Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі (1919, Горадня)
| Асновы дзяржаўнасці Беларусі Гістарычная праца Аўтар: Мітрафан Доўнар-Запольскі 1919 год |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Асновы дзяржаўнасці Беларусі |
М. В. Доўнар-Запольскі.
Асновы
Дзяржаўнасьці
Беларусі.
Выданьне Міністэрства Беларускіх Спраў.
Городно.
1919.
Асновы Дзяржаунасьці Беларусі.
I.
Беларусь — гэта абшырная старонка, якая складаецца з губэрній: Менскай, Магілеўскай і Смаленскай (цэлком), блізка усяе Вітэбскай губ. (апрача Рэжыцкага і Люцынскага паветау), блізка усяе Віленскай (апрыч часьцей Троцкага, Віленскага і Сьвенцянскага пав.), Гродзенскай губэрні, трох пауночных паветау Чарнігаускай губ., ды з сумежных валасьцей губэрній: на заходзе — Сувалскай, на усходзе — Пскоускай, Тверскай, Калужскай і Арлоускай. Усяго абшару Беларусь мае каля 258.000 квадр. кіломэтрау, на якім жыве 12 мільенау беларусау і больш за 3 мільены іншых нацыянальнасьцей — вялікарусау, жыдоу, палякоу, татарау. Беларускі народ занімае гэны абшар, сядзючы на ім густой грамадой, у якую умешаны другія нацыі, каторыя прыйшлі сюды з чужых краеу і пераважна гуртуюцца па гарадох і мястэчках
Часамі даводзіцца чуць як быццам вагаючыяся і сумлеваючыяся галасы: ці можа Беларускі народ стварыць сваю асобную і ні ад каго незалежную дзяржаву, або прынамсі увайсьці у саюз дзяржау, як фэдэрацыйная частка? Гэткія ваганьні і сумлеваньні вынікаюць з незнаемства людзей з роднай мінуушчынай і з не даволі поунай ацэнкі культурнай стойкасьці беларускага народу.
Часамі такжа іншыя наіуна сумлеваюцца: дый ціж была калі наша Беларуская дзяржава? Прауда, пад гэткім назовам яна не істнавала, як не істнавалі у цяперашняй форме дзяржавы Італьянская, Бэльгійская, Украінская і інш. Але беларусы станавілі крэпка збудаваную дзяржаву, зложаную з беларускіх плямен так-званай Літоускай Русі, значыць, злучаных з Літоускім князьствам. І Беларусь, як зараз убачым, толькі зусім нядауна утраціла сьляды сваей колішняй крэпкай і стойкай дзяржаунасьці, меушай такія праявы разьвіцьця, якімі мы можам толькі пахваляцца з гордасьцю і павінны дабівацца аднауленьня іх.
Асновы беларускай дзяржаунай незалежнасьці глыбока заложаны у самым Беларускім народзе і апіраюцца на моцных фундамэнтах — гістарычных, этнаграфічных, лінгвістычных і эканамічных. Яны выяуляюцца ва усей мінуушчыне Беларусі, яны есьць у беларусау і цяпер, захаваныя глыбока у народных массах, — і затым-то наша дзяржаунасьць павінна апірацца на дэмакратычных элемэнтах краю.
Беларусы — гэта бадай ядыны народ (мо толькі апрача палякоу), які з прадвечных часоу жыве у сваей старонцы, ніскуль сюды ня прыходзіу, дык і не набрауся чужацкіх элемэнтау. З гэтай прычыны паводлуг сваіх гістарычных і этнаграфічных асобнасьцей беларусы становяць найбольш чыстае славянскае племя, захаваушае і зверхны выгляд славяніна, і шмат адзнак яго псыхікі і быту.
Жаданьне збудаваць сваю дзяржауную незалежнасьць уменьне бараніць яе, жаданьне дайсьці вольнага дэмакратычнага ладу — вось аснауныя рысы гістарычнай мінуушчыны Беларускага народу. І мы ня ведаем другога славянскага племі, у якога гэта рыса выяулялася-бы ярчэй, чымся у нашых прашчурау.
II.
Першае, аб чым нам апавядае наша найстарэйшая летапісь, гэта тое, што на абшары цяперашняй Беларусі жылі тры родныя сабе плямены: Крывічы, Дрыгвічы і Радзімічы, Першыя жылі уздоуж верхняе Дзьвіны і верхняга Дняпра, другія занімалі ваколіцы уздоуж Прыпяці, трэйція — землі, праз якія цячэ Сож. Навукай этнаграфіі, філологіі і гісторыі цяперака ужо цьверда даведзена, што гэныя тры плямены ужо у тыя часы ня рожніліся між сабой ані мовай, ані правам сваім, ані рэлігійнымі абрадамі, ды усімі гэтымі супольнымі адзнакамі вельмі рожніліся ад плямен, якія становяць пачатак Вялікарускага і Украінскага народау. Першыя запісаныя асобеннасьці беларускае мовы сягаюць VII сталецьця. Частка племі Дрыгвічоу у часах перасяленьня народау пакінула свой край, прабілася на Балканскій палуострау і пасялілася навакол Салонік. Грэкі называлі іх Другувітамі. Мовы Другувітау навучыліся сьв. Кірыла І Мефодзій.
Сперша кожнае з беларускіх плямен жыло сваім асобным жыцьцем. Калі у другой палавіне IX сталецьця у Кіеве утварылася дзяржава „Русь“, дык беларусы папалі у яе пазьней, чым усе другія. Спаміж беларусау першая увайшла у склад Русі Смаленская часьць Крывічоу. У Дрыгвічоу быу свой князь, у Полацкіх Крывічоу — так сама асобны князь Рагвалод. Толькі сьв. Валадзімір у другой палове X сталецьця зваявау Полацак, забіу Рагвалода і узяу сабе за жонку дачку яго, Рагнеду. Але нават і гэты князь ня здолеу удзяржаць Палачан у пакорнасьці Кіеву і дау ім за князя свайго сына, унука Рагвалодава. Цікауна, што пад той час, як усе „рускія“ землі прызнавалі княжы род Рурыковічау, Полацкае князьства мела сваіх асобных князеу з роду Рагвалода. Гэта дзівіла і старабытнага летапісца. Дый другія часьці ня доуга аставаліся пад Кіевам: кіеускія князі ужо у канцы X сталецьця былі прымушаны даць асобных князеу Дрыгвічам і Смаленскім Крывічам.
Такім чынам на зямлі Веларускай утварылася некалькі князьств: Смаленскае на Дняпры, Полацка-Вітэбскае на Дзьвіне і верхнім Немне, ды Турауска-Пінскае на Прыпяці. Гэтыя князьствы занімалі абшар усяе цяперашняй Беларусі. Кожнае з іх было незалежнай дзяржавай з асобным княжым родам — Рагвалодавічамі і Рурыковічамі. Усе яны многа ваявалі, шырока вялі таргоулю, адзначываліся высокай культурай.
К XIV сталецьцю род Рагвалодавічау вымірае. Перш абшырнае Турауска-Пінскае князьства пабілася на некалькі дробных і слабых князьств, і у іншых з іх уласьць перайшла да жанок.
Як раз у гэтых часах на заходзе, у межах мала-культурнага Літоускага народу, утварылася незалежная Літоуская Дзяржава. Першыя літоускія князі прылучылі да гэнае дзяржавы невялікія суседнія беларускія землі і нават сваю сталіцу, Вільню, пабудавалі на зямлі беларускага народу. Гэтак сама і іншыя Беларускія князьствы пачалі далучацца да Літвы — часьцю затым, што літоускія князі жаніліся з прадстауніцамі выміраушых беларускіх княжых родау, часьцю — самахоць, на аснове умоу.
Гэтак вялікі князь літоускі папраудзі стауся князям Беларускіх зямель. Вялікія князі рабілі умовы з князьствамі Полацкім, Смаленскім і Вітэбскім і давалі ім асобныя констытуцыйныя граматы; а там, дзе княжыя роды панавалі далей, мясцовыя князі лічылі сябе прыслухаючымі вялікаму князю літоускаму, вассаламі яго. Гістарычная навука зусім адкідае усе гутаркі аб тым, быццам Беларускія землі былі заваеваны літоускімі князямі.
У часах будаваньня Літоускага і Беларускага князьства было ужо усім вядома імя Беларусі і беларусау, якое азначала „Русь“ вольную, свабодную ад платы падаткау наезднікам („белым“ тады наагул называлі чалавека, вольнага ад падаткау), ды гэтак выдзяляла Беларусь ад другіх частак абшырнага „рускага“ племі, на каторыя татары накладалі падаткі. Злучыушыся з маленкім Літоускім народзікам і прызнаушы найвышэйшую, сувэрэнную уласьць вялікага князя Літоускага, кожнае з беларускіх князьств мела поуную незалежнасьць і йшчэ доугі час захоувала свае сувэрэнныя правы.
Гэтак злажылася Літоуска-Беларуская дзяржава, урадом называушаяся Вялікім Князьствам Літоускім, Рускім [1] і Жмудзкім.
Беларусы пераважывалі у гэнай дзяржаве і сваім чыслом і сваей якасьцю: пад той час нашы прашчуры адзначываліся ужо высокім разьвіцьцем дзяржаунасьці, мелі свае пісьменства — літэратуру, вялі абшырную таргоулю з немцамі, літвіны да злучэньня з „Русьсю“ ня мелі ні дзяржаунасьці ні пісьменства, ні тарговых зносін і знаходзіліся на вельмі нізкай ступені разьвіцьця. Чысьленая перавага беларусау гэтай дзяржаве выявіцца з асаблівай яркасьцю, калі прыпомнім, што Літоускі народ занімау усяго толькі каля пятай часткі абшару Вялікага Князьства Літоускага. Да таго трэба памятаць, што нават у XVII сталецьці насяленьне сапрауднай Літвы было вельмі рэдкае.
У 1385 гаду вялікі князь літоускі зрабіу саюз з Польшча і падпісау акт уніі (еднасьці). Аднак, паводле гэтай умовы вялікі князь Літвы і Русі ня губляу свае незалежнасьці. Калі-ж літоускія князі пачалі барацьбу з Ягайлай за поуную незалежнасьць Літвы і Русі, дык іх паддзержывалі як раз беларускія нацыянальныя элемэнты. З гэтай прычыны да 1447 году Літоуска-Беларуская дзяржава то прызнавала найвышэйшую сувэрэнную уласьць польскага караля, то мела сваіх асобных валадароу. Палякі-ж, каб зьвязь Польшчы Літвой-Русьсю не разарвалася, зумысьля стараліся выбіраць вялікіх князеу Літоускіх на каралеускі пасад. Напрыклад, 1440 гаду літвіны і беларусы узьвялі на свой вяліка-князяускі пасад Казіміра Ягайлавіча; а калі у 1447 гаду апусьцеу польскі каралеускі пасад, дык палякі выбралі за караля таго-ж Казіміра. У 1492 гаду Літва і Русь, асабліва апошняя, выбралі за вялікага князя Аляксандра Казіміравіча, каторы 1501 гаду быу выбраны за польскага караля. У 1507 гаду літвіны і беларусы выбралі за свайго вял. князя Жыгімонта Казіміравіча, а сьледам за імі у тым-жа гаду палякі яго-ж узьвялі на польскі трон. Калі-ж літвіны за насьледніка вял. князя йшчэ пры жывым бацьку выбралі Жыгімонта-Аугуста дык і палякі пайшлі па іх сьлядох. Між іншым, Жыгімонт-Аугуст ад 1544 да 1548 году гаспадарыу у дзяржаве зусім незалежна пры старэнькім бацьку і быу апошнім асобным князям Літвы і Русі.
Гэтак, ад 1447 да 1569 году Літва і Беларусь знаходзіліся у пэрсональнай уніі (еднасьці праз асобу караля) з Польшчай, і гэная форма еднасьці зусім не зачапляла сувэрэннай асобнасьці Літоуска-Беларускае дзяржавы.
Але Жыгімонт-Аугуст ня меу дзяцей, ды ужо пачала набліжацца старасьць яго. Польскія дыпляматы бачылі магчымасьць разрыву з Літвой і Русьсю, тым болей, што было вядома аб істнаваньні сільнай маскоускай партыі, якая манілася узвясьці на пасад князя з маскоускага царскага роду. Маскоуская партыя выяуляла гэткую думку і раней, — нават пры Ягайлавічах. Вось, палякі напружылі усе свае сілы, каб зрабіць новую умову аб уніі (дзяржаунай еднасьці). Усе злажылася памысна для палякоу. У 1569 гаду Літоуска-Беларуская дзяржава, веушая цяжкую барацьбу за панаваньне над Балтыцкім узьбярэжжам і за места Рыгу, ня маючы сілы перамагчы Маскву, прыстала на унію з Польшчай.
Трэба зауважыць вось што. У часах будаваньня Літвы яна прылучыла да сябе такжа і пауднева-рускія землі: Валынь, Кіеушчыну і усходнюю частку Падольля. Але гэныя землі былі тады вельмі спустошаны татарамі і у агульнадзяржауным жыцьці прынімалі толькі зусім невялікае учасьце. У 1569 гаду гэтыя землі, а так сама Падляхія (палудзенная частка Гродзеншчыны) былі прылучаны палякамі да Польшчы і абернены у польскія правінцыі. Такім чынам пасьля 1569 году толькі беларусы і Літва захавалі сваю незалежнасьць і зрабілі умову аб уніі з Польшчай, як роуны з роуным.
Зьмест акту аб польска-літоускай уніі быу гэткі: абедзьве дзяржавы злучаліся на вечныя часы у такім значэньні, што яны павінны былі мець супольны парлямэнт (сэйм), якому прыналежыць права выдаваць законы і выбіраць супольнага гаспадара — караля і вялікага князя. Аднак, у Літве. і Беларусі уласьць вялікага князя выяуляецца незалежна: законы, войска, грошы, фінансы і міністэрствы кожная дзяржава мае асобныя. У акце уніі ня зусім ясна гаворыцца аб тым, у якім складзе супольны сэйм выдае законы для кожнай дзяржавы. У Літве і Беларусі мелі сілу толькі тыя законы, выданыя супольным сэймам, у каторых гэта было спэцыяльна абгаворана. А спэцыяльныя законы для Літоуска-Беларускай дзяржавы разглядаліся толькі літоуска-беларускімі дэпутатамі.
Толькі у другой палавіне XVII сталецьця гэты разьдзел пачау на практыцэ зацірацца і пачалі зьяуляцца супольныя для абедзьвых дзяржау установы. Але гэта ужо былі часы разьдзелу і упадку Літоускага гаспадарства.
А усе-ж унія аказалася пагібельнай як для Польшчы, так і для Літоускай Русі.
Палякі не здаволіліся актам саюзу, а кінуліся апалячываць Русь і акаталічываць яе праваслаунае насяленьне, часта апіраючыся на каралеускую уласьць, якая паддавалася іх намовам у рэлігійна-нацыянальных справах. У 1596 гаду палякі, супроць волі вялізарнай большасьці праваслауны жыхарау і карыстаючыся здрадай некалькіх праваслауны біскупау, дабіліся царкоунай уніі, — значыць, злучэньня праваслаунай цэрквы з каталіцкім касьцелам. Тады узьнялася вельмі вострая рэлігійна-нацыянальная барацьба. Націск польшчыны і каталіцтва прымусіу згуртавацца супроць яго усіх праваслауных беларусау. У каталіцтва перайшла пераважная частка шляхты, прынімаючы ад палякоу разам з рэлігіей іх язык і культуру. Гэтак „вярхі“ народу адшчапіліся ад яго „нізоу“. Але сільнае мяшчанства па гарадох крэпка бараніла сваю нацыянальнасьць і веру. Сялянства пераходзіла на унію толькі пад прынукай. Усе сілы і засобы багатага і культурнага народу абярнуліся на рэлігійную і нацыянальную барацьбу. Ужо у XVIII сталецьці выяуляецца па местох упадак таргоулі і промыслау. Нельга ня прызнаць, што палякі дайшлі свайго. Польская культура і мова пранікалі усе глыбей і глыбей у вярхі грамадзянства, якія усе болей разрывалі зьвязь з мяшчанствам і сялянствам; апалячываньне шырылася і па гарадох, асабліва вялікшых. Ад другой паловы 17 сталецьця беларуская мова нават пачынае уступаць месца у законах, судох, адміністрацыйных установах лацінскаму або польскаму языку.
Але хоць апалячываньне і акаталічываньне і выяулялася у верхніх слаех народу, — усе-ж сяляне і у значнай меры мяшчанства цьверда баранілі далей свае права на незалежны рэлігійна-нацыянальны быт. То былі цікауныя часы злоснай барацьбы, якая йшла у літэратуры, у школах, у дыспутах і спорках, заходзячы часамі да бітв на кулакі паміж прадстаунікамі розных рэлігій і нацыянальнасьцей. У XVIII сталецьці усе беларускае і праваслаунае цярпела цяжкое гнібеньне. Але тады праваслауныя пачалі шукаць сабе заступніцтва за межамі сваей дзяржавы і уцягіваць у гэну барацьбу расейскую царыцу Кацярыну II.
Кацярына II здауна ласа углядалася на усходнія акраіны Польскай Рэчыпосполітай, дык ахвотна умяшалася у рэлігійныя справы у Беларусі і патрэбу абароны праваслаунай веры выкарыстала дзеля падняцьця пытаньня аб разьдзеле Польшчы. Адна за аднэй суседнімі дзяржавамі былі зроблены тры умовы аб разьдзеле, каторы усе Беларускія землі аддавау Расейскай імпэрыі у ніжэйпісаным парадку. Паводлуг умоу: 1772 г. з Прусамі і Аустрыей і 1773 — з Польшчай да Расеі адыйшлі: Полацкае ваяводзтва (апрача часткі яго на правым беразі Дзьвіны), Вітэбскае (без Аршанскага павету), Мсьціслаускае і часьці Менскага. Разьдзел 1793 г. дау Расеі Менскае ваяводзтва і значныя часьці Віленскага, Навагрудзкага і Берасьцейскага (Брэст-Літоускага). Разьдзел 1795 году аддау Расеі рэшту ваяводзтв Навагрудзкага і Берасьцейскага. Урэшці паводле трактату у Тыльжы ( Тільзіт) 1807 году пад расейскае панаваньне перайшла Беласточчына. Так уся Беларусь апынілася у складзе Расейскай імпэрыі. Палітычная незалежнасьць Беларусі была загублена. Яе свабодныя установы былі прымушаны прыпыніць сваю работу. Ужо за Кацярыны II пачалі завадзіць у Беларусі расейскі дзяржауны лад і расейскія законы. Прауда, імпэратар Павал вярнуу ізноу Літоускі Статут (зборнік краевых законау), але даунейшага самаупрауленьня цэлком назад не вярнулі. Губэрскія зьезды шляхты часьцю замянялі старыя шляхоцкія сэймікі, але устанауленьне і у Беларусі правоу расейскае шляхты не магло здаволіць беларускую шляхту. Літоускі Статут меу яшчэ сілу да імпэратарскага указу 1840 году, а з таго часу пачынаецца аканчацельная перастройка суда і упрауленьня на расейскі капыл.
Расейскія парадкі ня толькі зьніштажалі шляхоцкія вольнасьці у палітычным жыцьці, але і мелі на мэці барацьбу з пануючым палажэньнем апалячанай шляхты і каталіцтва, якое вяло палітычную работу. Гэную барацьбу расейскі урад веу няудачна, груба, бяз ніякае сыстэмы. Расейскі урад бадай да 60-ых гадоу мінулага сталецьця, — значыць, да губэрнатарства М. Н. Муравьева, — кепска разумеу, што ен мае дзела з Беларускім краем. Згодна з агульным кірункам сваей палітыкі, урад ня мог абаперціся на больш дэмакратычныя элемэнты: на сялян і мяшчан, на астаткі ніжэйшай праваслаунай шляхты. З гэтай прычыны, — як гэта ні дзіуна, — апалячываньне у пачатку расейскага панаваньня зрабіла вялікі крок упярод, бо расейскі урад пасьпеу ужо адапхнуць ад сябе усіх, хто быу пранікнуты беларускім нацыянальным духам. Прауда, імпэратар Мікалай I у 1839 гаду аб‘явіу прымусовае прылучэньне уніятау назад да праваславія, але гэты акт быу толькі новым гвалтам над людзкім сумленьнем і яшчэ больш настроіу народ проці расейскага правіцельства. Дык і ня дзіва, што і у 1831 і у 1863 г.г. Беларускія землі крэпка паддзержывалі польскія паустаньні. Да паустаньняу прылучаліся ня толькі апалячаныя шляхоцкія элемэнты, але і людзі розных станау, у тым ліку сяляне і рамесьнікі: бо тут справа йшла ня толькі аб адбудову Польшчы у яе старых межах, але і аб вызваленьне з пад цяжкага маскоускага панаваньня.
III.
Усе вышэйпісаныя факты — гэта фармальная старана разьвіцьця нашае дзяржаунасьці. З іх ясна відаць, што у першых часах сваей гісторыі Беларусь была асобным, незалежным князьствам, якое мела усе адзнакі дзяржаунай сувэрэннасьці. У другі пэрыод — у часах злучэньня Беларусі, з Літвой — гэтае злучэньне сперша мела форму фэдэрацыі Полацкага, Вітэбскага і Смаленскага князьства з князьствамі Віленскім і Троцкім — пад той час, як на іншых беларускіх землях яшчэ аставаліся удзельныя князі (Турауска-Пінскія, Слуцкія, Мсьціслаускія, Старадубскія і інш.), быушыя вассальнай залежнасьці ад вялікага князя Віленскага. На тым, што злучэньне памянутых князеуств станавіла фэдэрацыю, годзяцца усе вучоныя. Але тагочасныя людзі разумелі гэную фэдэрацыю, як пэрсональную унію (еднасьць праз асоб гаспадара), пры каторай вялікі князь Літоускі быу адначасна і князям Полацкім, Смаленскім і Вітэбскім, меу у кожны князьстве свой двор, спауняу свае чыннасьці, прыяжджаючы у кожнае, князьства асобна. Толькі каля сярэдзіны XVI сталецьця гэная форма пэрсональнай уніі зьмяняецца у фэдэрацыю паадзінокіх зямель, каторыя пасылаюць сваіх прадстаунікоу у агульна-земскі парлямэнт. Акт 1569 году нельга лічыць за адну з вядомых цяпер дзяржаунаму праву форм зьліцьця асобных зямель у адну дзяржаву — злучэньня унітарнага. У навуцы унія 1569 году называецца парлямэнцкай уніей, пры чым сувэрэнныя правы злучанага Літоуска-Беларускага гаспадарства былі акуратна абгавораны у гэтым акце і мел сілу ажно да прылучэньня Беларусі да Расеі.
Але у канцы XVIII сталецьця Беларусь аказалася прылучанай да Расейскай імпэрыі, утраціушы свае сувэрэнныя правы — правы незалежнай дзяржавы. Некаторыя асаблівасьці у законах, вытварыушыяся згодна з яе гістарычным разьвіцьцем, Беларусь захавала да 1840 году.
З гэтага вынікае, што Беларусь, як і яе суседка Літва мае такія-ж правы на адбудову сваей дзяржаунасьці, як Польшча. Тое, што Беларусь і Літва нейкі час знаходзіліся у уніі з Польшчай, не пазбауляе іх права на адбудову дзяржаунай незалежнасьці у форме супольнага Беларуска-Літоускага гаспадарства, ці нават у форме асобных дзяржауных арганізацый, бо і на гэта і Беларусь і Літва маюць як агульнае права кожнай нацыянальнасьці жыць незалежным: жыцьцем, так і правы гістарычна-юрыдычныя.
Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі мінуушчыны — тым больш, што Беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундамэнтах дзяржаунасьці на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасьці адметнай гістарычнай культуры.
Гэтыя асобеннасьці чырвонай ніткай праходзяць цераз усю мінуушчыну беларусау і цераз іх сучасны быт, і вось да іх мы з чароду пяройдзем.
IV.
Найдаунейшыя часы гісторыі Беларусі адзначаны панаваньнем дэмакратычных ідэй у грамадзкім і гаспадарскім ладзе. Найвышэйшая уласьць прыналежыць вечу, або народнаму сходу, каторы у Вітэбску і Полацку выбірау князеу, а у Смаленску і Тураве бяз згоды яго уласьць не магла перахадзіць ад аднаго князя да другога. Разьдзелу на станы ня было: панавала роунасьць. Гэткі лад дзяржауся да пачатку XVI сталецьця, калі перакінуушыйся з Літвы і Польшчы разьдзел на станы зрабіу вялікія перамены у старабытных дэмакратычных парадках. Аднак, кожын з трох станау, на якія быу падзелены беларускі народ, захавау сьляды даунейшае уласьці народу. Пакуль сяляне былі вольныя, яны мелі свае валасное веча і валасны суд, датрываушыя блізка да сярэдзіны XVII сталецьця шмат у якіх месцох і перайшоушыя пасьля у сельскія арганізацыі і сходы, жывыя і цяпер. Месты аставаліся вольнымі грамадамі; у іх дэмакратычная роунасьць і суды былі забяспечаны каралеускімі прывілеямі, за якія мяшчане у патрэбі умелі бароцца. Вышэйшы ваенна-служэбны стан выпрацавау для сябе такую форму констытуцыі, каторая давала гэтаму стану права вельмі шырокага учасьця у справах гаспадарства, пачынаючы ад выбару вялікага князя і канчаючы справамі вайны і міра і правадауства. Констытуцыю баранілі асобныя прывілеі, выпауняць каторыя вялікія князі запрысягаліся. Шляхоцкі стан, як ваенна-служэбны, дабіуся найбольш у разьвіцьці парлямэнцкага устройства. Сперша ен складауся з двох слаеу: панства-арыстакратау і неарыстакратау. Нерадавітыя элементы дабіліся поунай роунасьці з радавітымі, абдоранымі прывілеямі. Але шляхоцкага стану у Беларусі нельга зусім раунаваць да шляхты у Заходняй Эуропе. Шляхта у Літве і Беларусі — і асабліва у Беларусі — была вельмі чысьленая і сваей заможнасьцю перэважна ня рожнілася ад сялян. Гэта — тыя-ж адвечныя земляробы, дробныя земляуласьнікі, якіх бралі на ваенную службу: яны сваімі уласнымі рукамі выраблялі зямлю, маючы яе часта зусім мала. На іх долю выпадала найцяжэйшая служба у гасударстве, і вось за гэту службу іх абдорывалі прывілеямі, і яны у сваіх правох зьліліся з нячысьленым радавітым, часьцю тытулованым панствам, паходзіушым ад старых княжых родау.
Панаваушый у Літоуска-Беларускім гаспадарстве дзяржауны лад — гэта лад рэспубліканскі з выбарным дажывотна прэзыдэнтам, каторы называуся вялікім князям. Так у новай форме адрадзілася традыцыя народнае уласьці старой Русі. Гістарычныя рэспубліканскія традыцыі нашага народу не на жарт палохалі царскае правіцельства: у межах быушай Расейскай імпэрыі ня было другой старонкі, да каторай царскі урад адносіуся-бы гэтак-жа сурова, як да Беларусі. Зьнішчыушы польска-беларускія школы, расейскі урад ня дау нам ніводнай вышэйшай школы, нават духоунай акадэміі, ды блізка зусім не адкрывау гімназій, а да істнуючых адносіуся так, што за Аляксандра III чысло школ і вучняу у іх нават паменшала, раунуючы да ранейшых часау. Урадовая палітыка вельмі шмат памагала апалячываньню краю, бо усі, хто думау аб палітычным вызваленьні, далучаліся да палякоу, з каторымі спадзяваліся разам дайсьці спауненьня сваіх ідэалау. Не прызнаваючы беларусау — местовых і вясковых, урад пазбауляу нас сваей інтэлігэнцыі. За чыноунікаў назначалі у нас вялікарусау, нязнаемых з нашым жыцьцем часта мала здатных да працы. Быу нават выданы прыказ, каб беларусау не назначалі за біскупау. Нястача вышэйшых школ, немагчымасьць для беларусау неяк устроіцца у адным з адміністрацыйных пунктау краю зрабілі тое, што беларуская інтэлігэнцыя пакідала сваю Бацькаушчыну і вандравала на чужыну. У местох Беларусі яна не магла умацаваць йшчэ і затым, што, выходзячы з народу, ня здолела увайсьці у таргова-прамысловае жыцьце, — дый тое, прауду кажучы, было у нас слаба разьвіта. Ведама, нястача тутэйшай інтэлігэнцыі у свой чарод была аднэй з прычын застою у таргоулі і прамышленасьці.
Змагаючыся з беларускай культурай і яе прадстаунікамі, расейскія уласьці — інстынктыуна, ці мо‘ і сьвядома — разумелі самабытнае значэньне гэтай культуры і баяліся яе.
Запрауды, з культурнага пагляду беларускі народ мож з гордасьцю успамінаць аб сваей мінуушчыне. Пачынаючы ад ХІІ сталецьця, беларуская нацыянальнасьць уславілася і у навуках і у літэратуры. Імены такіх пісьменнікау і культурных дзеячоу, як Кірыла Тураускі, Абраам Смаленскі, Клімант Смаляціч, Еуфрасінія Полацкая уславілі цэлую эпоху старарускай прасьветы і пісьменства. У часах літоуска-беларуска дзяржавы мы бачым высокае разьвіцьце у беларусау літэратуры і права. Беларуская мова была вельмі пашыраная. Ад канца XIV сталецьця нават у Літве і Жмудзі большая частка жыхарау ужывала дома стара-беларускай мовы, а судох і адміністрацыйных установах беларускі язык быу абавязковы, як урадовы. Ня толькі практыка, але і закон прызнавау дзяржаунасьць і абавязковасьць беларускага языка. Толькі дэкрэтам 1697 г. яго замяніла польская мова.
У беларускай мове зьявіліся найстарэйшыя і з навуковага пагляду найлепш уложаныя зборнікі беларускіх законау, раунуючы да другіх памятнікау рускага права: Літоускія Статуты у трох выданьнях — 1529, 1586 і 1598 г.г. Гэта — плод працы выдатных юрыстау, вельмі удачна злучыушых асновы старога нацыянальнага права з законамі навейшага правадауства. Такім чынам статутовае права — гэта у значнай меры нашае нацыянальнае права. І гэта тым больш цікауна, што пазьнейшыя выданьні статутау пераглядаліся камісіей, зложанай з беларускіх юрыстау, праходзіушых навукі у заходня-эуропэйскіх унівэрсытэтах. Наагул, разьвіцьце навукі права у Беларусі было надта высокае, што відаць ня толькі з старых дакумэнтау і правадаучых актау, але і з знамянітых прымернікау адвакацкіх прамоу на судзе. Дык дзіва няма, што у пачатку другой палавіны XVI сталецьця мы ужо бачым у Вільні першы юрыдычны факультэт, на каторым беларуска-літоускае і нямецкае права выкладалі беларускія вучоныя юрысты.
У другіх галінах літэратуры беларуская культура выявіла сябе гэтак сама ярка. Па беларуску выйшау у сьвет першы у Расеі друкаваны пераклад кніг сьвятога пісьма — слауная праца першага беларускага народніка, доктара мэдыцыны „з слаунага места Полацка“, Францішка Скарыны, працаваушага над сваім выданьнем у Празе і у Вільні у самым пачатку XVI сталецьця. Беларуская-ж літэратура мае першага панславіста у асобе Васіля Цяпінскага, земляка Скарыны, ператлумачыушага на беларускую мову евангельле у сярэдзіне XVI ст. Нават толькі тая друкаваная і пісаная беларуская літэратура, якая да нас дайшла у кнігах багаслужэбных, рэлігійна-полемічных творах, аповесьцях, летапісях, граматыках і інш., дае доказ шырокага культурнага разьвіцьця Беларусі, асабліва-ж нязвычайнага разьвіцьця беларускага языка. Друкаваньне кніг пачалося у Беларусі у самым пачатку XVI сталецьця, а у канцы таго-ж сталецьця можна было ужо налічыць дзясяткі друкарняу, параскіданых па розных местох і мястэчках.
Прауда, пасьля бліскучага разьвіцьця у ХVІ ст. беларуская культура і літэратура у чародны пэрыод пачала упадаць. Сама па сабе беларуская культура была моцная, бо яна была крэпка зьвязана з нацыянальнай верай і з цьвердай сьвядомасьцю нацыянальнай дзяржаунасьці. Аднак, гэтакая рэлігійна-нацыянальная пазыцыя станавіла і вялікую небаспеку у часах рэлігійнай барацьбы, абхапіушай усю Заходнюю Эуропу.
Першы удар беларускай нацыянальнай справе зрабіла пратэстанцтва, прыйшоушае у Беларусь у форме кальвінізму і соцыніянства. З пагляду на культурную работу, пратэстанцтва не пярэчыла устаноуленай традыцыі і, працуючы дзеля рэлігіі, прыкладала руку да адкрываньня школ, падняцьця прасьветы і нават пашырэньня літэратуры, бо многа пратэстантау-беларусау карысталася роднай беларускай мовай для шырэньня новай веры. Дый у праваслаунай цэркві у Беларусі было шмат такога, што збліжала яе да пратэстанцтва: учасьце сьвецкіх людзей у царкоуным жыцьці, саборнасьць царкоунага устройства. Але пратэстанцтва прыносіла з сабой ідзі інтэрнацыяналізму і разьбівала крэпкую спайку насяленьня з старой верай.
Калі пратэстанцтва пачало губляць сваю вагу і пачалася рэлігійная рэакцыя (паварот назад), адзначыушаяся у Беларусі такой шырокай працай езуітау, якой ня ведалі іншыя старонкі, — тады пратэстанты з быушых праваслауных пачалі шыбка перахадзіць на каталіцтва. А як да езуітау належалі пераважна палякі, дык справа пашырэньня каталіцтва скора абярнулася у апалячываньне беларусау. Асабліва пачала польшчыцца шляхта. Дзеля тэй-жа мэты — акаталічываньня і апалячываньня беларусау — быу перакінут мост між праваслаунай цэрквай і каталіцтвам у форме Берасьцейскай царкоунай уніі у 1596 гаду, праведзенай супроць волі народу жменяй біскупау, адрокшыхся праваславія і паддзержаных усей сілай уласьці караля Жыгімонта II. Насталі цяжкія часы рэлігійнай і нацыянальнай барацьбы.
А усе-ж беларускі народ ператрывау гэту барацьбу, значнай меры месты і усе сялянства асталіся вернымі свае нацыянальнасьці, нават і прыняушы унію, ня гледзячы на прымусовы спосаб правядзеньня яе. Праваслауныя брацтвы далі стойкі прыклад абароны сваей нацыянальнасьці. Яны адбаранілі Беларускую культуру, пісьменства, прасьвету і цераз эпоху уціску уважліва данясьлі нацыянальныя традыцыі і пачуцьце нацыянальнай самабытнасьці да пачатку XIX ст., калі рэлігійная барацьба утраціла свае значэньне.
У XIX сталецьці і да нашых дзен беларуская нацыянальная ідэя не замірала ні на адзін мамэнт. Прауда, сперша польская, а пасьля расейская культура прыцягівала да сябе многа лепшых сыноу Беларусі. Польская культура узбагацілася гэткімі сынамі нашае Бацькаушчыны, як Тадэуш Касьцюшка, Сыракомля, Крашэускі і нават Адам Міцкевіч. Усе-ж прыемна адзначыць, што тры апошнія прадстаунікі польскай літэратуры з вялікай любасьцю да род нага краю і яго народу пісалі на родныя матывы, толькі карыстаючыся польскай мовай, падобна як слауны сын Украіны Гоголь карыстауся расейскай. Яны, як і многа іншых, ніколі не адрываліся ад роднага краю і не разрывалі зьвязі з тым беларускім гуртком, каторы часьцю у польскай часьцю у роднай беларускай мове працавау над адраджэньнем і паддзержкай беларускай нацыянальнай ідэі. Даволі назваць такія імены, як гісторыкау Нарбута і Кіркора, праф. Ярошэвіча, Даніловіча, Кукольніка, імены этнаграфау, паэтау і бэлетрыстау, як Ян Чэчот, Ян Баршчэускі, Дунін-Марцінкевіч і многа іншых, каторыя стварылі слауную эпоху нацыянальнага адраджэньня беларусау ад 30-ых да 60-ых гадоу мінулага сталецьця.
Як быццам замершая на чверць веку пасьля Мурав‘еускай гаспадаркі ідэя беларускага адраджэньня пачала ізноу выяуляцца ужо у канцы 80-ых гадоу — сперша, з прычыны цэнзурнага уціску, вельмі нясьмела то у форме стацей кніжак, даводзіушых самабытнасьці беларускай этнаграфіі і гісторыі, пісаных Сапуновым, Стукалічам, Нікіфароускім, Доунар-Запольскім, Карскім і другімі, то хаваючыся у нелегальных віленскіх і мінскіх арганізацыях. Але яна дайшла да шыбкага і буйнага расцьвету у самым пачатку рэвалюцыйнага руху. Зьявіліся гурткі, арганізацыі, журналы, газэты. Паяуленьне „Нашай Нівы“, імены Янкі Купалы і іншых паэтау, грамадзкая і літэратурная праца братоу Луцкевічау і доугага сьцягу іншых працаунікоу і арганізацый становяць цэлую эпоху у гісторыі разьвіцьця беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Увесь беларускі рух апошняга часу ажно да Усебеларускага Зьезду у Менску у сьнежні 1917 году і да утварэньня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі сьведчыць аб здольнасьці да жыцьця беларускай нацыянальнасьці і аб крэпкай зьвязі яе з дзяржаунай незалежнасьцю.
Да гэтага агляду трэба было-бы дадаць факты, якія выдзяляюць этнаграфічны тып беларуса — самабытны і адменны ад другіх рускіх народнасьцей, тып чыстага славяніна, — а такжа факты, паказываючыя эканамічную абасобленасьць Беларусі. Каб лішне не пашыраць нашай кароткай запіскі у гэты бок, мы у канцы лічым патрэбным яшчэ раз цьверда адзначыць тыя вывады, якія логічна вынікаюць з вышэйсказанага. Народ, каторы праз колькі сот гадоу самага цяжкага гістарычнага жыцьця, ня глядзячы на вострую нацыянальную барацьбу і на уціск урадам найдужэйшай на сьвеці дзяржавы, ня утраціу сваей нацыянальнай самабытнасьці, — народ, меушый праз некалькі сталецьцяу сваю дзяржауную незалежнасьць, — народ, каторы мае вытвораную вякамі культуру і літэратуру, свае яркія асобеннасьці этнаграфіі і языка, — такі народ мае і цяпер усе правы на дзяржауную незалежнасьць, І гэтае права з тым большай справядлівасьцю павінна быць паддзержана у той мамэнт, калі уваскрасаюць і прызываюцца да новага жыцьця другія нацыянальнасьці, незалежны быт каторых ня быу ані гэткі доугі, ані гэтак абасоблены. Ведама, тут узьнімаецца важнае пытаньне аб варунках і формах дзяржаунай незалежнасьці: ці выбрать поуную, абасобленую ад другіх незалежнасьць, ці фэдэрацыю з блізкімі па крыві суседзямі. Гістарычная навука не павінна браць на сябе разьвязку гэтага пытаньня і абмежываць выбар. Яна дае толькі адзін вывад, каторы дыктуецца гістарычна злажыушыміся акалічнасьцямі: народ, у якім гістарычна вытварылася здольнасьць да жыцьця і жыцьцевая сіла, будзе зауседы бароцца і бараніць свае правы, а, значыць, можа нарушаць агульны спакой датуль, пакуль ня будуць здаволены яго нацыянальныя патрэбы, правы і дамаганьні забясьпечаньня яго нацыянальнага быту.
Праф. М. Доунар-Запольскі.
Кіеу, 1918.
АД 2-го ЛЮТАГО 1919 ГОДА
у
ГОРОДНІ
ВЫДАЕЦЦА
соцыялістычная, літэратурная, грамадзянская і экономічнай газэта на беларускай і расейскай мовах
„БЕЛАРУСКІ
НАРОД.“
У газэці друкуюцца творы лепшых беларускіх пісьменнікоу і усе апошніе весткі беларускаго руху, а так сама распаражэньня і кроніка Літоускаго Ураду і Міністэрства Беларускіх Спрау.
Рэдактар-Выдавец М. О. Засецкі.
НОВАЯ КНІГА.
А. I.
„УСХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ.“
Статыстычные і гістарычные матэр‘ялы.
Выданьне
Народнаго Сэкрэтарыяту
Міжнародных Спрау
Беларускай Народнай Рэспублікі.
Цэна 40 кап.
Прадаецца ва усіх беларускіх кнігарнях.
БЕЛАРУСКІЯ КНІГІ
(красная літэратура, школьныя падручнікі, тэатральныя творы і інш.)
у Городні
Прадаюцца у кнігарні
І. Іберскаго.
Саборная вуліца.
| На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце яе, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
2-гі год.
у КІЕВІ выдаецца
беларуская грамадзянская, літэратурная і экономічная часопісь
„Беларускае
Рэхо“
пры учасьцці
вядомых беларускіх дзеячоу прафэсароу і пісьменнікоу:
А. Бурбіса, Я. Варонкі, прафэсара М. Доунар-Запольскаго, Я. Дылы, прафэсара Э. Карскаго, Л. Леушчэнкі, С. Некрашэвіча, А. Новіны, А. Смоліча, П. Трэмповіча, Э. Хлебцэвіча, А. Цвікевіча і інш.
○○○
Адрэс Рэдакцыі:
КІЕУ. Фундуклевская вул., 42.
Беларусская Гандлевая Палата.
- ↑ Пад той час цяперашняя расейская зямля называлася зямлей Маскоускай, а Беларус і Украіна йшчэ захоувалі старое імя „Русь“. Пасьля, наадварот, гэта імя пераняла Маскоушчына. Рэд.)
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.