Акт Крэўскай уніі 1385 года

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Акт Крэўскай уніі 1385 года (выдадзены ў Крэве 14 жніўня 1385 года)
Аўтар: Вялікае Княства Літоўскае
Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/letapisy-gramaty-pryvilei-khii-khvi-st-st/belaruskiya-gramaty-i-pryvilei-khiii-khiv-st-st/akt-kre-skay-unii-1385-goda-vydadzeny-kreve-14-zhni-nya-1385-goda/


АКТ КРЭЎСКАЙ УНІІ 1385 года[* 1]

Выдадзены ў Крэве 14 жніўня 1385 года.

Мы, Ягайла, з ласкі Божай (virtute Dei) вялікі князь Літоўскі, Русі гаспадар (dominus) і спадкаемец (дзедзіч, у тэксце — haeres, heres) прыроджаны, абвяшчаем усім, каму належыць, і тым, якія гэты ліст бачыць будуць, тое, пра што нам паведамілі з боку найяснейшай пані, з Божай ласкі (E.) (Альжабеты) каралевы[1] Вугорскай, Польскай, Далмацкай і г.д., шляхетныя (годныя) і шаноўныя мужы айцец Стэфан, пробашч (dominos praepositum) Ханадзенскі, Уладзіслаў, сын Какаса дэ Каза, каштэлян (castellanum) з Патока, Влодка, падчашы (чашнік, pincernam) Кракаўскі, Мікалай, каштэлян 3авіхоскі і Крыстын (Хрысціян), дзяржаўца (tutorem) Казімірскі. Спачатку тады сказалі, што Ягайла, як асвечаны князь літоўскі, выправіў сваіх паўнамоцных паслоў папярэдне да паноў зямян польскіх, а затым да яе каралеўскай вялікасці. Тыя ж паслы, якія да каралеўскай вялікасці (maiestatem) былі пасланы, узялі з сабой даверчыя лісты ад галоўнага і вярхоўнага пасла яснавяльможнага пана[2] (князя) Скіргайлы, брата вялікага князя Ягайлы, які з пэўных прычын не мог асабіста з’явіцца да яе каралеўскай вялікасці. Паслы яго, князь Барыс і Ганка, староста (capitaneus) віленскі, стаўшы перад каралевай Вугорскай, гэтак, выкладаючы справу гаварылі:

«Многа цэзараў, каралёў і розных князёў прагнулі ўвайсці ў сталыя стасункі сваяцтва з тым жа вялікім князем літоўскім; але Бог усемагутны наканаваў гэта асобе вашай каралеўскай ягамосці (вялікасці).

Таму, найяснейшая пані, споўні гэтае дабратворнае прадвызначэнне, вазьмі вялікага князя Ягайлу за сына і аддай яму ў жонкі найбольш каханую дачку сваю, Ядвігу, каралеву Польскую. Упэўненыя, што з гэтага саюзу вынікне хвала Богу, збавенне душам, пашана (гонар) людзям і памнажэнне каралеўству[3] (Regni extitisse). Перш як тое, пра што ідзе мова, да адпаведнага канца дойдзе, вялікі князь Ягайла з усімі братамі, яшчэ не ахрышчонымі, а таксама з крэўнымі, са шляхтай, зямянамі большымі і меншымі, якія на землях яго жывуць, хоча, зычыць і прагне прыняць веру каталіцкую святога рымскага Касцёла. Не маглі схіліць яго да гэтага, як настойліва ні дамагаліся, шмат якія цэзары і розныя князі, бо Бог усемагутны славу гэтую для вашай каралеўскай[4] вялікасці захаваў. Дзеля несумненнасці і моцы сказанага абяцае вялікі князь Ягайла сабраць (скласці) і выкарыстаць (выдаць) (ponere et exhibere[5]) увесь свой скарб (усе свае скарбы) для вяртання страт, якія панеслі як Польшча, так і Літва, калі толькі каралева Вугорская дачку сваю, Ядвігу, каралеву Польскую, шлюбам сямейным злучыць. Вялікі князь Ягайла[6] абяцае суму, умоўленую (паміж) каралевай Вугорскай і князем Аўстрыі (et ducem Austriae), менавіта двойчы сто тысяч фларэнаў, сабраць (скласці) і выплаціць. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае і гарантуе ўласнымі сродкамі і стараннем (намаганнем) вярнуць каралеўству Польскаму ўсе краі, кім бы яны ад яго ні (былі) адарваны і забраны. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае вярнуць першасную вольнасць усім хрысціянам, у першую чаргу людзям абодвух полаў з зямлі польскай звычаем вайсковым забраных і пераселеных, і кожны або кожная будзе мець магчымасць падацца туды, куды захоча. Нарэшце, той жа вялікі князь Ягайла абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы да Кароны каралеўства Польскага далучыць».

Таму мы, вышэйназваны вялікі князь Ягайла, на спамянутую пасольскую прапанову, дадзеную і выказаную ад нашага імя панам каралеўства Польскага праз вышэйназванага Скіргайлу, брата нашага улюбёнага, а таксама на паручыцельства, учыненае найяснейшай каралеве вугорскай Альжабеце упаўнаважанымі, накіраванымі тым жа братам нашым, у прысутнасці паслоў пані каралевы, як Вугорцаў, так і Палякаў, да нашай высокасці пасланых, разам з братамі нашымі, князямі літоўскімі Скіргайлам, Карыбутам, Вітаўтам, Лігвенам, а таксама ад імя іншых братоў нашых, прысутных і непрысутных, згаджаемся і абвяшчаем як вышэйназванай пані каралеве, так і спамянутым панам каралеўства польскага; гэтыя ж прапановы пасольскія мы загадалі зацвердзіць нашымі і нашых братоў пячаткамі і тое ўсе пацвярджаем. (Quasquidem legationes cum nostri ас fratrum nostrorum praescriptorum sigillorum praesentium [appensione][7] duximus fore ratificatas et per omnia modis praemissis affirmatas).

Вішнеўскі А.Ф., Юхо А.Я. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: У дакументах і матэрыялах (са старажытных часоў да нашых дзён). — Мн., 1998. — С. 34—35.


  1. У гістарычнай літаратуры выказваецца думка, што «Акт Крэўскай уніі 1385 года» з’яўляецца тыповай фальсіфікацыяй сярэдневякоўя. / Гл.: Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: вучэбны дапаможнік. Мінск, 1992. С. 84—85. Пераказ дагавора Крэўскай уніі прыведзены ў кнізе І.М. Даніловіча «Скарбніца грамат…» («Skarbiec dyplomatow…». Т. 1—2. Wilno, 1860, 1862).

Зноскі[правіць]

  1. У арыгінале — regina, regina, пазней першы выраз закрэслены і той жа рукою напісана — E.
  2. Principe, у арыгінале — principi.
  3. Augmentum, у арыгінале — agmentum.
  4. Reginali, у арыгінале — reginalis.
  5. У арыгінале exibere.
  6. Гэты выраз напісаны гэтай жа рукою на інтэрлініі (fr. interligne — паміжраддзе).
  7. У арыгінале гэты ці іншы выраз апушчаны.
У адпаведнасці з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 1996 года № 370-XІІІ «Пра аўтарскае права і сумежныя правы» афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі і знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з'яўляюцца аб'ектамі аўтарскіх праў.