Перайсці да зместу

Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Разьдзел I. Прырода слова і яго ўварэньне ў чалавечай псыхіцы
Падручнік
Аўтар: Пётр Бузук
1926 год
Пераклад: Платон Жарскі
Разьдзел II. Пахаджэньне і разьвіцьцё мовы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ I.

Прырода слова і яго ўтварэньне ў чалавечай псыхіцы.

Выкладаньне галоўнейшых задач навукі аб мове мы пачнем з азначэньня прыроды чалавечага слова.

Гук, які мы вымаўляем без значэньня, ня будзе яшчэ словам. Калі мы пераставім гукі, што складаюць слова рука, мы не атрымаем зноў слова, бо гукавое злучэньне акур ня мае ніякага значэньня.

Слова — гэта злучэньне знадворнага знаку, гукавога ці пісьмовага, альбо замяняючага іх псыхолёгічнага прадстаўленьня з пэўным значэньнем або думкаю. Разам з паняцьцямі й прадстаўленьнямі, што абазначаюцца ім, яно зьяўляецца злучнасьцю псыхічных процэсаў асоцыяцыі і апэрцэпцыі.

Але, з другога боку, і мысьленьне немагчыма бяз слоў; псыхічныя процэсы, якія складаюць зьмест нашых думак, абавязкова выражаюцца ў слове і зьвязваюцца з ім непадзельна.

Да слова-ж няма ніякай думкі. Аб чым-бы мы ні падумалі, мы нямінуча сваю думку павінны выказаць словамі.

Мысьленьне — гутарка з самім сабою.

Гэта зьяўляецца зразумелым нават людзям, якія стаяць на ніжэйшай ступені разьвіцьця. Так, напрыклад, полінезійцы мысьленьне называюць „гутаркаю у жываце“.

Але шырокая інтэлігентная публіка любіць звычайна прыводзіць супроць гэтага пярэчаньне, паказваючы на тое, што мы часта думаем бяз слоў, альбо на тое, што мы што- небудзь добра можам разумець, ня ўмеючы выразіць, аднак, нашу думку словамі. Але тыя, што пярэчаць, такім чынам, утвараюць псыхолёгічную памылку, прымаючы за мысьленьне дзейнасьць выабражэньня, якая сапраўды можа працякаць бяз слоў: у нашай сьвядомасьці могуць бяз слоў зьяўляцца і асоцыявацца адзін з другім розныя пачуцьцёвыя вобразы; але гэтыя конкрэтныя непадзельныя ўспрыманьні і прадстаўленьні ня будуць яшчэ ведамі, мысьленьнем.

Мысьленьне, у строгім сэнсе гэтага слова, ёсьць актыўная дзейнасьць пазнаючага суб‘екта, якая опэруе пры дапамозе паняцьцяў; яна складаецца, папершае, ва ўтварэньні паняцьцяў (дзейнасьць концэпцыі), у злучэньні альбо разлажэньні паняцьцяў (суджэньне) і ў вывядзеньні новага суджэньня з двух або некалькіх даных (умазаключэньне). У процілегласьць выабражэньню, мысьленьне ўжо нямінуча зьвязваецца са словам, складаючы разам з ім непадзельны комплекс асоцыяцыйных і апэрцэпцыйных процэсаў.

Дзеля таго, каб зразумець ролю слова ў мысьленьні, мы зробім экскурс у галіну псыхолёгіі і намалюем сьцісла малюнак утварэньня паняцьця.

Паняцьці звычайна азначаюць, як прадстаўленьне, якое належыць да цэлае клясы падобных прадметаў. Як-жа яно нараджаецца?

Утварэньне паняцьцяў прадстаўляе складаны псыхолёгічны процэс, галоўнымі бакамі якога зьяўляюцца сынтэз і аналіз. Першым момантам ва ўтварэньні паняцьцяў зьяўляецца сынтэз, заснаваны на асоцыяцыі па падабенству. Успрыймаючы знаёмую ўжо нам зьяву А, наша сьвядомасьць успамінае аб мінулым падобным успрыяцьці і сынтэзуе, супроцьстаўляючы іх адно другому, не вылучаючы, аднак, агульных азнак падабенства.

У другі момант наступае дзеяньне аналізу, галоўным арудзьдзем якога зьяўляецца актыўная апэрцэпцыя.

Дзякуючы так званай „зьмене падарожных элемэнтаў“, наша актыўная апэрцэпцыя памячае розьніцу і робіць выбар і, адкінуўшы непадобныя азнакі з двух вобразаў, якія знаходзяцца адначасова ў нашай сьвядомасьці, — успрыяцьці і ўспаміны, вылучае толькі агульныя для іх азнакі, якія і складаюць зьмест утворанага лёгічнага паняцьця.

Цяпер мы разглядзім, у якіх псыхофізыолёгічных процэсах праяўляецца агульнае паняцьце.

Ці сапраўды адпавядае паняцьцю „расьліна“ такое агульнае прадстаўленьне, якое абыймала-б усіх прадстаўнікоў расьліннага царства, што ўваходзяць у яго? Ці існуе ў нашай псыхіцы такое агульнае прадстаўленьне, якое было-б і травой, і дрэвам, і чаротам разам?

Самыя простыя псыхолёгічныя назіраньні стала нам даводзяць немагчымасьць атрымаць такое агульнае прадстаўленьне. Калі мы паспрабуем прадставіць сабе паняцьце ва ўсёй шырыні яго аб‘ёму, у нашай сьвядомасьці пачнуць зьяўляцца асобныя прыватныя прадстаўленьні, якія ўваходзяць у аб‘ём данага паняцьця: то трава, то куст (куст пэўны, які расьце ў нашым садзе), то дрэва (акацыя, што расьце каля майго вакна). Такое прыватнае прадстаўленьне і будзе намесьнікам агульнага прадстаўленьня альбо паняцьця. Але падобнага роду намесьнікі выпадковы і неакрэсьленыя. Агульнае значэньне атрымлівае паняцьце тады, калі яго намесьнікам становіцца заўсёднае, зразумелае другім людзям слова.

Існаваньне сваё агульнае прадстаўленьне атрымлівае толькі ў слове, што абазначае яго. Мы пастолькі ўладаем агульным паняцьцем расьліны, паколькі існуе толькі слова, што абазначае яго, альбо нават звычайны жэст, які зьяўляецца эквівалентам данага паняцьця.

Такая роля слова, як знадворнага знаку, непадзельна зьвязанага з думкаю; паняцьце рэалізуецца ў ім, як у валявым жэсьце, што об‘ектывізуе продукты ўнутраной, псыхічнай дзейнасьці.

Разам з гэтым знадворным знакам-жэстам паняцьце складае цэлы асоцыяцыйны процэс, які мы будзем называць процэсам слова-думкі. Асоцыяцыйны характар слова зьяўляецца першай і галоўнейшай яго рысай. Гэты погляд будзе служыць нам адыходным пунктам ва ўсіх нашых далейшых разважаньнях.

У пачатку разьдзелу мы сказалі, што бяз слова няма мысьленьня, якое прадстаўляе сувязь знадворнага гукавога знаку са значэньнем. Але разважаючы аб чым-небудзь, мы, у рэчаіснасьці, не вымаўляем голасна слоў; гукі слова замяняюцца, як тавар монетэй, яго адпаведнымі эквівалентамі — слухавымі і моторнымі прадстаўленьнямі.

У пісьменных людзей да паказаных асоцыяцый далучаецца яшчэ асоцыяцыя са зрокавым вобразам напісанага альбо надрукованага слова, ці з прадстаўленьнем рухаў рукі, з дапамогаю якіх мы пішам данае слова.

У гэтым складаным процэсе асоцыяцыі слухавых, моторных або зрокавых прадстаўленьняў з інтэлектуальнымі элемэнтамі значэньня і складаецца процэс мовы, які проф. Томсон азначае як здольнасьць разумець — гаварыць — чытаць — пісаць.

І ў кожны з асобных момантаў гэтага складанага процэсу мовы ўзбуджаюцца асобныя асоцыяцыі, якія адзначаюцца іншымі членамі і іншым парадкам. Так, пры слуханьні гутаркі другога чалавека ў нашую сьвядомасьць пранікаюць слухавыя прадстаўленьні слоў, якія і выклікаюць прадстаўленьне элемэнтаў значэньня. У гэтым зьяўляецца процэс разуменьня. Пры процэсе-ж гаварэньня парадак асоцыяцыі будзе іншы. Першапачатковым момантам зьяўляюцца элемэнты значэньня, якія выклікаюць адпаведнае прадстаўленьне руху органаў мовы. Процэс чытаньня складаецца ў асоцыяцыі зрокавага прадстаўленьня са значэньнем, і, нарэшце, парадак асоцыяцыі пры пісьме будзе адпавядаць парадку пры процэсе гаварэньня: элемэнты значэньня асоцыююцца з моторнымі прадстаўленьнямі пішучай рукі.

У кожнага чалавека можа пераважаць той ці іншы род прадстаўленьняў. У людзей, якія жывуць разумовым жыцьцём, пры шпаркім мысьленьні слухавыя, моторныя ці зрокавыя прадстаўленьні выпіхаюць элемэнты значэньня і могуць беспасярэдна асоцыявацца адзін з другім. У пісьменных людзей пераважаюць асоцыяцыі з зрокавым прадстаўленьнем напісанага ці надрукованага слова, альбо з моторнымі прадстаўленьнямі рухаў рукі. І ўсвойваюцца гэтыя асоцыяцыйныя шляхі не адначасова. А якраз у дзяцей (а таксама ў дарослых пры вывучэньні якое-небудзь мовы) раней набываецца здольнасьць разумець, чым здольнасьць гаварыць, здольнасьць чытаць у параўнаньні са здольнасьцю пісаць.

Гэткая псыхолёгічная сутнасьць процэсу слова.

Схэматычна гэтую злучнасьць здольнасьцяй, якая называецца мовай, можна прадставіць у наступным выглядзе.

Цяпер мы разгледзім, якія фізыолёгічныя зьявы ляжаць у васнове паказаных псыхічных процэсаў. Усім пералічаным відам асоцыяцыі адпавядаюць пэўныя цэнтры ў кары вялікага мозга (цэнтры Брока, Вэрніке, Degerineʻa і графічны цэнтр). Існаваньне гэтых цэнтраў было адкрыта дзякуючы назіраньням над мазгом людзей, якія пры жыцьці хварэлі частковай афазіяй.

Так, было заўважана, што пры паражэньні альбо разбураньні задняй часьці першай вісочнай зьвіліны левае поўкулі (у ляўшуноў — правае поўкулі), што ляжыць бліжэй да агульнага слухавога цэнтру, чалавек захворвае амнэстычнай афазіяй альбо так званай славеснай глухатою: успрыймаючы наогул гукі, ён губляе, аднак, здольнасьць разумець гукі чалавечае мовы, гэта значыць злучаць слухавыя прадстаўленьні з элемэнтамі значэньня. З гэтага заключаюць, што паказаная зьвіліна, названая цэнтрам Вэрніке, па імені адкрыўшага яе дасьледцы, і зьяўляецца цэнтрам, які загадвае адпаведнай асоцыяцыяй, і ляжачым як-бы на асоцыяцыйным шляху паміж слухавым прадстаўленьнем і прадстаўленьнем значэньня.

Пры гэтым захворваньні чалавек можа захаваць здольнасьць гаварыць, гэта значыць зьвязваць элемэнты значэньня з рухавымі прадстаўленьнямі, хоць наогул у большасьці выпадкаў паражэньне цэнтру Вэрніке, з прычыны трывалай асоцыацыі паміж слухавымі і моторнымі прадстаўленьнямі, якая ўстанаўляецца, цягне за сабой таксама функцыянальнае расстройства здольнасьці гаворкі.

Другім відам расстройства мовы зьяўляецца атактычная альбо рухавая афазія, якая заключаецца ў тым, што хворы, ня трацячы часта здольнасьці чуць і разумець чужую мову, ня можа, аднак, сам перадаваць свае думкі другім людзям. Ён можа вымаўляць асобныя бяссэнсныя гукі, але няздольны асоцыяваць думкі з азначаным і неабходным прадстаўленьнем руху органаў мовы.

Адпаведны мазговы цэнтр, паражэньне якога і вядзе апісанае расстройства мовы, ляжыць у задняй часьці трэцяй лобнай зьвіліны, недалёка ад агульнага моторнага цэнтру і па імені францускага дасьледцы, які адкрыў яго яшчэ ў 1861 г., носіць назву цэнтру Брока.

Цэнтрам, які загадвае асоцыяцыямі зрокавага прадстаўленьня напісанага альбо надрукаванага слова з азначэньнем яго, зьяўляецца цэнтр Дэжэрэна, які знаходзіцца ў патылічнай долі.

Патолёгічны стан апошняга цягне за сабой алексію, страту здольнасьці чытаць пры захаванай здольнасьці разумець і гаварыць.

Вучоныя дапушчаюць яшчэ існаваньне чацьвертага слоўнага цэнтру, асобнага моторна-графічнага цэнтру, паражэньне якога зьяўляецца прычынай аграфіі, якую Шарко хітра назваў „афазіяй рукі“.

Кожны з двух апошніх відаў расстройства мовы — алексія і аграфія, з прычыны ўтворанай комплікаціі паміж зрокавымі і моторна-графічнымі прадстаўленьнямі, у большасьці выпадкаў таксама звычайна падарожнічае адзін з другім.

З другога боку, зрокавыя вобразы слова досыць трывала зьвязаны з яго слуха-рухавымі прадстаўленьнямі, як гэта пацьвярджаецца назіраньнямі вучоных, якія даводзяць, што чытаньне звычайна саправаджаецца ўнутраным вымаўленьнем слоў. Бяз гэтага ўнутранога вымаўленьня можна зразумець, і то цяжка, толькі асобныя словы і невялікія сказы, разуменьне-ж больш даўгіх сказаў пры падаўленьні ўнутраной мовы становіцца немагчымым. Даную акалічнасьць можна было-б растлумачыць, дапусьціўшы, што шлях ад зрокавага цэнтру да цэнтру значэньня ляжыць ня проста, а праз іншыя цэнтры, альбо, па крайняй меры, праз цэнтр слухавых вобразаў. Але з прычыны таго мы ўсё-ткі можам навучыцца з дапамогаю практыкаваньняў чытаць толькі вачамі, і такім чынам бязумоўным становіцца існаваньне хоць і слабога, але простага шляху ад цэнтру зрокавых вобразаў да цэнтру прадстаўленьняў значэньня слоў, то дзеля гэтага Мэйман і лічыць больш удалым не фізыолёгічнае, а псыхолёгічнае тлумачэньне данай проблемы. Як відаць, мы мову слоў вывучылі раней і прыстасоўвалі значна часьцей, чым чытаныя словы, дзеля гэтага асоцыяцыя паміж прадстаўленьнем значэньня і словам, якое вымаўляецца, больш трывалая, чым паміж значэньнем і бачным словам (Очерк экспериментальной педагогики, перевод Болтунова, 1916, стр. 343).

Вучэньне Брока і Вэрніке аб мозгавых цэнтрах крытыкаваў Мары ў сваёй працы „Rewision de la question del aphasie etc“ (La semaine medicale, 1906). Грунтуючыся на фактах, якія супярэчаць вучэньню аб цэнтры Брока, а іменна, на выпадках афазіі без паражэньня зьвіліны Брока і, наадварот, на выпадках паражэньня гэтае зьвіліны без афазіі, а таксама і на сувязі рухавай афазіі са слухавой, Мары прыходзіць да наступных вывадаў: афазія Брока зьяўляецца толькі асаблівага роду ўскладненьнем афазіі Вэрніке, якая, у сваю чаргу, абумоўлена ня стратай слухавых прадстаўленьняў слоў, а расстройствам інтэлектуальнай сфэры, якая лёкалізуецца па Мары якраз у пасе Вэрніке.
Аргуманты Мары не зьяўляюцца ў выстарчаючай ступені пераканаўчымі, як давёў гэта ў сваёй прыгожай кнізе „Клинические и экспериментально-психологические исследования речевой функции“ (1908) д-р Аствацатураў. Спаслаўшыся, папершае, на заўвагу Манакова (Ergebnisse der Phisiologіе, 1907) аб тым, што клінічны матэрыял Мары складаўся з старыкоў, у якіх была помесь афатычных і інтэлектуальных расстройстваў, ён яшчэ раз пацьвярджае правільнасьць выстаўленага Брокам і Вэрніке вучэньня аб цэнтрах мовы. Выпадкам афазіі Брока без паражэньня зьвіліны Аствацатураў дае чыста псыхолёгічнае тлумачэньне, а іменна, лічыць іх вынікам цеснай сувязі моторных і сэнзорных функцый, адваротныя-ж выпадкі паражэньня зьвіліны без афазіі ён тлумачыць, як вынік досыць шпарка ўтворанай компэнсацыі функцый моторнага цэнтру іншымі часткамі лобнае зьвіліны (пры няпоўным паражэньні) альбо-ж адпаведнай галіною правае поўкулі.

Другой адзначаючай рысай слова зьяўляецца яго апэрцэпцыйны характар.

Слова — сродак апэрцэпцыі, формулюе гэту думку Штэйнталь.

Апэрцэпцыя наогул прадстаўляе асыміляцыю пазнаваемага пазнанаму, тлумачэньне невядомага пры дапамозе вядомага; па азначэньню Вундта, апэрцэпцыяй называецца „уступ прадстаўленьня ва ўнутраны фіксацыйны пункт сьвядомасьці“ (Вундт. Основы физиологической психологии).

Па сваёй псыхолёгічнай аснове яна зводзіцца, зразумела, да процэсу асоцыяцыі. Але ў такім першапачатковым праяўленьні мы маем яшчэ справу з пасыўнай апэрцэпцыяй. Пры ўспрыманьні-ж складанага прадстаўленьня альбо цэлага раду прадстаўленьняў пачынае дзейнічаць актыўная апэрцэпцыя, якая зьвязана з процэсам разьлічэньня і выбару.

Выбар, які ўтварае актыўная апэрцэпцыя, знаходзіцца ў сувязі з нашым валявым імкненьнем; паводле слоў Джэмса, ён абумоўлен інтарэсам, і дзеля гэтага процэс актыўнай апэрцэпцыі ёсьць процэс волі.

Апэрцэцыя і рэакцыя волі належаць у істотных рысах да аднаго і таго самага процэсу (Вундт, ibid, стар. 817).

Гэты процэс апэрцэпцыі зьяўляецца псыхолёгічнай схемай усёй дзейнасьці пазнаньня і па свайму лёгічнаму значэньню прадстаўляе процэс суджэньня, прычым непадзельнае ўспрыманьне, якое апэрцыпуецца і належыць пазнаньню, будзе дзейнікам, апэрцыпучыя і тлумачачыя элемэнты — выказьнікам.

Але гэтым у рэчаіснасьці справа не канчаецца.

Процэс апэрцэпцыі, як і ўсякая іншая псыхолёгічная зьява, рэалізуецца і завяршэньне сваё атрымлівае ў слове, альбо нават звычайным жэсьце.

Як жэст, гэтак і слова, ня гледзячы на значную паміж імі розьніцу, набывае ўласьцівасьць, дзякуючы заўсёднаму значэньню і заўсёднай знадворнай форме, раскладаць пачуцьцёвы вобраз і адшукваць у ім агульнае з раней пазнаным і становіцца, такім чынам, сродкам абазначэньня ўсіх падобных успрыманьняў і прадстаўленьняў, становіцца псыхолёгічным выказьнікам да ўсіх наступных дзейнікаў.

У гэтым пазнаваньні знаёмых нам зьяў і іх абазначэньні альбо названьні і складаецца ўсё наша пазнаньне. І як бы мы ні назвалі прадмет, зусім бязумоўным зьяўляецца тое, што бяз жэсту ці слова, як прэдыкату суджэньня, немагчыма ніякае мысьленьне.

Мы гаворым і мысьлім толькі сказамі.

Першае слова, якім азначаецца пачатковы момант мовы, і нават першапачатковы жэст, будзе ўжо сказам, і з аналізу яго, як лічыць проф. Ф. Зялінскі ў сваім артыкуле аб працы Вундта, і патрэбна-б было пачынаць дасьледзіны мовы.

Зьвяртаючыся да дасьледзін псыхолёгічнай прыроды суджэньня — сказу, мы бачым, што азначэньне суджэньня, як злучэньня прадстаўленьняў ці слоў супярэчыць рэчаіснасьці.

Мы ўжо бачылі, што псыхолёгічны выказьнік зьяўляецца раскладаньнем непадзельнага пачуцьцёвага прадстаўленьня ці думкі. Яшчэ Штэйнталь першы паказаў, што суджэньне ня ёсьць злучэньне двух паняцьцяў альбо прадстаўленьняў, але „пачуцьцёвы вобраз ёсьць першае, прэдыкат-жа — раскладаньне гэтага адзінства“.

Але больш пэўна разьвівае гэтую думку Вундт.

Каб вытлумачыць прапанаванае ім азначэньне сказу, мы прывядзем наступны прыклад.

Нам дадзены сказ: дрывасек піліць бервяно. Першапачатковым непадзельным вобразам для нас зьяўляецца від бервяна, дрывасека і пілы. Потым наша ўвага вылучае з агульнага малюнку прадстаўленьне дрывасека і прадстаўленьне бервяна. Атрыманыя такім шляхам падзельныя прадстаўленьні выклікаюць адпаведныя прадстаўленьні артыкуляцыйных рухаў. Выразіўшы пры гэтым канчаткам вінавальнага склону адзіночнага ліку бервяно, а таксама парадкам слоў (што асабліва важна пры супаданьні форм назоўнага і вінавальнага склонаў адзіночнага ліку) сынтаксычныя адносіны паміж прадстаўленьнем дрывасека і прадстаўленьнем бервяна, мы атрымаем сказ, які Вундт і азначае як „выраженное средствами языка производное расчленение совокупного представления на его составные части, поставленные в логическое отношение друг к другу“.

Шляхам далейшага расчляненьня з асноўнага прадстаўленьня вылучаецца шэраг азнак (стары дрывасек, піліць пілою, тоўстае бервяно), і разам з гэтым мы атрымаем шэраг новых суджэньняў.

Аналіз злучнага прадстаўленьня распадаецца, такім чынам, на рад пасьлядоўных актаў апэрцэпцыі, з якіх кожны будзе раздваеньнем папярэдняга складанага прадстаўленьня. Сродкам-жа гэтай апэрцэпцыі, як мы ўжо гаварылі раней, і зьяўляецца слова. Такім чынам, слова ня толькі асоцыяцыйны, але ў той самы час і апэрцэпцыйны процэс.

У гэтай уласьцівасьці расчляняць складанае прадстаўленьне на часткі і кожную частку азначаць адпаведнай адзінкай, але, самае галоўнае, у здольнасьці азначаць за тым і адносіны паміж часткамі расчлянёнага цэлага і заключаецца галоўная адзнака мовы чалавека ад мовы жывёл. Романэс („Духовная эволюция человека“, руск. пер., 1905 г., стар. 190, 191) вельмі ўдала параўноўвае мову чалавека з рухомым літаравым (друкарскім) запасам, які можна лёгка разьмяркоўваць у залежнасьці ад зьместу думкі, у той час як мова жывёл, якая заключаецца галоўным чынам у разуменьні мовы чалавека, нагадвае скарэй стэрэотып: жывёлы беспасярэдна асоцыююць цэлы вобраз з вядомым словам. Якраз гэтым сэнсавым псыхолёгічным, а не гукавым, бокам і адзначаецца, галоўным чынам, мова чалавека ад мовы жывёл, якія здольны часамі (напрыклад, папугай, шпак) рабіць гукі, блізкія да членападзельных гукаў чалавечай мовы.

Але далей Вундт робіць памылку, сьцьвярджаючы, што наогул у разьвіцьці чалавечай мовы асобнае слова, як абазначэньне асобнае азнакі ці падзельнага прадстаўленьня, якое прадстаўляе рэзультат раскладаньня пачуцьцёвага вобразу, зьявілася пазьней з больш першапачатковых цэлых сказаў, што абазначаюць непадзельнае пачуцьцёвае прадстаўленьне.
Паўтарэньне данага комплексу гукаў, што прадстаўляе вядомае слова, і ўступленьне яго ў злучэньне з іншымі комплексамі — словамі і зьяўляецца, па Вундту, падставай для яго разьлічэньня і адасабленьня.
Але ў сутнасьці гэты погляд зьяўляецца праўдзівым толькі ў адносінах да сучаснае нам мовы.
У мінулым-жа жыцьці мовы асобнае слова, вырванае са сказу, не зьявілася пазьней цэлага граматычнага сказу; ім, г. зн. словам, выражалася ня толькі частковае прадстаўленьне, але таксама і непадзельнае пачуцьцёвае прадстаўленьне, і таму асобнае слова якраз раней ідзе за сказ сучаснага тыпу, які зьяўляецца ўжо выражэньнем падзельнага на свае часткі злучнага прадстаўленьня.
Праўда, гэта асобнае слова магло быць, уласна кажучы, цэлым сказам ці, дакладней, адным з яго членаў пры прапушчаных іншых членах.
Прыняўшы гіпотэзу паралелізму онтогэнэзісу мовы яго філёгэнэзісу мы магчымасьць падобных слоў-сказаў у мове першабытнага чалавека можам пацьвердзіць прыкладамі з мовы дзяцей, у якой стул (тюй) можа азначаць стул упал, дай мне стул, это стул і г. д.
Але ці будзе слова прэдыкатыўнымі адносінамі да конкрэтнага вобразу, ці азначае яно падзельнае частковае прадстаўленьне, — бязумоўным зьяўляецца тое, што па-за процэсам яно ня існуе і, разгляданае незалежна ад апошняга, яно сапраўды прадстаўляе абстракцыю.