Апаведаньня (Колас, 1912)/Соцкі падвёў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Імяніны Соцкі падвёў
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
У балоце
Іншыя публікацыі гэтага твора: Соцкі падвёў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОЦКІ ПАДВЁЎ.

I.

Важна ходзіць па мястэчку вураднік, пакручываючы рыжые вусы. Пры баку ў яго цялёпаецца трапло — шабля, чырванеюць шнуры і наплечнікі і блішчаць на сонцы паваксаваные боты. Іон толькі што прыехаў на службу, ў яго галаве метушацца тысячы думак, думак аб тым, як звясьці са сьвету крамолу. Яму толькі што данёс стражнік, што ў вёсцы Галадранцы нідаўна зьявіўся падазрыцельны чэлавек. І галава яго строіць хітрые пляны, тчэ густые сеткі, ў каторые павінна заблутацца крамола. Яму здаецца, што ён раскрыў «праступное саопчэство», захапіў бомбы, пісьмы і рэвольвэры, і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэньня, пасылаюць ў горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а там… І пашоў вураднік ў гару, як цыган па драбінах на неба. Тут вураднік аж засьмеяўся сам сабе і ляпнуў рукамі па сваіх тоўстых кумпякох.

—Ну, што ж? дык ты гаворыш «падазрыцельны» чэлавек? — Пытаўся вечэрам вураднік свайго належнаго гарбатаго стражніка.

— Безпрыменна падазрыцельны! Сказаў стражнік ціхім і працяжным голасам.

— І ты яго бачыў?

— Бачыў! Малады чэлавек, для хітрасьці астрыжэны, нічога сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпярэзан шырокім паясом… Гатоў ў заклад ісьці на кварту гарэлкі, што сыцыліст.

— А ты не пытаўся пра яго мужыкоў?

— Дык вам мужык так і скажэ, асабліва галадранскі мужык. Гэта — гадаўё!

— А калі з’явіліся пракламаціі у Галадранцы?

— На тэй нядзелі у пятніцу.

— От што, браце, — пачаў, памаўчаўшы, вураднік голасам начальства: — заўтра ты паедзеш у Галадранку і навядзёш точные спраўкі аб гэтым леваруцянеры. Мы яму пакажэм свабоду! Зайдзі да соцкаго Рамана Камлюка. Але не надта выкладай яму ўсё на талерку, трэба помніць, што ён — галадранец, забастоўшчык.

II.

— Скажы, брат — пытаўся адзін худы, высокі, як цапільна, галадранскі мужык, гаворачы «брат» ўсёй грамадзе, — што гэта за чэлавек? пэўне сацяліст!

— Гэтакі ён сацяліст, як ты, прымерам маёй кабылі дзядзька, — атказаў яму Андрэй Падгорны, лёгкі на язык чэлавек.

Мужыкі зарагаталі.

— А ты, мусіць, знаешся на сацялістах , як мая свіньня на пастах.

— Разумны напаў на разумнаго, — сказаў стары Базыль, не выпушчаючы з зубоў люлькі.

— Нашлі за што сварыцца, — ўмешаўся Карусь с-пад карчмы: — Андрэй гаворыць праўду. Ці-ж сацяліст пойдзе да папа, або будзе лаяць сам сябе.

Галадранскі соцкі, Раман Камлюк, задумаў нешта сьмешнае, бо засьмеяўся сам сабе ў доўгіе вусы, але нікому не сказаў, чаго засьмеяўся, і пашоў да хаты.

Да мужыцкай грамады падыходзіў Янка Дудар. Яму было надта вясёла: ён сьпеваў на ўсю вуліцу:

«Будзе мяне жонка біць,
Німа каму бараніць».

Ногі ня слухалі Янкі і пайшлі самі, як хацелі, адна у лева, другая—у права, а сам Янка падаваўся то у зад, то у перад, як воз сена, каторы уціскаюць на грэблі.

«Прадам пеўня, прадам курку»…

Зачаў Янка другую песьню.

— Глядзі, каб не падашукалі!

Прасцярог яго Андрэй Падгорны.

Чаго ты сьмяешся? — Накінуўся на яго, Янка: — Куст ты альховы! Ты знаеш, хто я? Я дэмакрат і забастоўшчык першай гілдыі. Хлопцы! браткі мае родные! Хадзем бунтавацца…

— А вун вураднік! пастрашыў яго стары Базыль.

— Гдзе ён — крыкнуў Янка, азіраючы мужыкоў: — падайце мне яго сюды!

Мужыкі пазіралі і цешыліся.

— Вось, Падла Янка! глядзі ты, што ён вычварае.

Нет ведама, што зрабіў бы Янка са сваім вураднікам, каб не прыйшла жонка. Яна трымала пад пахай мешалку.

— Вось, брат папаўся! Жартавалі мужыкі.—Сьпеваў, што «німа каму бараніць». Бараніся-ж сам.

— А каб ты смалы напіўся, гад! — крыкнула баба, і мешалка мельканула ў гары і гладка прыстала да сярэдзіны худога янкаваго цела.

— Што робіш? — крыкнуў, нібы сярдзіта стары Базыль на Дударыху: — не бачыш ці што? Іон зямлі і свабоды дабіваецца мужыком.

Мешалка паддала Янку сілы, і ён даволі борзда стаў на ногі.

— Арыштую! — крычаў ён на жонку: — не палагаецца насіць аружжа! Ў арыштанскіе роты аддам па 25 стацьці.

— Так, так, Янка! — патрымоўвалі яго мужыкі.

— Ваенна-палявым судом судзіць буду! — бушэваў Янка: — я — забастоўчык! а ты хто? Чорнасоценец! от хто ты! — гаварыў Янка сваей бабі ужо ідучы да дому.

III.

— Скажы мне, Раман, што гэта у вас за чэлавек зьявіўся? — Пытаў стражнік у соцкаго.

— А ці я ведаю.

— Мо-ж чуў што пра яго?

— Чуць то чуў, — ці мала што людзі гавораць.

— Прызнавайся, Раман, нечага адвільваць. Што ты чуў.

Раман агледзіўся ўвакруг і сказаў:

— Сацяліст!

— Ну?!

— Такіе рэчы гаворыць, што у Сыбір саслаць и то мала. Дае кніжкі і лісты раскідае.

Вот!

І Раман дастаў з-за пазухі пракламацію, каторую ён знашоў два гады назад, будучы у вуездным горадзе на першых выбарах,

У стражніка так і заблішчэлі вочы.

— Што ж, мужыкі яго слухаюць?

— Ды не!

— Ну, тут дык ты салгаў.

— Абы гладка вышла.

— А гдзе начуе ён?

— Усюды. Раз нават у папа начаваў.

— Як то у папа?

— Абмануў: сказаў, што яго кансісторыя паслала, і нейкі знак паказаў.

— Заўтра ў ночы чэкай нас тут с дзесяцкімі. А калі ён уцячэ, — ты атвечаць будзеш.

Стражнік вышоў, а Раман, стоячы, засьмеяўся.

IV.

Ціха, асьцярожна краўся вураднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Вёска ўжо спала. Адзінокі месяц плыў над ёю, як сярэбраны круг. Абросшая вербамі спакойна цекла рэчка каля самых хат, і дробные хвалі, як жывые, перэліваліся і блішчэлі на месяцы.

Соцкі і два дзесяцкіх стаялі на дварэ, чэкаючы «начальства». Прыехаўшы да соцкаго, вураднік распытаўся аб соціалісту. А ўжо соціаліст спаў, як пшаніцу прадаўшы. Іон начаваў у папа. У вурадніка праняслося ў галаве арыштаваць і папа за укрывацельство. Але перадумаў і знашоў, што не варта, бо хітры соціаліст ня толькі папа, а і чорта абмане. Акром таго, поп скора ня ўздымецца і ўцякаць яму німа куды.

Поп вышоў на гоман босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан.

— У чым дзела?

— У вас, бацюшка, праступнік начуе! — сказаў вураднік.

— Ня можэ быць!

— Аб гэтым будзем талкаваць потым… Звольце паказаць, гдзе ён.

Поп пабялеў і стаяў, як укопаны, толькі губы яго дрыжэлі, і ён шэптаў:

„Ад вешчы, ва цьме прахадзяшчыя, ад беса полудзеннаго“…

Увашлі ў пакой, гдзе спаў соціаліст. А таму і гора мала: сьпіць сабе на баку, толькі носам сьвішчэ і храпе, як Божы баранчык (так называюць адну птушку). Вураднік прыставіў да яго каравул, а сам запусьціў руку ў яго дарожную раменную торбу і выцягнуў цэлую жменю лісткоў. Нікому і ў галаву не прышло паглядзець, што то былі за лісткі.

А «сыцыаліст» усё сьпіць, — проста вураднік ня ведае, як арыштаваць соннаго чэлавека. На помач яму прышоў соцкі. Іон папароў соціаліста, як мядзьведзя кіём. Схапіўся соціаліст, вытрашчыў вочы — і рукою пад падушку, гдзе лежаў рэвальвэр. Тут на яго накінуліся стражнік і дзесяцкіе. Усе зляпіліся ў вадзін клубок і неколькі часу метушыліся па пакою. У канцы адзін дзесяцкі вырабіўся з гэтай кучы, напляваў на рукі і, скамандаўшы сам сабе: «Ну Сымон! вазьмі папраўдзі», згроб і стражніка і соціаліста, падняў іх на жывот, потым спрытна падставіў ножку і аблажыў абодвых.

— Каторы тут з вас сацяліст?—пытаў ён, седзячы на версе.

Стражніка аслабанілі, а соціаліста, катораму вураднік пасчытаў сваім правам даць па мордзі за спраціўленьне, звязалі.

— Як вы сьмееце? — крычаў сацыаліст — я член саюза рускаго народа.

— А гэта што? — паказаў вураднік на лісткі і рэвальвэр. — Цягні яго, хлопцы!

— «Яко счэзае воск ад ліца агня»,—маліўся поп.

V.

«Сацяліста» вялі па пустой вуліцы. Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі і, глянуўшы на гэту працэсію, мусіць засароміўся людзскога глупства, бо зараз-жэ схаваўся ў другой хмарцы; ды ешчэ, сучка старога Базыля была сьведкай камэдыі, што разыгралася ў Галадранцы.

Усю дарогу думаў вураднік, якую карысць прыносяць на сьвеці людзям вураднікі.

«От, — думаў ён: ўсе сьпяць, а ты валачыся цэлую ноч, бойся кожны момэнт за сваё жыцьцё. Ласьне тут ёсць што-нібудзь труднае — дастаць сабе ў лоб кулю? А якая падзяка, — каб хто спытаў. Ну, прыстаў можэ падаць руку і заклікаць на шклянку гарбаты». Але гдзе-сь-то, на дне душы яго варушыліся другіе думкі, і яму прэдстаўлялася цэшка і прыстаўскіе наплечнікі. Стражнік, соцкі, дзесяцкіе, а такжэ і сам «сацяліст» так сама думалі, кожны на свой фасон. Але трудна залезьці ў чужую душу і ведаць, хто што думае. Усе маўчалі.

VI.

— А ты добра зрабіў, што дагадаўся зайсьці да мяне! Такімі славамі сустрэў прыстаў вурадніка. — Бачыш, сюды прыслан член саюза рускаго народа…

— Ваша высокаблагародзе! я арыштаваў і прывёў да стану сацяліста, аб чым і маю чэсць лічна далажыць вам!—перабіў вураднік прыстава,

— Дзела харошае. Дзе арыштаваў?

— У Галадранцы, вашэ высокаблагародзе.

Тут прыставу нешта цюкнуло. Іон глянуў на вурадніка. Той стаяў і пазіраў на прыстава так, як бы ён, вураднік, схапіў з неба зорку, або японскаго мікаду забраў у плен.

— Пашпарт у яго ёсць?

— Не спраўляўся.

— Гдзе арыштаваны? Пазваць сюды.

Вураднік кінуўся на двор.

Соцкі і дзесяцкіе ўвялі «сацяліста».

— Гаспадзін прыстаў! — закрычаў «сацяліст»:—як дапушчаеце вы такое безабразе і сваевольства вашых належных?! Я жалавацца буду! Я—член саюза рускаго народа! Вот мае дакумэнты!

— Зьвініце,—сказаў прыстаў «сацялісту»—вышла абмылка.

Прыстаў грозна зірнуў на вурадніка. Вураднік апусьціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкаго…

Соцкі стаяў бокам і сьмеяўся ў рукаў.