Перайсці да зместу

Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926)/VI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел V. Гукавыя зьмены і іх прычыны Разьдзел VI. Сэмасыолёгія
Падручнік
Аўтар: Пётр Бузук
1926 год
Пераклад: Платон Жарскі
Разьдзел VII. Граматыка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ VI.

Сэмасыолёгія.

Цяпер мы пераходзім да агляду сэмасыолёгічных зьмен, г. зн. зьмен, якія ўтвараюцца ў галіне значэньняў. Гэтыя зьмены ў сваю чаргу незалежны, у большасьці выпадкаў, ад гукавых зьмен.

Пачынаючы вывучэньне падобнага роду зьмен, мы будзем пакуль што разглядаць словы, як цэльныя адзінкі, што абазначаюць асобныя конкрэтныя прадстаўленьні, г. зн. будзем разглядаць словы, не раскладаючы іх этымолёгічнага складу.

Сэмасыолёгічныя зьмены, бязумоўна, абумоўліваюцца псыхолёгічнымі прычынамі; яны аснаваны на процэсах асоцыяцыі і апэрцэпцыі.

Разьвіцьця і зьмены свайго значэньня слова дасягае пры сваім прыстасаваньні, як сродку пазнаньня. Мы ўжо гаварылі, што мэта слова — служыць пазнаньню. Як сродак пазнаньня, яно зьяўляецца выказьнікам да пазнаваемага дзейніка. Але значэньне слова ня будзе строга абмежаваным, заўсёдным. Даным словам мы можам назваць новую, хоць і падобную, але ня зусім тожсамую з ранейшай зьяву.

Гэты пераход да новага значэньня аснованы на псыхолёгічных законах асоцыяцыі. Папарэдняе і наступнае значэньні павінны быць шчыльна зьвязаны адно з другім. Толькі дзякуючы свайму папярэдняму значэньню, слова можа атрымаць новае прыстасаваньне.

„Слова гук, як знак абазначэньня, паказвае на новае значэньне не само па сабе, а толькі дзеля таго, што раней мела другое значэньне“ (Потэбня).

З дапамогаю этымолёгіі мы можам часамі ўскрыць цэлы шэраг гэтых папярэдніх значэньняў, якія ўзыходзяць да свайго першапачатковага натуральнага гуку. Галоўнымі арудзьдзямі гэтага этымолёгічнага аналізу зьяўляюцца, папершае, гісторыя мовы, якая вывучае мінулае жыцьцё слова па старадаўніх помніках пісьменнасьці, у якіх захоўваюцца больш першапачатковыя значэньні данага слова, і падругое, дыялектолёгія, якая адкрывае ў падмовах і гутарках больш старадаўняе значэньне слова, што захавалася ў даным дыялекце.

Ускрываючы па помніках мінулую гісторыю слова опять, мы даведаемся, што ў старажытнасьці яно мела другое, прасторавае значэньне і азначала назад (у такім значэньні мы знаходзім гэта слова ў Лаўрэнтаўскім летапісу); слова опять=назад, у сваю чаргу, паходзіць ад слова пята; параўнай вспять, пятиться ад таго самага кораню.

Слова суткі ў значэньні пэрыоду ў 24 гадзіны альбо, наогул, у значэньні злучнасьці дня і ночы ўзыходзіць да больш старадаўняга значэньня зьмярканьня; у такім значэньні гэта слова жыве і цяпер у ніжагародзкіх гутарках; у гэтым апошнім значэньні яно, у сваю чаргу, перанесена з першапачатковага прасторавага значэньня пярэдняга кута ў пакоі (у такім сэнсе гэта слова знаходзім у вяцкіх, валагодзкіх гутарках); раскладаючы этымолёгічны склад гэтага слова на прыстаўку су (параўнай такі самы від прыстаўкі су замест больш звычайнага со — у словах супруг, суглінак і інш.) і ткі ад кораню тък (ткнуць, тыкаць), мы бачым, што ўласны сэнс слова суткі — месца сутыканьня (спачатку дзьвюх сьцен, пазьней месца сутыканьня, спатканьня дня і ночы).

Сэмасыолёгічныя зьмены, як мы сказалі, звычайна не залежаць ад фонэтычных зьмен, але затое яны бываюць часта роўналежны морфолёгічным процэсам. Утварэньне новага слова, як сродку абазначэньня новага паняцьця, прадстаўляе ня звычайнае перанясеньне ўжо існаваўшага слова на новае значэньне, а якраз утварэньне новага слова, яго адгаліненьне ад існаваўшага ўжо слова; прычым часта гэта новае слова ўтвараецца ад другога зусім віду кораню, які ўваходзіць у злучэньне і з другімі морфолёгічнымі адзінкамі — з другімі прыстаўкамі, суфіксамі і флексіямі.

З гісторыяй сэмасыолёгічнага боку ўсіх слоў, разьмеркаваных у альфабэтным парадку, нас знаёміць этымолёгічныя слоўнікі. Лепшым і амаль адзіным этымолёгічным слоўнікам расійскае мовы зьяўляецца слоўнік А. Прэабражэнскага, які выходзіў невялікімі выпускамі і на жаль застаўся няскончаным з прычыны сьмерці аўтара.

Кожная пара сумежных у гісторыі разьвіцьця данага слова значэньняў прадстаўляе шчыльную асоцыяваную сувязь. Звычайна папярэдняе з двух сумежных значэньняў называюць уласным, наступнае — пераносным.

Гэтыя пераходы думкі ад уласнага значэньня да пераноснага будуць у той самы час поэтычнымі тропамі.

Усе словы падзяляюць часамі на прозаічныя, якія маюць толькі ўласнае значэньне, і на поэтычныя, якія ўжыты ў пераносным значэньні; апошнія называюцца таксама тропамі.

Параўноўваючы слова капуста са словам падсьнежнік, мы заўважаем паміж імі розьніцу, якая заключаецца ў наступным: у той час, як у слове капуста мы знаходзім два элемэнты (слоўны знак і значэньне), у слове падсьнежнік заключаецца тры элемэнты (слоўны знак, значэньне і мастацкі вобраз, малюнак, які наглядна рысуе, як падсьнежнік раньняй вясной зьяўляецца з-пад сьнегу, і гэтым самым тлумачыць нам, чаму даная расьліна названа падсьнежнікам). Гэты трэці элемэнт у поэтычным слове носіць у навуцы назву „унутраной формы“.

Такога роду словы, як капуста, называюць прозаічнымі, а як падсьнежнік — поэтычнымі.

Часьцей за ўсё гэты трэці элемэнт поэтычнага слова зьяўляецца нічым іншым, як папярэднім значэньнем слова. Так унутраной формай поэтычнага слова рукаў (ракі) зьяўляецца папярэдняе значэньне — рукаў, як вядомая частка адзежы.

Але і прозаічныя словы, у якіх, як гэта на першы погляд здаецца, няма трэцяга элемэнту — унутраной формы, калісьці таксама былі поэтычнымі. Пры дапамозе этымолёгічнага аналізу мы можам для многіх прозаічных слоў адшукаць пяпярэдняе значэньне альбо ўнутраную форму, якая і зьяўляецца ўласна вобразным элемэнтам данага слова.

Так, параўноўваньне слова капуста з сярэдня-лацінскім caputium выясьняе нам этымолёгію данага слова і паказвае, што даная расьліна была так названа на падставе яе падабенства на галаву. Слова разлука, якое здаецца прозаічным, таксама спачатку прадстаўляла мастацкае абазначэньне разьвітаньня людзей, па падабенству з разгінаньнем канцоў лука; гэткім мэтафорычным абазначэньнем і таго самага кораню зьяўляецца слова лукавы, якое спачатку азначала таго, які ўхіляецца, згінаецца.

Дзякуючы розным прычынам гэта папярэдняе значэньне, аднак, паступова страчваецца, забываецца. Забываньню ўнутраной формы дапамагаюць гукавыя зьмены, якія часта зьмяняюць да непазнаньня знадворны від слова. Прозаічным можа стаць часамі слова незалежна ад фонэтычных зьмен; даўгі час ці нават частае ўжываньне як-бы сьцірае ўнутраную форму слова, і мы паступова забываем, чаму данае слова азначае якраз тое, а ня іншае. Людзі, якія не займаюцца мовазнаўствам, могуць часамі не заўважаць унутраной формы самога звычайнага слова. Шмат хто, мусіць, не дапушчае, што расійскае кладбище паходзіць ад слова кладу, класть, беларускае нагавіцы (існуе гэта слова і ў зах.-слав. мовах) ад слова нага.

Але выпадкова зьвернутая на слова ўвага, якому ў цяжкіх выпадках прыходзяць на дапамогу гісторыя мовы і дыялектолёгія, уваскрашае яго папярэдняе жыцьцё — прозаічнае слова зноў становіцца поэтычным. Адсюль мы робім важны вывад, што галоўнай умовай поэтычнасьці слова зьяўляецца адначасовае захаваньне ў нашай сьвядомасьці папярэдняга і наступнага значэньняў. Пакуль поруч з пераносным значэньнем у нашай сьвядомасьці захоўваюцца ўспаміны аб папярэднім значэньні, з якога перанесена данае слова, яно, г. зн. слова, будзе поэтычным тропам.

Пераходзім цяпер да разгляду асобных відаў тропаў.

Усе тропы падзяляюцца на тры катэгорыі: мэтафору, мэтонімію і сынэкдоху.

Мэтафора.

Мэтафорай (ад грэцкага слова μεταφόρα — перанясеньне) называецца абазначэньне невядомага х пры дапамозе вядомае ўжо нам зьявы А, зьвязанае з х адносінамі падабенства.

Будучы аснованым на асоцыяцыі па падабенству, гэты від тропаў зьяўляецца самым важным і продукцыйным у нашым творчым мысьленьні. Паводле выразу Харціева („Элементарные формы поэзіі в „Вопросах теории и психологии творчества“, т. 1), яна зьяўляецца эўрыстычным спосабам знаходжаньня новай думкі. Таму мэтафора найбольш пашыраны троп і ў мове поэтаў.

Прыводжу некалькі прыкладаў мэтафоры: падэшва (гары); язык (звону) па падабенству з языком — органам мовы: галава (гарадзкі), расійскі курок, запазычаны з польскага kurek, спачатку азначаў пеўнік; параўн. стар.-слав. коуръ — „певень“; у белар. м. часта кажуць касьцёр блінцоў.

Амаль што ўсе словы, якія служаць для абазначэньня часовых і прычынных адносін, выніклі шляхам мэтафоры і перанесены з больш конкрэтных прасторавых адносін, як больш даступных пачуцьцёваму погляду.

Пераноснае значэньне прыйменьнікаў, якія абазначаюць часовыя адносіны замест прасторавых, прадстаўляе такога-ж роду мэтафоpy.

Гэты выпадак абазначэньня часовых адносін словамі, якія мелі раней прасторавае значэньне, Потэбня памылкова адносіць да мэтонімій („Из записок по теории словесности“).

Такім самым шляхам вынікла ўпамянутае ўжо намі слова опять, перанесенае з прасторавых адносін і азначаўшае спачатку назад, обратно. Цікава, што слова обратно ў некаторых украін. і беларус. гутарках трывае той самы процэс сэмасыолёгічнае зьмены і ўжываецца часамі ў значэньні опять, другі раз: вона обратно заболіла.

У такім-жа самым значэньні гэта слова я чуў і ў Беларусі.

Другім прыкладам падобнага роду мэтафоры можа служыць слова суткі, якое Буслаеў правільна зьмяшчае ў шэрагу мэтафор.

Усе выпадкі мэтафор можна падзяліць на некалькі рознавіднасьцяй.

Зьяўляючыся пераходам па падабенству ці адпаведнасьці, усякая мэтафора прадстаўляе бесьсьвядомы процэс параўнаньня. Але сярод мэтафор мы вылучаем параўнаньні ў больш вузкім сэнсе слова.

Калі поруч з новым, пераносным значэньнем стаіць ранейшае, больш звычайнае, калі поруч з тлумачальным вобразам мы ставім і тлумачальнае значэньне, такі від мэтафоры мы называем параўнаньнем.

Па ўзаемным разьмеркаваньні вобразу і пазнаваемага значэньня мы адрозьніваем параўнаньні прэпозытыўныя, у якіх вобраз раней ідзе за значэньне, і параўнаньні позытыўныя, у якіх вобраз ставіцца пасьля значэньня.

Параўнаньні прэпозытыўныя граматычна выяўляюцца злучнікамі як-так: жанкі, мужчыны, дзеці — як рой пчол так і мігацелі, гудучы-гудучы (Ц. Гартны).

У штучнай поэзіі найбольш ужываемым зьяўляецца прыём, які прадстаўляе нешта сярэдняе паміж мэтафорай і параўнаньнем, дакладней, які прадстаўляе параўнаньне, дзе прапушчаны злучнікі як-гэтак.

Ранейшае і новае значэньне слова ставіцца поруч: „ткаў сахою кросны-ролі“ (Я. Колас, Новая зямля); па канаўках-маршчынах (Ц. Гартны). Вельмі часта патрэба ставіць ранейшую назву прадмета альбо паняцьця, на якое перанесена новае слова, устраняецца контэкстам.

Відамі мэтафоры зьяўляюцца таксама ўвасабленьні і алегорыя альбо інасказаньне.

Увасабленьне заключаецца ў перанясеньні слоў і выразаў, якія адносяцца да ажыўленых прадметаў, на неажыўленыя прадметы альбо адцягненыя паняцьці. У поэзіі і нават у звычайнай гутарцы ўвасабленьне ўжываецца на кожным кроку: вецер вые, мора раве і г. д.; своей дремоты превозмочь не хочет воздух (Пушкин); тройца апынулася перад парогам (Ц. Гартны, Сокі цаліны). Набыцьцё дзеясловам здольнасьці маляваць заўсёдную азнаку прадмету, як вынік яго дзейнасьці, прадстаўляе такое-ж увасабленьне (лес чарнее замест лес чорны), хоць мы прывыклі да гэтага і не адчуваем звычайна мэтафорычнасьці дзеясловаў.

Утварэньне граматычнага роду ў іменьнях прадметаў неажыўленых таксама адносіцца да гэтага віду мэтафоры.

Увасабленьне належыць да ліку галоўных поэтычных прыёмаў народнай поэзіі, пераходзячы вельмі часта ў міт. Калі ва ўвасабленьні перастаюць усьведамляцца мэтафорычныя адносіны вобразу і значэньня і яны пачынаюць утоесамлівацца, тады ўвасабленьне становіцца мітам.

Трэці від мэтафоры, алегорыя, зьяўляецца ўжо складаным яе відам. Алегорыю мы можам разглядаць як поўную мэтафору, г. зн. такую, якая ніякага іншага значэньня, апрача мэтафорычнага, не павінна мець.

Прыклад алегорыі прадстаўляе „Телега жизни“ Пушкіна.

Да формаў складанай мэтафоры належыць байка, прытча і пасловіца.

У шэрагу мэтафор Вундт адрозьнівае асыміляцыі і комплікацыі ў залежнасьці ад таго, ці належаць абодва значэньні мэтафорычнага выразу, папярэдняе і наступнае, да аднастайных прадстаўленьняў, ці можа данае слова перанесена на прадстаўленьне іншага роду, напрыклад, салодкія гукі; аксамітны тэнор, г. зн. тэнор, які ўтварае на слух такое-ж мяккае ўражаньне, якое ўтварае аксаміт на чалавечую скуру.

Мэтонімія.

Наступны від тропаў — мэтонімія (ад грэцкага слова μετονυμια — перайменаваньне) прадстаўляе абазначэньне невядомага х пры дапамозе такога вядомага ўжо нам А, якое зьвязана з х адносінамі сьмежнасьці. Назву х мы замяняем назвай зьявы А, сьмежнае з ёй ня толькі ў прасторавых, часовых альбо прычынных, але наогул у псыхолёгічных адносінах.

Яна аснована, зразумела, на асоцыяцыі па сьмежнасьці.

Часта мэтоніміі не адпавядае ніякая рэальная аснова, г. зн. прасторавая ці часовая сьмежнасьць, а адзінай выключнай зьяўляецца яе псыхолёгічная аснова.

Мэтонімію мы адрозьніваем па розьніцы злучэньняў А з х.

Папершае, да мэтоніміі адносяцца выпадкі абазначэньня месца ці прасторы тым, што ў ім робіцца: беларускае поўдзень у значэньні юг, поўнач у значэньні север.

Потым да метоніміі трэба далучыць замену назвы стравы назвай пасуды:

Я три тарелки с‘ел (Крылоў); ковши круговые, запенясь, шипят (Пушкін).

Родным гэтай катэгорыі выпадкам трэба лічыць назву гораду замест насяляючых яго жыхароў: некаторыя белар. вёскі называюцца па прозьвішчу іх сялян: Ласі, Раскачы (Бабр. акр.).

Да мэтоніміі належаць таксама розныя віды абазначэньня часу.

Пэрыод часу можа быць абазначаны яго пачаткам ці якой-небудзь часткаю: бел. тыдзень, украінскае тиждень (уласна той самы дзень) замест нядзеля; самое слова нядзеля ў расійскай мове, як і ў грэцкай, спачатку азначала нядзелю (нядзеланьне); у значэньні нядзеля яно да гэтых часоў жыве яшчэ ва украінскай і беларускай мовах (недзіля, нядзеля).

Да мэтоніміі Потэбня памылкова адносіць абазначэньне часовых адносін словамі, якія мелі спачатку прасторавае значэньне.

Але, як мы ўжо бачылі, гэты выпадак прадстаўляе мэтафору, а не мэтонімію.

Трэба сказаць яшчэ аб мэтонімічным абазначэньні дзеяньня альбо перажываемага стану. Пачуцьцё, звычайна, мастацкі абазначаецца жэстам ці наогул выразным рухам: „Сосед в своем углу надулся“ (из Евгения Онегина); нахмурыць бровы, махнуць рукою і г. д.

Дзеяньне абазначаецца ў выглядзе аднаго з яго момантаў ці сьледзтва, якое з яго выцякае, нарэшце, у выглядзе ўражаньня, якое ім утвараецца: пусьціць каго па сьвеце — у значэньні разбурыць, памыць рукі — у значэньні злажыць з сябе адказнасьць.

Вельмі мастацкі прыклад абазначэньня асоб па галоўнаму прадмету заняткаў знаходзім у гутарках польскае мовы, у якіх у значэньні па бацьку і па мацеры кажуць ро mieczu i kądzieli, г. зн. па мечу і кудзелі.

У шэрагу мэтонімій, зьвязаных з абазначэньнем дзеяньня, трэба ўпамянуць аб асобным відзе мэтоніміі, які мае важнае і канечнае значэньне ў гісторыі ўтварэньня імя. У „Записках по русской грамматике“ Потэбня паказвае, што імя дзеяньня, потым продукту дзеяньня (nomen actionis, acti) утвараецца з больш першапачатковага імені дзеяльніка (nomen agentis), прычым гэты пераход ад nomen agentis да nom. actionis i acti ўтвараецца шляхам мэтоніміі. Да nom. acti магчымы пераход і ад назвы дзеяньня: яда ня толькі ў значэньні дзеяньня, але і ў значэньні таго, што ядзяць.

Вельмі пашыранай у поэзіі рознавіднасьцю мэтоніміі зьяўляецца таксама абазначэньне прадмету імем матэрыялу, з якога ён зроблены: бел. чыгунка ад слова чыгун, янтарь в устах его дымился; все мое, сказало злато (замест деньги) все мое, сказал булат (замест меч), карыта ад слова кара, мядзяк і інш. У даным выпадку сьмежнасьць паміж рэчаю і матэрыялам, зразумела, не рэальная, але выключна псыхолёгічная: успамінаючы аб рэчы, мы нехаця ўспамінаем аб матэрыяле, з якога яна зроблена.

Але наогул мэтонімічныя абазначэньні адзначаюцца сваім багацьцем і рознастайнасьцю, і ня могуць быць вычарпаны якой-небудзь клясыфікацыяй.

Так, напрыклад, у ломоносаўскіх вершах „Ах, если-б жизнь ее продлилась[1], давно-б Секвана[2] постыдилась своим искусством пред Невой“ (Из оды на восшествие на престол императрицы Елизаветы Петровны) словы Сэквана і Нява, бязумоўна прадстаўляюць мэтоніміі, бо замяняюць сабою назвы сьмежных з імі ў прасторавых адносінах гарадоў — Парыжу і Ленінграду, якія знаходзяцца на іх берагох[3].

Прасторавая сьмежнасьць, у шырокім сэнсе, ляжыць у васнове такіх перанясеньняў, як рыбны, мясны стол у значэньні таго, што на стале падаецца; палатно ў значэньні таго, што на ім намалёвана. Яшчэ некалькі прыкладаў мэтоніміі, якіх нельга падвесьці пад прыведзеныя катэгорыі: паска альбо пасха замест куліч, баба, г. зн. назва пячэньня па таму сьвяту, калі яго ядзяць; абазначэньне музычнага струманту па першаму ці другому слову песьні, якая пяялася французамі „Charmante Katherine“ (шарманка альбо (радзей) катарынка) таксама заснавана на мэтонімічнай сувязі. У дадатак да прыведзеных у падручніках па тэорыі творчасьці прыкладаў мэтонімічнага ўжываньня імені пісьменьніка, замест назваў яго твораў, можна прывесьці яшчэ родны выпадак абазначэньня вынаходкі па імені вынаходцы: шрапнэль і інш.

Мэтонімія ў чалавечых ведах іграе паважную ролю, бо істота „рэчаў у сабе“ пазнаецца толькі пастолькі, паколькі ўсталёўваецца мэтонімічная сувязь паміж унутраным бокам, г. зн. значэньнем слоў і знакамі: значэньне пазнаецца толькі ў адносінах да знаку. Вось дзеля гэтага ў розных мовах словы, што абазначаюць знак і значэньне, паходзяць ад аднаго і таго самага кораню: грэцкае σῆμα і σηματον, нямецкае deuten i bedeuten, расійск. знак і значение.

Сынэкдоха.

Трэцім відам тропаў зьяўляецца сынэкдоха. Сынэкдохай (ад грэцкага слова συνεxδοχή — „суразуменьне“) мы называем абазначэньне невядомага х па яго частцы ці азнацы.

Да сынэкдохі раней за ўсё трэба аднесьці выпадкі абазначэньня рэчаў па іх азнаках ці дзеяньнях, якія імі ўтвараюцца; гэта катэгорыя зьяўляецца адным з важнейшых спосабаў словаўтварэньня.

Прыкладаў гэтай катэгорыі безьліч: ходули ад слова хадзіць, млын ад малоць, трасяніна — траскае балота; ветчина, спачатку ветшына, прадстаўляе такое-ж абазначэньне прадмету па яго азнацы і, па думцы Ягіча і Потэбні, паходзіць ад слова ветъхъ — стары.

Амаль усе назвы жывёл утвораны ад назваў іх адзначаючых азнак: мядзьведзь — ядучы мёд, певень — які пяе; окунь — які мае вялікія вочы, і шмат іншых. Самое слова жывёла азначае тое, што жыве.

Часамі гэта катэгорыя сынэкдохі зьліваецца з мэтоніміяй. Так, напрыклад, слова трус прадстаўляе сынэкдохічнае абазначэньне баязьлівага чалавека па дрыжэньню, якім саправаджаецца пачуцьцё страху; але, з другога боку, яно прадстаўляе і мэтонімію, абазначаючы перажываньні па аднэй з надворных яго праяў.

Да гэтай самай катэгорыі належаць назоўнікі, якія служаць назвамі арудзьдзяў дзеяньня (nomen instrumenti); з канчаткам — ла: дула ад дуць, рыла ад рыць.

Назва чалавека ва ўсіх амаль мовах прадстаўляла спачатку сынэкдоху і паказвала на мысьленьне, як на яго адзначальную рысу: санскр. manuś, стар.-славян. мąжъ паходзіць ад кораню моn—, які чаргаваўся з men—; параўнай таксама нямецкае Мann, Mensćh.

Слова врач, стараславянскае врачь, роднае слову врать з праславянскага vorkios прадстаўляе такое-ж сынэкдохічнае абазначэньне прадмету па яго азнацы і азначала спачатку замаўляючы хваробу; той самы корань, але ў другім відзе і з другім суфіксам мы маем у словах ворчать, ворковать.

Турэцкае слова соба — печ (якое перашло ў такім значэньні ў румынскую мову) у паўднёвых славян стала абазначаць пакой, г. зн. памяшканьне, дзе ёсьць печ; у выніку абазначэньня тэй-жа азнакі вынікла слова комната з сярэднялацінскага caminata (цераз пасрэдзтва германскага), што азначала цёплае памяшканьне з комінам.

Да гэтага самага выпадку абазначэньня рэчаў па азнаках Потэбня адносіць таксама эпітэт, які прадстаўляе, аднак, формальныя адзнакі ад звычайнай сынэкдохі: назва азнакі ставіцца побач з назвай рэчы (плакучая бяроза).

Сярод эпітэтаў Потэбня адрозьнівае такія, якія ўгадваюць і выкрываюць забытую ўнутраную форму слова; гэта такія, як круты бераг (беларуск. бераг ад праславянскага berg, якое азначала гара; параўнайце нямецкае Berg), сэрбскае жуто злато (жоўтае золата), ясная зорачка і інш.; яны ўласьцівы, галоўным чынам, народнай поэзіі.

Такое самае несьвядомае аднаўленьне ўнутраной формы мы бачым у выразе белая лебедзь.

Слова лебедзь разам з сваімі варыянтамі (чэск. labut, сэрб. лабуд) будзе родным лацін. albus, грэцк. άλψος і азначала спачатку белы (гл. літографаваны курс „Сравнительная фонетика славянских языков“ проф. Ляпунова, стар. 172).

У сучаснай поэзіі амаль зусім страчана адчуваньне ўнутраной формы, і яе аднаўленьне ў літаратуры зьяўляецца большаю часткаю чыстай выпадковасьцю[4].

У шэрагу апошніх выпадкаў сынэкдохі можна ўстанавіць дзьве галоўныя катэгорыі. Першая абыймае прыклады, у якіх частка зьяўляецца замест цэлага, аднастайнае мноства прадстаўлена адзіночным лікам; другая абхапляе выпадкі зваротнай замены, калі частка замяняецца цераз цэлае, адзінства-мноства. Апошняя катэгорыя, як мы пабачым бліжэй, прадстаўляе менш мастацкай каштоўнасьці і не адпавядае назначэньню тропаў дапамагаць экономіі нашых разумовых сіл.

Досыць распаўсюджанай рознавіднасьцю першай катэгорыі зьяўляецца абазначэньне цэлага па частцы, раней усіх іншых частак кінуўшайся ў вочы гаворачаму. Сюды трэба аднесьці такія прыклады, як хохол замест маларос; гэтулькі галоў жывёлы, замест штук жывёлы; тысяча штыкоў, замест тысяча салдатаў; вымпел, замест судно (гэтулькі вымпелаў) сьцяг, замест карабль альбо флёт; кут, замест дом: „Я кут пакінуць мусіў свой" (Я. Купала); блр. калёсы (рас. телега) і інш.

Да гэтай самай катэгорыі павінна быць залічана ўжываньне пэўнай меры альбо нагляднага прадстаўленьня для абазначэньня невядомага мноства ці адцягненага адмаўленьня.

Замест нічога беларусы кажуць ні званьня або ні каліва. Слова шмат — кусок у белар. м. пачало ўжывацца ў сэнсе многа, слова-ж кусок у некатарых белар. дыялектах атрымала значэньне крыху: я кусок вады выпіла.

Не видно ни зги таксама прадстаўляе сабою нагляднае адмаўленьне і па этымолёгіі Міклошыча і іншых азначае ня відно ні дарогі; згі з першапачатковага стьгі; параўнайце стезя з стьзя. Буслаеў прапаноўваў іншую этымолёгію гэтага слова і параўноўваў яго з разанскім згінка, згіначка — іскарка (Буслаеў „Историч. граммат. русск. яз.“. стар. 72).

Другая катэгорыя сынэкдохі, якая прадстаўляе замену часткі цераз цэлае, зьяўляючыся пераходам ад часткі да цэлага, ад азнакі да прадмету, зьмяняючы адзінства мноствам, ня прыводзіць да захаваньня псыхічнай энэргіі і з пункту погляду нагляднасьці, мастацкай вобразнасьці зьяўляецца лішняй.

Да гэтай другой катэгорыі мы аднясем нагляднае абазначэньне множным лікам аднэй падзельнай рэчы, якая прадстаўляе шмат частак ці пару сымэтрычных частак: сані, абцугі, клешчы, ножніцы, майткі і г. д., потым замену адзіночнага ліку множным у некаторых іншых выпадках. Так, расійскі селянін на пытаньне аб пахаджэньні часта адказвае: „Мы орловские, мы рязанские“.

У сваіх „Записках по теории словесности“ Потэбня паказвае яшчэ на адзін від сынэкдохі, прыведзены першы раз Вакэрнагелем, а іменна: на ўжываньне роду замест віду альбо асобы: француз замест настаўнік францускае мовы.

Але гэты від мы не павінны адносіць да другое катэгорыі. Замена відавога ці асабовага імені родавым, прадстаўляючы з боку аб‘ёму пераход ад часткі да цэлага, — з боку зьместу прадстаўляе зваротнае, г. зн. пераход ад цэлага да часткі, бо зьмест родавага паняцьця заключаецца ў зьмесьце відавога паняцьця.

Гэтым мы скончым пералічэньні відаў сынэкдохі. У заключэньне мы павінны сказаць, што сынэкдохай зьяўляецца, наогул, усякая тыповасьць, якая замяняе бясконцыя зьменныя рады рэчаіснасьці; усякі мастацкі вобраз, які яднае шматлікія зьявы жыцьця, які ажыцьцяўляе ў прыватным конкрэтным факце агульнае значэньне, будзе сынэкдохай.

У сувязі з паказаным толькі што значэньнем сынэкдохі, як сродку выражэньня тыповасьці, трэба ўспамянуць аб асобным яе відзе, які ўзьнік на глебе літаратуры і мастацтваў, а іменна: аб антономасіі, г. зн. замене звычайнага альбо ўласнага імені другім уласным.

Прыклады: Цыцэрон замест оратар; мэцэнат замест абаронца навук і мастацтваў; Сократ у значэньні мудрэц; мэнтор, вандал і шмат іншых.

Агульна-вядомымі антономасіямі будуць літаратурныя прозьвішчы, якія ўвашлі ўжо ў жыцьцё, як Гамлет, Дон-Кіхот, Мітрафанушка, Хлестакоў, Чычыкаў і інш.

Прывяду яшчэ адзін старадаўні прыклад антономасіі, які прадстаўляе замену родавага імені відавым.

Імя прыметнае чужы, ст.-сл. штоуждь спачатку было ўзята ад імені немцаў, перанесенага славянамі на фінаў; старадаўня-расійскае чудь (назв. фінскага племені) і чуж з праславянскага tiudio з больш старадаўняга teudio; параўнай лацінскую назву немцаў Teutones, Teutonі у Юлія Цэзара, гоцкае thiuda „народ“ thiudisk „народны“ і н.-в.-нямецкае deutsch.

У гэтым слове мы бачым, такім чынам, прыклад такое сэмасыолёгічнае зьмены, якую проф. Томсон называе пашырэньнем значэньня.

Проф. Томсон і некаторыя іншыя мовазнаўцы, наогул, больш схіляюцца гаварыць не аб трох відах тропаў, а аб пашырэньні значэньня[5] (Caesar — цьсарь стала ўжывацца, наогул, у значэньні цара), яго звужваньні альбо спэцыялізацыі (піва — спачатку кожны напітак — пазьней пачало азначаць толькі пэўны напітак) і аб пераносным значэньні (мэтафары). Але першыя два віды сэмасыолёгічнае зьмены ў сутнасьці падходзяць да сынэкдохі, прычым у васнове пашырэньня значэньня ляжыць яшчэ мэтафара. Асобны выпадак пашырэньня значэньня прадстаўляе перанясеньне назвы бліжэйшага племені на ўвесь народ, да якога належыць данае племя: так латышы словам kreevy (спачатку гэта была назва бліжэйшых да іх крывічоў) называюць усю Расію; крымскія татары словам казак абазначаюць усіх рускіх[6].

Цікавы прыклад сэмасыолёгічных зьмен прадстаўляе ва украінскай мове лёс слова москаль: атрымаўшы значэньне салдата-масквіча, г. зн. вялікаруса, гэта слова звузілася ў сваім значэньні, але пазьней яно пашырылася і пачало ўжывацца наогул у значэньні кожнага салдата: німецкі москалі і г. д.

Скончыўшы агляд тропаў, мы павінны заўважыць, што поэтычная прырода слова азначаецца толькі ў мове, толькі у мове данае слова можа зрабіцца мэтафарай, мэтоніміяй ці сынэкдохай, у залежнасьці ад таго, з якога ранейшага значэньня яно перанесена.

Так адно і тое самае слова галава (прыклад запазычаю у Потэбні) можа стаць сынэкдохай (столькі галоў скаціны, мэтоніміяй (стаяць у галавах) і мэтафарай (гарадзкі галава).

Старажытныя тэорэтыкі і нават аўтары многіх школьных падручнікаў па тэорыі творчасьці азначалі тропы, як пераносныя выразы, якія адвольна ўжываюцца з мэтаю ўпрыгожаньня мовы. Яны далучаюць іх да фігур і разам з апошнімі лічаць іх, г. зн. тропы, мастацкімі ўпрыгожаньнямі оратарскай і поэтычнай мовы. Але калі-б гэта было так, тады тропы былі-б уласьцівы толькі мове абмежаванага ліку адукаваных людзей. Сапраўды-ж мы бачым іншае. Тропы якраз і належаць у большай ступені мове неадукаваных людзей, дзяцей і дзікуноў.

Усвоіўшы асноўныя палажэньні сучаснай псыхолёгіі мовы, мы прыходзім да супроцьлежнага вываду: усякі пераход думкі да новага значэньня зьяўляецца тропам, у васнове якога ляжаць чыста псыхічныя законы асоцыяцыі і апэрцэпцыі.

Тропы — зусім натуральныя прыёмы мовы, якія выцякаюць з псыхолёгічнай патрэбы і служаць пазнавальным мэтам, між тым, як галоўнае прызначэньне фігур (гіроніі, гіпэрболы, таўтолёгіі і інш.) заключаецца ў выражэньні пачуцьцяў, якія ідуць поруч з процэсам пазнаньня.

Усякі пераход слова да новага значэньня прадстаўляе сабой, у сутнасьці, акт абазначэньня новае невядомае зьявы х пры дапамозе вядомае ўжо нам А. Вобразнасьць мовы, уласьцівая мове дзяцей і нашых продкаў, выцякае ня з роскашы, а якраз з беднасьці першабытнае мовы. Бачачы ў першы раз круглы, зялёны абажур, дзіцё на падставе падабенства называе яго знаёмым яму словам гарбузік якраз дзеля таго, што яно ня ведае яшчэ сапраўднае назвы абажура. Гэта прыклады звычайнай мэтафары.

Двухгадовая пляменьніца майго прыяцеля словам бім-бім называла спачатку пярчаткі, а потым пачала так называць бацінкі, калёшы.

З другога боку, і мэтонімічнае абазначэньне, аснованае на асоцыяцыі па сьмежнасьці, таксама ўласьціва першапачатковаму стану мовы. Трохгадовы сынок адной маёй знаёмай дамы пабываў на Лянжэроне (прыбрэжная ваколіца гораду Адэсы), дзе еў, паміж іншым, вафлі ў адным з кіоскаў. Калі пасьля некаторага часу яму давялося другі раз есьці вафлі, ён раптам радасна крыкнуў, паказваючы іх мацеры „мама глядзі — Лянжэрон!“.

Мы ўжо не адзін раз гаварылі, што тропы выцякаюць з псыхолёгічных законаў асоцыяцыі і апэрцэпцыі. У васнове мэтафоры ляжыць асоцыяцыя па падабенству, у васнове мэтоніміі — асоцыяцыя па сьмежнасьці. Псыхолёгічнай (але не рэальной) асновай трэцяга з тропаў, сынэкдохі, можа быць тая-ж асоцыяцыя па сьмежнасьці, бо ўспамінаючы аб цэлым, мы мімаволі можам успомніць аб яго частцы, але галоўным чынам, сынэкдоха зьяўляецца слоўным выражэньнем процэсу апэрцэпцыі. Сынэкдохічны пераход думкі йграе дзеля гэтага важную ролю ў аналітычным расчляненьні складана-конкрэтнага вобразу ці прадстаўленьня і мае вялікае значэньне ва ўтварэньні паняцьця; розныя бакі паняцьця — аб‘ём і зьмест — утвараюцца ў сынтэтычных і ў аналітычных суджэньнях, прычым сынтэтычныя суджэньні прадстаўляюць мэтафорычнае і мэтонімічнае злучэньне прадстаўленьняў і паняцьцяў, аналітычныя-ж сказы зьвязаны з сынэкдохічным пераходам думкі.

Цяпер мы пакажам некаторыя характэрныя рысы сэмасыолёгічных зьмен.

Сэмасыолёгічнае разьвіцьцё можа быць наогул ахарактарызавана, як пераход ад конкрэтнага да абстрактнага. У наступным разьдзеле мы пастараемся давесьці, што формальныя часткі слоў, суфіксы і флексіі, якія адзначаюцца сваёй агульнасьцю і абстрактнасьцю, вынікаюць з асобных слоў, якія мелі спачатку конкрэтнае значэньне. І наогул усе словы, што абазначаюць адцягненыя паняцьці, адыходным пунктам мелі наглядныя пачуцьцёвыя прадстаўленьні.

Слова часьць, частка, якое прадстаўляла вядомае адцягненьне, узята ад нагляднага прадстаўленьня рэзаньня і азначала спачатку як-бы адрэзак; часьць з перашапачатковага інда-эўропэйскага кораню skhind; — параўнай санскр. chid, лацінскае scindo, scidi, нямецкае scheiden.

Многія лічэбныя таксама перанесены з больш конкрэтных прадстаўленьняў: расійскае раз можа быць параўнана з дзеясловамі разить, резать, тое самае значэньне мела спачатку стара-славянскае крат, якое Уленбэк ставіць у сувязь з санскрыцкім дзеясловам kratati — рэжа; сэрбскае пут — раз азначала раней путь.

Сэрбскі злучнік веh — „але“ спачатку азначаў болей (параўнайце таго самага кораню расійскае кніжнае прыметнае вящий, запазычанае з стараславянскай мовы), як і францускае mais — „але“ з magis.

І нават такі дзеяслоў як быць (санскр. bhu, лацін. fui), які абазначае адцягненае паняцьце існаваньня альбо служыць сувязьзю ў складаным выказьніку, па думцы Потта (Etymologische Forschungen), меў спачатку конкрэтны і нават гукапераймальны характар і азначаў дуць, дыхаць.

Дзякуючы такому перанясеньню значэньняў, з невялікага параўнальна ліку каранёў прамовы вырастаюць багатыя ў слоўнікавых адносінах мовы.

Такім чынам, прогрэс мовы заключаецца не ў адшуканьні новых слоў, але ў пашыраючайся множнасьці ранейшых слоў, якія пераносяцца на новыя значэньні і ўступаюць часамі ў новыя асоцыяцыі з тымі ці іншымі флексіямі.

Вывучэньне прыроды асобнага слова і азначэньне розьніцы паміж поэтычным і прозаічным словам мае, як гэта давёў Потэбня ў сваіх працах, вялікае значэньне для вывучэньня вышэйшых твораў слова. Розьніца паміж поэтычнымі і прозаічнымі творамі будзе адпавядаць розьніцы паміж поэтычнымі і прозаічнымі словамі.

Як у поэтычным слове, так і наогул, ва ўсякім мастацкім творы — тры элемэнты: знадворны бок, значэньне і мастацкі вобраз, які адпавядае ўнутраной форме слова, у той час, як у прозаічным творы мы знаходзім толькі два элемэнты: знадворны бок і значэньне. Паказаныя адпаведнасьці тлумачаць нам таксама чаму сэмасыолёгія зьяўляецца сынонімам тэорыі творчасьці.

Сэмасыолёгія ў школе.

Яшчэ ідэёвыя кіраўнікі старой школы спрачаліся па пытаньні аб тым, у якой клясе трэба выкладаць тэорыю творчасьці. Адны гаварылі, што вывучэньне данага прадмету трэба выкладаць раней за гісторыю літаратуры, каб пры яе вывучэньні вучань мог разабрацца ў тым, што такое поэтычныя і прозаічныя творы, якія іх віды, у чым заключаецца поэтычнасьць мовы і г. д. Дзеля гэтага тэорыі творчасьці давалі месца ў IV клясе рэальных школ і ў V клясе жаночых гімназій. Супраціўнікі гэтага погляду лічылі, што рацыянальнае ўсваеньне тэорыі творчасьці магчыма толькі пасьля грунтоўнага азнаямленьня з самымі ўзорамі творчасьці, а таксама пры ўмове элемэнтарнага знаёмства з псыхолёгіяй і дзеля гэтага найбольш сваячасовым лічылі прахаджэньне тэорыі творчасьці ў VIII клясе (мужчынскіх гімназій). Як мы бачым, думкі і тых і другіх замыкаюцца ў зачарованае кола. У сутнасьці мелі рацыю абодва бакі, і дзеля гэтага мы найлепшым вырашэньнем пытаньня лічым падзел тэорыі творчасьці ў школе на два концэнтры. Патрэбна, зразумела, раней даць самыя сьціслыя веды па тэорыі творчасьці за гістарычнае вывучэньне, але гэтым абмежавацца нельга. Трэба ўжо, пасьля прахаджэньня самой гісторыі літаратуры, яшчэ раз зьвярнуцца да тэорыі творчасьці ў другім концэнтры, месца якому павінна быць адведзена ў старэйшых клясах ІІ ступені працоўных школ расійскага тыпу, у навучальных-жа ўстановах украінскага і беларускага тыпу — у вапошняй клясе семілетняй працоўнай школы і ў сярэдніх профэсыянальных школах. Тут вывучэньне тэорыі творчасьці, а галоўным чынам, аддзелу аб тропах, які супадае з сэмасыолёгіяй, павінна весьціся роўналежна з граматыкай і фонэтыкай (уключаючы сюды як элемэнты агульнага, так і гісторыка-параўнальнага мовазнаўства), што ў сутнасьці і зьявіцца навуковым вывучэньнем мовы.

Патрэбу прахаджэньня сэмасыолёгіі, якое зьвязана з элемэнтам граматыкі і фонэтыкі, можна ілюстраваць і наступнымі прыкладамі. Каб давесьці вучням першапачатковую поэтычнасьць вялікарускага слова пепел, трэба будзе, папершае, паказаць на тое, што першае е ў даным слове зьявілася з о ў выніку асыміляцыі, падругое, расклаўшы больш раньняе попел, якое захавалася ў беларускай мове, на прыстаўку по— і корань —пел, — высьвятліць потым сутнасьць чаргаваньня галосных, выясьніўшы гэтым самым роднасьць разгляданага слова са словамі палить, пылать і інш.

У выніку ўскрыецца першапачатковая мэтонімічнасьць гэтага слова. Аказваецца, што попел гэта тое, што застаецца пасьля таго, як спалілі што-небудзь.

Ня меней пытаньняў прыдзецца закрануць, каб давесьці мэтонімічнасьць слова ожерелье, названага па сваіх адносінах сьмежнасьці да горла. Утварыўшы морфолёгічны аналіз гэтага слова, трэба будзе выясьніць сутнасьць усх.-слав. поўнагалосься: поўнагалосная форма — жерел — паходзіць ад няпоўнагалоснай жерл, — якая ў сваю чаргу тлумачыцца з *герл — як вынік утворанага ў праславянскай мове зьмякчэньня заднянёбных зычных; нарэшце апошняя форма можа быць пастаўлена ў сувязь з горло (< *гърдло), якое адзначаецца ад яго другім відам кораню. Пры разглядзе слова ожерелье можна разам раскрыць мэтафорычнасьць слова жерло (гарматы), у якім захавалася форма жерл.

Вялікую карысьць славесьніку пры выкладаньні сэмасыолёгіі ў школе можа прынесьці кніга М. А. Рыбнікавай „Изучение родного языка“ (1921).



  1. Аб царыцы Кацярыне I.
  2. Старажытная назва Сэны.
  3. Мова ломоносаўскіх од. згодна правілам псэўда-лясычнай поэзіі, наогул багата тропамі.
  4. У сваёй кнізе „Изучение родного языка“ (1921 г., ст. 82) Рыбнікава заяўляе, што ў многіх пісьменьнікаў ёсьць свой улюбёны эпітэт: у Чэхава пераважае слова тихий, у Фэта — безумный, у Цютчава — роковой.
  5. Цікавы прыклад пашырэньня значэньня прадстаўляе ням. Ketzer — гарэтык, узьнікшае з грэц. xαϑαςος, якое абазначала спачатку прадстаўніка асобнай гэрасі, якая разьвілася з богумільства.
  6. Часамі назва суседняга племені пераносіцца на народ нават другога пахаджэньня, але які жыве за даным племенем (тады гэты будзе хутчэй мэтонімія): пар. волох, влах у славянскіх мовах у значэньні італьянец ці румын; спачатку-ж яно абазначала суседніх славянам кельтаў, якія аддзялялі славян ад вышэй названых пляменьняў.