Адгалоскі жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адгалоскі жыцьця
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 25 жн.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З густога туману, у якім яшчэ нядаўна толькі чуць-чуць блішчэла зорка адраджэньня беларускага народу, пачынае ўсё ясьней і ясьней вырысовывацца наша будучына. Народ-мучанік, народ-гаротнік, бяспраўны, забіты, прыніжаны доўгай няволяй, скідае старыя путы і бачыць перад сабой тое, аб чым дагэтуль адно ў думках сукромных мог думаць. І, зьдзіўлены, бачыць, як «простая» мова яго здабывае сабе крок за крокам, дзень за днём шырэйшае мейсца ў грамадзкім жыцьці, — бачыць, што яго стаўляюць нараўне з другімі народамі Краю, каторыя яшчэ ўчора ўважалі сябе за яго паноў.

Як прынімае гэту навіну наш народ? — Толькі глухія весткі даходзяць да нас аб гэтым. Толькі з слоў абурэньня нашых ворагаў, панаваньню каторых прыходзіць канец, мы даведываемся, што ў вёсцы беларускай расьце нейкае новае, нязнанае дагэтуль настраеньне. Але яснага адказу даць на пытаньне яшчэ нельга: паштовыя правілы, труднасьць зносін зь местам — усё гэта не дапускае да нас голасу вёскі.

Беларускі народ любіць выказваць свае перажываньні, сваю радасьць, жаль, гора, надзею — у песьні, вершу. Затым-то ад пачатку беларускай прэсы — ад 1916 году — нарадзілася нялічанае чысло беларускіх народных паэтаў, каторыя ў творах сваіх найлепей выяўлялі стан душы народу. Яшчэ ў часе расейскай рэвалюцыі ўкладалі яны свае вершы — часта няўмела, але заўсёды шчыра. А калі сталі выхадзіць беларускія газэты, журналы, кніжкі, гэтыя маладыя сілы пачалі шыбка разьвівацца, даўшы рад выдатных імён.

Цяпер, калі сьвядомая беларуская маладзёж пралівае сваю кроў, прыняволеная біцца ў радах расейскай арміі за чужую для яе справу, — гэткіх пяўцоў-песьняроў думкі народнай трудна напаткаць. Але мінуты, каторыя перажывае наш народ, лішне важныя для яго, лішне яркія, каб беларус мог прынімаць іх моўчкі. І ён адзываецца — мо не зусім складна, але шчыра, горача выказываючы сваю душу. Выступаюць новыя паэты з народу — нават тут, у Вільні, на мястовым бруку.

Беларусь ты мая,

Даражэнька зямля!

У агонь, у ваду

За цябе я пайду.

Беларусь, за цябе

І за волю табе

Лепей жыцьце аддам,

А цябе не прадам!

Ці ў вастрог я пайду,

Ці загіну ў баю, —

За свабоду тваю

За усё пацярплю...

Гэтак піша малады хлапец-беларус, і відаць, што словы гэтыя — шчырыя, што рвуцца з душы і сэрца.

І гэткі верш — не адзін: іх штораз болей. Яркія абразы, якія паказвае нам будучына, вызываюць гарачы отклік у нашай маладзёжы, і ў сваіх песьнях — часта прымітыўных і наіўных — яна дае знак, што для свайго народу папраўдзе гатова на ўсе ахвяры, абы толькі міраж стаўся рэальнасьцю.