Апаведаньня (Колас, 1912)/Андрэй Выбаршчык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жывая Вада Андрэй Выбаршчык
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Андрэй-выбаршчык.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АНДРЭЙ ВЫБАРШЧЫК.

I.

— Ну, Андрэй! глядзі-ж трымайся, — ведай, за каго падаць голас!

Так гаварылі мужыкі свайму ўпоўнамочэнаму, выпраўляючы яго ў горад на выбары дэпутатоў.

— Не ганіся за панскаю гарбатаю, бо пан часамі і лісіцаю можэ прыкінуцца—і руку табе падасць, і нават пацалуецца с табою.

— А што мне іх гарбата! Я і сваю скарынку хлеба з’ем, — гаварыў Андрэй: — не такі я дурэнь, каб прадацца за гарбату.

— Праўда, праўда, Андрэй! табе і дэпутатам брыдка быць за такіе словы.

— Так, брат у іх на языку мядок, а на сэрцы лядок.

— Эх, дзеці, вы дзеці! — махнуў рукою стары Хлёрка:—нічога, як я бачу, ня будзе з гэтых выбароў.

— Як то ня будзе? Каб ўсе махалі так рукамі, то і ніякой не было б Думы.

— Ты хочэш, каб к табе сама зямля с печы ў рукі прышла?

— Свабоды Бог з неба ня скіне!

— Вядома!

Стары Хлёрка засаромяўся і хутчэй схаваўся за мужыцкіе спіны.

— Сьмела Андрэй, рэж там ў горадзе праўду!

Андрэй хацеў сказаць мужыком цэлую прамову, але ўсякіх думак так многа наплыло ў яго, што ён ня ведаў с чаго пачаць, і толькі сказаў:

— Ну, братцы, бывайце здаровы.

— З Богам, з Богам, Андрэй!

І Андрэй закінуў на плечы палку, на каторай была торба с хлебам і салам, і пехатоў пашоў на вакзал.

II.

Мужыкі нецярпліва чэкалі Андрэя з выбароў. На трэйці дзень, на каторы Андрэй павінен быў прыехаць да дому, цэлая грамада мужыкоў ў доўгіх кажухох з люлькамі высыпала на вуліцу каля манаполькі і шумела, як лес у вецер.

А як рабіць тут не было чаго, то сягды-тагды можна было чуць, як стукала саракоўка аб тоўстую мазолістую руку і як галгатала гарэлка перэліваючыся проста з бутэлькі ў мужыцкае горла.

Тут былі і такіе, каторые ўжо усьпелі налізацца, сьпевалі песьні. А Антось Байбак нават пашоў ў скокі, і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі, на каторых не хватала аднаго апцаса…

Андрэй ідзе! Ідзе Авдрэй!

Гоман як бачыш сціх, і ўся грамада заварушылася, як адзін чалавек

Толькі адзін Антось Байбак не хацеў злучацца з грамадаю і не перэставаў араць пясок, крычучы, каб на яго пазіралі, бо ён паказваў, як даўней скакалі лявоніху.

Але на яго ніхто не пазіраў.

Андрэй шоў, апусьціўшы галаву. З адной кішэні доўгаго сіваго халата тырчала турэцкая булка, як раменны мужыцкі чук.

Мужыкі цесна абступілі Андрэя.

— Ну, чым жэ ты пацешыш нас, Андрэй?

Андрэй махнуў рукою, і першае яго слова насіла імя той рэчы, каторую мужыкі на поле вывозяць.

— Каго ж выбралі?

— Папоў ды чыноўнікоў.

— А ты гдзе быў, карова ты? Чаго глядзеў? — накінуўся на Андрэя пьяны Антось: — да я б ім нюхаўкі параспарваў бы!

— От ты ідзі лепш скачы лявоніху, — парадзілі яму мужыкі.

— Няхай вы па жары скачэце,—агрызнуўся Антось і плюнуў.

— А яны стаяць за мужыкоў? — пыталі ізноў мужыкі.

— Гдзе бачылі! Усе чорнасоценцы. І прыступу да іх німа.

— А гарбатаю вас не частавалі?

— Чаму не? Але чорт яе піў. Гатовы сказаць ешчэ, што мужыкі жывуць па-панску. Гаварыў жэ адзін сгрынгаль, што сорак гадоў таму мужыкі елі мякіну.

— Трэба было сказаць, што цяпер і гэтаго німа, — загаманілі мужыкі.

— Дык мы і зрэзалі гэтаго пана, аж брыдка яму стала… А якіе яны былі добрые! Проста хоць да раны прылажы. — А як прывязаўся б адзін саюзнік, — проста хоць ты махалам махай — злаваўся, не адчапіцца ад яго. Адзін з нашых раз і сказаў: «хоць, і пойдзем, але вушы заткнём, каб ня чуць вашай гутаркі».

— Гэта ўсё роўна як той паляшук, катораго сілаю, валаклі да цэрквы. Бачыць, што нічога ня будзе, — «хоць, кажэ і пайду, але і губаю і рукою не мяльну!» — сказаў адзін мужык.

А раз, браткі, такая вышла штука. Зашлі да аднаго выбаршчыка. Ніхто ня ведаў, што ён — прадседацель «саюза рускаго народа», і аблаялі мы гэты саюз з астатніх слоў. Выбаршчык ўсё слухаў ды вачамі моргаў, а потым як усхопіцца, ўсё роўна як на шыла сеў, ды як крыкне: «Гарадавых пазаву!» Дык мы, брат, ходу. Грыгор з N павету, бегучы другога пёнтра, зачапіўся ботам, пасьлізнуўся і пералічыў задам ўсе ўсходы. Дык мы, гэтаму выбаршчыку кінулі ўсе чорные галкі, але ўсё роўна яго выбралі—што мы значым? Колькі нас? Як выбралі дэпутатоў, дык ўсе чорнасоценцы давай біць ў далоні, сьпеваць, я думаў, што лявоніху скакаць ешчэ пусьцяцца… Стаялі мы братка, моцна.

У канцы адзін з мужыкоў сказаў рэч надта жалосную. «Скрыўдзілі, кажэ, мужыкоў, ня выбралі іх дэпутата. Хто будзе гаварыць ў Думе аб цяжкай долі нашай»…

Мужыкі ўсе плакалі.

Стары Хлёрка выціснуўся на першае мейсца, абвёў ўсіх мужыкоў вачамі і сказаў:

— Ну, што, чыя праўда?..