Ажыўленьня бальшавізму
Ажыўленьня бальшавізму Публіцыстыка Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1919 год Крыніца: Беларуская Думка. — 9 чэрвеня 1919. — №19; бач. 1 |
АЖЫУЛЕНЬНЯ БАЛЬШАВІЗМУ.
Цяперашняе палажэньня бальшавікоў пачынае патроху узмацовывацца. На усіх фронтах сілы бальшавіцкія падняліся, дзякуючы надзвычайным высілкам бальшавіцкаго ураду. Агітацыя па гарадох цэлых атрадоў зложаных з кабет, адозвы нават у кінэматаграфах, мабілізацыя сярод рабочых па хфабрыкам усё тое зрабіло вялікі рух, які адзначыў сябе у тым, што чырвоная армія каля Казані, Сымбірска і Самары адкінула войскі Калчака на 120 да 160 вёрстаў. На фронце Румыніі усё больш і больш бьюць бальшавікі румынскія войскі,
Усё гэта зрабіло аграмаднае уражэньне у Расеі. Троцкі раптам зрабіўся героям камуністаў і пачынаюць называць яго расейскім Наполеонам.
Праўда на паўночным фронце каля Петраграда ды на заходнім фронце бальшавікам ні надта шанцуе, але да поўнага пагрома яшчэ далёка. Бюллетэны усіх штабаў войск, якія ваююць проціў бальшавікоў, падцьверджаюць, што сілы бальшавіцкія узрасьлі.
У Эўропе бальшавізм так сама пачынае узрастаць, Камуністычны урад у Вэнгрыі працуе добра, тэррора ніякага німа, хаця праціўнікі ураду сідзяць на дармовых харчах; усі мусяць працаваць, але ўсім плоцяць добра. Дагэтуль Вэнгрыя здалела ўжо пабіць румынаў і чэхаў. Газэты пішуць, што вэнграм памагае нямецкі генэрал Макэнзэн са сваім войскам, каторае праз Чэхію хоча прабрацца дамоу. Факт, што чэхі моцна разбіты і адступаюць. У Славацыі, каторая была злучана з Чэхіяй ідзе бунт проціу чэхаў, тое самае робіцца у Сілезіі. Славацыя пранікла бальшавіцкім духам і маняцца там увясьці каммуну.
Несчасьця чэхаў выклікалі узмацаваньне у Чэхіі камуністычнаго руху. Камуністы чэскія распаусюджуюць праклямацыі, у каторых напісана вось што:
«Урад Масарыка, як наагул кожны буржуазны урад, ня здольны прывясьці у парадак справы Чэхіі так, каб не пралівалася кроу найлепшых сынау нашай бацькаушчыны, каб змучаны вайною чэскі народ мог урэшці узяцца да творчай працы. Гэтае заданьне можа выпауніць толькі урад, які будзе складацца з людзей варожых імпэрыялізму ды капіталізму.»
Сама сабою разумеецца, што узмацаваньне бальшавізма на фронтах выклікаць мусіць і узмацаваньне ідэі у масах. Пашырэньне бальшавізма у Эуропе грозіць паважна цэлай акцыі Антанты дзеля умацаваньня міру.
Найбольшай угрозай можа быць злучаньне расейскіх камуністаў з вэнгерскімі а потым з нямецкімі. Вядома агульна, што немцы зброяцца і абецаліся зрабіць помсту. Як ні як але сучаснае палажэньне у Эуропе прадстауляецца досыць цёмна і грозна.
Юры Олельковіч.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.