Адзеньне мяшчанаў і сялянаў з ваколіц Берасьця, Кобрыня і Пружанаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Адзеньне мяшчанаў і сялянаў з ваколіц Берасьця, Кобрыня і Пружанаў
Этнаграфічны нарыс
Аўтар: Юзэф Ігнацы Крашэўскі
Арыгінальная назва: Ubiory włościan i mieszczan z okolic Brześcia, Kobrynia, Prużany
Пераклад: [[Аўтар:Renessaince|Renessaince]]
Крыніца: http://www.bilp.uw.edu.pl/ti/1859/foto/n224.htm


Ubiory włościan i mieszczan z okolic Brześcia, Kobrynia, Prużany1.gif

Ці ведае хто з вас той ціхі куток, на роўніцы якога, напалову пяшчанай, напалову залітай балотамі й водамі, чорнымі палосамі цягнуцца лясы й гаі, наўкол апаясваючы далягляд шызай стужкай? Нейкай невымернай тугой тхне ад гэтага закутку, сярод якога дзе-нідзе шнур закураных хат зь бярозамі, што схіліліся на дахі, з драўлянымі крыжамі, з платамі з шэрага каменьня, з пацямнелымі ад старасьці касьцельчыкамі перарывае толькі аднастайную цішу палёў, балотаў ды бароў. Як трапіш сюды, дык здаецца, што ўвайшоў у зацішак, у які не сягаюць нават галасы бурлівага сьвету… адно птах, божы сьпявак, разнастайныя мэлёдыі выводзіць над загонам і дрыгвой пра свой смутак і весялосьць… толькі прапаўзе паволі па вымашчанай каменьнем грэблі рыпучы воз селяніна, адным колам зьяжджаючы ў зарослы сітняком роў, каб цябе прапусьціць… толькі вецер скалыне галінкі, і зноўку глухое маўчаньне. Хто шукае спакою, сюды павінен уцячы.

Як прыбудзеш сюды зь вясёлых краёў, дзе вочы і думкі разьбягаюцца, дык сэрца агорне туга, але калі прызвычаіцца да гэтага заспакойлівага смутку, дык ужо табе зь ім і добра, і жыў бы зь ім да веку, і здаецца ён табе ўжо пекным, бо гэта наш родны пэйзаж, не падобны ні да якога іншага ў сьвеце.

Ubiory włościan i mieszczan z okolic Brześcia, Kobrynia, Prużany2.gif

А люд пачцівы, які жыве ў гэтых вёсках, складзеных зь нізкіх хат, над драўлянымі дахамі якіх вытыркаюцца толькі счарнелыя ад сажы коміны, — такі ж ціхі, рахманы і пачцівы, як і прырода, што яго атачае. Нешта ад яе пазычыў, напоены ейным спакоем, тугою ды мроямі. Можа й не паверыце, калі распавяду вам, што часта сярод тых твараў сустракаюцца ідэальна прыгожыя; але наведайце ваколіцы Пружаны і Кобрыня і пераканаецеся, што гэта праўда.

Часта маладое дзяўчо або новапашлюбленая маладзіца з атуленым белай абгорткай тварам і фястонамі сваёй старажытнай наміткі сустрэне цябе такім глыбока тужлівым позіркам, што пасьля доўга ня зможаш забыцца на гэтыя вочы. Ці ейныя сьлёзы так расьпякаюць, ці ўбоства распаляе, ці натуральная дабрыня разжарвае? Што праўда, чары маладзіц праходзяць і адцьвітаюць хутка, і песьні з вуснаў, і прыгажосьць з твару зьнікаюць бы колер краскі, што зранку раскрылася да сонца, а ўвечары завяла на сьцябле — але і для тых твараў, якія заўчасна моршчыць старасьць, ёсьць хвіліна пробліску, ёсьць аркадыйскае[1] імгненьне.

Ubiory włościan i mieszczan z okolic Brześcia, Kobrynia, Prużany3.gif

Народ усяго гэтага краю ходзіць апрануты амаль так, як на Падляшшы ў каралеўстве, у бурых сукманах[2], з чырвонымі або цямнейшымі паясамі, у шапках бараніх. Мужчыны падгаляюць галовы, старэйшыя адпускаюць бароды. Дзяўчаты выдаюцца даўгімі адпушчанымі косамі і белай хусткай, замужнія — наміткай, завязанай амаль як старыя польскія ўборы замужніх маладзіц, якія мы бачым на карцінах XV-XVI стагодзьдзяў. Адзеньне гэтае на вялікай тэрыторыі, за невялікімі адрозьненьнямі ад аднае вёскі да другой, амаль паўсюль адзінае і найстаражытнейшае. Тутэйшыя шлюбныя і вясельныя абрады мала розьняцца ад апісаных Рамуальдам Зянкевічам у ваколіцах Пінску, а песьні пабожнасьцю тхнуць і тугою.

Мешчанін, што паказаны тут збоку, строем значна адрозьніваецца ад вяскоўца, хутчэй нагадвае шляхціча і ўбраньнем прыпадабняецца да ягамосьці. Носіць капоту са шнуркамі і вышываньнем, пас іншага колеру, шапку-вушанку (капузу) зь лісы, а васпані таксама мае даволі прыгожа падбітую бе́кешу[3], і хустку каляровую, і багатыя ніткі караляў мае; а калі падолы спадніцы, паводле звычаю, праз кішэні капоты павыцягвае і высуне, пераконваесься, што і той часткаю строю пахваліцца можа, бо гэта не якісьці там паркалік[4], але тканіна ваўняная і багата вышытая, лепей ад галёнаў[5].

У большай частцы гэтага краю найчасьцей ужываны абутак — лапці; але для сьвятаў, вясельляў і парадаў вясковец мае боты, а жонка ягоная — чаравікі на абцасах, а што да мяшчанаў, дык яны ўвогуле так званых пасталоў[6] ня носяць, босыя ногі і тое менш кампрамэтуюць.

Крыніцы і заўвагі[правіць]

  1. Аркадыя — мітычная краіна, якая выкарыстоўвалася паэтамі эпохі Рэнэсансу ў якасьці краіны вечнага шчасьця, зямнога раю, сымбалю ідэалізаванай краіны спакою, міру, ідылыі.
  2. Сукман — верхняя вопратка расхінальнага тыпу з даматканага сукна (каптан, сярмяга).
  3. Бекеша — мужчынскае паліто старадаўняга крою са зборкамі ў таліі.
  4. Паркаль — від баваўнянай палатнянай тканіны, зь якой шыюць пасьцельную бялізну, мужчынскія кашулі і фартухі. Рознакаляровыя і друкаваныя паркалі называюць таксама паркалікамі.
  5. Галён — нашыўка з сярэбранай або залатой тасьмы.
  6. Пасталы, поршні — старадаўні скураны абутак накшталт лапцяў.