Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926)/II
| ← Разьдзел I. Прырода слова і яго ўварэньне ў чалавечай псыхіцы | Разьдзел II. Пахаджэньне і разьвіцьцё мовы Падручнік Аўтар: Пётр Бузук 1926 год Пераклад: Платон Жарскі |
Разьдзел III. Гукі чалавечай мовы → |
РАЗЬДЗЕЛ II.
Цяпер пераходзім да пытаньня аб пахаджэньні мовы. Карыстаючыся вывадамі сучаснай псыхолёгіі народаў, мы прасочым цяпер процэс зараджэньня і далейшага разьвіцьця слова ва ўсёй яго псыхофізыолёгічнай паўнаце і закончанасьці. Мы пераканаемся, што на ўсіх ступенях свайго разьвіцьця таксама, як і ў момант свайго першапачатковага зараджэньня, слова зьяўляецца асоцыяцыйным процэсам, што абумоўлена агульнай асаблівасьцю чалавека ўсякае душэўнае перажываньне выяўляць у знадворных цялесных рухах.
Усякі псыхічны процэс, ня толькі паняцьце, але нават чыстае адчуваньне, успрыманьне і прадстаўленьне нямінуча адбіваецца ў рознага роду цялесных рухах, якія Вундт называе „выразнымі рухамі“.
Гэтыя рухі трэба разумець ня як вынік уплыву псыхікі на цела, як разумеў іх Гэрбардт і іншыя прыхільнікі субстанцыянальнага разуменьня душы. Пэўны псыхічны стан і адпаведны яму выразны рух зьяўляюцца, як раскрыў гэта Вундт у I-м т. сваёй „Velkerpsychologie“, двума непадзельнымі бакамі аднаго і таго самага процэсу. У рэчаіснасьці афэкт і выразны рух зьяўляюцца разам цэлым псыхофізыолёгічным фактам, які мы толькі на падставе практычным шляхам утворанага аналізу і абстракцыі падзяляем на дзьве складаныя часткі. Распрацоўка пытаньня аб выразных рухах складае адну з самых галоўных заслуг Вундта.
Усе цялесныя рухі ў залежнасьці ад удзелу нашай волі ў іх праявах Вундт падзяляе на аўтоматычныя, якія паходзяць чыста фізыолёгічным шляхам, потым на інстынктыўныя, абумоўленыя якім-небудзь адным пабуджэньнем, і адвольныя, якія выцякаюць з барацьбы некалькіх мотываў, з якіх адзін, найбольш моцны, і становіцца імпульсам руху.
Як аўтоматычныя, так і адвольныя рухі вынікаюць з першапачатковых інстынктыўных.
З гэтых рухаў пры стыканьні некалькіх мотываў, як мы ўжо гаварылі, вынікаюць, папершае, адвольныя рухі і, падругое, аўтоматычныя, як вынік прывычкі, мэханізаваньне першапачатковых інстынктыўных рухаў.
Далей Вундт пераходзіць да галоўнага пытаньня першага разьдзелу — да азначэньня сутнасьці выразных рухаў, вырашэньне якога было намечана ўжо ім у яго „Основаниях физиологической психологии“.
Выразныя рухі не прадстаўляюць якой-небудзь асобнай формы рухаў; да іх належаць пералічаныя ўжо віды рухаў як рэфлекторныя, так інстыктыўныя, так і адвольныя. Адзначаючай рысай іх зьяўляецца толькі іх сымптоматычны характар. „Служачы праявай унутранога стану, — праявай, якая разумееца другой істотай таго самага роду і можа выклікаць адказ з боку апошняй, рух становіцца сродкам выражэньня думкі або пачуцьця“ (Основан. Физиологич. психолог., перевод Кандинского, 1880 г., стар. 973).
Далей Вундт дае клясыфікацыю выразных рухаў у залежнасьці ад тых псыхічных станаў, выражэньнем якіх яны зьяўляюцца. Ён адрозьнівае выразныя рухі, якія служаць выражэньнем пачуцьцяў, і выразныя рухі, якія зьвязаны з прадстаўленьнямі.
Усякае звычайнае пачуцьцё і нават складаны афэкт Вундт азначае ў трох адносінах: з боку інтэнсыўнасьці (узбуджэньне альбо прыдушанасьць) у якасных адносінах (прыемная альбо няпрыемная) і, патрэцяе, з боку напруджаньня або вырашэньня.
Інтэнсыўнасьць пачуцьця выяўляецца галоўным чынам ва ўнутраных рухах, выкліканых зьменаю інэрвацыі, якасная-ж ахварбоўка пачуцьця, а таксама напруджаньне і вырашэньне перадаюцца пераважна ў цяглічных рухах твару, у так званых мімічных рухах.
Трэці род выразных рухаў, рухі пантомімічныя, зьвязан ужо з выражэньнем афэкту — складаных псыхолёгічных зьяў, у склад якіх уваходзяць як пачуцьці, гэтак і прадстаўленьні. Прадстаўленьне заўсёды нямінуча выклікае вядомае пачуцьцё і такім чынам зьяўляецца разам з пачуцьцём толькі двума бакамі аднэй і тэй самай псыхолёгічнай зьявы. Гэты інтэлектуальны бок афэкту, г. зн. прадстаўленьне, праяўляецца ўжо ў іншага роду рухах, — у пантомімічных, якія складаюцца, галоўным чынам, у рухах цягліц рук і тулава.
Дапаўняючы і разьвіваючы азначэньні Энгеля і Тэйлёра, Вундт усе пантомімічныя рухі падзяляе на паказальныя і пераймальныя.
Паказальныя пантомімічныя рухі, якія прадстаўляюць больш слабую форму, Вундт выводзіць з уласьцівых жывёліннай стадыі першапачатковых хапальных рухаў. Пераймальныя рухі таксама ўсходзяць да стадыі жывёльнага разьвіцьця; галоўнай умовай іх узьнікненьня зьяўляецца саграмадзтва аднолькавых індывідаў.
Прадстаўленьне вядомага руху асобнага індывіду, перадаючыся сьвядомасьці другога індывіду, дзейнічае як інстынктыўны повад да руху, і выклікае з прычыны гэтага мімічныя і пантомімічныя рухі.
Работу пчол нельга растлумачыць ні з узаемнага дагавору, ні з унасьледаванай імі здольнасьці да работы.
Толькі падражаючы старэйшым, малодшыя індывіды навучаюцца таксама працаваць. Уплыў-жа спадчыннасьці выяўляецца толькі ў вядомай прадразьмяркаванасьці органаў да ўтварэньня данай работы.
Усе пералічаныя формы выражэньня звычайна зьвязваюцца непадзельна адна з другой, утвараючы комплекс сымптомаў, што мы можам назіраць, напрыклад, пры гневе. Трэба ўпамянуць яшчэ аб тым, што часта нельга вызначыць, да якога з двух відаў к паказальным ці к пераймальным належыць вядомы пантомімічны рух. Так, сьцісканьне кулакоў можа быць залічана як да паказальных, гэтак і да пераймальных рухаў.
З гэтых выразных рухаў вядзе сваё пахаджэньне і чалавечая мова, прычым пераходнай ступеньню да сучаснае нам мовы гукаў альбо гукавых жэстаў зьяўляецца стадыя знакаў альбо жэстаў у вузкім сэнсе, г. зн. жэстаў пантомімічных.
Вынікаюць жэсты з вышэйшага роду выразных рухаў, рухаў пантомімічных, якія служаць для выражэньня прадстаўленьня, але адзначаючай рысай іх, параўнальна з бязмэтнымі і бесьсьвядомымі выразнымі рухамі зьяўляецца іх сьвядомае ўжываньне, як сродку зносін, перадачы мысьлі другім людзям. Як толькі ўстановіцца асоцыяцыя паміж пэўным псыхічным станам і вядомым выразным рухам і стане прыкметнай, напрыклад, што гнеў заўсёды саправаджаецца сьцісканьнем кулакоў і нахмурваньнем брывей, тады даны выразны рух становіцца адвольным знакам для азначэньня вядомага перажываньня. Выразны рух можа перайначыцца ў сьвядомы, адвольны жэст толькі ў грамадзе некалькіх чалавечых індывідаў, і мова, як сыстэма агульна зразумелых, распаўсюджаных знакаў, зьяўляецца, такім чынам, продуктам колектыўнага жыцьця чалавечага грамадзтва.
Падыходным пунктам пры клясыфікацыі жэстаў Вундт выбірае клясыфікацыю пантомімічных рухаў, якія, як мы ведаем, ён падзяляе на паказальныя і пераймальныя. І адпаведныя ім жэсты ён падзяляе на паказальныя і вобразныя. Апошнія ён падзяляе на некалькі катэгорый: 1) прадмет паказваецца пальцам ці ўсёй рукой (напрыклад, паказваньне грошай з дапамогаю датычных адзін да другога паказальнага і вялікага пальцаў), 2) паказваецца самы прадмет, а толькі яго адна, найбольш характэрная рыса і 3) адцягненыя паняцьці азначаюць назіральным мэтафорычным шляхам. Утварэньне мовы жэстаў можа наогул служыць ілюстрацыяй зараджэньня мовы гукаў, які зьяўляецца адным з відаў мовы жэстаў.
Такім чынам, погляд Вундта на пахаджэньне мовы адзначаецца, з аднаго боку, ад погляду Ляцаруса і Штэйнталя, якія бачылі ў першапачатковым гуку чалавечай мовы толькі неадвольны рэфлектыўны рух, і, з другога боку, ад тэорыі намеранага вышуканьня, якая лічыла мову альбо продуктам работы асобнага якога-небудзь гэнія, альбо вынікам узаемнае згоды грамадзтва.
Тэорыя Вундта злучае ў сабе крайнасьці гэтых абедзьвюх тэорый.
„Неадвольны стадый у разьвіцьці мовы, кажа Вундт у „Основан. физиологич. психологии“ (стар. 994), натуральна пераходзіць у стадый адвольны“.
Ад звычайных выразных рухаў, уласьцівых і жывёліннаму стану, жэсты адзначаюцца, па думцы Вундта, яшчэ і тым, што яны, як продукт чалавечай псыхікі, здольны да зьмены і разьвіцьця іх значэньня і падлягаюць законам элемэнтарнага сынтаксу. Праўда, Дэльбрюк (Grundefragen, стар. 69—70) пярэчыць супроць гэтага і бачыць у сынтаксе мовы жэстаў, так навукова распрацаваным Вундтам, толькі рэзультат уплыву з боку нашае мовы слоў; потым Дэльбрюк лічыць таксама, што мэтафоры жэстаў, як напрыклад, ізабражэньне хлусьні ў індыйцаў крывой лініяй, маглі вынікнуць на глебе звычайнай мовы.
Але як-бы там ні было, ясна адно Жэст, ня толькі яго пазьнейшая стадыя — гукавы жэст, але і жэст пантомімічны, зьяўляецца ўжо правобразам будучага слова, зьяўляецца тым першым элемэнтам чалавечае мовы, з якога пачынаецца чалавечае мысьленьне і без якога немагчыма ўжо ўсякае далейшае пазнаньне, якое прадстаўляе сабой процэс актыўнай апэрцэпцыі.
Пераход ад пасыўнай апэрцэпцыі да актыўнай і зьвязан з пераходам ад неадвольнага рэфлектыўнага руху да адвольнага, сьвядомага ўжываньня жэсту.
У той час, як выразны рух зьяўляецца простым выражэньнем пачуцьця альбо прадстаўленьня, адвольны жэст служыць ужо прыладай актыўнай апэрцэпцыі.
Пераходзім цяпер да пытаньня аб утварэньні мовы гукаў. Гукавая мова разьвіваецца з тых самых выразных рухаў.
Органамі іх вытварэньня зьяўляюцца лёгкія, горла і язык. Ад звычайных мімічных і пантомімічных рухаў рухі названых органаў адзначаюцца тым, што яны ў чалавечай псыхіцы выклікаюць ужо ня зрокавыя, а слухавыя адчуваньні; для вачэй яны могуць заставацца схаванымі. Аднак, пры ўтварэньні рознастайных гукаў языку першыя часы дапамагалі і рухі цягліц твару, якія належаць ўжо да галіны мімічных рухаў.
Чаму з розных катэгорый жэстаў якраз за гукавымі жэстамі засталася высокая перавага разьвіцца ў мову чалавецтва наогул? Вітнэй тлумачыў гэта, як вынік свайго роду падзелу працы. Рот, які зьяўляецца галоўным органам утварэньня гукавых жэстаў, аказаўся найбольш свабодным ад другіх функцый, асабліва пасьля таго, як ён быў вызвален ад абавязкаў служыць прыладай барацьбы і абароны.
Першапачатковыя рукі чалавечай мовы, як і ўсякі выразны рух, зьвязаны з выяўленьнем пачуцьцяў. Першапачатковай формай іх зьяўляюцца гукі болю і страху. Здольнасьць утвараць гукі болю нечакана зьяўляецца нават у безгалосых жывёлін. І падобна да таго, як неадвольны інстынктыўны рух перайначваецца ў адвольны жэст, гэтак сама і рэфлектыўны гук, які вырываецца з грудзей чалавека, альбо, як яго называе Вундт, натуральны гук паступова пераходзіць у адвольны артыкуляваны гук, адзначаючымі рысамі якога зьяўляецца выразнае, разьдзельнае ад іншых гукаў яго вымаўленьне і адпаведная вышыня.
Пераход да адвольнага ўжываньня гукаў мы можам назіраць на мове дзяцей. З прычыны частага паўтарэньня пэўнага гукавога комплексу ўстанаўляецца асоцыяцыя паміж слухавым адчуваньнем, якое ўтвараецца, і паміж адчуваньнем адпаведных рухаў цягліц, якія атрымліваюцца ў дзіцяці ад артыкулюючых органаў. Паступова ў дзіцяці зьяўляецца жаданьне адвольна ўжыць пэўны гукавы комплекс. Дапаможнымі ўмовамі пры гэтым пераходзе да адвольнага ўжываньня гуку зьяўляюцца для дзіцяці асоцыяцыі слухавых адчуваньняў з адпаведнымі зрокавымі адчуваньнямі, якія атрымліваюцца ад артыкулюючых органаў іншых людзей, што вымаўляюць даны гукавы комплекс.
Зьяўляючыся зусім разьвітым у фізыолёгічных адносінах, артыкуляваны адвольны гукавы жэст ня будзе, аднак, словам у сучасным псыхолёгічным значэньні. Зьяўляючыся непасрэдным выяўленьнем пачуцьця, якое ахапіла нас пры ўспрыманьні якое-небудзь зьявы, гэты гук зьяўляецца, як яго правільна азначыў Штэйнталь, выклікам. Вундт лічыць усе сучасныя выклікі рэшткамі мінулага жыцьця натуральных гукаў. Выклік разам з выклікаўшым яго пачуцьцём прадстаўляе просты, непадзельны, так сказаць, псыхофізыолёгічны процэс.
З гэтага выкліку, як псыхофізыолёгічнага процэсу, утвараецца слова ў сучасным нам сэнсе, — слова, як чыста псыхолёгічны асоцыяцыйны процэс, у якім гук або жэст, як знадворная фізыолёгічная праява прадстаўленьня ці паняцьця, ня грае ўжо істотнай ролі.
Паступова, дзякуючы частаму паўтарэньню пэўнага гукавога комплексу, у сьвядомасьці дзіцяці або першабытнага чалавека пачынае ўтварацца прадстаўленьне гуку, папершае, слухавое прадстаўленьне, якое атрымліваецца ад мовы другога чалавека, якое зьліваецца з падобным слухавым адчуваньнем, што атрымліваецца ад уласнай мовы, і, падругое, моторное прадстаўленьне руху органаў мовы. Гэтыя прадстаўленьні, сэнзорнае і моторнае, і становяцца цяпер намесьнікамі гуку, як фізыолёгічнага процэсу руху.
У гэтай стадыі разьвіцьця мовы псыхічны стан, прадстаўленьне альбо пачуцьцё, не выяўляецца ўжо беспасярэдна ў руху; элемэнты значэньня асоцыююцца цяпер ня з самым гукавым жэстам, а толькі з яго адпаведнымі прадстаўленьнямі. Так, выклік, як беспасярэднае абнаружэньне пачуцьця, перайначыўся ў слова, як складаны псыхолёгічны процэс асоцыяцыі прадстаўленьняў.
Важную ролю пры ўтварэньні мовы гукаў-жэстаў граў, мусіць, рытм. Паўтарэньню выпадкова і інстынктыўна вырываючыхся гукаў, што абумоўлівае іх запамінаваньне і, такім чынам, дапамагае выпрацоўцы слухавых і рухавых прадстаўленьняў гэтых гукаў, адпавядалі рытмічныя рухі ў часе работы.
Рытм, якому падлягаюць нават неадвольна ўтворныя жыцьцёвыя процэсы, як крывязварот і дыханьне, прадстаўляе, такім чынам, зьяву псыхофізыолёгічнага парадку; але ён уносіцца намі таксама і ў работу адвольных цягліц. Укладаючы яе ў пэўныя паўтараныя рамкі двукратных альбо трыкратных рухаў з адным з іх, вылучаючымся па сіле, мы гэтым аўтоматызуем нашы рухі і тым самым дапамагаем захаваньню нашай псыхофізычнай энэргіі. Гэта ўкладваньне рухаў працуючых органаў у рамкі, якія паўтараюцца, дасягаецца тым, што мы іх падлягаем камандзе, якая падаецца пры колектыўнай рабоце правадыром альбо хорам, у выглядзе выкрыкваемых альбо дасьпяваемых двухскладовых ці трохскладовых стоп, складзеных падчас з выклікаў без пэўнага сэнсу. На значэньне гэтага соцыяльнага фактару ў пахаджэньні мовы паказаў яшчэ Нуарэ ў „Ursprung der Sprache“ (1877).
Фактарам, які групуе гукі ў стопы, зьяўляецца ў нашай мове націскны склад.
І пры індывідуальнай рабоце мы можам падаваць сабе каманду альбо пяяньнем альбо адлічэньнем (раз-два), якое ўтвараецца, большай часткаю, унутраною моваю.
Паданая тэорыя пахаджэньня мовы рытму не выключае, аднак, вундтаўскай тэорыі ўтварэньня мовы, а толькі можа быць дапаўняе яе, выясьняючы ролю аднаго з фактараў, што дапамагаюць умацаваньню ў памяці першапачатковых гукаў.
Гукавы артыкуляваны жэст, распаўсюджваючыся сярод членаў пэўнай моўнай грамады, паступова перайначваецца ў слова, і гэтак паступова нараджаецца мова.
Але што прадстаўляе гэтае першапачатковае слова з боку морфолёгічнага складу?
Калі мы зьвернемся да аналізу сучаснага слова, мы ўбачым, што яно складаецца, папершае, з элемэнтаў, што абазначаюць якую-небудзь істотную азнаку данага паняцьця або прадстаўленьня, і элемэнтаў, якімі абазначаюцца адносіны да другіх слоў. Але гэтай складанасьці нельга дапушчаць у першапачатковым гукавым жэсьце. Першапачатковае слова было, такім чынам, коранем, прычым гэтым коранем абазначаліся спачатку рэальныя азнакі зьяў, але потым, з разьвіцьцём мысьленьня і мовы, сталі абазначаць і адносіны паміж зьявамі. Гаворачы іншымі словамі, мы павінны дапушчаць існаваньне асобных роданачальнікаў-каранёў ня толькі для тых частак сучаснага слова, якія мы называем коранямі ў вузкім сэнсе, але і для яго канчаткаў і ўставак.
Адбітак такога прамоўнага стану можна бачыць у кітайскай мове, хоць некаторыя вучоныя, у супроцьлегласьць гэтаму погляду, бачаць у кітайскай мове якраз пазьнейшую стадыю, стадыю ўпадку граматычных форм, якая набліжаецца да сучаснае ангельскае мовы.
Такім чынам, мы павінны прызнаць за каранямі ня толькі абстрактнае, але і рэальнае быцьцё.
Сучасны стан флексыйных моў разьвіўся з больш старадаўняга прадфлексыйнага пэрыоду.
Гіпотэза прадфлексыйнага пэрыоду чалавечае мовы, якая мела шмат прыхільнікаў (Курцыус, Дэльбрюк) выклікае, аднак, пярэчаньні некаторых вучоных. З пярэчаньнем супроць яе яшчэ ў 1874 г. выступіў Потебня, які ў III разьдзеле „Записок по русской грамматике“ кажа, што нельга ад ідэальнага быцьця кораню, як ведамага абагуленьня многіх падобных слоў, заключаць к яго рэальнаму быцьцю.
Вундт, прымаўшы ў „Основаниях физиологич. психологии“ тэорыю об‘ектыўнага быцьця каранёў, — у „Völkerpsychologie“, аднак, адмаўляецца ад гэтай гіпотэзы і насьмешліва параўноўвае яе з залатым векам у мітолёгіі.
Галоўны довад, з якога адыходзіць Вундт, гэта яго погляд на адносіны паміж словам і сказам. Падобна да таго, як слова не зьяўляецца раней сказу, а толькі ў выніку яго расчляненьня, таксама і існаваньне асобнага
слова — кораню не павінна йсьці раней за складанае слова.
Але мы ўжо паказвалі на няправільнасьць погляду Вундта на пахаджэньне слова са сказу.
Слова не зьяўляецца пазьней сказу. Словам можа выяўляцца і непадзельнае прадстаўленьне, з другога боку, яно само і сродак расчляненьня; сказ-жа, між тым, выяўляе ўжо прадстаўленьне, падзеленае на свае часткі,
якія пастаўлены ў лёгічныя адносіны адно да другога.
Падобна гэтаму і складанае слова, што ўладае формальнымі элемэнтамі, якімі выяўляюцца адносіны паміж частковымі прадстаўленьнямі, ня можа йсьці раней кораню, што абазначае цэльную адзінкавую зьяву.
Такім чынам, кордынальная памылка Вундта ў поглядзе як на адносіны паміж сказам і словам, так і на адносіны паміж словам і асобнай морфолёгічнай яго часткаю, што ён правёў роўніцу паміж граматычным і псыхолёгічным аналізам. Падобна да таго, як у псыхолёгіі частковае прадстаўленьне зьяўляецца з агульнага, цэльнага, падобна да гэтага, парашыў Вундт, і слова зьяўляецца са сказу; але тут, аднак, як мы выясьнілі, адносіны адваротныя.
Спачатку чалавечая мова складалася з асобных каранёў, гэтых непадзельных морфолёгічных адзінак. Гэтыя карані-гукі падобна жэстам, можна дзяліць на прэдыкатыўныя або рэальныя і паказальныя або формальныя, адпаведна пераймальным і паказальным жэстам.
Цяпер мы зоймемся пытаньнем аб адносінах першапачатковага гуку чалавечай мовы да значэньня, г. зн. да абазначаемых прадстаўленьняў і пачуцьцяў.
Ці існуе паміж гукам і ўспрыманьнем абавязкова патрэбная ўнутраная сувязь ці, другімі словамі выказваючыся, ці вынікае гук з перайманьня, як сьцьвярджала старая тэорыя гукаперайманьня, ці сувязь паміж прадстаўленьнем і выкліканым ім рэфлектыўным гукам чыста выпадковая і неабавязковая і зводзіцца часта толькі к падабенству ў саправаджаючых і прадстаўленьне і гук адчуваньнях, як меркавала тэорыя натуральнага гуку (Naturlauttheorie).
Гэтае пытаньне, якое, па сутнасьці, зводзіцца да таго-ж пытаньня аб пахаджэньні мовы, было галоўным прадметам старой „філёзофіі мовы“.
Правільнае вырашэньне гэтага пытаньня будзе выцякаць з папярэдніх разважаньняў. Аснованай на аналізе выразных рухаў і аналізе жэстаў тэорыі пахаджэньня мовы Вундт дае назву тэорыі разьвіцьця (Entwickelungstheorie).
Мы ўжо паказалі, як зараджаецца гук.
Ён зьяўляецца раней за ўсё жэстам і вынікае з інстынктыўнага імкненьня паведаміць сваю думку другім індывідам. Усё сказанае аб прыродзе гукавога жэсту дае нам магчымасьць вырашыць пытаньне аб гукаперайманьні. Галоўным матэрыялам служыць для Вундта мова дарослага чалавека; мове-ж дзяцей ён не надае вялікага значэньня, бо шлях разьвіцьця дзіцячае мовы, паводле яго думкі, ня будзе роўналежным разьвіцьцю мовы першабытнага чалавека (онтогэнэзіс мовы дзіцяці ня будзе роўналежным філёгэнэзісу): дзіцячая мова вынікае, галоўным чынам, пад уплывам мовы дарослых.
У мове дарослых мы знаходзім, папершае, выклічнікі, якія зьяўляюцца рэшткамі першапачатковых, альбо, як проф. Зялінскі перакладае вундтаўскае Naturlaute, „прыродных гукаў, потым гукаперайманьні і, нарэшце, гукавыя вобразы.
Спынімся на разглядзе другой і трэцяй катэгорыі слоў.
Да другое катэгорыі, якую можна назваць гукаперайманьнямі ў цесным сэнсе слова, належаць гукі, якія пераймаюць беспасярэдна слухавыя адчуваньні. Да яе можна далучыць, папершае, назвы птушак па тых гуках, якія яны ўтвараюць, як расійскае кукушка, нямецкае Кuckuk, ням. Uhu, лат. bubo — „сава“, расійскае перепел з больш даўняга пелепел, параўн. таксама літ. pútpela, потым назву грому амаль ва ўсіх мовах (рас. і белар. гром, нямецк. Donner і г. д.) і, нарэшце, такія словы, як трэск, грукат, булькатаць, пырхаць, жук, бзыкаць, храбусьцець, чырыкаць, цурубоніць.
Найбольш цікавай зьяўляецца трэцяя катэгорыя — гукавыя вобразы, якія падражаюць не слухавым успрыманьням: зрокавым, датыкальным і інш. Падобнага роду словы таксама не вынікаюць з сьвядомага перайманьня. Галоўным імпульсам пры ўтварэньні гэтай катэгорыі пераймальных гукаў зьяўляецца падабенства пачуцьця.
Пачуцьцё, якое выклікаецца, напр., якім-небудзь зрокавым успрыманьнем, інстынктыўна пабуджае нас да ўтварэньня гуку, успрыманьне якога (складзенае з слухавога адчуваньня і адчуваньня, якое атрымліваецца ад артыкулюючых органаў) асоцыюецца з тым самым пачуцьцём.
Сярод гукавых вобразаў асабліва заслугоўваюць увагі „натуральныя гукавыя мэтафоры“.
Сутнасьць яе мы выясьнім на наступных прыкладах.
Амаль што ва ўсіх інда-эўропэйскіх і сэміцкіх мовах корань слова, што азначае дзеяньне лізаць, прадстаўляе злучэньне гуку л з мяккім галосным гукам е або і; расійскае лизать, літоўскае lèżiú, нямецкае lecken, лацін. lingo, грэц. λειχω, санскр. lihami. Прыведзены рад слоў зьявіўся з інда-эўропэйскага кораню leigh.
Гэты корань зьяўляецца натуральнай гукавой мэтафорай. Артыкуляцыйныя рухі органаў мовы пры ўтварэньні гукавога злучэньня ліз— або leź—, натуральна як-бы падражаюць знадворным, об‘ектыўным раздразьненьням: коўзаньне языка па нёбу як-бы сымболізуе наогул процэс лізаньня.
Падобную гукавую форму мае таксама корань lіp— у цэлым шэрагу інд.-эўроп. моў: расійск. липнуть, ст.-слав. льпѣти, літоўскае lipti, грэцкае λιπός. Рухі органаў мовы, якія служаць для вытварэньня гукаў гэтага кораню, падобны з фізыолёгічнымі ўмовамі вытварэньня гукавога злучэньня ліз— і, у сваю чаргу, сымболізуюць процэс прыліпаньня.
Такім чынам, мы бачым, натуральныя гукавыя мэтафоры могуць быць супастаўлены з сымболічнымі жэстамі.
Але самым унівэрсальным відам натуральных мэтафор зьяўляюцца назвы айца і мацеры ва ўсіх амаль што мовах.
У большасьці моў, індаэўропэйскіх і неіндаэўропэйскіх, у іменьнях айцец чуецца выбуховы зычны р, d, t, які на слух робіць уражаньне цьвёрдасьці, паміж тым як працяжны насавы m, n, які зьяўляецца ў назвах мацеры, робіць уражаньне больш мяккага гуку.
Гэтая розьніца ў слухавых адчуваньнях адпавядае, зразумела, розьніцы пачуцьцяў, якія перажывае дзіцё, як пабачыць айца і мацеру.
Натуральнымі гукавымі мэтафорамі зьяўляюцца таксама рознага роду прасторавыя абазначэньні. У прыслоўях месца і паказальных займеньніках, якія служаць для абазначэньня большай аддаленасьці, заўсёды чуецца галосны цьвёрды, г. зн. калі мы будзем адзначаць гук па вышыні характэрнага тону, — нізкі галосны (расійск там, нямецк. dort, франц. lá і г. д.)
У супроцьлежнасьць гэтым прыслоўям, у словах, якія служаць для абазначэньня блізкай адлегласьці, пераважаюць мяккія ці высокія галосныя (расійск. здесь, ням. hier, франц. ici i г. д.)[1]
Такая-ж адпаведнасьць паміж галоснымі кораню ў абазначэньні вялікіх і малых прадметаў (gross i klein, grand i petit). Аб тым, што і зьяўляецца звычайна ў словах для абазначэньня маленькіх, тоненькіх прадметаў, кажа таксама Еспэрсэн (Philologi’ca lourn. of comparat. Philology, 1921).
Пытаньню аб першапачатковай сувязі слова са значэньнем Бэк (Etymologie und Lautbedeutung im Lichte der Geisteswissenschaft, 1922, стар. 9) дае, усьлед за Навалісам, назву гэнэтычнай этымолёгіі ў адзнаку ад прагматычнай, якая, застаючыся толькі ў межах гісторыка-параўнальнага мовазнаўства данай сям‘і, дасьледуе лёс якога-небудзь слова ў абмежаваных рамках часу і месца, даводзячы яе ў лепшым выпадку да прамоўнай формы. І вось, прыбегнуўшы да параўнаньня моў розных сем‘яў, Бэк стараецца аднавіць першапачатковае значэньне асобных гукаў чалавечай мовы. На першым месцы ён ставіць прыдыховы h, які зьяўляецца першым гукам чалавечай мовы, у які перайначваецца паветра што йдзе з лёгкіх. І дзеля гэтага зразумела, што ён стаў спосабам для абазначэньня ўсяго жывучага, а пазьней — усяго боскага, незямнога. Ён сустракаецца ў санскр. Jivah, — у ст.-яўрэйскай назьве бога — J—H—V—H, потым у імені Евы (Наѵàh) — мацеры ўсяго чалавецтва. Пераходзячы ад Евы да спакусіўшага яе зьмея, Бэк заяўляе, што супроцьлежным гуку h зьяўляецца гук, які ўтвараецца зьмеем, г. зн. s. Гэты гук ляжыць у васнове абазначэньняў усяго цялеснага, земнага:
параўн. тыбецкае Lha-sa, у якім 1-я частка — Lha — (ch) азначае бог, 2-я — sa — зямля. t фігуруе ў ролі абазначэньня чагосьці закончанага, пазьней пачынае абазначаць сьмерць боскага (Tod, υαναιος).
Лічачы магчымым аднесьціся да некаторых з этымолёгіі Бэка як да „гукавых натуральных мэтафор“ (напр., магчыма, што h зьяўл. ў назвах жывога), мы, аднак, павінны запярэчыць супроць таго, што ён надае нейкае
мэтафізычнае значэньне сувязі паміж гукам і значэньнем, забываючы, што яна вынікае толькі чыста інстынктыўным шляхам.
Большасьць граматычных форм узьнікла таксама з натуральных гукавых мэтафар.
Апрача зьмены галоснага ў корані альбо ў дзеяслоўным суфіксе ў залежнасьці ад дзеяслоўнага віду (напр., падаўжэньне галоснага ў дзеяслове шматразовага трываньня), аб чым кажа Вундт, мы можам паказаць яшчэ на гукавыя адзнакі ў суфіксах іменьняў мужч. і жаноч. роду. Так, у іменьнях муж. роду зьяўляецца часьцей у якасьці суфіксу галосны о альбо и, як больш нізкі, у іменьнях-жа жаноч. роду — а альбо і — галосныя больш высокія.
У якасьці прыкладу натуральнай гукавой мэтафары граматычнага характару можна прывесьці яшчэ падваеньне, як спосаб абазначэньня множнага ліку: у мове самоа fulu значыць волас. fulufulu — валасы, у японскай јата — гара, јата-јата — горы (Вундт, Völkerpsychol. II, стар. 36).
Такім чынам, для нас цяпер зусім відавочна, што „тэорыя разьвіцьця“ ў канчатковым падрахунку даводзіць, з аднаго боку, права тэорыі натуральнага гуку і, з другога боку, права тэорыі гукаперайманьня, прычым, параўнальна з апошняй тэорыяй, яна зьмяніла толькі погляд на самое разуменьне гукаперайманьня, якое яна прадстаўляе сабе як інстынктыўнае імкненьне выразіць данае прадстаўленьне ў пэўным паказальным або сымболічным жэсьце.
Калі-ж цяпер этымолёгія многіх слоў не знаходзіць сьлядоў гэтага падабенства паміж гукам і прадстаўленьнем, гэта тлумачыцца, зразумела, тымі шматлікімі фонэтычнымі зьменамі, якія перажылі мовы ў сваім разьвіцьці.
Крыніцамі пры вывучэньні пытаньня аб прыродзе слова і яго пахаджэньні могуць служыць, апрача I т. Völkerpsychologie Вундта і цытаванага намі крытычнага артыкулу проф. Ф. Зялінскага аб гэтай працы, яшчэ праца проф. А. Л. Пагодзіна „Язык, как творчество (психологические и социальные основы творчества речи). Происхождение языка“. (Вопросы теор. и психолог. творчества, том IV, Харьков, 1913), і, нарэшце, невялічкая кніжка М. Оппокова „Народно-психологическая грамматика Вильг. Вундта“. Аднэй з новых работ па гэтаму пытаньню зьяўляецца кніга проф. Булахоўскага „Походження та развиток мови“, 1925 г.
Апісаньне процэсу мовы ёсьць таксама ў трэцім разьдзеле „Общего языковедения“ проф. А. І. Томсона.
Посьпех мэтодыкі роднай мовы можа быць гарантаваны толькі тады, калі яе падмуркам будзе зроблена вучэньне аб асоцыяцыйным і аб апэрцэпцыйным характары слова. Асабліва важнае значэньне яно мае для мэтодыкі навучаньня правапісу. Экспэрымэнтальныя дасьледзіны Лая паказалі шкоду дыктантаў, бо калі вучань зробіць адзін раз памылку, яна потым, ня гледзячы на папраўкі настаўніка, застаецца ў памяці, бо ў яго сьвядомасьці добра захоўваецца якраз першае зрокавае і моторна-графічнае прадстаўленьне памылкова напісанага слова. Наадварот, сьпісваньне, якое саправаджаецца вымаўленьнем, дае самыя лепшыя рэзультаты, бо ў даным выпадку ў сьвядомасьць пападае зрокавае прадстаўленьне правільнага з правапіснага боку вобразу слова; гэта зрокавае прадстаўленьне падтрымліваецца яшчэ прадстаўленьнямі — моторна-графічным, слухавым і руху органаў мовы, якія ідуць поруч з ім.
- ↑ Аб высокіх і нізкіх галосных глядзі наступны разьдзел.