Перайсці да зместу

Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел IV. Злучэньне гукаў Разьдзел V. Гукавыя зьмены і іх прычыны
Падручнік
Аўтар: Пётр Бузук
1926 год
Пераклад: Платон Жарскі
Разьдзел VI. Сэмасыолёгія

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ V.

Гукавыя зьмены і іх прычыны.

І вось, мы азнаёміліся з знадворным, гукавым бокам мовы. Цяпер мы пераходзім да агляду тых зьмен, якім падлягае гэты бок мовы.

Мова, як мы ўжо не адзін раз гаварылі, ёсьць непадзельная сувязь знадворнага гукавога боку з элемэнтамі значэньня.

Але як знадворны, так і гукавы бакі знаходзяцца ў стане вечнага разьвіцьця і зьмены, прычым зьмены і знадворнага і ўнутранога боку ў большасьці выпадкаў незалежны адзін ад другога.

Зьмены першага роду вывучае тая-ж агульная фонэтыка, зьмены другога роду зьяўляюцца компэтэнцыяй сэмасыолёгіі.

Але сярод зьмен гукавога боку мы адрозьніваем, аднак, яшчэ морфолёгічныя зьмены або, так званыя новатворы па аналёгіі, якія зьяўляюцца вынікам асоцыяцыі пэўных гукавых формальных адзінак з элемэнтамі значэньня. Разгляд падобнага роду зьмен павінен заняць месца ў разьдзеле аб граматыцы, як пэўным аддзеле сэмасыолёгіі.

Прадметам-жа гэтага разьдзелу будзе толькі вывучэньне зьмен чыста фонэтычнага характару.

Але гэтыя зьмены працякаюць, аднак, таксама псыхолёгічным шляхам.

Ранейшыя моваўзнаўцы, Штэйнталь і Гюйо, адрозьнівалі фонетычныя зьмены ад псыхолёгічных і тлумачылі першыя чыста фізыолёгічным шляхам. Амаль на гэтым-жа пункце погляду застаецца Пауль, які галоўнай прычынай усіх фонэтычных зьмен лічыць імкненьне органаў мовы да больш выгоднага для іх вымаўленьня.

Ён думае, што аб большай частцы зьмен можна сказаць, што „гэта група зьяўляецца больш выгоднай, чымся тая“ (Principien, 1880 г., стар. 49).

Але, аднак, у вапошні час ўсё мацней зацьвярджаецца ў мовазнаўстве тэндэнцыя тлумачыць і чыста фонэтычныя зьмены не фізыолёгічнымі, а псыхолёгічнымі прычынамі. Мы таксама далучаемся да гэтага погляду, хаця ў далейшым пастараемся паказаць, што псыхолёгічныя прычыны, што ляжаць у васнове фонэтычных зьмен, адрозьніваюцца ад такіх прычын, якія абумоўліваюць морфолёгічныя зьмены або так званыя новатворы па аналёгіі. Усе галоўныя віды фонэтычных зьмен (асыміляцыя, дысыміляцыя і інш.), як пабачым далей, абумоўліваюцца тым-жа асоцыяцыйным процэсам, з тэй, аднак, розьніцай, што асоцыююцца адно з другім у даным выпадку толькі адны гукавыя ўяўленьні, ня ўступаючы ў асоцыяцыю з элемэнтамі значэньня.

Усе гукавыя зьмены, у свою чаргу, падзяляюцца некаторымі лінгвістымі на „абумоўленыя“ або „комбінацыйныя“, каторыя абумоўлены тымі гукамі, з якімі злучаецца даны гук, і „спонтанэічныя“, якія праходзяць у гуках незалежна ад уплыву суседніх гукаў.

Супроць гэтага падзелу паўстае проф. Томсон, які адмаўляе, наогул, існаваньне спонтанэічных зьмен (Общее языковед., ІІ выд., стар. 246).

Невядомасьць прычын зьмены не азначае яшчэ, па думцы проф. Томсона, што прычыны данае зьмены ня будуць знойдзены. Трэба згадзіцца з думкой проф. Томсона аб тым, што ўсе фонэтычныя зьмены абумоўлены, раней усяго, псыхолёгічнымі прычынамі, але гэтыя зьмены гукаў у некаторых выпадках, аднак, могуць быць незалежны ад уплыву суседніх гукаў. Мы прызнаем існаваньне спонтанэічных зьмен у тым выпадку, калі гэтая назва мае мэту падкрэсьліць толькі незалежнасьць гукавых зьмен ад уплыву суседніх гукаў.

Раней, чым перайсьці да агляду названых агульных відаў фонэтычных зьмен і іх далейшаму падзелу, мы пакажам на агульную прычыну гэтых зьмен.

Агульнай прычынай гукавых зьмен зьяўляецца рознастайнасьць або прастора артыкуляцыі, аб чым мы гаварылі ў пачатку папярэдняга разьдзелу.

Мы ўжо ведаем аб тым, што абазначаныя рознымі альфабэтамі гукі чалавечай мовы зьяўляюцца свайго роду абстракцыяй; у сапраўднасьці-ж чалавечая мова складаецца з бясконцага раду гукаў, якія розьняцца адзін ад другога бясконца малай велічынёй.

Паказаць-жа можна толькі на сталыя пункты, паміж якімі знаходзяцца розныя ступені прамежных гукаў.

Але хоць рознастайнасьць чалавечай мовы дае прастору для гукавых зьмен, гэтыя зьмены, аднак, падлягаюць пэўнай законамернасьці, пэўнаму „гукавому закону“, значэньне якога азначыў Пауль ў сваім „Principien“; гэтае азначэньне прынята ў працах па агульнаму мовазнаўству. На высьвятленьні паняцьця „гукавы закон“ мы затрымаемся, аднак, у канцы гэтага разьдзелу — пасьля таго, як мы азнаёмімся з некаторымі прыкладамі з жыцьця індаэўропэйскіх і слявянскіх моў.

Усе выпадкі абумоўленых або комбінацыйных зьмен могуць быць падзелены на два галоўныя тыпы — процэсы асыміляцыі і дысыміляцыі, якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на некалькі відаў.

Процэс асыміляцыі і дысыміляцыі, папершае, можа быць поўным і няпоўным, і, падругое, мы адрозьніваем выпадкі асыміляцыі і дысыміляцыі суседніх і нясуседніх гукаў.

Асыміляцыяй і дысыміляцыяй суседніх гукаў зьяўляецца процэс паступовага пераходу аднаго гуку ў другі, які ў нямецкай навуцы носіць назву Lautwandel i каторы трэба адрозьніваць ад падмены гуку (Lautwechsel), пры каторай адзін гук зразу, як бы „скокам“, падмяняецца другім.

Асыміляцыя суседніх гукаў складаецца ў поўным або частковым прыпадабненьні аднаго гуку другому суседняму гуку — папярэдняму або наступнаму. Калі наступны гук прыпадабняецца папярэдняму, тады асыміляцыя называецца прогрэсыўнай. Калі прыпадабняючым зьяўляецца наступны гук, тады асыміляцыя носіць назву рэгрэсыўнай.

У якасьці прыкладу поўнай прогрэсыўнай асыміляцыі можна паказаць на наглядаемы ў стара-славянскіх помніках пераход канчаткаў роднага склону адз. л складаных прыметнікаў — аего ў — ааго, адкуль пасьля сьцягненьня зьявілася форма на — аго (добраго). Такую самую зьяву знаходзім у белар. гутарках: называецца зьмянілася на называацца і інш.

Прыклады поўнай рэгрэсыўнай асыміляцыі можна запазычыць з лацінскае мовы, у якой звычайна апошні зычны гук прыстаўкі прыпадабняецца пачатковаму гуку таго слова, з якім злучаецца прыстаўка: adprobare пераходзіць у аpprobare; con-mittere — y com-mittere. З таго самага канчатку прыметніка —аего ў выніку рэгрэсыўнай асыміляцыі атрымаўся польскі канчатак — ego: dobrego.

Пры частковай асыміляцыі гук не прыпадабняецца зусім наводзячаму гуку; прыпадабненьне складаецца або з перасуваньня артыкуляцыі прыпадабняемага гуку да таго месца, дзе артыкулюецца прыпадабняючы гук або з пераходу глухога ў звонкі пад уплывам сумежнага звонкага, і наадварот.

Прыкладам частковай прогрэсыўнай асыміляцыі можа зьяўляцца пераход ы ў у пасьля губных у беларускіх гутарках: муло, путаць замест мыло, пытаць. Процэсам частковай прогрэсыўнай асыміляцыі тлумачыцца пераход звонкага ж ў глухое ш пасьля р у прыстаўцы prze— у польскай мове.

Як на даволі рэдкі прыклад прыпадабненьня наступнага глухога папярэдняму звонкаму трэба паказаць на украінск. бджола з ранейшага бчела; літаратурнае расійскае пчела зьяўляецца вынікам адваротнай, г. ё. рэгрэсыўнай асыміляцыі, аб чым гл. ніжэй.

Прыклады рэгрэсыўнай частковай асыміляцыі часьцей спатыкаюцца ў сучасных мовах. З прычыны частковай рэгрэсыўнай асыміляцыі звонкі перашоў у глухі перад наступным глухім і глухі ў звонкі перад звонкім. Расійск. кружка стала гучэць крушка, сделать перашло ў зделать. У выніку гэтай самай рэгрэсыўнай асыміляцыі сегодня ў бел. мове зьмянілася ў сягоньня, сёньня.

На аснове рэгрэсыўнай асыміляцыі прыстаўкі из—, воз—, ніз—, раз— перад глухімі зычнымі перашлі ў ис—, вос—, нис—, рас—; напісаньне с у гэтых прыстаўках дазваляецца нават прынятай у расійскай мове орфографіяй, хаця ў іншых выпадках, звычайна, рас. правапіс грунтуецца не на фонэтычным, а на этымолёгічным прынцыпе. Прыкладам рэгрэсыўнай, частковай асыміляцыі галосных гукаў можа служыць пашыраная ў белар. гутарках зьмена а на о перад наступным ў: казоў, броў. У жыцьці моў спатыкаюцца часам выпадкі ўзаемнай асыміляцыі. Утварэньне праславянскага е доўгага (адкуль пазьнейшае ѣ) з інда-эўропэўскага дыфтонга ai, оі зьявілася ў выніку ўзаемнай асыміляцыі а, о і і ў гэтых дыфтонгах.

Дысыміляцыя або распадабненьне суседніх гукаў вядома ў параўнаўча невялікім ліку прыкладаў. Дысыміляцыяй трэба тлумачыць пераход інфынітываў вед-ти, плет-ти ў вес-ти, плес-ти.

Магчыма, што гэтай самай дысыміляцыяй трэба тлумачыць бел. дыялектычнае мястэчка, уздэчка замест чакаемых мясьцечка, узьдзечка.

Да частковай асыміляцыі і дысыміляцыі могуць быць зьведзены самыя рознастайныя віды абумоўленых зьмен, якія вядомы з гісторыі мовы, і на першы погляд нічога агульнага з процэсамі асыміляцыі і дысыміляцыі, здаецца, ня маюць. Так, напр., стварыўшаяся ў праславянскай мове зьмякчэньне заднянёбных зычных г, к, х, г, ё, пераход іх у пярэднянёбныя ж, ч, ш, перад наступнымі пярэднянёбнымі галоснымі е, и, ь, ę (вядомае таксама і стара-індыйскай мове) зьяўляецца рознавіднасьцю частковай рэгрэсыўнай асыміляцыі. Гэтак зьявіліся формы, як боже, пророческий, душевный з боге, пророкеский[1], духевьный.

Часам дзеяньне асыміляцыі злучаецца з дзеяньнем дысыміляцыі. Так, напр., вядомы ў рас., блр. і польскай мовах пераход палатальнага е ў заднянёбнае о пасьля зьмякчоных і перад цьвёрдымі зычнымі (жен>жон) зьяўляецца ў адносінах да папярэднага зьмякчонага зычнага дысыміляцыяй, у вадносінах-жа да наступнага цьвёрдага зычнага гэты пераход е ў о будзе як-бы частковай асыміляцыяй; тут абодва процэсы ўзаемна падтрымліваюць адзін другога.

Ад асыміляцыі і дысыміляцыі суседніх гукаў мы адрозьніваем асыміляцыю і дысыміляцыю нясуседніх гукаў, якая большай часткай ёсьць не паступовае ператварэньне (Lautwandel), а замена гуку (Lautwechsel).

Выпадкі асыміляцыі нясуседніх гукаў таксама як і асыміляцыя суседніх гукаў, адрозьніваюцца па напрамку яе дзеяньня, г. ё. падзяляюцца на прогрэсыўную і рэгрэсыўную асыміляцыю.

Поўнай асыміляцыі і дысыміляцыі падобнага роду звычайна падлягаюць галосныя і плаўныя.

У якасьці прыкладаў поўнай рэгрэсыўнай асыміляцыі нясуседніх гукаў можна прывесьці зьмену топерь у теперь, робенок у ребенок, попел у пепел у расійскай мове, затым хазяін, гарячий, багатий, гаразд<хозяін, горячий, богатий у украінскай мове.

Прыкладам асыміляцыі нясуседніх гукаў (прогрэсыўнай) можа служыць характэрная для урала-алтайскай сям‘і моў (уграфінскіх, тюркскіх, монгольскіх моў) „гармонія галосных“, сутнасьць якой у тым, што галосны суфікс часткова або поўнасьцю прыпадабняецца галоснаму кораню: ат-лар — коні, але копек-лер — сабакі (лар, —лер — суфікс множ. л.); яз-мак — пісаць, але бекле-мек — чакаць (мак, —мек — суф. неазначальнай формы).

Вынікам дысыміляцыі нясуседніх гукаў зьявіліся словы перепел з першапачатковага гукапераймальнага пелепел, февраль з феврарь і інш.

Па гэтай-жа прычыне зьявілася народнае ярмонка з ярмарка.

Прыклад частковай асыміляцыі нясуседніх гукаў можна бачыць у слове пузырь з пусырь[2] (гэтае с у праславянскай мове магло пераходзіць таксама ў х: пар. малар. пухирь — пухнуть з кораню peus агульна-расійск.); затым у рас. народным чижало з тяжело.

Прыкладам поўнай асыміляцыі нясуседніх зычных гукаў можа служыць белар. сл. шаша зам. шасэ.

Аднаковымі на першы погляд па выніках, але генэтычна адрозьненым ад разгледжаных выпадкаў зьяўляецца дзеяньне дысыміляцыі, якое выяўляецца, так сказаць, у статычным, а не ў кінэтычным стане. Падобнага роду асыміляцыя або дысыміляцыя заключаецца ў тым, што даны гук можа захавацца нязьменным, дзякуючы дысымілюючаму ўплыву другіх гукаў у слове (суседніх і нясуседніх), у той час як пры іншых умовах даны гук падлягае зьмене. Яшчэ Мейе (Etudes sur l‘etymologie et le vocabulaire du vieuxslave, (стар. 178) тлумачыў захаваньне г у гусь (замест чаканага з з г сярэднянебнага) дысыміляцыйным уплывам с. Такое самае тлумачэньне Петерсон дае першапачатковаму g у зах.-слав. gvezda. (Baltisches und Slavisches, 1916, стар. 3-4). Два цікавых прыклады падобнага „conservation dissimilatrice“, адзін з ірляндзкае, другі з грэцкае мовы (а менавіта, захаваемасьць α ад пераходу ў η, дзякуючы дысыміляцыйнаму ўплыву папярэдніх, ι, ε у атычным і наступнага ў η ў іоніч-атычным) прыводзіць Зоммэрфэльд y — Bulletin de la societe de linguistique de Paris, (т. ХХІІІ, вып. I, 1922. стар. 15—17). Урэшце, можна прывесьці цікавы прыклад дысыміляцыйнага захаваньня гуку з укр. мовы. Галосны о ў прыстаўцы і прыймені зо (з першапачатковага з) ў прыстаўцы до, — які часта зьмяняецца (у выніку аналёгіі) у і — звычайна ў закрытых словах: зірвати, зі страху, дізнатися, зіходить і г. д. — захоўваецца, аднак, у большасьці выпадкаў нязьменным, калі ў наступным складзе знаходзіцца і, зо стін, досвід, дослід. Як зьява дысыміляцыі, яно ня можа, зразумела, мець усеагульнае значэньне; захаваньне о ў паказаным стане зьяўляецца толькі больш пераважным, як нас у гэтым зможа ўпэўніць нават шпаркі прагляд слову, складзеных з паказанымі прыстаўкамі ў „Словаре украінского языка“ Грынченка.

Адным з відаў падмены гукаў зьяўляецца таксама мэтатэза або перастаноўка: тарэлка замест талерка (пар. ням. Teller), курчав з кучеряв і інш.

Вельмі многа прыкладаў перастаноўкі знаходзім у украінскай мове: гамазея, капість, відмедь, калавур замест магазея, пакость, медведь, караул, у беларускай: капляр замест капраль і інш., затым у славенскай: gomila, pator замест mogila, tapor. У выніку гэтай-жа перастаноўкі зьявіліся — сэрбскае намастыр, расійскае кропива з больш старога коприва; пар. укр. і ст.-слав. коприва; другога роду мэтатэзу ў гэтым-жа слове знаходзім у польск. pokrzywa.

Больш частай перастаноўцы падлягаюць тыя-ж плаўныя гукі.

Цяпер скажам некалькі слоў аб спонтанэічных зьменах. Сюды, як мы гаварылі, адносяцца такія зьмены, якія працякаюць у гуку або ў гуказлучэньні незалежна ад уплыву суседніх гукаў. У якасьці прыкладу можна паказаць на адбыўшыся ў праславянскую эпоху пераход у доўгага ў ы, на пераход праславянскіх назаляваных галосных ą і ę ў чыстыя галосныя ў большасьці славянскіх моў.

У некаторых выпадках, аднак, нельга строга вызначыць ці зьяўляецца даная зьмена спонтанэічнай ці абумоўленай, таму што гукавая адзінка, якая падлягае зьменам, можа сама разглядацца, як комбінацыйнае злучэньне (сочетание), і ў такім выпадку спонтанэічная зьмена робіцца для нас абумоўленай.

Цяпер мы пераходзім да высьвятленьня тых прычын, якія ляжаць у васнове ўсіх пералічаных тыпаў гукавых зьмен.

Гэтыя прычыны амаль выключна псыхолёгічнага характару. Яны маюць месца як пры паступовых ператварэньнях гукаў, так і пры падмене гукаў.

Пакажам спачатку на псыхолёгічныя прычыны рэгрэсыўнай асыміляцыі суседніх гукаў.

Здавалася-б на першы погляд, што рэгрэсыўную асыміляцыю нязвонкага с звонкаму д у слове сделать, або наадварот — звонкага ж глухому к у слове ложка трэба было-б тлумачыць тым, што нам цяжка пры вымаўленьні групы двух зычных жк шпарка перайсьці ад звонкага да глухога або наадварот — ад глухога да звонкага пры вымаўленьні сд. І ў такім выпадку мы маглі-б чакаць, што атрымаецца група двух зычных глухіх ст (сделать) або звонкіх жг (кружка), г. ё. прогрэсыўная асыміляцыя; аднак, больш уласьцівай амаль усім інда-эўропэйскім мовам зьяўляецца рэгрэсыўная асыміляцыя (сд>зд, жк>шк), якая ёсьць вынік уплыву наступнага зычнага на папярэдні. Для вытлумачэньня гэтага ўплыву і неабходна прызнаць, што яшчэ да вымаўленьня папярэдняга зычнага ў нашай сьвядомасьці паяўляецца ўжо вобраз, уяўленьне наступнага гуку, якое і зьмяняе вымаўляньне папярэдняга зычнага.

Рэгрэсыўная асыміляцыя, як мы ўжо адзначылі, наглядаецца ў мовах інда-эўропэйскіх, г. ё., больш культурных, што Вундт тлумачыць тым, што мысьленьне гэтых народаў як-бы пераганяе мову і працякае хутчэй, чымся артыкуляцыя.

Але таксама і для вытлумачэньня прогрэсыўнай асыміляцыі Вундт, у процівапастаўленьне папярэднім дасьледцам, ня лічыць патрэбным зьмяняць псыхолёгічны прынцып. Уяўленьне толькі што вымаўленага гуку захоўваецца ў нашай сьвядомасьці; асоцыюючыся з уяўленьнем наступнага гуку, яно зьмяняе адпаведным чынам яго вымаўленьне.

Чыста псыхолёгічным шляхам трэба тлумачыць таксама і падмену гукаў, г. ё асыміляцыю і дысыміляцыю нясуседніх гукаў і мэтатэзу.

Псыхолёгічная прычына ўсіх пералічаных відаў гукавых зьмен заключаецца ў наступным: пры вымаўленьні данага гуку ў нашай сьвядомасьці зьяўляюцца вобразы гукаў ня толькі суседніх (папярэдняга і наступнага), але і цэлага шэрагу ідучых за імі ў той і другі бок гукаў, якія, знаходзячыся ў сфэры бесьсьвядомасьці модыфікуюць, аднак, вымаўляемы ў даны момант гук. Гэтыя элемэнты — папярэднія ўяўленьні а, а1, а2, і наступныя с, с1, с2, якія модыфікуюць ўяўленьне в, Дж'мс называе „псыхічнымі об'ртонамі“ (Психология, 2 изд., стар. 122—126).

Наша мова ненарокам перастаўляе часам гукі, якія зашмат аддалены друг ад друга; пры шпаркай гутарцы часта бывае такі lapsus linguae, як вадачая гара замест гарачая вада і да т. п. І падобнага роду мэтатэзы таксама тлумачацца ўплывам псыхічным обэртонаў.

Такія ў агульных рысах псыхолёгічныя прычыны галоўных гукавых зьмен.

Процэсамі чыста фізыолёгічнага паходжаньня зьяўляюцца толькі ўстаўка і выпадзеньне гукаў.

Устаўка гукаў т, д паміж зубнымі з, с і пярэднянёбным р встречать замест всречать, параўнай сретение; остров, струя зам. осров, сруя; пар. санскр. sravati — цяче; белар. зайздрасьць, укр. заздрість ад слова з(ь)рѣти, ст.-слав. раздрѣшение замест разрешение і інш.) тлумачыцца тым, што кончык языка, пераходзячы ад стану для с да стану для р, зачапляе верхнюю дзясну і вытварае слабое д або т.

Выпадкі выпадзеньня гуку (напр., выпадзеньне в у полвтора, якое пераходзіць у полтора, або выпадзеньне д, б перад н у праславянскай мове гнуть, гъбнуть; пар. шматразовае трываньне гэтага дзеяслова — изгибать, изгыбать) з фізыолёгічнага пункту гледжаньня тлумачацца нясталасьцю прамежкавай артыкуляцыі. Вельмі часта выпадаюць гукі канечныя.

Да выпадкаў такога скарачэньня слова трэба аднесьці адпаданьне ўсякіх канцавых зычных у прадгістарычным жыцьці славянскіх моў. Скарачаюцца звычайна часта ўжываныя словы. Так, у бел. мове з можа быць праз стадыю можа атрымалася мо, з трэба — трэ. У вялікарасійскай з каже праз каэ атрымалася ка, з видишь > вишь-ишь; ва украін. а дивись дало ади. У васнове гэтых і іншых падобных выпадкаў скарачэньня ляжыць бесьсьвядомае імкненьне да лёгкасьці, упрошчаньня мовы, якім парадзілася ўтварэньне і сучаснае тэлеграфнае мовы: СТО (Совет Труда и Обороны), БДУ (Беларускі Дзяржаўны унівэрсытэт) і шм. інш.

Прыведзеныя веды аб галоўных тыпах гукавых зьмен і аб характары іх пашырэньня могуць дапамагчы нам пры вызначэньні тэрміну „гукавы закон“.

Асаблівасьцю ўсіх прыведзеных відаў гукавых зьмен зьяўляецца іх часовы і мясцовы характар, чым гукавыя законы і адрозьніваюцца ад усеагульных і заўсёдных законаў прыродазнаўчых навук. Па думцы Пауля (Principien, стар. 55), якая прынята і проф. Томсонам у яго „Общем языковедении“ (разьдз. V, § 6), гукавы закон паказвае толькі, што ў вядомы час у пэўнай гукавой групе ўтварылася такая-то гукавая зьмена. Разгледжаныя гукавыя зьмены, якія характарызуюць мову цэлага народу ці шматмільённай яго часткі, спачатку зараджаюцца, аднак, у мове асобнага індывіду. Але ўзьнікшы, можа быць, чыста выпадковым шляхам, напр., з прычыны недачуцьця, яны потым распаўсюджваюцца дзякуючы таму, што гэтаму індывіду пачынаюць бесьсьвядома падражаць іншыя індывіды.

І распаўсюджаная такім чынам новая гукавая зьява часта можа абхапіць не пляменную групу, — нацыю, якой на лежыць даная мова, а толькі адну якую-небудзь станавую групу. Напр., зьмякчэньне к пад уплывам папярэдняга мяккага зычнага (Ванькя, чайкю) распаўсюдзілася спачатку ў вялікарасійскай гутарцы былых „баярскіх дзяцей“, як давёў у сваёй прыгожай працы „Великорусские говоры с неорганическим и непереходным смягчением задненебных согласных“ проф. Зяленін. Гэту рысу „баярскія дзеці“ перадалі потым ніжэйшым разрадам вайскова-служылага стану, стаўшым пазьней вядомым пад імем аднадворцаў. Далей гутарка гараджан звычайна адзначаецца ад мовы вясковага насельніцтва, у самым-жа горадзе адрозьніваецца мова рабочае клясы ад мовы інтэлігенцыі. На Беларусі мова сялян, быўшых пад прыгонам памешчыкаў, адрозьніваецца ад мовы шляхты[3].

Свае характэрныя асаблівасьці, выпрацаваныя пад уплывам царкоўнага чытаньня, знаходзім і ў мове духавенства (так званае сэмінарскае вымаўленьне: оканьне, вымаўленьне ого,—его замест ова,—ева ў канчатках прыметных, займеньнікаў і інш.).

Часта даная гукавая рыса абхапляе мову прадстаўнікоў толькі аднаго полу, як напр., сярэдняе л у мове жанчын у некаторых вялікарасійскіх і украінскіх гутарках. Нарэшце, ван-Гіннэкэн адрозьнівае мову дарослых ад мовы дзяцей, у якой, у сваю чаргу, адрозьнівае мову розных узростаў і полаў. Выключэньняў з гэтага гукавога закону, паводле думкі Пауля і Томсона, ня можа быць. Зданьнёвае выключэньне тлумачыцца хронолёгічнымі суадносінамі да другіх законаў ці новатворам па аналёгіі.

Для ілюстрацыі апошняга палажэньня падам прыклад з гісторыі белар. і украінск. моў. Калісьці ў мове продкаў беларусаў і украінцаў л зьмянілася ў ў (у нескладовае ці нават в двугубное) перад наступным зычным. У выніку гэтага процэсу атрымалася сучаснае украінскае вовк, бел. воўк (з больш старога вълкъ), поўны і інш. Але з гэтага закону ёсьць, аднак, у абедзьвюх мовах выключэньні: голка, палка, гарэлка. Тлумачацца яны хронолёгічнымі суадносінамі разгледжанага закону да другога гукавога закону — а іменна да зьнікненьня гукаў ъ, ь, існаваўшых калісьці ў славянскіх мовах. Калі л пераходзіла ў гук ў у слове вълкъ, тады ў слове палъка пасьля л гучэў яшчэ ъ і дзеля гэтага яно засталося бяз зьмены. Калі-ж яно зьнікла і палъка зьмянілася ў палка, тады ўжо пакінуў дзейнічаць закон аб пераходзе л у ў перад зычнымі.

Захаваньне о ва ўкраінскіх поўнагалосных формах город (расійск. огород), сором, долонь і інш. пры зьменным о ў і або ў уо, уэ ў іншых прыкладах: віз, стіл — тлумачыцца тым, што ў момант дыфтонгізацыі о ў зачыненым складзе (в возъ), другога о ў слове город і падобных яшчэ ня было.

Нарэшце, некаторыя выключэньні, як мы бачылі, тлумачацца дысымілюючым супроцьдзеяньнем якога-небудзь другога гуку ў слове.

Часовым і прасторавым характарам дзеяньня гукавога закону ня вычэрпваюцца ўсе яго абмежаваньні. Калі гукавы закон, у вадзнаку ад фізычнага, не зьяўляецца лёгічна-канечным і ўсеагульным ні ў часовых, ні ў прасторавых адносінах, то відавочна, у нас няма лёгічнае падставы дапушчаць усеагульнасьць яго распаўсюджаньня на ўсе прыклады. Калі закон быў абмежаваны часам свайго дзеяньня, выпадкова магло аказацца, што мала ўжыванае слова не папала ў мову гаворачых і не падлегла зьмене. Наадварот-жа падлягаць гукавой зьмене магло часамі, як мы ўжо гаварылі, часта ўжыванае слова[4].

Дзеля гэтага да формуляваных Паулем абмежаваньняў гукавога закону мы павінны дадаць наступнае: „гукавая зьмена ўтварылася ў такіх-то словах і прыклада, бо многія фонэтычныя процэсы носяць спорадычны характар. Ня рэдка закон прамовы робіцца дзеля двух або трох прыкладаў, выключэньняў-жа з яго аказваецца значна болей. Патрэба вытлумачыць гэтыя выключэньні прыводзіць скора да ўтварэньня новага гукавога закону, які выпіхае ранейшы закон, і, такім чынам, гукавыя законы, па словах Брюкнэра, „як лісьці, увесну зьяўляюцца, увосень ападаюць“ (KZ. 42 т. стр. 334). Прычына гэтага ляжыць у тым, што паказаныя Паулем і іншымі спосабы тлумачэньня выключэньняў ня могуць вычарпаць іх поўнасьцю. Мы бачылі, што зьмены ва ўводных словах тлумачацца асобнымі псыхічнымі адносінамі да іх з боку гаворачай асобы. Можа быць будуць адшуканы і іншыя шляхі тлумачэньня выключэньняў з гукавога закону, але пакуль што тыя, што ёсьць у нас, спосабы аказваюцца невыстарчаючымі для гэтай мэты, і дзеля гэтага мы павінны прызнаць існаваньне такіх гукавых законаў, якія паказваюць на фонэтычны процэс, які ўтвараўся толькі калі-ні-калі, у некаторых прыкладах. Можа, праўда, аказацца, што з тэй ці іншай фонэтычнай зьявы ня будзе выключэньняў. Так, напр, першае зьмякчэньне заднянёбных (і яшчэ некаторыя іншыя кардынальныя зьявы ў славянскай прамове) абхапіла ўсе выпадкі, падлягаўшыя зьмене. Але аб гэтым мы можам даведацца толькі пасьля праверкі ўсіх выпадкаў, існаваўшых у момант дзеяньня закону ў мове, прадказаць-жа ўсеагульнае дзеяньне закону па двух, трох прыкладах мы ня маем права.

Такім чынам, устанаўленьне гукавога закону, па выясьненьні ўсіх паказаных абмежаваньняў, нам прадстаўляецца толькі як констатаваньне ўтворанага ў мове процэсу ўжо post factum, з дакладным азначэньнем яго межаў у розных адносінах, і ў такім выпадку, зразумела, закон ня будзе мець выключэньняў, бо ўсе яны і будуць абгавораны пры яго формуляваньні.

Сказанае намі аб характары гукавых законаў яшчэ раз пацьвярджае важную ролю соцыяльных фактараў у жыцьці мовы. Аказваецца, што ня толькі зараджэньне мовы, але і далейшае яе разьвіцьцё азначаецца ўзаемаўплывам гаворачага і слухаючага. Продуктам уплыву соцыяльных фактараў зьяўляецца рытм. Мы бачылі, нарэшце, што сфэра распаўсюджаньня якой-небудзь моўнай рысы часта азначаецца клясавымі ці станавымі межамі.

Трэба яшчэ дадаць, што мова аказваецца адчувальнай да розных соцыяльна-экономічных і політычных здарэньняў у жыцьці народу. Так, напр., утварэньне вялікага культурнага цэнтру цягне за сабою моўны ўзаемаўплыў паміж ім і падлеглымі яму краінамі: дыялектычная рознастайнасьць іх гутарак пачне адчуваць нівелюючы ўплыў мовы гэтага цэнтру. Ролю такога аб‘ядняючага цэнтру іграў Кіеў, пазьней — Масква, Ленінград, у нас цяпер Менск.

Глыбокія сьляды на мове і, галоўным чынам, на слоўным яе складзе пакідаюць заўсёды войны і рэволюцыі.

Да пытаньня аб ролі соцыяльных фактараў у мове, на значэньне якіх яшчэ ў 70-х г. г. паказаў Нуарэ, зарадзілася асаблівая цікавасьць у вапошні час на Захадзе (у працах Мэйе, Соссюра, Оскара Блоха, ван-Гіннэкэна і інш.). У сваёй цікавай кнізе „Einfuhrung in das Studium der indogermanischen Sprachwissenschaft“ (1921, перакл. з дацкае) адбіваючай стан мовазнаўства на Захадзе ў апошнія гады. Шрыйнэн, стар. 102—123, соцыяльныя фактары падзяляе на няпростыя, продуктам якіх зьяўляецца рытм, і простыя, якія абхапляюць усе іншыя выпадкі ўплыву соцыяльнага моманту. Уплыву апошніх абавязаны адрозьненьні мовы прадстаўнікоў розных профэсій (Wirtschaftssprache, Rechtssprache і г. д.) потым адрозьненьні Volkssprache ад Kultursprache i г. д.

У нас гэтаму пытаньню прысьвечаны артыкул Бараньнікава „Из наблюдений над развитием русского языка в последние годы. 1. Влияние войны и революции на развитие русского языка“ (Учен. Западн. Самар. Универс., вып. 2, стар. 64—68). Аб дзіцячай мове гл. яшчэ кнігу С і W. Stern „Die Kindersprache“, 1920 і працу Рыбнікава „Язык ребенка“ (Педолог. библиот. IV, 1920).

Гукавым законам прысьвечана кніга Вэксьлера „Hiebt es Lautgesetze“, 1900.


З усяго сказанага аб гукавых законах і аб соцыяльных і іншых фактарах у жыцьці мовы ясным становіцца, паміж іншым, што штучным спосабам нельга ўтварыць мову, а галоўнае, нельга такую штучную мову ўвесьці ў агульнае ўжываньне. Штучная мова ніколі ня можа мець ні колеру, ні паху, які мае самая ўбогая мова дзікуноў, бо апошняя адбівае і быт, і мінулае жыцьцё народу. Вось чаму кожнае слова, кожны літаратурны твор на данай мове заўсёды страчвае сваю пекнату ў перакладзе на іншую мову. Яшчэ Потэбня паказаў на тую розьніцу, якую знаходзім між украінск. сумным „ой, був, тай нема“ (па поваду сьмерці чалавека) і расійскім перакладам „Эх, был, да нетути“. З гэтае прычыны штучныя мовы (раней Волапюк, цяпер Эсперанто) доўга ня могуць мець посьпеху. Але калі-б нават, прадставім сабе, гвалтоўна і ўвялі-б якую-небудзь штучную мову на ўсім сьвеце, яна ўсё роўна праз некалькі дзесяцігодзьдзяў распалася-б на падмовы, гутаркі і г. д. Жыхар раўніны іначай ужо гаварыў-бы, як жыхар гор, жыхар гораду, які хутчэй гаварыў-бы, больш скараціў-бы канчаткі слоў, як жыхар вёскі і г. д. Такім чынам, ня была-б выпраўдана мэта прымусовага ўводу штучнае мовы.



  1. Дакладней з пророкьскъій.
  2. Глухое с пад уплывам наступнага р перашло ў звонкае з; гэтаму пераходу магла дапамагчы таксама дысыміляцыя з пачатковым п.
  3. Апошнія, напр., зам. ёсьць, ё, ёсьцяка гавораць ест; там, дзе сяляне сакаюць, шляхта вымаўляе памыўсе, зам. еты кажуць гэты.
  4. Пар. яшчэ „Несколько слов о говорах Лукояновского уезда Нижегородской губернии“ (1894, стар. 29 і наст.) проф. Б. М. Ляпунова.