Адкрытае пісьмо пану Ч. Янкоўскаму і іншым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адкрытае пісьмо пану Ч. Янкоўскаму і іншым
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1921
Крыніца: НДумка. 1921. 4 сак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У маей стацьці «Наш культурны стан» я даў, як умеў, згруба нарысованы абраз нашага культурнага стану.

Факты, пададзеныя мной, самі за сябе гавораць. А гавораць яны вельмі красамоўна, што вынікі культурна-нацыянальнае працы беларускага народу за колькінаццаць год перарасьлі ўсялякае спадзяваньне пачынальнікаў беларускага адраджэньня і служаць парукай сьветлай будучыны нашага народу.

Вам, панове, гэты яркі доказ, што жыве Беларусь, вельмі ня ў смак. Але фактаў адкідаць вы ня можаце. І спорку прынцыповую: чы будзе жыць народ беларускі, вы пераносіце на грунт звыйчайнае газэтнае палемікі.

Усіх выдатнейшых нашых дзеячоў з с. п. Іванам Луцкевічам — запраўдным тварцом сучаснага беларускага руху на чале вы «анэктавалі» да польскай ці маскоўскай нацыянальнасьці. Каталік — значыць паляк, праваслаўны — маскаль. А калі йшчэ бацькі дома гаварылі па-польску ці па-маскоўску, — дык і пагатоў таго!

Старыя гэта песьні і даўно ўтраціўшыя ўсялякую вагу. Над імі пасьмяецца кожын таксама, як пасьмяяўся б ірляндзкі сін-фэйнэр, калі б яму напомнілі, што ў малыя гады ён гукаў з бацькамі па-англіцку. Пан Янкоўскі вольным часам сягнуў, мусіць, да арсэналу «аргумэнтаў» «Kur. Lіt.» з-прад дзесяцёх год. І не лічу патрэбным на іх адказваць, бо ў іх хіба сур’ёзна ня можа верыць і сам аўтар.

Ня буду вясьці палемікі і з панам Л. Шчукай, каторы ў «Sіowіe Їoіn.» вінаваціць мяне ў «анэктаваньні» на карысьць беларусаў польскага кампазытара Рагоўскага. Відаць, пан Шчука вельмі слаба разумее беларускую мову і ня сьцяміў таго, што я пісаў аб Рагоўскім і Карловічу. Але калі ня дуж, не бярыся за гуж! — кажа наш народ. І пану Пічуцы я бы радзіў пазнаёміцца зь беларускай мовай настолькі, каб разумець, што ён чытае.

Дый ня ў тым справа. А справа вось у чым.

Вы, панове, рупячыся аб карысьць польскага народу, каторы лічыце «сваім», благую ўслугу робіце гэтаму народу: вы бачыце, як нарастае з дня на дзень новая сіла ў нашым краі — сіла беларуская, вас зьнімае страх перад ёю, але замест таго, каб папярэджваць аб гэтым «сваіх», вы, быццам страўс-птушка. хаваеце свае галовы, заплюшчваеце вочы і крычыцё: «Нічога няма, бо мы ня бачым!» Замест таго, каб загадзя датарнавацца да новага ўкладу сіл у нашай Бацькаўшчыне і не дапусьціць да такога абвастрэньня беларуска-польскіх адносін, да якога дайшлі літоўска-польскія, — вы, панове, самі спараджаеце ў беларусаў злосьць да тае польшчыны, якую вы «бароніце». І на вас ляжа адказ за тыя абмылкі, якія вашае грамадзянства можа зрабіць у вадносінах да беларусаў, апіраючыся на вашым асьвятленьні беларускага руху.