Перайсці да зместу

Адзін сярод дзікуноў (1929)/Начное сьвята

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У гасьцях у тубыльцаў. — Здабываньне агню. — Доктарская дапамога. — Трывога Начное сьвята
Дзёньнік
Аўтар: Мікалай Міклуха-Маклай
1929 год
Арыгінальная назва: Один среди дикарей (1871, 1874)
Менавы гандаль. — Сямейнае жыцьцё

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАЧНОЕ СЬВЯТА

Жыхары Гумбу прышлі на другі дзень прасіць мяне ісьці з імі і з жыхарамі Гарэнду і Бонгу ў Марагум. Яны казалі пры гэтым, што будуць рабіць усё, што я загадаю і што жыхары Марагум, пачуўшы, што прышоў Маклай, зараз-жа ўцякуць у горы. Прышлі таксама жыхары Коліку-Мана, а з імі Туй і Лялу. Усе гаварылі пра Марагум і гуртам дадавалі, што цяпер, калі Маклай будзе з імі, Марагум-Тамо будзе кепска.

Ноччу я пачуў скрозь сон гукі баруму, папуаскіх музычных інструмантаў, і выцьцё тубыльцаў. А палове пятае раніцою я пачуў скрозь сон, што нехта кліча мяне. Я вышаў на веранду і ўгледзеў у паўцьме Бангума з Гарэнду, які прышоў паклікаць мяне, ад імя ўсіх тубыльцаў, жыхароў Гарэнду, Бонгу і Гумбу, на іх начное сьвята. Я, зразумела, згадзіўся, апрануўся, і мы пашлі.

На першай пляцоўцы ў Гарэнду мяне сустрэў Туй. Ён быў вельмі бляды, бо ня спаў усю ноч. Ён папрасіў мяне перавязаць яму рану, якая ўсё яшчэ моцна турбавала яго. Калі я зрабіў перавязку, ён паказаў на сьцежку, якая вяла між дрэвамі да мора, і дадаў: «выпі кеу і паеш аяну і буам».

Я пашоў сьцежкаю да пляцоўкі, якая была абкружана векавымі дрэвамі. На ёй разьмясьцілася чалавек 50 тубыльцаў. Пачынала сьвітаць, але ў лесе была густая цемра. На першым пляне, зблізку ад агнёў, на матах і на голай зямлі стаялі, сядзелі і ляжалі тубыльцы ў самых рознастайных позах. Некаторыя, закінуўшы галаву назад, дапівалі астатнія кроплі кеу з невялікіх келіхаў. Іншыя сядзелі і ляжалі з нярухомымі мутнымі вачыма і глыталі зялёнае ап’яняючае пітво. Былі і такія, што ўжо спалі ва ўсялякіх позах. Некаторыя яшчэ пільнавалі гаршчкоў, у якіх варылася страва. Самыя лепшыя аматары папуаскае музыкі зацяжна гралі, нібы вылі, узьняўшы высока над галавою, ці прыхіліўшы да дрэваў свае бамбусавыя трубы больш як у два мэтры даўжынёю. Іншыя дзьмулі ў даўгаваты, прасьвідраваны зьверху і з боку, какосавы арэх, з якога выляталі гукі з праразьлівым сьвістам. Навакол да ствалоў дрэваў былі прыстаўлены дзіды, а лукі і стрэлы тырчэлі з-за кустоў. Малюнак быў надзвычайна цікавы. Гэта сапраўднае жыцьцё дзікуноў ва ўсёй яго першабытнасьці — адзін з тых малюнкаў, якія ўзнагароджваюць падарожніка за цяжкую працу і ўсе страты.

Хутка сабралася шмат жыхароў Бонгу, Гарэнду і Гумбу. Яны накінуліся на стравы, што былі прынесены на вялікіх табірах. З аднаго табіра мне палажылі ў толькі што адшчэпленую палову какосавае лушпайкі крыху жаўтавата-белай масы, пры гэтым мяне запэўнялі, што гэта страва вельмі смачная. Гэта быў «буам» — саго з сагавае пальмы з наскрэбеным какосавым арэхам. Гэтая папуаская страва сапраўды была смачная. За абрус было паслана бананавае лісьце, талеркі і кубкі замяняліся лушпайкамі какосавых арэхаў, відэльцамі былі абточаныя бамбусавыя кіёчкі і загостраныя косткі, а лыжкамі былі яруры. Цікава было бачыць такую рознастайнасьць прыладаў, якія ўжываліся тут пры ядзе.

Ужо зусім разьвіднела. Разглядаючы прысутных, я ўсюды сустракаў знаёмых людзей з суседніх вёсак. Калі я ўзьняўся, каб пайсьці, мне далі цэлы скрутак варанага аяну і сталі запрашаць прыйсьці абедаць. Адыходзячы, мне прышлося адхіліцца ў бок, каб даць прайсьці працэсіі, якая несла запасы для працягу сьвята. Туй з Банэмам прынесьлі на кіі вялікі скрутак буаму, які быў старанна загорнуты ў лісьце. За імі некалькі тубыльцаў несьлі какосы, іншыя, падвое, прынесьлі на кіі праз плечы вялікі кош аяну, потым другі і трэці. Шэсьць тубыльцаў, таксама на кіёх праз плечы, несьлі тры сьвіньні. Гэтая працэсія ішла з нейкай урачыстасьцю. Запасы раскладаліся ў парадку на вызначаных месцах пляцоўкі. Госьці іншых вёсак аглядалі, лічылі прынесенае і рабілі свае заўвагі. Усё гэта будзе зьедзена ў абед, якім канчалася частаваньне, што пачалося напярэдадні вечарам.

Тубыльцы ня ведалі добра, ці прыду я на абед, а таму некалькі чалавек прышлі да мяне, каб зноў пазваць мяне ў Гарэнду. Прышлося ізноў ісьці ў вёску. Я ўзяў з сабою абяцаны тутун, але па дарозе павінен быў частку яго даць жанчынам трох вёсак, якія спынілі мяне і прасілі тутуну. Жанчыны ня прымаюць непасрэднага ўдзелу ў гэтых банкетах. Яны ядуць асобна і толькі займаюцца прыгатаваньнем харчоў. Для іх, як і для дзяцей, быць на пляцоўцы забаронена. Так было і ў Гарэнду. Мужчыны балявалі ў лесе, а жанчыны і дзеці былі ў вёсцы і чысьцілі аян.

На пляцоўцы быў вялікі рух. З аднаго боку пляцоўкі, на матах, ляжалі кавалкі забітых сьвіней, а з другога два рады бярвеньняў. На іх былі пастаўлены вялікія гаршчкі. Я налічыў такіх гаршчкоў 39. У іх варыўся буам. Пасярод пляцоўкі ачышчалі буам ад лісьцяў і іншага бруду і скраблі какосы. Жыхары Гарэнду, як гаспадары, разносілі ваду ў вялікіх бамбусах і складалі дровы ля гаршчкоў. Я прышоў якраз у той час, калі адбываўся падзел мяса. Яно ляжала порцыямі, нарэзанае, або адарванае рукамі ад костак. Туй гучна выклікаў па імені кожнага госьця і дадаваў: «Тамо» (чалавек) з такое і такое вёскі. Названы падыходзіў, браў сваю порцыю ды ішоў да свайго гаршчка, бо для кожнага з гасьцей яда варылася ў паасобным гаршчку. Не пасьпеў я сесьці, як пачуў голас Туя: «Маклай, тамо рус!» Я падышоў да яго і атрымаў некалькі кавалкаў мяса.

Адзін знаёмы тубылец з Бонгу паказаў мне прызначаны для мяне гаршчок. Убачаўшы, што я спыніўся перад ім у раздум’і, ня вельмі здаволены, што мне трэба самому варыць, як рабілі гэта ўсе госьці, ён узяўся зварыць за мяне. Ён сарваў з суседняга дрэва два вялікія лісты і палажыў іх крыж на крыж на дно гаршчка. Потым ён выняў з вялікага каша некалькі кавалкаў ачышчанага аяну, палажыў іх уніз, а зьверху палажыў кавалкі сьвініны. Яго заступілі два другія тубыльцы, якія напаўнялі па чарзе ўсе гаршчкі аянам. Калі ўсе гаршчкі былі такім чынам напоўнены, жыхары Гарэнду, якія выконвалі, як гаспадары, ролю слугаў, узялі вялікія бамбусы з морскаю і прэснаю вадою і сталі разьліваць ваду ў кожны гаршчок. Морскае вады яны лілі прыблізна адну траціну і далівалі дзьве траціны прэснае. Кожны гаршчок быў накрыты лістам хлебнага дрэва. Потым адзін малады чалавек з Бонгу стаў распальваць агонь пад гаршчкамі. Усё рабілася па ўстаноўленаму правілу і ў поўным парадку. Тое-ж самае адбывалася і пры запальваньні вялікага агню, на якім павінна была варыцца страва. Вогнішча было ня меней за 18 мэтраў у даўжыню і адзін мэтр у вышыню. Паліва было так добра разьмешчана пад бярвеньнямі, на якіх стаялі гаршчкі, што яно хутка загарэлася.

Я пашоў паглядзець, што робіцца ў іншых групах. У аднэй групе некалькі тубыльцаў старанна скраблі какосавы арэх для буаму. Ля другое групы ляжалі розныя музычныя інструманты, якія ўсе аднакава называліся тубыльцамі «ай». Галоўны інструмант складаўся з бамбусу даўжынёю ў 2 мэтры ці болей. Бамбус добра ачышчаны і перагародкі ў асяродку яго зьнішчаны. Адзін канец гэтых доўгіх трубаў папуасы бяруць у рот, расьцягваюць губы і дзьмуць, ці лепш ня дзьмуць, а крычаць у іх, выпускаючы праразьлівыя зацяжныя гукі. Гук гэтых труб можна чуць за паўмілі. Другі інструмант, які зваўся «арлан-ай», складаўся з ручкі, да якое прымацавана шмат шнуркоў з нанізанымі на іх лушпайкамі арляну. (Асобны від арэха. Мякіш яго хутка закісае, пачынае кепска пахнуць і перарабляецца на квасную жыжку. Гэтая жыжка вельмі цэніцца папуасамі, як прыправа). Трымаючы ручку і патрасаючы інструмантам, тубыльцы ствараюць такі гук, нібы яны трасуць вялікімі драўлянымі кубкамі. Потым — «монкі-ай», пустая лушпайка какосавага арэха з дзюркай наверсе і з боку, якія ў перамешку закрываюцца пальцамі. Прыклаўшы арэх да губ, тубылец дзьме ў верхнюю дзюрку і ўтварае праразьлівы гук, які зьмяняецца пад уплывам адкрываньня і закрываньня дзюркі і таксама ў залежнасьці ад велічыні какосавага арэха. Было і яшчэ некалькі інструмантаў, але гэтыя тры інструманты былі ўсё-ж самыя галоўныя. Усе ўдзельнкі гэтага папуаскага баляваньня, пакідаючы на часіну працу, браліся за які-небудзь з гэтых інструмантаў і стараліся паказаць сваё мастацтва як мага гучней, каб перавысіць, калі можна, усе іншыя гукі, якія аж разьдзіраюць вушы.

Я пашоў у вёску паглядзець, што там робіцца. Жанчыны ўсё яшчэ чысьцілі аян. Замест нажа яны ўжывалі бамбусавыя пласткі. Ад работы край пластка тупіўся і трэба было часта адшчыпваць яго нутраныя слаі, каб пласток зноў рабіўся больш гостры. Гэтыя тубыльскія нажы рэжуць вельмі добра. Я ўпэўніўся ў гэтым, бо нечакана выразаў сабе раз з пальца кавалак мяса. У вёсцы было горача, бо было значна меней ценю, чым у лесе. Змардаваныя працай жанчыны прысталі да мяне з просьбаю даць ім тутуну. Мужчын нідзе ня было відаць і таму яны былі сьмялейшыя, як звычайна, калі тут ёсьць іх мужы, бацькі і браты.

Некалькі разоў у працягу дня тубыльцы, зварачаючыся да мяне, называлі мяне Туй, а Туя Маклаем. На маю заўвагу, што я Маклай, а ня Туй, адзін з тубыльцаў растлумачыў мне, што я клапаціўся пра Туя ў час хваробы і вылечыў яго. Таму Туй гатоў усё зрабіць для мяне і цяпер мы такія сябры, што Туй называецца Маклаем, а Маклай Туем.

Пасьля гэтага сьвята мне ўдалося, нарэшце, зьезьдзіць у Білі-Білі, куды я даўно зьбіраўся. Мяне сустрэлі там вельмі ветліва і амаль усе мужчыны хадзілі са мною. Жанчын я ня бачыў, але хацеў таксама пазнаёміцца і з імі, а галоўнае — дабіцца, каб яны ад мяне не хаваліся. Я патрабаваў, каб яны самі вышлі ўзяць прывезеныя для іх падарункі. Тубылец Каін, які быў самы ўплывовы ў Білі-Білі і які ня раз бываў у мяне і Бонгу, даведаўшыся, што жанчыны Гумбу, Гарэнду, Бонгу і інш. вёсак болей не хаваюцца ад мяне, угаварыў згадзіцца на гэта і жыхароў Білі-Білі. Тады на покліч мужчын некалькі старых жанчын вылезьлі з халупаў. Гэта былі няпрыгожыя і амаль голыя істоты. Мне растлумачылі, што большасьць жанчын працуе на плянтацыях на сухазем’і, але што яны хутка вернуцца. Сапраўды жанчыны і дзяўчаты хутка вярнуліся і абступілі мяне. Яны голасна выпрошвалі даць ім пацеркі і кавалкі чырвонае тканіны, такія, што яны бачылі ў іншых жанчын. Жанчыны на высьпе Білі-Білі вельмі працавітыя. На іх ляжыць абавязак вырабляць і аздабляць гаршчкі, якія выменьваюцца на ўсё іншае іх бацькамі і мужамі ва ўзьбярэжных вёсках. Наогул выспа Білі-Білі славіцца на ўвесь бераг Новай Гвінэі на некалькі дзесяткаў міль сваім вырабам гаршчкоў. Амаль кожная сям’я займаецца гэтым і ў кожнай халупе пад страхою стаіць шмат гатовых і напалову гатовых гаршчкоў.

Я жартуючы сказаў ім, што можа пераеду жыць у Білі-Білі. Жыхары гэтаму вельмі ўзрадаваліся і па некалькі разоў казалі адзін аднаму, што «Маклай будзе жыць у Білі-Білі, што людзі Білі-Білі лепшыя за людзей Бонгу» і г. д., і г. д. Калі я сабраўся ад’яжджаць, раптам пашоў вялікі дождж, і я астаўся начаваць у Білі-Білі, што было таксама прыемна для жыхароў вёскі. Я папрасіў паказаць мне месца, дзе я мог-бы правесьці ноч. Мне прапанавалі каюту на адной выцягнутай на бераг вялікай пірозе. Гэтыя пірогі цікавыя сваёй пабудовай, але ад малых пірогаў адрозьніваюцца толькі сваёю велічынёю.

Даўжыня некаторых з іх прыблізна 10 або 12 мэтраў. Яны таксама выдзяўбаны з аднаго таўстога ствала. На вялікай пірозе пабудавана цэлая халупа, даўжынёю ў два мэтры, а шырынёю ў чатыры або пяць. Сьцены яе робяцца з расколатага бамбусу, а страха з сплеценага лісьця сагавай пальмы. Мачта дзяліла халупу на дзьве часткі. У кожнай частцы было па два доўгіх сядзеньні, на якіх можна ляжаць дваім. На падлозе таксама маглі ляжаць двое. Верхняя палова халупы мела разборныя сьцены, нават страха магла быць разабрана зусім лёгка. Наогул, усё ў пірозе было прыладжана добра і нідзе ня было дарэмнай траты месца. Ля самае мачты, на вышыні сядзеньня, была ўмацавана роўная скрыня, якая была напоўнена зямлёю, дзе можна было раскласьці агонь. Мне спадабалася такое памяшканьне. У ім было сьвятлей і чысьцей, як у звычайнай халупе. У мяне зьявілася думка скарыстаць падобную вялікую пірогу для аб’езду вёсак усьцяж берагу.

Каін, гаспадар пірогі і мой добры прыяцель, хутка прынёс мне вялікі, яшчэ гарачы, табір з саго і наскрэбеным какосавым арэхам.

Вярнуўшыся на другі дзень раніцою на свой бераг, я з трывогаю падышоў да свае халупы, якую ў першы раз пакінуў на такі доўгі час бяз жаднага дагляду. Усё, аднак, было цэлае. Не пасьпеў я разблытаць вяроўкі ля дзьвярэй, як адзін за другім прышлі чалавек 20 тубыльцаў і запыталіся, дзе я быў? Яны думалі, што я паехаў у Расію. Пасьля абеду мы разлажылі падарункі, якія я прывёз з Білі-Білі. Там было блізка 50 какосаў, 4 галіны добрых бананаў і фунтаў 20 саго. Тутун і цьвікі, што я раздаў, акупіліся. Я патроху раблюся папуасам. Сёньня раніцою, на- прыклад, я адчуваў голад у часе пагулянкі. Убачыўшы вялікага краба, я злавіў яго і зьеў сырога, г. зн. зьеў тое, што можна было ў ім зьесьці.

Мае суседзі расказвалі мне, што людзі Ануг і Тамо-Ануг (дзе яны жывуць, я ня ведаю) хочуць напасьці на маю халупу. Яны чулі, што ў мяне шмат нажоў, сякераў і чырвоных «маль», а нас усяго двое — я і Ульсон. Я лічыў, што калі гэта і можа здарыцца, дык адбудзецца па згодзе з маімі знаёмымі з Бонгу або Гумбу, якія ахвотна падзялілі-б з імі здабычу. Але я зьвярнуў усё гэта ў жарт і спакойна дадаў, што ня мне будзе кепска, а тым, хто прыдзе да мяне з такім намерам. А шмат жыхароў ваколічных вёсак прыходзілі ўпрашваць мяне назаўсёды астацца жыць з імі. Яны прасілі, каб я ўзяў адну, дзьве, тры або колькі пажадаю жонак і каб ня думаў выяжджаць зноў у Расію або куды-небудзь у іншае месца. Яны гаварылі так сур’ёзна адзін пасьля аднаго, што, відаць, прышлі з гэтымі прапановамі да мяне пасьля доўгіх агульных нарад. Я ім адказаў, што калі я і паеду (у чым, аднак, я ня быў упэўнены), дык хутка вярнуся зноў, а жонак мне ня трэба, бо «жанчыны вельмі многа гутараць і наогул шумлівыя і Маклай гэтага ня любіць». Гэта іх ня вельмі задаволіла, але ім вельмі спадабаўся тутун, які я раздаў сябром гэтае цікавае дэпутацыі.

Сёньня, 20 верасьня, роўна год, як я ступіў на бераг Новае Гвінэі. За гэты год я падрыхтаваў сабе грунт для многіх гадоў дасьледзін гэтае цікавае выспы. Я дабіўся поўнага даверра тубыльцаў і, калі будзе трэба, магу разьлічваць на іх дапамогу. Я гатоў і рад быў-бы астацца некалькі гадоў на гэтым беразе. Але ёсьць тры акалічнасьці, якія не дазваляюць мне сказаць, што гэта магчыма. Папершае, у мяне выходзіць запас хіны, падругое, я нашу апошнюю пару чаравік, а патрэцяе, у мяне асталося ня больш за дзьве сотні патронаў.

У харчох у нас таксама адчуваецца недахоп. Вось ужо 6 месяцаў, як Ульсон і я кожны вечар кладзём на агонь вялікае бервяно, каб падтрымаць агонь да наступнае раніцы. Трэба берагчы запалкі, каб ня бегаць у Гарэнду па агонь. Часамі мы падкідаем на агонь, замест звычайнага дрэва, абсечаны кавалак прамокшага ў салёнай вадзе дрэва і, зусім нібы папуасы, ужываем замест солі белы попел. Я, між іншым, лёгка і скора адвык ад солі і ня бачу ніякае шкоды ад яе недахопу. Астаткі харчоў, боб і рыс, я захаваў выключна на тыя дні, калі мне нельга будзе ісьці на паляваньне, а Ульсон ня здолее ісьці па харчы ў вёску. Замест бобу і рысу мы ямо карэньні ямсу, салодкую бульбу і бананы. Часамі, калі няма дзічыны, прыходзіцца галадаць. Ужо ня раз я бачыў у сьне, пад уплывам голаду, што надзвычайна смачна вячэраю…

У кастрычніку і лістападзе справы яшчэ пагоршыліся. Ідуць дажджы. Цячэ на пасьцель, на стол і кнігі… Харчы вышлі, хіна выходзіць, патронаў астаецца з сотню, так што хадзіць на паляваньне кожны дзень нельга. Я бяру па 2 патроны кожны раз, але не заўсёды прыношу дзьве птушкі. Сьпірту ў мяне таксама ўжо няма. Даношваю апошнюю пару чаравік. Трасца моцна змучвае, а апрача ўсяго гэтага, халупа пачынае разбурацца. Бакавая веранда ўжо разбурылася, і я думаў, што ўся халупа разбурыцца. Дождж ішоў увесь дзень і паправіць веранду было нельга.

Я ўжо ня кепска ўладаю мовай Бонгу, але ўсё-ж мне яшчэ трэба будзе пражыць тут цэлыя гады, каб сапраўды азнаёміцца ўсебакова з думкамі і жыцьцём гэтых людзей.