Перайсці да зместу

Ад. Станкевіч. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (Шкялёнак)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад. Станкевіч. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня
Крытыка
Аўтар: Мікалай Шкялёнак
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 1 (5). — С. 54—57

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад. Станкевіч. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. Вільня 1935, выдавецтва „Шляху Моладзі“, фармат 8°, 128 бач.

Няўтомны працаўнік на ніве беларускае культуры кс. Ад. Станкевіч усьцяж узбагачывае наш культурны даробак сваімі цэннымі працамі пераважна гістарычнага характару. Да гэткіх працаў належыць і вышэй успомненая, азначаная аўтарам, як «агульны нарыс, які беларускім гісторыкам можа паслужыць матар’ялам і плянам да апрацаваньня поўнай беларускай вызвольна-палітычнай гісторыі“,

У прадмове аўтар зазначае, што квэстыя беларускага палітычнага вызваленьня даўно яго цікавіла, але ня было магчымасьці выдаць працу друкам аж да 1934 г., у якім яна пачалася друкавацца ў „Шляху Моладзі“; друкаваньне трывала два гады. Аўтар абмяжаваўся ў працы да „выказаньня галоўных мамэнтаў з гісторыі беларускай палітычна-вызвольнай думкі і барацьбы, а такжа да выказаньня генэзы, вытокаў ідэі сувэрэннай незалежнай Беларусі і да агульнага апісаньня спробаў зьдзейсьненьня гэтага ідэалу“. Перад чытачом адчыняецца ўзрост народнай сьведамасьці ад канца XVIII стаг. у Еўропе агулам і беларускай у прыватнасьці. Першым пачынальнікам беларускага палітычнага вызваленьня аўтар лічыць Кастуся Каліноўскага, прыхільніка ідэі фэдэрацыйнай лучнасьці беларуска-літоўскіх земляў з Польшчай. Фэдэрацыя гэта мелася быць толькі вольным саюзам незалежных дзяржаваў. Думку Каліноўскага па яго сьмерці снаваў Ігнат Грынявіцкі, беларускі народнік, які быў „неразарвальным злучвом вызвольнай беларускай традыцыі між Каліноўскім і яго „Мужыцкай Праўдай“ і між „Гоманам“. Аўтар падрабязна спыняецца над аналізам палітычнага кірунку „Гоману“, а яшчэ раней „Муж. Пр.“, і з сынтэтычнага параўнаньня між імі, даходзіць да вываду, што „Гоман“ быў далёка бліжэй да зразуменьня беларускага нацыянальнага прынцыпу, чымся „М. П.“, якая ад паняцьця беларускага народу, як нацыі, была далёка. Далей аўтар спыняецца над асобай Фр. Багушэвіча, і кажа, што ён ласьне зрабіў рашучы пераломны шаг у падыходзе да беларускага нацыянальнага пытаньня. Багушэвіч, кажа аўтар, скончыў назаўсёды з беларуска-польскім народніцтвам Каліноўскага і з народніцтвам беларуска-расейскім гоманцаў, а стварыў народніцтва беларускае нацыянальнае, і паказаў самастойныя дарогі беларускага нацыянальнага адраджэньня агулам і нацыянальна-палітычнага вызваленьня. Годнага спадкаберніка нацыянальнага беларускага народніцтва Багушэвіча аўтар бачыць у Адаме Гурыновічу. Узбуджаная Фр. Багушэвічам думка беларускага адраджэньня на прынцыпе беларускае нацыянальнасьці не заглохла і сталася асновай беларускага арганізацыйнага культурна-палітычнага жыцьця, а ў сувязі з падзеямі, што стварыліся ў выніку сусьветнае вайны, сталася фундамантам для пабудаваньня ідэі сувэрэннай Беларусі, выражанай у акце з дня 25. III. 1918 г., і спробаў зьдзейсьненьня гэтага ідэалу, разглядам чаго і канчаецца праца.

Пастаўленае сабе заданьне аўтар бязумоўна споўніў. Дадатныя староны працы (а іх ёсьць шмат) кідаюцца аж надта чытачу ў вочы і дзеля недахопу месца ня будземо над імі спыняцца. Адцемім толькі некаторыя няточнасьці, якія пры студыяваньню гэтай працы даюцца спасьцерагчы.

Аўтар памылкова глядзіць на Люблінскую вунію, як на палітычную і культурную сьмерць беларускага народу, пасьля якой народ „апынуўся пад Польшчай ужо не як палітычна самастойны, але як яе падданы“ (бачына 9). Сутнасьць Люблінскае вуніі ў тым, што Вял. Кн. Літ. і Карона (Польшча) у аднолькавай ступені зракаліся некаторых сваіх сувэрэнных правоў на карысьць новага палітычнага твору — супольнае Рэчыпаспалітае, але ніколі ня было так, каб беларускі народ, або дзяржава, стаўся „падданым“ Польшчы. Калі-б тут і казаць аб залежнасьці палітычнай беларуска-літоўскай дзяржавы, дык толькі адносна да супольнае Рэчыпаспалітай, але ніколі не да Польшчы (Кароны), якая сама знаходзілася ў гэткай-жа залежнасьці ад новага твору. Іншая рэч, што фактычная перавага Польшчы (Кароны) пад кожным і асабліва культурным паглядам давяла ў канцы да палітычнага і культурнага заняпаду беларускага народу.

Памылковым ёсьць такжа і пагляд аўтара на ролю рэлігіі і царквы ў беларускім культурна грамадзкім жыцьці XVII і XVIII стаг. Ролю гэту аўтар малюе надта дадатна і нават у рэлігіі бачыць адзіную грамадзкую вартасьць, каторая зьберагала беларускую нацыю і тварыла беларускую культуру ў часы найвялікшага яе заняпаду. Згаджаемся, што беларускі народ у той час быў рэлігійны, але ласьне рэлігійныя адносіны XVII і XVIII стаг. былі аднэй з найвялікшых прычынаў аканчальнага яго заняпаду. Трэба мець наўвеце, што г. зв. „народнага касьцёлу“, ня гледзячы на спробу, беларускі народ не стварыў, а тыя рэлігіі, што найбольш былі распаўсюджаны на Беларусі — праваслаўе, вунія, р.-каталіцтва — найменш баранілі вартасьцяў і культуры беларускага народу і нават яго існаваньня. Ня трэба забывацца, што ў змаганьнях між сабой праваслаўе і вунія клікалі на дапамогу вонкавыя палітычныя сілы (вунія — Карону, праваслаўе — Маскву), каторыя помач давалі, але перадусім не забываліся аб сваіх інтарэсах, дыямэтральна процілежных з інтарэсамі беларускага народу. Дасьледываючы дзейнасьць гэткіх выдатных асобаў таго часу, як Сматрыцкі, Кунцэвіч і ін., ад якіх у першую чаргу трэба было спадзявацца беларускага палітычнага розуму, паміма волі кідаецца ў вочы, што яны дзеля правядзеньня сваіх рэлігійных прынцыпаў найменш былі склонны рахавацца з інтарэсамі беларускага народу і дзяржавы. Пэўне-ж, што праваслаўе да барацьбы з вуніяй, і вунія пасьля перамогі над праваслаўем мелі некаторы дадатні ўплыў у беларускім жыцьці, але па першае гэта яшчэ належна не дасьледавана, а па другое і тады-б роля рэлігіі была ўсё-ж бязьмежна далёкай ад тэй, якой хоча яе бачыць аўтар.

У разьдзеле аб Ігнаце Грынявіцкім і яго беларускім народніцтве спасьцерагаецца вялікая распятасьць між ідэалізаваньнем Грынявіцкага, як „сапраўды годнага наступніка Кастуся Каліноўскага“ і беларускага народніка, а тымі аб’ектыўнымі дадзенымі, каторыя гэта пацьвярджаюць.

Праводзячы сынтэтычнае параўнаньне „Мужыцкае Праўды“ і „Гоману“, аўтар не дацэнівае ролі гоманцаў у крысталізацыі беларускага нацыянальнага прынцыпу і ў канцавых сваіх вывадах даходзе да пэўных супярэчнасьцяў. Бо, як відаць нават толькі з цытаванага аўтарам, неазаглаўленага артыкулу аб нацыянальным пытаньні, гоманцы мелі цалком ясны і шырокі пагляд на беларускае нацыянальнае пытаньне, зьмест якога быў той, што гоманцы лічылі беларускі народ зусім самастойным, маючым права на незалежнае існаваньне, роўны іншым, прычым абарону гэтых правоў беларускага народу гэтак ад Палякоў, як і Маскоўцаў, гоманцы лічылі за сваю мету. Гоманцы адкідалі толькі гэткае паняцьце нацыяналізму, пры каторым адна нацыя ўважае сябе за вышэйшую ад другой (адсюль г. зв. „нямецкі дух“, „рускі дух“, і г. п., інакш шовінізмы і нетолеранцыя адносна іншых нацыяў). Гоманцы выразна і заявілі, што гэткага роду „беларускі дух“ (інакш беларускі шовінізм) ня можа быць складовай часткай беларускага здаровага нацыяналізму. Не адкарастываліся затым гоманцы ад беларускага здаровага нацыяналізму, але не хацелі ў ім бачыць „беларускага духу“ — шовінізму. Гэтак і трэба разумець іхнюю нацыянальную ідэолёгію. Той-жа факт, што гоманцы, як рэвалюцыянеры, мала зьвярталі ўвагі на культурную працу ў народзе, аддаючы гэта „аматарам“, ня можа падважыць вартасьці іхняе нацыянальнае сьведамасьці, ды і ўрэшце ішлі яны тут за прыкладам расейскіх народнікаў-рэвалюцыянераў, каторыя таксама не зьвярталі ўвагі на культурную працу, імкнучыся перадусім да зьмены палітычных умоваў жыцьця. З гэтых прычынаў не згаджаемся з аўтарам, быццам Фр. Багушэвіч ёсьць першым тварцом беларускага здаровага нацыяналізму ў сучасным яго разуменьню. Трэба думаць, што пагляды гоманцаў былі ведамы Багушэвічу і значэньне яго палягае ласьне на тым, што ён першы пачаў сапраўды беларускую нацыянальную працу на нашае культурна-грамадзкае ніве, тады як гоманцы праводзілі яе ў сэнсе выключна палітычным.

Ня гледзячы аднак на гэтыя няточнасьці, праца кс. Ад. Станкевіча мае вялікія дадатныя староны і перадусім ёсьць яна крыніцай, з якой можна даведацца аб вытоках беларускае сувэрэннае ідэі, ейным разьвіцьці і спробах зьдзейсьненьня. Ясны і лёгкі стыль, каторы адзначае агулам усе працы кс. Ад. Станкевіча, робіць разгляданы „нарыс“ даступным кожнаму. Праца гэта набірае і будзе набіраць кожны раз асаблівае актуальнасьці з нагоды штогодніх угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі (25. III. 1918 г.) і ўжо з гэтай прычыны павінна знайсьціся ў бібліятэцы кожнай беларускай арганізацыі і на стале кожнага сьведамага нацыянальна Беларуса.

М. Шкялёнак.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.