Перайсці да зместу

Аляксандар Бурбіс

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аляксандар Бурбіс
Біяграма
Аўтар: Антон Луцкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бурбіс Аляксандар, сын Лаўрэна, радзіўся 80-х гадох мінулага сталецьця ў Вільні, дзе бацька яго быў на службе ў інтэнданцтве сапёрнага батальёну. Вучыўся Бурбіс у Віленскай гімназіі, але ня скончыў яе. Яшчэ на школьнай лаўцы сябраваў з групай радыкальнае моладзі, даволі блізкае да ППС, але настроенае «краёва». Тут пачынаецца і нацыянальнае самавызначэньне Б., якое аформілася аканчальна ў сувязі з паўстаньнем да жыцьця Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады (1903). Частка сяброў тае краёва-рэвалюцыйнае групы, зь якой Б. пачаў супрацоўніць актыўна ў 1902 г., перайшла да Грамады, а зь ёй і Б. У Грамадзе Б. іграе чынную ролю — на віленскім грунце. У Вільні — а такжа ў Нова-Вілейцы — ён разам зь Цёткай (Алёйзіяй Пашкевічанкай, пасьля Кейрысовай) працуе сярод вучнёўскае моладзі, сярод работнікаў, кальпартуе рэвалюцыйную літаратуру, ладзіць беларускія рэвалюцыйныя гурткі. Асабліва чынны падчас Рэвалюцыі 1905 г., — працуе ў згодным кантакце зь віленскімі арганізацымі LSD, Бунду, РСДП, ППС Літвы. Выступае публічна — на мітынгах. Увосень 1905 г. едзе ў Менск на партыйны зьезд Грамады як адзін з дэлегатаў віленскае групы грамадаўцаў. На гэтым зьезьдзе Б. быў выбраны кандыдатам у сябры Ц. К-ту Грамады, якая зьмяніла свой назоў на Беларускую Сацыялістычную Грамаду.

У тым жа 1905 годзе Б. адыграў паважную ролю ў яркім рэвалюцыйным выступленьні ў Мэйшаголе пад Вільняй. Пры яго актыўным учасьці ў Мэйшагольскай воласьці была выбрана свая рэвалюцыйная валасная ўлада, а прадстаўнікі царскае ўлады паўцякалі. У Вільні ўзьнялася трывога. Была паслана ў Мэйшаголу вайсковая экспэдыцыя, якая сілай аружжа «вярнула парадак». Бурбіс уцёк з Мэйшаголы і доўгі час укрываўся, але ўрэшце быў арыштаваны і засуджаны на 3 гады крэпасьці. Кару адбыў у Вільні на Лукішках.

Да арышту Б. нейкі час працаваў нелегальна ў Менску — у складзе тамтэйшага камітэту Грамады.

Пасьля выхаду з вастрогу — ужо падчас чорнае рэакцыі — Б. ізноў працуе ў Вільні, але ўжо на грунце культурна-нацыянальным. У 1910 г. яго няўтомнай працай арганізуецца ў Вільні беларуская драматычная дружына, беларускі хор (пад кіраўніцтвам Л. М. Рагоўскага) і балет (пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага). Адбываюцца першыя ў Вільні легальныя беларускія спэктаклі. Зь яго ж учасьцем арганізуецца беларускі аб’езны тэатар, які працуе ў працягу некалькіх гадоў — да выбуху сусьветнае вайны. У 1911 г. Бурбіс прымае ўчасьце ў стварэньні Беларускага музыкальна-драматычнага кружка і належыць да складу прэзыдыюму яго.

Калі расейскія войскі пакідалі Вільню (1915), Б. выехаў на ўсход як «бежанец» разам з сваей жонкай (літвінкай). З мамэнтам выбуху Лютовае рэвалюцыі Б. ізноў актывізуецца як левы грамадовец і прымае чыннае ўчасьце ў беларускай працы. Калі левае крыло Грамады ператварылася ў Камун. Партыю Беларусі (КПБ), у апошнюю ўвайшоў і Б. Пасьля «кастрычніка» і праклямаваньня Беларускае Сацыялістычнае Рэспублікі Бурбіс заняў адказнае становішча прадстаўніка ўраду БССР пры маскоўскім цэнтральным урадзе РСФСР.

Напружаная праца і розныя нягоды ў прыватным жыцьці Бурбіса падкапалі ягонае здароўе, і без таго слабое з прычыны цяжкіх варункаў папярэдняга жыцьця — вечнае галіты, вастрогу і г. д. Бурбіс пачаў хварэць на грудзі (тубэркулёз) і ў 1922 г. памёр у Маскве.

Адзначаўся Б. незвычайнай стойкасьцяй і энэргіяй у працы, меў вялікія арганізатарскія здольнасьці. Нягледзячы на прыналежнасьць да КПБ, быў да канца жыцьця абаронцам беларускае нацыянальнае справы і цьвёрда стаяў у Маскве за Беларусь і яе інтарэсы.

Менскія работнікі ўшанавалі памяць Аляксандра Бурбіса, называючы іменем яго некалькі ўстаноў.