Рэволюцыйным шляхам (1928)/Асаднік
| ← Абшарнік | Асаднік Апавяданьне Аўтар: Леапольд Родзевіч 1928 год |
Агітатарка → |
АСАДНІК
Васеньняя ноч. Гвалтоўны вецер распарушвае, шатруе апаўшае лісьцё, скомліць, скавыча паміж будынін польскага асадніка. Да пуні асадніка падыходзяць цікуючыся з розных бакоў дзьве цені. Ступаюць асьцярожна, наслухваючы. Мо‘ заблудзіліся, баяцца спатыкнуцца, уваліцца ў роў ці яму, альбо зладзеі. Каля самай пуні нечакана сустрэліся. Сталі, як укопаныя. Момант маўчанкі. Урэшце адзін нясьмела запытаў.
— Хто тут?
— А каго трэба? Вось іду дахаты... Пашоў нацянькі, цераз поле.
— Ага. А я думаў... Я мусіць заблудзіўся... Гэта як-бы сядзіба асадніка.
— Ды ўжо-ж сядзіба асадніка. Па голасе дык быццам гавару з Піліпам — бежанцам?
— Ён-жа. Не згадаю толькі перад кім стаю?
— Па дарозе значыць нам — я Тодар з Барадавіч.
Ішлі, абменьваліся бязмэтнымі думкамі аб цемры, аб дарозе. Калі праходзілі каля лазовага куста, перад імі мільганула цень.
— Хто-б гэта мог быць, — спыталіся адзін другога... Мо‘ хто за намі сочыць ад іх, ад окупантаў. Трэба дазнацца — стой, хто тут ідзе?
— Свой, не палохайся!—пачуўся з цемнаты голас.
— Якую трасцу тут гэты „свой“ робіць?
— З работы іду. Каля асадніка бліжэй дахаты.
Сышліся. Пазналіся. Трэці быў Аўгустын, сусед Піліпа, малады дзяцюк. Ішлі і гутарылі аб нявычэрпанай тэме — аб усялякай злыбедзе, якая раскапусьцілася на Заходняй Беларусі.
— Ён-жа, падлюга, асаднік гэты, загроб маю зямельку. Тут-жа мае сьлёзы і пот густа пасеяны, кроўю паліты. Ці я вінават, што праклятая вайна, што царская нагайка і штых адарвалі мяне ад родных загонаў і кінулі, аж вунь куды, у Туркестан. Рваўся я дадому днём і ноччу, чула маё сэрца, што тут бяда ўзрастае, гора куецца...
— Дай-жа рады, браце, скулу нам пасадзілі. Ён ня толькі на зямлю нашу асаджаны, але і на карак наш пасаджаны. Стараста зрабіў яго войтам, а ён шпіёніць, грабіць вёскі, буяніць. Прыстаў гэта да маёй дачкі, хацеў згвалціць так, як Паўлюкову Насту. Судзіліся, ну і ведама — ён выйграў, яго хлусьні паверылі. Цяпер рознымі прытычкамі дапякае. Падаткамі большымі абкладае, штрафуе, рознымі гміннымі павіннасьцямі мучыць. А надоечы пагражаў, што ў турме згноіць, у бальшавізьме абвінавачвае, — ужо поліцыя раз пабывала. Проста дыхнуць не дае, загубіць, паганец...
— Во, чуеце пад нагамі, гэта-ж аблог, жывы дзірван.—Во да чаго давёў маю зямельку, затое цела маё ў раны паараў, ня сьмей, кажа, заікацца аб сваёй бядзе, ня бунтуй сялян. Дык хіба-ж тут стрываеш?..
— Ён ня толькі грабежнік і скула, але і атрута наша, — запальчыва пачаў Аўгустын — ён пазакрываў беларускія школы, прасьледуе нашы газэты і кнігі, з роднай мовы зьдзекуецца, а нас інакш і не абзывае, як хамы і быдла. Ён насаджвае нам панскую культуру, каб парабіць з нас пакорных, звыраднелых нявольнікаў. Як грыбы растуць касьцёлы ды растараны. Эх, не забуду я яму ніколі! Было гэта ў мястэчку. Сустрэла мяне на вуліцы іхняя п’яная кампанія окупантаў. Асаднік гэты самы і прыстаў да мяне з рэвольвэрам у руках „стой, — кажа, — комсамолец, вобыск хачу зрабіць“. Рабі думаю сабе, хай табе па бакох робіць. Знашоў перапісаны „Ад веку мы спалі“. Загадаў мне прачытаць пад рогат п’яных мордаў. Вырваў пасьля і падцёрся. Во, кажа, на што здаліся беларускія гімны… Але што гэта газай засьмярдзела?
— Гэта я спаткнуўся, дык мусіць трохі разьлілася. Нясу ад Мэндаля…
Маўчанка, прайшлі некалькі шагоў.
— Стойце! — спыніў Аўгустын. Нечага нам прыкідацца і адзін другога ашукваць. Адна дакука, адно жаданьне нас сюды пазганяла. Кожны з нас ведае, чаго да пуні падкрадаліся і на што Піліп з газай носіцца. Дык, коратка кажучы, даручэце мне гэтую справу: чыста зраблю. Падпалю пуню і агонь з ветрам усю сядзібу, як языком, зьліжа.
— Ну што-ж, праўда вылезла наверх. Але сьпячы гада маю вялікую ахвоту.
— Як сабе хочаце, толькі-ж я так сама ня ўступлю.
Перакінуліся яшчэ некалькімі словамі і ўсе ўтрох рупна рушылі ў бок асады. Абярнуліся і толькі наважыліся ісьці — ажно яркае зарава пажару выбухнула перад імі і злосна рвала васеньнюю цемру. Сядзіба асадніка стаяла ў вагні. Вецер валтузіў мора агню і хмары іскраў. Ад чырвонага трапыхаючага блеску ноч стала яшчэ чарней. З страшным гудам пранасіўся міма вецер. Такой ноччу помста ходзіць па Заходняй Беларусі.