Адцьвітаньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Адцьвітаньне
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/1146


Не шасьцяць каласы,
Звон ня валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.

Не іскрыцца небазбор,
Не цьвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан,
Толькі поўзае туман,
Вецер б'е ў нямы курган, -
Шапаціць імглісты бор.

Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне.
Сэрца б'ецца у паўсьне,
Думка сэрцу аб вясьне
Здрадны голас падае.

(1909)