблены добра), то тады мы і акалічнасьць, а за ёю і прыслоўе азначым як прымету прыметы.

Аднак, формальныя адзнакі слова не заўсёды бываюць у згодзе з сынтаксычным крытэрыем слоў. Тады мы павінны аддаць перавагу апошняму прынцыпу. Не гаворачы ўжо аб тым, што нашы формальныя адзнакі граматычных катэгорый ня будуць абавязковымі для ўсіх моў (напр. зьмена прыметнікаў па радох, якую ведаюць толькі інда-эўроп. мовы і інш.[8], нават і ў самых формальных мовах знаходзім выпадкі, калі формальныя адзнакі пярэчаць граматычнай прыродзе слова. Напр., беларускія і расійскія словы чужамоўнага пахаджэньня, як какаду, паспарту, або прозьвішчы, як Рэзьнік, Некрашэвіч, Бойчэнка, калі яны адносяцца да асоб жаночага роду, бязумоўна трэба вызнаць назоўнікамі, хоць яны і не скланяюцца. Гэта мы павінны зрабіць дзякуючы сынтаксычнай функцыі даных слоў у сказе, у якім яны могуць быць або дзейнікамі або дапаўненьнямі. Таксама толькі ў сувязі з іншымі членамі сказу, толькі ў словазлучэньні выяўляецца канчаткова граматычная прырода, калі формы двох ці трох склонаў ці асоб супадаюць, напр., ф. ф. назоўн. або вінав. скл. назоўн. сад і інш. Ня ведаючы ўсяго сказу, мы ня маем магчымасьці вызначыць, чым будзе рас. слова городовой. Ці назоўнікам? (городовой стоял на перекрестке улиц). Ці прыметнік? (городовой враг); тады звычайна гэта слова будзе ўжо мяняцца па радох (городовое положение).

Дзякуючы таму, што неазначальны лад у сказе бывае ці дзейнікам (чытаць карысна) ці дапаўненьнем (я люблю чытаць), мы і гэту форму лічым, згодна з часткаю мовазнаўцаў, назоўнікам, хоць яна і не скланяецца. Да тых довадаў, якія выказваліся, можна дадаць, што ў грэцкай мове гэта форма ўжывалася ў злучэньні з артыклем; а ў ст.-славянскай мы знаходзім яе ў злучэньні з прыназоўнікамі: „О не помьнѣти вражды“ (у зьмесьце эванг. ад Марка ў Марыінск. Эванг.).

Нарэшце, толькі па сынтаксычнай функцыі ў сказе можна азначыць нязьменныя часьціны мовы (прыслоўе, прыназоўнік, злучнік), ад вытлумачэньня якіх крайнія формалістыя звычайна адмаўляюцца.

Даючы больш перавагі сынтаксычнаму крытэрыю, мы павінны слова ўра ў сказе „ура пачулася на вуліцы“ лічыць назоўнікам, а ня выклічнікам. Гэта і было-б бязумоўна ў якой-небудзь францускай (або іншай мове, у якой зьнікла скланеньне); там прыстаўка азначальнага артыкля le, l’ poбіць кожнае слова назоўнікам. У нашай ці расійскай мове згадзіцца з гэтым адразу не дазваляе нам невыстарчаючая морфолёгічная гнуткасьць мовы. Калі-б у нас выстарчыла сьмеласьці сказаць „мы пачулі ўру“, мы гэтым самым слова ўра зрабілі-б назоўнікам. Толькі часамі падобная сьмеласьць зьяўляецца ў рас. і белар. мовах. Такі прыклад знаходзім у Аўсяніка-Кулікоўскага: все эти ахи и охи так надоели (Руков. к изучен. синтакс. русск. яз., 1907, ст. 25).


Яшчэ больш труднасьцяй зьяўляецца ў формалістых, калі яны імкнуцца азначыць сказ. Бязумоўна, нельга абмежавацца азначэньнем сказу, як злучэньня назоўнага склону назоўніка з дзеясловам у васабовай форме. Гэта формула ахапляе толькі палову граматычна-правільных сказаў, — тую палову, якую проф. Багародзіцкі (Общ. курс русск. граммат., ст. 242—244) называе аналітычнымі (воўк уцёк; Купала піша вершы, лес чарнее). Гэта якраз тыя сказы, у якіх выказьнік вызначае жывую дзейнасьць дзейніка. Але ёсьць яшчэ шмат сказаў, у якіх выказьнік прыпісвае дзейніку ўжо гатовую, даную прымету (Купала пісьменьнік, лес чорны), або (што амаль тое самае з лёгічнага боку) уводзіць дзейнік у родавае паняцьце (успамянуты прыклад: Купала пісьменьнік; воўк жывёла). Такім чынам, дзеля другое катэгорыі мы павінны пашырыць азначэньне сказу з формальнага боку: сказ — гэта злучэньне назоўніка ў назоўн. склоне з дзеясловам у асабовай форме, або з іменнаю часьцінаю — з назоўнікам, з прыметнікам[9].

Але і пасьля такога азначэньня знойдзецца яшчэ шмат прыкладаў, якія будуць пярэчыць гэтаму азначэньню, напр., белар. усе давай уцякаць, маўчаць! увага! расійск. и ну топорщиться — пыхтеть и надуваться, он бултых в воду, Татьяна — ах, а он реветь і інш. Шмат сказаў не падыходзіць пад рамку формальнага азначэньня яшчэ і сваім дзейнікам (ура пачулася на вуліцы, і — злучнік).

Вось такім чынам ляпей адмовіцца ад формальных азначэньняў сказу. Найбольш блізкім да праўды будзе азначэньне сказу, як закончанага словазлучэньня, якое адпавядае псыхолёгічнаму акту апэрцэпцыі[10]. З надворнага боку гэты акт апэрцэпцыі можа выказвацца адзінствам інтонацыі (гл. Пэтэрсона, Очерк синтакс. русск. яз., ст. 123-124). На першы погляд гэта адзінства быццам ня мае характару такога рашучага крытэрыя, бо закончанымі з боку інтонацыі зьяўляюцца такія словазлучэньні як загаловак кнігі ці твору. Але ў рэчаіснасьці справа стаіць іначай. „Безназоўнае, верш Купалы“ і публіка ў залі, і сам артысты, які абвясьціў, што ён будзе дэклямаваць, несьвядома ўспрыймае як цэльны сказ, у якім прапушчана слова прачытаю.

Скончыўшы выкладаньне агульных прынцыпаў граматыкі, мы павінны яшчэ раз сказаць, што наогул мы лічым з методолёгічнага боку вельмі зручным, асабліва ў школах, формальны прынцып тлумачэньня граматычных катэгорый. Але мы лічым неабходным помніць і аб формальна-сынтаксычных адзнаках слоў, агульных і абавязковых ужо для ўсіх моў, як формальных, так і неформальных. З імі мы імкнуліся пагадзіць, дзе гэта было магчыма, формальна-морфолёгічныя крытэрыі. Гэтыя формальна-сынтаксычныя адзнакі таксама даюць магчымасьць вытлумачыць вялікую колькасьць „выключэньняў“, якія крайнія формалістыя выкідаюць з граматыкі, як неграматычныя факты мовы.

Крайні формалізм, звычайна, зьявіўся як рэакцыя проці старога лёгічнага напрамку. На ім спыніцца навука, бязумоўна, ня зможа. Павінен зьявіцца, як кажа Е. А. Сідараў (Записки комунистич. универс. им. Свердлова, т. 1, 1923, ст. 226), некаторы сынтэз, які пагодзіць дзьве папярэднія стадыі — сэнс і форму. Спробы гэтага сынтэзу мы і бачым у вапошні час.

Аб выкладаньні граматыкі ў школе.

„Воззрения на надобность и полезность грамматики в школе в настоящее время очень пестры, гаворыць Алфёраў (Родной яз. в средн. школе, 1911, ст. 94); они заключают в себе целую лестницу взглядов, от самых правоверных до вполне нигилистических включительно“. Успамянутыя словы можна ўжыць і адносна цяперашняга становішча навукі аб выкладаньні роднае мовы. Але, бязумоўна, пагадзіцца мы павінны з тымі, якія вызнаюць неабходнасьць выкладаньня граматыкі ў школе. Праўдзіва дадае той самы Алфёраў, што нігілістычныя погляды тады пануюць, калі аўтары іх ня маюць неабходнае навуковае падрыхтоўкі.

Аднак, з другога боку, трэба лічыць разьвязаным пытаньне аб тым, што выкладаньне граматыкі трэба перанесьці на дзьве (або тры) апошнія клясы сямігодак, бо навучаньне правапісу ў малодшых клясах магчыма і без граматыкі. Яго можна дасягнуць, як паказаў Лай, сьпісваньнем. Тут у малодшых клясах трэба зьвярнуць увагу і на тое, каб вучні зразумелі розьніцу паміж вымоваю і напісаньнем слоў у тых выпадках, дзе правапіс адхіляецца ад фонэтычнага прынцыпу (аб іх гл. канец IV разьдз.). Такім чынам, навучаньне правапісу павінна ісьці роўналегла з навучаньнем ортоэпіі. Гэты погляд выказаў першы яшчэ Фартунатаў (у артык. „О преподавании грамматики русск. языка в средн. шк.“, Русск. Фил. Вестн., 1905, № 2), які, запрапанаваўшы аддзяліць граматыку ад навучаньня правапісу, даводзіў неабходнасьць перанесьці яе ў старэйшыя клясы гімназій, але ў пашыраным аб‘ёме.

У прадмове да „Синтаксиса русск. языка“ і Аўсяніка-Кулікоўскі таксама прапанаваў „проложить дорогу наукообразному синтаксису родного языка… в старшие классы гимназий“.

Адняўшы ў граматыкі практычную ролю памоцніцы пры навучаньні правапісу, трэба ў сувязі з гэтым зьмяніць і самы матэрыял прадмету і характар яго выкладаньня. Найлепшым будзе концэнтрычны парадак. З таго, што мы гаварылі аб блізкасьці сынтаксу і морфолёгіі, выцякае неабходнасьць іх зьвязанага вывучэньня. У першым концэнтры, які можна праходзіць прыблізна ў пятай клясе, вучні павінны здабыць веды аб сказе, яго членах, аб часьцінах мовы, іх клясыфікацыі і спосабах зьмены (аб зьмесьце наступных концэнтраў скажу далей). Неабходна выкінуць памылковы погляд старое граматыкі аб скарачэньні даданых сказаў, трэба аддзел аб станах дзеяслова тлумачыць згодна з тэорыяю Фартунатава (гл. Изв. отд. р. яз. и сл. Р. АН, т. IV, кн. 4).

Якога-ж прынцыпу прытрымлівацца ў школе? Бязумоўна, найзручнейшы для 1-га концэнтру — формальны прынцып. Ён будзе найбольш зразумелы для вучняў. Але ў другім і трэцім концэнтрах да чыста формальнага азначэньня граматычных катэгорый можна дадаць яшчэ формальна-сынтаксычныя і сэмасыолёгічныя азначэньні. Тут-жа ў старэйшых концэнтрах можна зрабіць далейшы падзел граматычных катэгорый (назоўнікі разаб‘юцца на назоўнікі ў старым сэнсе, на назоўнікі-займеньнікі: я, ты, што і т. д., і назоўнікі-лічэбнікі: пяць, шэсьць і інш.; прыметнікі — на прыметнікі, прыметнікі-займеньнікі: мой, твой; прыметнікі-лічэбнікі: пяты, пятая, пятае), які вымагаецца ня толькі сэнсавымі розьніцамі між звычайнымі назоўнікамі і прыметнікамі і іншымі катэгорыямі назоўнікаў і прыметнікаў (напр., займеньн. мае менш рэальны сэнс), але і формальнымі: напр., асобнымі канчаткамі (у лічэбнікаў два, дзьве і інш., у займеньнікаў), часамі частаю зьменаю асноў (я, мян-е (з мен), мне, мы, нас, нам і т. п.). Займеньнікі-назоўнікі ня могуць так лёгка злучацца з прыметнікамі-азначэньнямі; ня кажуць прышоў высокі ты. Гэта ўсё прыступна дзецям данага веку.

Першую спробу, ня зусім удалую, дапасаваць формальны прынцып да граматыкі беларускае мовы зрабіў Я. Лёсік у сваім „Сынтаксе беларуск. мовы“ (1925). Фактычную часьціну свае кніжкі Я. Лёсік узяў з прац акад. Карскага.


У заключэньне прапаную схему для паўтарэньня ў школе граматыкі; яна становіць цеснае злучэньне элемэнтаў морфолёгіі і сынтаксу простага сказу.

Да схемы трэба дадаць вось што: 1) акалічнасьцю мы лічым толькі прыслоўі (звычайна і дзеяпрыслоўі), такія-ж звароты як у горадзе адносім да дапаўненьня; 2) лініяю ад дапаўненьня да дзейніка або да самага-ж дапаўненьня мы азначаем г. зв. прыназоўныя дапаўненьні, як, напр., хата брата, якія раней прыймалі за азначэньні; 3) словам прыляганьне мы пераклалі рас. граматычны тэрмін примыкание; аб ім нічога няма ў „Сынтаксе“ Я. Лёсіка; 4) прылажэньне, якое выказваецца назоўнікам, мы аднесьлі да слоў, незалежных ад сказу, на падставе таго, што сувязь між ім і другім назоўнікам, да якога яно адносіцца, не граматычная, а чыста рэальная, і таму часта дапасаваньня між імі ня бывае, і ня

толькі ў родзе (лев, гроза лесов) і ў ліку (кости, пир зверей) а нават і ў склоне (у царевича Петра — златые ключи, за Москва рекой, у князь-Грыгория, во граде же Кромы[11]. Тыя-ж выпадкі, дзе ёсьць дапасаваньне, яно зьяўляецца вынікам рэальнае сувязі, падобнае да тэй, якая бывае між клічным словам і дзейнікам другое асобы (што ты, мая жонка, робіш?); розьніца толькі тая, што прылажэньне адносіцца да дзейніка 1-е ці 3-е асобы (Лявоніха, мая жонка, памыла мне сарочку). Дакладней аб гэтым у маёй рэцэнзіі на „Початкову граматику укр. мови“ О. Курило (Родн. яз. в школе, кн. VII).



  1. Такім чынам, фонэтыка разам з графікай займае паасобнае месца ў коле лінгвістычных навук.
  2. Аб розных сэнсах слова форма гл. у кн. Mapmi „Untersuchungen zur Grundlegung der allgemeinen Grammatik und Sprachphilosophie, 1908, ст. 101—120. Пытаньне аб суадносінах паміж сэмасыолёгіяй, сынтаксам і морфолёгіяй імкнецца (але крыху іначай) разьвязаць Рыс у кн.„Was ist Syntax“, 1894.
  3. Іншыя назвы: прыстаўка гэта прэфікс, устаўка — суфікс, але ляпей было-б перакласьці тэрмін суфікс словам настаўка, бо ёсьць яшчэ ў мовах інфіксы (устаўка ў самым корані), якія якраз і трэба перакласьці словам устаўка; нарэшце, зам. канчатак ужываюць тэрмін флексія.
  4. Устаўка шмат чаго можа вызначаць; яна, напр., адзначае ступень прыметы: —ават— у белаваты паказвае на малую ступень белага колеру.
  5. Морфолёгіі паасобнага слова, такім чынам, ня было: граматыка складалася з аднаго сынтаксу.
  6. Нейкія аўтары (напр., Пешкоўскі, Русск. синтакс. в научн. освещен. 2, ст. 43 і Школьн. и научных граммат., ст. 11) выдзяляюць у паасобныя катэгорыі дзеяслоўнае прыслоўе і неазначальны лад.
  7. У 1-ы вып. „Синтаксиса русск. языка“ Шахматава, надрукаванага ў 1925 г. Рас. Ак. Навук, ІІІ аддзел гэтае працы (Синтаксис частей речи) яшчэ не ўвашоў, гл. ор. cit., от редактора. ст. 435.
  8. Ня мае асаблівага значэньня і розны тып скланеньня прыметнікаў: у большасьці моваў яны скланяюцца таксама як і назоўнікі, напр., у грэцк., лацінск. і санскр. мовах.
  9. У такіх сказах, як лес чорны або Купала пісьменьнік ня трэба бачыць пропуску дапамагальнага дзеяслова ёсьць. Мовазнаўцы (проф. Томсон. Происхожден. форм им., вин. пад. и граммат. рода, ст. 4; Балы, Bullet. de la soe. de linguist, de Paris, XХІІІ, 1. ст. 1-6; Шахматаў. Синтакс. русск. языка і інш.) лічаць, што сказы са зьвязкаю выніклі пазьней ад сказаў з чыста іменнымі выказьнікамі.
  10. Аднак, не заўсёды ёсьць адпаведнасьць між паасобнымі членамі псыхолёгічнага суджэньня і членамі граматычнага сказу. З псыхолёгічнага боку суб‘ектам (дзейнікам) трэба лічыць, за фон-дэр-Габэленцам, назву таго прадстаўленьня, якое выклікала нашу ўвагу, выказьнікам-жа (прэдыкатам) — наш адказ, нашу псыхічную рэакцыю на гэта першае прадстаўленьне. Калі што-небудзь упала і мы даведаліся, што ўпаў гадзіньнік, мы будзем мець сказ (рас. упали часы) з псыхолёгічным націскам на часы (прыклад бяру ў Пяшкоўскага), значыць, у ім суб‘ектам будзе ўпалі, прэдыкатам часы. І толькі брак тае самае морфолёгічнае гнуткасьці не дазваляе нам так збудаваць граматычны сказ, каб яго члены адпавядалі-б членам псыхолёгічнага суджэньня. Прыблізна мы сказалі-б так: падение часовничает або упавшее часовничает або-ж падение есть часы. Часамі, аднак, такая магчымасьць пераставіць члены сказу бывае (Ваня звонит, наадварот, звонок принадлежит Ване зам. звонит Ваня). Таму, здаецца нам, зусім дарма з поглядам фон-дэр-Габэленца не згадзіўся Шахматаў (Синтакс. русск. яз., ст. 5-7). Ён гаворыць, што прадстаўленьне аб прадмеце павінна быць заўсёды суб‘ектам, прадстаўленьне-ж аб прымеце — прэдыкатам, але формальныя мовы маюць магчымасьць зрабіць самастойным з псыхолёгічнага боку, зрабіць галоўным прадметам — суб‘ектам назову прыметы (што і бачым у прыкл. звонок принадлежит Ване).
  11. Апошнія два прыклады бяру з „Синтакс. русск. яз.“ Шахматава, які, аднак, дае ім іншае тлумачэньне.