Адступнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Адступнік
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2673#29713


Дажывае стара маці
Сірацінаю у хаце,
Ў соннай волі, ў чорнай долі,
Як та груша сярод поля,

Мела сына, але сыну
Захацелася ў чужыну:
Ён пайшоў шукаць там шчасьця
Або згінуць, запрапасьці.

Мела дочак, але дочкі
Пабрылі таксама ўпрочкі:
Тая замуж, тая ў службу
На нядолю, на нядружбу

Дажывае веку маці, —
Ужо ня можа з ложка ўстаці,
Кліча дочак, кліча сына, —
Але пуста ўсё хаціна.

Сабраліся добры людзі,
Гаманілі: што то будзе?
Са старою мала ладу —
Трэба даць якую раду.

І да сына лісты пішуць:
— Прыязджай, бо ўжо чуць дышыць
Маці стара і маячыць:
Цябе хоча ўсё пабачыць.

Сын варочаўся з чужыны
Да матулі, да хаціны
Ня то князем, ня то панам,
Ня то трэзвым, ня то п’яным.

Падышоў да ложка бліжай:
Маці сьпіць, як зьнята з крыжа;
Пахіліўся над ёй нізка,
Як яна здаўн над калыскай.

І старую разбуджае,
Нейкім словам пацяшае, —
Штось гаворыць і гаворыць, —
Тая слухае, як зморы.

Прыглядаецца матуля,
Што зрабілася з сынуляй;
Ён ці не — стаіць у хаце,
Усё сіліцца згадаці.

І згадала, ой, згадала!
Енкнуць голасу сабрала,
Бы та каня над крыніцай:
— Чужаніца, чужаніца!

Легла маці ў дамавіну;
Сын зноў ехаў у чужыну,
А за ім шумелі людзі:
Што то далей зь яго будзе?

(1914)