Перайсці да зместу

Адвечная песьня (1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адвечная песьня
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адвечная песьня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКА КУПАЛА.


АДВЕЧНАЯ
ПЕСЬНЯ

Ў XII ПРАЯВАХ.


ВЫДАНЬНЕ 2-ое.


Вільня 1927.

Друкарня „Pax“, Сьвята-Ігнатаўская вул. 5.

ЯНКА КУПАЛА.


АДВЕЧНАЯ
ПЕСЬНЯ

Ў XII ПРАЯВАХ.


ВЫДАНЬНЕ 2-ое.


Вільня 1927.

Друкарня „Pax“, Сьвята-Ігнатаўская вул. 5.

ПРАЯВЫ:
І.

II.

III.

IV.

V.

VI.
ХРЭСЬБІНЫ.

НА СЛУЖБЕ.

ВЯСЕЛЬЛЕ.

ВЯСНА.

3A CAXOЮ.

ЛЕТА.
VII.

VIII.

IX.

X.

XI.

XII.
КАСЬБА j ЖНІВО.

ВОСЕНЬ.

СЬВЯТА.

ЗІМА.

ХАЎТУРЫ.

НА МАГІЛКАХ.


„Адвечным“ завецца тое, што трывае „адвеку“, г. зн. век ці некалькі вякоў, а „спрадвечным“ завем тое, што ёсьць з часу, аб каторым ня помне гісторыя, ці, інакш кажучы, спрадвеку.

Выдавецтва.

ј чытаецца як й (мој=мой).


I.
Хрэсьбіны.
Вясковая ўбогая хата. Ноч. Усе сьпяць. У васінавых начоўках аберчанае зрэбнымі пялёнкамі ляжыць дзіцянё. Над јім зьяўляюцца цені і пяюць.

Жыцьцё.
Ўсясільнај рукою тварэньня
Даю яму права јісьненьня,
На собскасьць1) ваду і зямлю,
Душу яму такжа даю.

Пад ўладај сваёј будзе меці
Як ёсьць усё чыста на сьвеце;
Ён будзе ўсіх чыста дужэј,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэј.

І рэкі, і долы, і горы
Яго будуць слухаць з пакорај;
Там высуша, там правядзе,
Там зрые, а там узьнясе.

Лясы ён аберне на поле,
Ўсялякія ўставе2) будоўлі:
Сьвятыні пад неба зірнуць,
Цямніцы пабелај бліснуць.

Так будзе ён царам прыроды,
Сам најдасканальшага роду,
І будзе цар гэты павек
Названьне насіць — чалавек.

Доля.
Яму буду я напяваці
Аб радасьці, славе, багацьці,
Дзе шчасьця палае прасьвет,
Як самага сонејка цьвет.

Ён, чуючы гэтыя песьні,
Ня раз загалосе балесьне,
І страшна азьвецца кляцьбој,
Бясьсільны жыць вечна за мној.

І стане ганяцца за мною
Ён думкамі, сэрцам, душою, —
Я, песьню прапеўшы, ўцяку
Ці ў поле, ці ў лес, ці ў раку.

І будзе так жыць і маліцца,
Сваёю няўдачај хваліцца
Стварэньне Жыцьця — чалавек,
Аж ляжа ў зямельку на век.

Бяда.
Во! — тутка маё панаваньне!
За мној ён і ляжа, і ўстане.
Вясна, лета, восень, зіма —
Я зь јім, як царыца сама.

Напрасна мяне будзе гнаці,
Зь јім буду за хатај, у хаці,
І так ён зжывецца за мној,
Што стану яго я душој.

На плечы ўзвалю горб вялікі,
Абую ў лазовыя лыкі,
Як ночај, хај будзе па дню, —
Прасьветласьць я выдзеру ўсю.

Голад і Холад (разам).
Мы будзем хадзіць за јім парај,
Наводзіць балесьці і хмары,
Душој і хаціна трасьці,
Адвечныя казкі плясьці.

Хај чуе і сілен, і молад,
Як страшан, і голад і холад,
І рыне ў магільны пясок
Празь сьцюжу, праз хлеба кусок.

Xop.
Гэј, спраўма над јім тут хрысьціны
Сьлязы і крыві цярушынај!
Хај будзе ні мал, ні вялік,
Няхај носе јімя: Мужык.

Дзіцянё заплакала, цені разьбягаюцца ј чэзнуць3).

II.
На службе.
Дворны папар, лагі. Недалека лес. Дзень хмурны; слата. Пасецца статак; каля яго снуе маленкі пастушок. Вопратка ў яго паабрываная. Босы. У зьзябнутых руках трымае бяроставаю трубу. Зь лесу дарогај паказуецца жанчына — ягоная матка.

Пастушок.
Ў сваёј хатца і пры матца
Жыў ня жыў,
Бяда выпхнула бадзяцца,
Ў сьвет пабрыў.
Кожын гоне, папіхае,
Свој, ня свој.
Ој ты, служба, ој благая,
Божа мој!
Ој ты доля пустасејна!
Рад ня рад;
Далі кут, і тој ня пэўна —
Да Каляд.
Нясуць хлеба, ці да хлеба,
І глядзяць:
Ведај, есьці шмат ня трэба…
Ўзяць?… ня ўзяць?
Воўк, ваўчыха за гарою
Завядзе,
Ні прыстаньня, ні спакою
Ој нідзе!

Матка (падходзячы).
Што ня весел так, сынулька,
Мој-жа ты?
Табе кланяўся татулька
І браты.
Гавары-ж ты мне, мој мілы,
Родны мој,
Як там служба, як там сілы,
Як зь ядој?
Ці кусочак калі ласы
Паднясуць?
Ці ня крыўдзяць калі часам?
Ці ня б‘юць?
Калі-ж прыјдзе тое сьвятка
З ласкај тэј,
Не разстанесься ты з хаткај,
Із сваеј?

Пастушок.
Як у служкі сходзяць леты —
Ў пастуха,
Пытај, маці, птушкі гэтај —
Канюха.
Папытајся4) гэтај хмары —
Гэтых сьлёз,
Гэтај кветкі на папары —
Гэтых лоз.
Гэтај грушы сярод поля
І балот:
Яны ўсе аб маёј долі
Вядуць шчот.

Матка.
Не хачу я јіх пытаці,
Мој сынок,
Не пацешуць яны маці,
Сакалок.
Калыхала, гадавала,
Як магла,
А цяпер што дачакала?
Што нашла?

Пастушок.
Ня плач, маці, і ня злујся
На жыцьцё,
Як я ў сілачку ўбяруся,
Змагу ўсё.

Вечарэе. Пастушок гоне скаціну дамоў. Маці пахліпваючы, ідзе ў сьлед за јім.

III.
Вясельле.
Хата ў маладога. Шмат народу. Стол повен гарэлкі і ўсялякај яды. За сталом сядзяць на лавах: сват, свацьця, маладыя, закосьнік, маршалак, дружкі й прыданыя; усе вясёлыя. Музыка, гульня.

Сват.
Вось дзе, братцы, разгуляцца!
Вось пацешыцца калі!
Хоць бярыся, распраніся,
Ды у прысядкі валі!
Звоняць чаркі, трашчаць скваркі,
Лопат, гоман, сьмех і крык,
Во! сяло дзе ходам ходзе,
Гора дзе забыў мужык!
Гасьцеј поўна, усё роўна,
Як дзе сходка, ці кірмаш.
Ёсьць Марыся, Дамініся,
Юрка, Саўка і Тамаш.
Як належа, ў скрыпку рэжа
Наш музыка, наш Аўлас;
За јім сьледам, як за дзедам,
Б‘е у бубен Апанас.
Трыльля! трыльля! вось кадрыля,
Вось лявоніха јідзе,
Валяць проста, як бы з моста,
Як ніколі, як нідзе!…

Свацьця.
Вось забава! вось так слава
Маладому, маладој!
Усё ладам, і з парадам,
І пастаўлена парој.
Кругом шчыра, сала, сыраў —
Хоць ты сьліну палыкај,
Тоўста, густа хлеба лустаў —
А пірог! а каравај!
Дзеўкі з твары, як-бы ў жары,
Як бы сонца касьнікі,
Ну, а малцы — ліжы палцы!
Вось яны! вось дзяцюкі!
Не нарокам, бокам-скокам,
Ня гулялі так даўно.
Гоп-ля! сваце, паскакаці!
Ну вясельле! ну яно!

Малады.
Хто вясёлы, хоць і ў горы,
Таму слава, таму чэсьць!
Чым багата, рада хата,
Не жалејце піць і есьць!

(Да маладој).
Ты, сястрыца, до5) смуціцца,
Уздыханьне ў кут пашлі,
Еж, лябёдка, запі водкај,
Душу песьняј весялі!
Кончым зараз гэты галас,
Гульня појдзе за нішто;
Зажывём мы па сваёму,
Як ніколі, як ніхто.

Маладая.
Гуляј, мілы, колькі сілы!
Не ўважај нуды маеј:
Я паплачу, знама, бачу
Чужу хату і людзеј.
Чужа хатка, бацька, матка,
Сама тутка першы раз;
Ныюць грудзі, што-то будзе?
Што чакае ў жыцьцю нас?

Хор.
Рэдкі сьмехі і пацехі,
Часты сьлёзы і бяда!
Ё часіна, ё скрыпіна, —
Весяліся, грамада!

Сват вылазе з-за стала і сыпе лявоніху із свацьцяј; за јім малады з маладој і ўся дружына.

IV.
Вясна.
Раніца. Вясковая хата; выгляд няпрытульны ј убогі. Праз маленкае ваконца прабіваецца бледаваты блеск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу зьвесіўшы ногі, курыць люльку і глыбака нешта думае. Уходзе Вясна: на галаве ў яе з курасьлепу ј пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.

Вясна (з рызыкај цененькім голасам).
Ну, як дуж, мужычок?
К табе ў госьці јіду.
На бок жыва, на бок!
І бяду, і нуду!
Пратры вочы за сну,
Марш к другому жыцьцю!
Ладзь5b) саху, барану
І сявенку6) сваю!
Ўжо прасохла ральля,
Ўжо рунее трава,
К сабе кліча зямля,
Ты ў яе галава.
Табе рэчкі бурляць,
Табе кветкі цьвітуць,
Табе пушчы шумяць,
І зязюлі пяюць.
Ды і сонца, глядзі,
Гэтак сьвеце ня зра.[1]
Ну јідзі! ну јідзі!
Араць, сеяць пара!

Мужык (што часіну ўздыхаючы).
Ўжо ўстаю, ўжо јіду,
Ясна паня Вясна,
Толькі вось на бяду
Зерня к севу няма.
Трохі нешта было,
Што мне Восень дала,
Вось Зіму нанясло,
І ўсё чыста зьвяла.
Апасьледні мяшок
К Калядам я змалоў,
Цяпер сьвіран і ток,
Як хто махалам зьмёў.
І сам сеяць я рад,
Ды, як бачыш, з Каляд
Усё выбраў да дна,
Ој Вясна! ој Вясна!

Вясна.
Што мармочыш ты там?
Няма часу чакаць, —
Табе раду я дам,
Як бяду ашукаць.
Асьмель трохі сябе,
Пыху з сэрца зьнімі,
І насеньне к сяўбе
З магазыну вазьмі.
Браць ня прыјдзецца шмат,
Які пудзік-другі,
Бо, як чула я, брат,
Шнур твој вельмі вузкі.

Мужык.
Міла рада твая,
Ясна паня Вясна,
Дыј, як сьвет пазнаў я,
Мне вядома яна
Знаю я магазын,
Толькі зь јім з году ў год
Адзін выхад, адзін:
Недарод, недарод.

Вясна.
Бог з табој! — я јіду
Падаць Лету наказ;
Адно ськем: я ў гаду.
Ня бываю двух раз.

Адходзіць. Мужык злазе з пала, бярэ з калка хамут і дугу, выходзе з хаты. Сонца прыветліва заглянула ў ваконца.

V.
За сахою.
Поле. Неба яснае. У недалёкај зялёнај дуброве кукуе зязюлька. Мужык арэ. Конік малы й худы што мінута прыстанаўлюецца. Над галавој аратага пяюць жаваранкі. Гасьцінцам прыбліжаецца падарожны.

Араты (ходзячы за сахој).
Гајда, баразною,
Косю мој маленкі,
Гајда, за сахою,
Селянін худзенкі!
Гэткае раздольле
На усе староны! —
Выарэм мы поле
Ў ськібіны, ў загоны.
Зерня ў полі зложым
Жменяј спрацаванај;
Зарунејся збожжам,
Цьмяная паляна!
Пројдуць гэтта людзі,
Бедны і багаты,
Дзіўна, дзіўна будзе,
Што зрабіў араты?
Гајда баразною,
Косю мој маленкі!
Гајда за сахою,
Селянін худзенкі!

Падарожны (падбліжаючыся).
Гэтак зь песьняј, гэтак,
Зь верај і надзеяј
Кожын свој палетак
Xaј apэ i cee!
Ці дождж залівае,
Ці вецер бушуе,
Птушка ані дбае,
Гнёзды ўе, будуе.
Ня пытаў араты
Свајго шчасьця, долі,
Што дадуць зярняты,
Кінутыя ў полі.
Гэтак зь песьняј, гэтак,
Зь верај і надзеяј
Кожны свој палетак
Абарэ, засее!

Араты (як-бы сам да сябе).
Тупы штось нарогі,
Конь ісьці ня хоча,
Млеюць рукі, ногі,
Пыл засыпаў вочы.
Ліха чуць старое —
Ломе косьці, грудзі,
Жонка, як на тое,
З полудням марудзе.
Гэј, спачыньма, косю!
Люльку закуру я,
Можа праца посьле
Лепш памашыруе.

Падарожны (мінаючы аратага, кла-
няецца)
.

Памажы вам, Божа,
Спрацаваны браце!
Выараў прыгожа, —
Толькі засяваці.
Знаць жывеш шчасьліва,
Маеш хату, поле…
Дзе-ж мој дом? дзе ніва?…
Доля-ж мая, доля!
(Јідзе далеј).

Араты.
Ён јідзе і плача,
Я плачу парою…
Эј ты, небарача,
А дзе шчасьце тое?…

Выпрагае каня; жонка ў спарышох прыносе полудзень.

VI.
Лета.
Поле. У далі наўкола7) чарнеюцца лясы. На ўзьмежку, пад дзікој ігрушај, сядзіць задумаўшыся Мужык; напроці яго вёска, далеј гасьцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкај сенажаць; направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае сьвірэпка, жыта напал з гірсај і званцом пагерсана градам. 3 усходу на небе падыјмаецца хмара — чуваць гром. Да мужыка падходзе Лета, трымаючы ў ваднэј руццэ серп, у другој касу.

Лета.
Што задумаўся так, Мужычок,
Варта глянуць крыху весялеј!
На! касу, малаток і брусок,
І сярпок на! для жонкі тваеј!

Званцом шастае ўжо сенажаць,
Цецярэе жытцо і ячмень;
Час на гвалт і касіці, і жаць;
Не на тое настаў Пятроў дзень.
Час такі: ад зары да зары
Калі ўздумаеш сілы жалець,
Дачакаесься гэткај пары,
Што прыпомне табе гэта клець,

Што прыпомнюць і дзеткі твае,
І скацінка прыпомне твая,
А Зіма-ж запяе, запяе,
Хоць памры ні жыцьця, ні
пуцьця!

Бяры-ж, на! што табе я даю;
Спадкі мне адказала Вясна.
Јідзі працу зьбіраці сваю,
Сваё дзела даводзь да канца!

Мужык (водзячы блуднымі вачыма).
Што? куды ты мне кажаш ісьці,
Лета яснае, жаць і касіць?
Лёгка песьні такія вясьці.
Але спробуј на дзеле пажыць.

Свој лажок я падчысьціў вясној;
Сеяў шнур; — у доўг даў магазын, —
Цяпер, глянь! луг занесен вадој,
Колас, глянь! ці ёсьць цэлы адзін?

Еў, ня еў, ці адзет, не адзет,
Да ўсяго я ахвотны ў людзеј;
З маёј сілаю лічыцца сьвет,
Чым-жа, чым я на ніве сваеј?

Ня ўзьнімаецца к працы рука:
Апрацівела гора, жыцьцё,
Эх ты доля бяда мужыка,
Ој ты, лета, ој Лета маё.
Лета.
І ня стыдна-ж табе век вяком,
Хоць і дуж, як тој дуб векавы,
Вясьці гутарку ўсё су плачом,
Ніжэј гнуцца павялај травы!

Нараканьням ня зможаш бяды,
Хоць дзень-ноч наракај, небарак:
Шчасьце ходзе гады-у-рады,
Абмінаючы вёску ўсяляк.

Вось, як ведаеш, я ў цябе госьць,
Не драмі-ж, як пад лавај тапор,
Заработкі ў дварэ, чула, ёсьць,
Шнур зьбірај свој, ды жыва у двор!

Мужык.
Двор я знаю даўно, ој даўно!
3 году ў год я там сілу ўсю упёк;
Калі-ж гляну, выходзе адно:
Пуста хата, сьвіронак і ток.

Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе — думаў, воля дасьць хлеб,
І ці зьвёў ці ня зьвёў тој ланцуг,
Як за паншчынај, бедзен і сьлеп.

Лета.
І паехаў-жа, братка ты мој…
Не вялікі, знаць, толк выјдзе ў нас;
На! касу, серп — ваюј хоць зь бядој!
Јіду Восені выслаць наказ.

Кідае касу ј серп Мужыку пад ногі і адходзе. Мужык востра касу, прабуе на ўзьмежку і, мінаючы вёску, јідзе ў двор. Бура пачынаецца на добрае; блыскае маланка; што раз мацнеј8) грыміць гром. Б‘е пярун. Пасыпаўся дождж з градам.

VII.
Касьба ј жніво.
Сенажаць ј поле, што каля ігрушы. Гарачыня стаіць нязносная. Мужык расхрыстаўшыся косе. Жонка ў ваднэј кашулі жне; пры ёј на казлох, абвешаных пасьцілкај, вісіць у начоўках дзіцянё; двое меншых поўзае ў сьлед за маткај.

Мужык (абціраючы пот рукавом).
Эх, труды, труды
Непазбытыя!
Эх, каса, каса,
Потам зьлітая!
І калі-ж з табој
Мы, сталёвая,
Здабываць појдзем
Шчасьце новае?
Век зьвініш, сьвішчыш,
Адкляпаная,
Век плыве сьліза4)
Няўніманая.
Там гудзіць віхор,
Лес хістаецца;
Там пяе касец,
Пацяшаецца.
Эх, труды, труды
Непазбытыя!
Эх, каса, каса
Потам зьлітая!

Жонка (акручуючы нагу, параненаю
аржоньням)
.

Не палі агнём
Гэтак, сонејка!
Не калі мне ног
Так, аржонејка!
Трудна сьпіну гнуць
Спрацаванаю,
Каласы зьбіраць
Паваляныя
Дабрытцом-сьцяној
Не пахвалісься,
Кроў і пот ліеш,
Заліваесься.
Ўсюды Бог гасьціў
З сваёј ласкаю,
Толькі крыў, мінуў
Ніву хамскаю.

Мужык.
Ўжо каса мая
Прытупілася:
Не бярэ сіўца,
Замарылася.
Пакляпаць пајду
Там на межачца
І бруском зьвяду,
Як належыцца.
Ды ў ход зноў пушчу
Пад песьнь сьлёзнаю,
Хај зноў бача сьвет
Сілу грознаю.

Жонка (выцягуючы стрэмку з палца).
Дзіцянё ў казлох
Адзываецца;
Пагляджу, пајду,
Як там маецца.
Ох, каб так шнурок
Свој шчырыкалі!
Ўжо за пашу у двор
Адбыць клікалі.

Мужык і жонка (разам).
І жыцьцё-ж, жыцьцё
Беспрасьветнае!
Ці ня лепеј ты
Апраметная!

Мужык садзіцца кляпаць касу, а жонка јдзе да казлоў і корме грудзьмі дзіцянё.

VIII.
Восень.
Досьвітак. Ток. Бледа курыцца на сьцяне газоўка. Мужык малоце. Цэп гудзіць. Яму глуха заводзячы падцінае вецер. Дзьверы адчыняюцца, уходзе Восень. У ваднэј руццэ трымае пук усялякіх павялых зёлак, у другој пусты мех.

Восень.
Я усюдах хадзіла,
Я усюдах была,
Як дзе што урадзіла,
Я рахунак вяла.
І к табе во зајшлася
Паглядзець, папытаць,
Як ты жыў, як спраўляўся,
Што відаць, што чуваць?
Вясна, Лета блудзілі
Па ўсёј чыста зямлі;
Ці-ж па роўна дзялілі,
Роўна ўроду нясьлі?
Цябе з краю да краю
Было ўсюды ўдаволь[2],
Даказаў дзіваў, знаю,
Твој і пот, і мазоль.
Дык як з кормам? як жыта?
Двор то мае чым жыць:
Сенам пуня набіта,
З дабром ток аж трашчыць.

Мужык.
Восень, ясная паня,
Глянь! лыгаць10) не хачу —
Да паўзімкі ня стане,
Як лічу, ня лічу.
Няма штосьці ўмалоту,
Ды і што малаціць?
Копкі дзьве акалоту,
Грэчкі з возік ляжыць.
3 копку яркі, ячменю,
Трохі сена, аўса…
Вось і хлеб, і насеньне,
І за труд плата ўся!
Пры стале ж сядзе спора
Спажываці дары:
Жонка, дзетак сямёра,
Ды татуля стары.

Восень.
Праўду вашаць гамоне:
Бог ня вельмі ўспамог,
Але ты не сягодня
Так устаў, так і лёг.
Вось і сёлета трэба
Дацягнуць да канца,
Прыкупі з пудзік хлеба,
Дапазыч з воз сянца,
Пудзік хлеба зь мякінај,
Груцы, бобу крыху,
Якој бульбы асьміну —
Ці-ж ня до11) мужыку?

Мужык.
Ну і рада, ој рада!
Дакупіць, дакупіць!…
Дзе-ж капејка у „гада“?
Дзе яго скарб ляжыць?
На насеньне, на страву
Трос вясној кішанёј,
Летам штраф за „патраву“;
Воласьць не за гарој.

Восень.
Як гляджу, ўсё находжу
Я нястачы адны,
Будзь здароў! я адходжу
Да суседкі Зімы.

Выходзе. На дварэ вецер вые што раз мацнеј12). Каплі сьцюдзёнага дажджу шлёпаюць аб гнілыя сьцены. Мужык набірае ў рэзьгіні саломы — і јдзе даваць скаціне. Дзьверы із скрыпам зачыняюцца.

IX.
Сьвята.
Хата што ј вясној. На стале ляжыць стог13) грэцкіх бліноў. На палку ляжыць двое хворых дзяцеј; јіншыя босыя і ў вадных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкча бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармоча.

Мужык.
Ну, ламака, ну, хамула!
Ці-ж стагнаць ня годзе?
Што мінула, то мінула,
Болеј ня прыходзе.
Пёкся, пёкся вясну, лета,
Аж толькі дзяржыся,
А цяпер спачынь за гэта,
Дыј павесяліся.
Трохі жонка хваравіта,
Трохі хворы дзеці,
Выпі чарку! ну і квіта!
На што там глядзеці?
Юрку варта-бы да школы,
3 гора, пасылаці;
Ня шлі: будзе як ты голы,
Хај сядзіць у хаці!…
Насьце трэба чаравікі,
Кажушок Сымонку,
Ну, на гэта час вялікі…
Пара-ж і ў карчомку!

Жонка.
Што ты там бурчыш пад носам,
Скрабеш каля вуха?
І ўдаеш паглёдам косым
Вялікага зуха?
„Пагуляці… да карчомкі…“
Вось так малајчына!
А дзе лапці ў тваёј жонкі?
Дзе дровы, лучына?
Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба,
Просіць хвэльчара Мікіта,
Ўжо ня есьць і хлеба.
Не табе спачыць, хамуле,
Не табе пяяці,
Не да сьмеху, не да гуляў,
Калі бяда ў хаце.

Стараста. (Уходзе трохі падпіўшы
зь нејкај сьмешнај важнасьцяј і срогасьцяј).

Вось і трапіў к вам нарэсьце…
Ну гатујся14), братка:
Кішанёј мусіш патрэсьці:
Трэба нам падаткаў.
Трэба чыншу, трэба „пені“,
Быў прыказ з павету,
Каб за тыдзень „непраменьне“
Ўнесьці дробязь гэту.
Дык спраўляјся-ж, і то лоўка!
Бо ня жыць і ў хатца,
І з апраткај, і з кароўкај
Прыјдзецца расстацца.

Магазыньнік. (Уходзе такжа п‘я-
наваты).

Пахвалёны вам, суседзе!
Як дуж, як здароўе?
Ужо і зімка да нас едзе —
За даўгом прышоў я.
Аўсу бочку, цьверць ячменю,
За дзьве цьверці жыта
Аддаць мусіш „непраменьне“,
Тады будзе квіта.

Мужык.
Ну і што? і больш нічога!?..
І дакуль так будзе?
Ані сэрца, ані Бога…
Ну жыцьцё, ну людзі!

Хапае за шапку і ўцякае із свае хаты. Жонка ўцірае хусткај сьлёзы. Стараста ј магазыньнік высовуюцца на двор.

X.
Зіма.
Лес. Унізе на дзеравах вісіць наўкола шэрэнь. Мужык у лапленым15) кажусе, у лямцовај шапцы стаіць па калені ў сьнезе і сячэ таўстую хвојку. Здалеку прыбліжаецца Зіма. У яе: у ваднэј руццэ кавадла ј молат, у другој жмут зялезных путаў. Як јідзе, молат 6‘е аб кавадла, а ланцугі бразгаюць.

3іма.
Як жыў, як дуж, як маесься?
Ці жыці не дакучыла?
Усюдах я бадзяюся16)
І да цябе во лучыла.
Кандалікамі звонячы,
Јіду к табе — ўсясільная,
На долю тваю помнячы,
Јіду к табе — магільная.
Над цэлај, над старонкаю
Я паняј разгасьцілася;
Мој сьнег ляжыць пялёнкаю,
Ў мој лёд рака пакрылася.
Гуляю я з марозамі,
Гуляю я ізь сьцюжамі,
Сьмяюся я над сьлёзамі,
І ўсіх, і ўсё я дужаю.
Кінь выгляд акалелага,
Прысядзь во на калодацца!
Крапчэј ты сьвету цэлага,
Ну што, каб нам паходацца?

Мужык.
Ој Зімка, паня ясная!
Ня варта наругаціся.
Прытыкі кінь напрасныя:
Зь кім тут за плечы браціся?

Я зь сілаю разлучаны:
Ў палёх, лугох загінута…
Няўдачамі замучаны,
Пацехамі пакінуты.

Рукою чуць пакратаю,
Ня муч-жа абарванага!
Пад хутры јдзі багатыя,
Ў палацы мураваныя!

Сям‘я мая галодная,
Хаціна мая хіліцца
Јідзі, Зіма нягодная!
Ня дуж з табою сіліцца.

Зіма.
Ня дам ніколі веры я
Тваеј брахні ап‘янчанај,
Што гора цябе мерае,
Што сьлёзамі ты нянчаны.

Каму-ж тут хвојкі валюцца
Рукою мазалістаю?
І шуркі каму стаўлюцца
На пасеку, на чыстаю?

Ці-ж хата з хвојкі зваленај
Ня грэта, не пастаўлена?
Ці-ж пасека ня сеяна,
Сахој тваё абнесена?

Мужык.
Туды ў крајі далёкія,
Як дні мінуць кароткія,
Сасоначкі высокія
Плывуць ракој-паводкаю.
Гасьцінцамі, дарогамі
У места шуркі цягнуцца,
Не за мајмі парогамі
Скарб пасечны хаваецца.

Зіма.
Табе жыцьцё, знаць, сьцелецца,
Як-бы сама нуда тая;
Пашлю ў дабаў мяцеліцу,
Няхај зь бядој разсватае.

Адходзе. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвојка падсечаная з трэскам і грукам валіцца ј забівае мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца да нябошчыка. Лес стогне.

XI.
Хаўтуры.
Хата. Напроць дьвераў у белај дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раськідае палок, бярэ дошкі зь яго і робе века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябошчыку. Жонка галосе ј прыгаваруе. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазе зь печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласьліва вые вецер.

Жонка.
А мој ты сакалочак!
А мој ты каралёчак!
Ляжыш ня ўстанеш болеј…
О доля-ж мая, доля!
Бяз часу сьмерць-магіла
Жыцьцё тваё згасіла;
Ў няшчаснаю гадзіну
Сіротачак пакінуў.
Сіроткі ўсе малыя,
І есьць ня маюць тыя,
І дроў няма палена,
І ў пуні няма сена.
Як жыў, як ты сьвет бачыў,
Усё-ж было јіначај,
Ці ў поле ты… ці ў людзі…
Што з намі цяпер будзе?
На што на сьвет раджацца,
Хто мае зь јім разстацца,
І горкі жаль кідаці
Ўдаве, бацьком, дзіцяці.

Бацька (уціраючы няўзнак сьлёзы).
Дзяржыць бяда старога,
Хаваюць маладога;
Забрала дамавіна
Ня бацьку, але сына.
Ня месца мне у хаце:
Ня дуж я працаваці;
Пры кім дажыць тут веку
Няшчаснаму калеку?
Вазьму я хіба ўнука,
Ці ў сьвет ісьці навука? —
І појдзем з хат да хаты,
І к бедным, і к багатым.
Зьбірај, стары, хатомкі,
І зрыўкі, і атопкі;
І жыва з хаты роднај
На сівер на нязводны!
Выцягуе з-за печы лахманы і атопкі.

Сталяр (кончыўшы века да труны).
Як згаварыці слова,
І века ўжо гатова.
Закрыць дамоўку можна,
Падходзь прашчацца[3] кожны.
Падходзь чужы і хатні
Заглянуць раз астатні
Вось на таго, што дзетак
Бяз часу кінуў гэтак.
Ня кепскім быў суседам:
Шоў прадзедаўскім сьледам,
Ня крыўдзячы нікога,
Цярпеў сам крыўдаў многа.

Меншы Сынок (цалуючы нябошчы-
ка ў руку — да маткі):

Чаму, скажы, матуля,
Прыбраны так татуля
Ляжыць у гэтај скрыні
Такі халодны, сіні?!

Большы Сынок.
Ня лезь ты без патрэбы:
Душа ўжо таткі ў небе.
Ня ўстане і на лета;
Памёр ён, знача, гэта.

Дзеці адступаюцца; падходзяць разьвітавацца јіншыя17). Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябошчыка на плечы і выносяць з хаты.

Xop.
Рај сьветлы бесканечны
На судзе астатэчным[4]
Дај, Божа, ўсім загнаным,
На векі векаў. Амэн!

Жонка ј дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і јдзе ў сьвет. Хата астаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.

XII.
На магілках.
Цёмная ноч перад Узьвіжаньням. Магілкі. Лётаюць совы ј кажаны. На паваленым крыжу сядзіць цень Мужыка.

Цень Мужыка.
Што насып размыла жвіровы?
Што спаць мне ў зямлі не дае?
Чаго кажаны тут і совы
Зьляцелісь на косьці мае?
Проч, гадзіны, сьліўні, рапухі!
Хоць зьгіньце ў праметнај на дне.
Благія і добрыя духі,
Прыбліжцеся жыва ка мне.
Так спаць не ахвота век цэлы;
Мне хочацца ведаць, пачуць,
Што чутна на сьвеце на белым?
Патомкі мае як жывуць?
Ці досіць јім хлеба да хлеба,
Як добра јім плаціць зямля?
Ці ласкі ад сьвету, ад неба
Ня маюць, як некалі я?
Ці песьні пяюць, ці як мухі
Ў цянётах гніюць павука?
І ўсё гаварэце мне, духі,
Што зроблена для мужыка.
Зьлятаюцца тыя-ж самыя духі, што пры хрэсьбінах. Вер-
цяцца каля Мужыка і папераменна пяюць.

Бяда.
Мы скажам табе ўсё з ахвотај,
Па сьмерці тваёј што зајшло:
Ня зломлены к шчасьцю вароты,
Сьлязы ня ўбыло, — прыбыло.

Голад.
Усьміхаюцца пусткај папары,
Урода ня јдзе, як ня јшла.
Па небе за хмараю хмара.
Плыве і плыве, як плыла.

Холад.
Хаціна згнівае у плесьні,
Хаўтурны ня зводзіцца звон,
Пад дзікія ветравы песьні
Пракляцьця разносіцца стогн.

Хорам.
Завалены сьцежкі к прасьвету
Крыжамі безчасных магіл,
А брат твој, мужык, бяз прывету
У ўсім гэтым сохне бязь сіл.

Доля.
Табе яшчэ ведаць цікава,
Што стала з сынамі твајмі?
З усякај вялося јім славај,
Усяк јім жылося зь людзьмі.

Адзін, як і ты, шнур пахае,
Карчомкај душу весяліць,
Другога чужына змагае,
А варта пры трэјцім стајіць.

Чацьверты у зьдзеку загінуў
За праўду, за крыўду сваю,
Руку адсек пяты машынај,
І торбаю корме сям‘ю.

Жыцьцё.
Ну што? як старонка, як дзеткі,
Як што між людзьмі, ці зьвярмі?
Я лоўка разставіла сеткі!
Папробуј, расплутај вазьмі!

Я сілам цямрычным у рукі
Няпраўд пустазельле дало,
Хај сеюць зьнішчэньне і мукі
Хај корча ўсіх змога і зло.

Цень Мужыка.
Ня міла мне слухаць, ня міла
Зь зямлі мае гэткі прывет.
Раскрыјся нанова магіла:
Страшнеј цябе людзі і сьвет.

Магіла раскрываецца. Чутна запяяў нејдзе пятух. Духі разьлятаюцца. Нікне цень мужыка. Перагукуюцца з зајцамі совы. У паветру лапочуць крыльлямі кажаны ј начніцы.


Бароўцы, 1908 г. 22 жніўня.



  1. маскалізм, пакрывіцку (пабеларуску) — не дарма.
  2. маск., пакрывіцку — даволі.
  3. маск., пакрывіцку, (паблр.) — разьвітавацца.
  4. пол., пакрывіцку — апошнім.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.