Адкуль узяліся браняносцы (Кіплінг/Багун)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Адкуль узяліся браняносцы
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
Крыніца: http://knihi.com/Dzozef_Redzjard_Kiplinh/Kazki.html


Мілы хлопчык, я зноў раскажу табе казку пра Далёкія і Даўнія Часы. Жыў тады Злючка-Калючка Вожык. Жыў ён на мутнай рацэ Амазонцы, еў слімакоў і розную драбязу. І была ў яго сяброўка, Чарапаха Няспешная, якая таксама жыла на мутнай рацэ Амазонцы, ела розную драбязу і зялёную салату. Усё ішло добра, ці ж няпраўда, мілы хлопчык?

Але ў тую самую пару, у Далёкія і Даўнія Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямісты Ягуар. Ён еў усё, што яму ўдасца злавіць. Не ўдасца злавіць аленя — ён з'есць малпу; не ўдасца злавіць малпу — з'есць лягушку ці казюльку. А ўжо калі няма ні лягушак, ні казюляк — ён ідзе да сваёй маці Ягуарыхі, і тая растлумачвае яму, як трэба лавіць чарапах і вожыкаў.

Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, маці навучала яго:

— Калі, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кінь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калі знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра. І ўсё ішло добра, мой мілы хлопчык.

Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямісты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык і Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглі, і вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо інакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногі і галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха. Усё ішло як трэба, мілы мой хлопчык, ці ж няпраўда?

— Слухайце мяне ўважліва! — сказаў Плямісты Ягуар. — Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялікае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калі я ўбачу Вожыка, я павінен кінуць яго ў ваду, і тады ён сам сабою выпрастаецца, а калі я ўбачу Чарапаху, я павінен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык, — клянуся маімі плямамі, не ведаю!

— Ці добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? — спытаў Злючка-Калючка Вожык. — Ці не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калі ты выпрастаеш Чарапаху, ты павінен выдрапаць яе з вады, а калі ты зловіш Вожыка, ты павінен кінуць яго на панцыр?

— Ці добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? — спытала Чарапаха Няспешная. — Ці не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калі ты змочыш вадою Вожыка, ты павінен падрапаць яго лапай, а калі сустрэнеш Чарапаху, ты павінен падкінуць яе, каб яна выпрасталася?

— Наўрад ці гэта так! — сказаў Плямісты Ягуар, але ўсё ж крыху збянтэжыўся. — Будзьце ласкавы, паўтарыце яшчэ раз, што вы сказалі зараз. І калі можна, ясней.

— Калі ты падрапаеш ваду кіпцюрамі, налі яе і выпрастай Вожыкам, — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Запомні гэта добра, бо гэта вельмі важна.

— Але, — сказала Чарапаха Няспешная, — калі ты выдрапаеш ваду з Вожыка, ты павінен паліць гэтай вадой Чарапаху. Няўжо ты і гэтага не ведаеш?

— У мяне ад вашай блытаніны плямы на спіне забалелі! — сказаў Плямісты Ягуар. — Я не прашу ў вас парад, я толькі пытаюся, хто з вас Вожык і хто Чарапаха.

— Не скажу, — адказаў Вожык. — Але, калі хочаш — будзь ласкаў, — паспрабуй вось выдрапаць мяне з майго панцыра.

— Ага! — сказаў Плямісты Ягуар. — Цяпер я ўжо бачу, што ты Чарапаха. Ты думала, што я не здагадаюся. А я здагадаўся.

І стукнуў Ягуар лапай з усяго маху па Вожыку, але Вожык згарнуўся ў клубочак, і ў лапу Ягуара ўпіліся вострыя калючкі Вожыка. Гэта было б, бадай, яшчэ нічога, але, на няшчасце, Ягуар ударам лапы адкінуў Вожыка далёка-далёка ў лес і не мог знайсці яго ў кустах, бо было вельмі цёмна. Тады ён сунуў лапу сабе ў рот, але ад гэтага іголкі пачалі калоць яшчэ мацней. Ад болю ён доўга не мог гаварыць, а калі загаварыў, сказаў:

— Цяпер я ўжо бачу, — то была зусім не Чарапаха. Але як мне даведацца, ці Чарапаха гэта? І ён пачухаў патыліцу той лапай, якая не была паколата аб калючкі Вожыка.

— Я і ёсць Чарапаха, — прызналася Няспешная. — Твая матуля вучыла цябе правільна. Яна сказала табе, што ты павінен ададраць мяне ад майго панцыра. Гэта праўда. Ну, пачынай!

— Толькі што ты казала, што яна казала адно, а цяпер ты кажаш, што яна казала другое! — сказаў Ягуар, высмоктваючы калючкі з лапы.

— Ты кажаш, што я кажу, што яна казала другое, — сказала Чарапаха. — Што ж з гэтага? Бо, калі, як ты казаў, я казала, што яна казала тое, што я казала, то і выходзіць, што я казала тое, што яна казала. А калі ты думаеш, што яна казала, нібыта ты павінен выпрастаць мяне лапай, а не кідаць мяне ў ваду разам з маім панцырам, — не я вінавата, ці ж няпраўда?

— Але ж толькі што ты сама казала, што я павінен выдрапаць цябе лапай з твайго панцыра, — сказаў Плямісты Ягуар.

— Падумай добра, і ты зразумееш, што я гэтага ніколі не казала. Я толькі казала, што твая мама казала, што ты павінен садраць з мяне кіпцюрамі мой панцыр, — сказала Няспешная.

— А што будзе, калі я здзяру з цябе панцыр? — асцярожна спытаўся Ягуар і пацягнуў носам паветра.

— Не ведаю, бо да гэтага часу ніхто яшчэ не здзіраў з мяне панцыра, але кажу табе праўду: калі ты хочаш паглядзець, як я паплыву ад цябе, — кінь мяне, калі ласка, у ваду.

— Я табе не веру! — сказаў Плямісты Ягуар. — Мама мая казала адно, а ты казала, што яна казала другое, і цяпер усё ў мяне так пераблыталася, што я не ведаю, дзе ў мяне хвост, дзе галава. А цяпер ты сказала простыя словы, якія я разумею, і гэта блытае мяне болей за ўсё. Мама вучыла мяне, каб я кінуў аднаго з вас у ваду, і таму што ты кажаш, што табе хочацца ў ваду, ясна, што табе не хочацца ў ваду. Дык скачы ж у мутную ваду ракі Амазонкі. Жыва!

— Добра, я скочу, але ведай: мама твая будзе вельмі незадаволена. Калі ласка, не кажы ёй, што я не казала табе, што яна казала...

— Калі ты скажаш яшчэ хоць адно слова пра тое, што казала мая мама!.. — ускрыкнуў Ягуар, але не паспеў дагаварыць, бо Чарапаха як ні ў чым не бывала нырнула ў мутную ваду ракі Амазонкі. Доўга яна плыла пад вадою і выплыла на бераг, дзе яе чакаў Злючка-Калючка Вожык.

— Мы ледзь не загінулі! — сказаў Вожык. — Не падабаецца мне гэты Ягуар. Што ты сказала яму пра сябе?

— Я сказала яму праўду. Я шчыра сказала яму, што я Чарапаха, але ён не паверыў, прымусіў мяне скочыць у ваду і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што я і сапраўды Чарапаха. Цяпер ён пайшоў скардзіцца сваёй маці. Ты чуеш?

Было чуваць, як сярод хмызняку і дрэў, над мутнай ракой Амазонкай, раве Ягуар і кліча да сябе маці Ягуарыху. І яна прыйшла.

— Ах, сыночак, сыночак! — загаварыла яна, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Ты, здаецца, рабіў такое, чаго табе не трэба было рабіць.

— Я сустрэў над ракою аднаго звярка і хацеў выдрапаць яго з-пад панцыра; ён сам сказаў, — што ён хоча гэтага, вось цяпер у мяне ўся лапа ў стрэ-э-э-эмках!

— Ах, сыночак, сыночак! — сказала маці, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Па гэтых стрэмках, якія ўпіліся ў тваю лапу, бачу я, што гэта быў Вожык. Табе трэба было кінуць яго ў ваду.

— У ваду я кінуў другога звярка. Ён сказаў, што яго завуць Чарапаха, але я не паверыў яму. А выявілася, што гэта і сапраўды была Чарапаха. Яна нырнула ў ваду, у мутную раку Амазонку, і болей я не бачыў яе. І вось я астаўся галодны, і думаю, што нам трэба перасяліцца адсюль у іншыя месцы. Тут, на мутнай рацэ Амазонцы, усе звяры такія разумныя. Мне, небараку, не справіцца з імі.

— Ах, сыночак, сыночак! — сказала яго маці, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Слухай уважліва і запомні, што я скажу. Вожык згортваецца ў клубок, і яго калючкі тырчаць ва ўсе бакі. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Вожыка.

— Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Што яшчэ яна скажа яму?

— А Чарапаха не можа згортвацца, — гаварыла далей Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом.

— Чарапаха ўцягвае галаву і ногі пад панцыр. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Чарапаху.

— Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! — сказала Чарапаха Няспешная. — Нават Плямісты Ягуар і той не забудзе такой простай лекцыі. Ах, Злючка-Калючка, як шкада, што ты не ўмееш плаваць!

— Хопіць клапаціцца аба мне, — адгукнуўся Злючка-Калючка. — Табе таксама сяго-таго не хапае. Падумай: як было б цудоўна, каб ты ўмела згортвацца ў клубок! Ах, і ў якую бяду мы папалі! Прыслухайся, што кажа Ягуар!

А Плямісты Ягуар сядзеў над мутнай ракой Амазонкай, высмоктваў з лапы калючкі і ціха мармытаў:

          — Хто згорнецца клубком,
          Той завецца Вожыкам.
          Хто ў вадзе паплыве,
          Той Чарапахай завецца.

— Гэтага ён ніколі не забудзе, нават пасля дожджыку ў чацвер! — сказаў Вожык. — Падтрымай мяне за падбародак, Няспешная, — я хачу навучыцца плаваць. Гэта можа спатрэбіцца потым.

— З прыемнасцю! — сказала Чарапаха.

І яна падтрымала Калючку за падбародак, пакуль той боўтаўся ў мутнай рацэ Амазонцы.

— З цябе выйдзе вельмі добры плывец! — сказала яна Вожыку. — А цяпер, зрабі ласку, распусці ў мяне на спіне тыя шнуркі, якімі сцягнуты мой панцыр, — я паспрабую згарнуцца ў клубок.

Злючка-Калючка распусціў на спіне ў Чарапахі шнуркі, і Чарапаха пачала так згінацца і курчыцца, што ёй нарэшце ўдалося крышачку сагнуцца, — не зусім, а крышачку.

— Вельмі добра! — сказаў Вожык. — Але хопіць, болей не трэба. У цябе нават твар пасінеў. А цяпер, калі ласка, падтрымай мяне ў вадзе яшчэ разок! Я паспрабую плаваць бокам. Ты казала, што гэта вельмі лёгка.

І Вожык зноў паплыў, — гэта было яго другое практыкаванне. Чарапаха плыла побач з ім.

— Вельмі добра! — сказала яна. — Яшчэ крыху, і ты будзеш плаваць не горш за Кіта. А цяпер, зрабі ласку, распусці шнуркі на маім панцыры яшчэ на дзве дзірачкі, я паспрабую нахіліцца ўперад. Ты кажаш, што гэта вельмі лёгка. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар!

— Вельмі добра! — ускрыкнуў Вожык, увесь мокры пасля купання ў мутнай рацэ Амазонцы. — Ты згортваешся так добра — зусім як мае браты і сёстры. Дзве дзірачкі, ты кажаш? Добра, толькі не трэба так моцна сапці, а то пачуе Плямісты Ягуар. Смялей! Калі ты скончыш, я паспрабую нырнуць і даўжэй пратрымацца пад вадою. Ты кажаш, гэта вельмі лёгка. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Але як стуліліся шчыткі ў цябе на панцыры! Раней яны былі побач, а цяпер адзін на другім.

— Гэта таму, што я згортвалася, — сказала Чарапаха. — Але і ты змяніўся. Раней ты быў падобны на каштанавы арэх, а цяпер зрабіўся нібы яловая шышка. Усе калючкі склеіліся і зрабіліся лускою.

— Няўжо? — ускрыкнуў Вожык. — Гэта таму, што я вымак у вадзе. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Так да самай раніцы яны памагалі адно аднаму, а калі сонца паднялося высока над зямлёй, яны селі адпачыць і абсушыцца. І, пазіраючы адно на аднаго, заўважылі, што зрабіліся зусім на сябе не падобныя.

Потым яны паснедалі, і Чарапаха сказала:

— Мілы Вожык, я ўжо не такая, якая была ўчора. Але я думаю, што цяпер мне ўдасца пазабаўляць Ягуара як след.

— Я хацеў сказаць якраз тое ж самае. Слова ў слова! — ускрыкнуў Вожык. — Па-мойму, луска лепш за ўсякія калючкі, да таго ж я цяпер умею плаваць. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Пойдзем і знойдзем яго.

Хутка яны знайшлі Ягуара. Ён усё яшчэ быў заняты сваёй параненай лапай. Калі яны з'явіліся перад ім, ён так здзівіўся, што падаўся назад і тры разы перакуліўся цераз свой хвост.

— Добрай раніцы! — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Як здароўечка вашай дарагой матулі?

— Дзякуй вам, яна вельмі добра сябе адчувае, — адказаў Ягуар, — але прабачце, калі ласка, я дрэнна памятаю вашы імёны.

— Ах, які вы няветлівы! — сказаў Вожык. — Яшчэ толькі ўчора вы прабавалі выдрапаць мяне з панцыра...

— Але ўчора ў цябе не было панцыра. Учора ты быў увесь у іголках. Каму ж гэта і ведаць, як не мне? Паглядзі вось на маю лапу!

— Толькі ўчора, — сказала Чарапаха, — вы загадалі мне кінуцца ў ваду і ўтапіцца ў мутнай рацэ Амазонцы, а сёння і ведаць не хочаце мяне. Вось які вы недалікатны і забыўчывы!

— Няўжо вы забыліся, што сказала вам ваша маці? — спытаў Злючка-Калючка Вожык. — Яна ж ясна сказала вам:

          — Хто згорнецца клубком,
          Чарапахай завецца.
          Хто ў вадзе паплыве,
          Той завецца Вожыкам.

Тут яны абодва згарнуліся ў клубок і як пайшлі качацца вакол Ягуара — качаліся, качаліся, качаліся... У таго нават вочы закруціліся, нібы колы ў павозцы.

Ён пабег і паклікаў сваю маці.

— Мама, — сказаў ён, — там, у лесе, нейкія дзіўныя звяры! Пра аднаго ты сказала, што ён не ўмее плаваць, а ён плавае. Пра другога ты сказала, што ён не ўмее згортвацца, а ён згортваецца. І, здаецца, яны падзяліліся адзеннем. Раней адзін быў гладзенькі, а другі калючы, а цяпер абодва яны пакрыты луской. Апрача таго, яны круцяцца, круцяцца, круцяцца, ажно ў мяне галава закружылася.

— Ах, сыночак, сыночак! — сказала маці Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Вожык — гэта Вожык, і чым жа яму быць, як не Вожыкам? Чарапаха — гэта Чарапаха, і астанецца заўсёды Чарапахай!

— Але гэта зусім не Вожык! І зусім не Чарапаха! Гэта трошкі Вожык і трошкі Чарапаха, а як яно завецца — я не ведаю.

— Глупства! — сказала маці Ягуарыха. — У кожнага павінна быць сваё імя. Я гэтага звера буду зваць Браняносец, пакуль для яго не знойдзецца сапраўднае імя. І на тваім месцы я яго не чапала б. Ягуар зрабіў так, як яму было загадана; асабліва старанна выканаў ён навучанне маці — не чапаць гэтага звера. Але дзіўней за ўсё тое, мілы хлопчык, што на мутнай рацэ Амазонцы ад таго самага дня да гэтага часу Злючку-Калючку Вожыка і Чарапаху Няспешную ўсе так і называюць Браняносцам. Вядома, у іншых мясцінах ёсць, як і раней, і Вожыкі і Чарапахі (ёсць яны і ў мяне ў садзе), але лепшыя, разумнейшыя з іх — старажытныя Вожыкі і Чарапахі, пакрытыя лускою, як яловыя шышкі, тыя самыя, што ў Далёкія Дні жылі на мутных берагах Амазонкі, — тыя заўсёды завуцца Браняносцамі, бо яны такія разумныя.

Чаго ж табе яшчэ, мілы хлопчык? Усё зрабілася вельмі добра, ці ж няпраўда?

          На далёкай Амазонцы
          Я ніколі не бываў,
          Толькі карабель магутны
          Там заўсёды гасцяваў, —
          Толькі карабель праз моры
          Амазонкі дасягаў.
          Ад Ліверпульскай гавані
          Заўжды па чацвяргах
          Адыходзяць судны ў плаванне
          Ў далёкі морскі шлях.
          Плывуць яны ў Бразілію,
          Бразілію,
          Бразілію.
          І я хачу ў Бразілію —
          Ў далёкі морскі шлях.
 
          Вы не знойдзеце ніколі
          У паўночных у лясах
          Даўгахвостых ягуараў,
          Браняносных чарапах.
          А ў Бразіліі сонечнай
          Багата так звяроў.
          У нас такіх на поўначы
          Нідзе я не знайшоў.
          Ці ўбачу я Бразілію,
          Бразілію,
          Бразілію?
          Ці ўбачу я Бразілію
          Да старасці ізноў?