Адвечная песьня (Пецярбург 1910)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Адвечная песьня у XII-ці праявах
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://knihi.com/Janka_Kupala/Adviecnaja_piesnia.html


ПРАЯВЫ:

  • I. Хрэсьбіны
  • II. На службе
  • III. Вясельле
  • IV. Весна
  • V. За сахою
  • VI. Лета
  • VII. Касьба і жніво
  • VIII. Восень
  • IX. Сьвята
  • X. Зіма
  • XI. Хаутуры
  • XII. На магілкахъ



І.
Хрэсьбіны.

Вясковая убогая хата. Ноч. Усе сьпяць. У васінавых начоўках аберчанае зрэбнымі пялёнкамі ляжыць дзіцянё. Над им зьяўляюцца цені і пяюць.

Жыцьцё.

        Ўсесільнай рукою твареньня
        Даю яму права істненьня,
            На ўласнасць ваду і зямлю,
            Душу яму такжэ даю.

        Пад ўладай сваей будзе меці
        Як ёсць усё чыста на сьвеці;
            Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
            Ён будзе ўсіх чыста мудрэй.

        І рэкі, і долы, і горы
        Яго будуць слухаць с пакорай;
            Там высушэ, там правядзе,
            Там зрые, а там узьнясе.

        Лясы ён аберне на поле,
        Ўселякіе ўстроиць будоўлі:
            Сьвятыні пад неба зірнуць,
            Цямніцы пабелай бліснуць.

        Такъ будзе ён царам прыроды,
        Сам найдасканальшага роду,
            І будзе цар гэты павек
            Названьне насіць — чалавек.


Доля

        Яму буду я напеваці
        Аб радасьці, славе, багацьці.
            Дзе шчасьця палае прасьвет,
            Як самага сонейка цьвет.

        Ён, чуючы гэтые песьні,
        Не раз загалосе балесьне,
            І страшнай азвецца кляцьбой,
            Бязсільны жыць вечна са мной.

        І стане ганяцца за мною
        Ен думкамі, сэрцам, душою, —
            Я, песьню прапеўшы, ўцяку
            Ці ў поле. ці ў лес, ці ў раку.

        І будзе так жыць і маліцца,
        Сваею неўдачай хваліцца
            Стварэньне Жыцьця — чэлавек,
            Аж ляжэ ў зямельку на век.

Беда

        Во! — тутка маё панаваньне!
        Са мной ён і ляжэ, і ўстане.
            Весна, лета, восень, зіма —
            Я з им, як царыца сама.

        Напрасна мяне будзе гнаці,
        З им буду за хатай, у хаці,
            І так ён зжывецца са мной,
            Што стану яго я душой,

        На плечы ўзвалю горб вялікі,
        Абую ў лазовые лыкі,
            Як ночай хай блудзе па дню, —
            Прасьветласць я выдзеру ўсю.


Голад і Холад (разам).

        Мы будзем хадзіць за им парай,
        Наводзіць балесьці і хмары,
            Душой і хацівай трасьці,
            Адвечные казкі плясьці.

        Хай чуе і сілен, і молад,
        Як страшэн, і голад і холад.
            І рыне ў магільны пясок
            Праз стужу, праз хлеба кусок.

Хор.

        Гэй, спраўма над им тут хрысьціны
        Сьлязы і крыві церушынай!
            Хай будзе ні мал, ні вялік,
            Ніхай носе імя: Мужык.

Дзіцянё заплакало; цені разьбегаюцца і нікнуць.



II.
На службе.

Дворны папар, лагі. Недалёка лес. Дзень хмурны: слата. Пасецца скаціна; каля яе снуе маленькі пастушок. Апратка у яго паабрываная. Босы. У ззябнутых руках трымае бяроставую трубу. 3 лесу дарогай паказываецца кабеціна, — яго матка.

Пастушок.

        Ў сваей хатцэ і пры матцэ
            Жыў ня жыў,
        Беда выпхнула бадзяцца,
            У сьвет пабрыў.


        Кожын гоне, папіхае,
            Свой, ня свой.
        Ой ты, служба, ой благая,
            Божэ мой!

        Ой ты доля пустасейна!
            Рад не рад;
        Далі кут, і той ня пэўна —
            Да Каляд.

        Нясуць хлеба, ці да хлеба,
            І глядзяць:
        Ведай, есьці шмат ня трэба…
            Ўзяць?.. не ўзяць?

        Воўк, ваўчыха за гарою
            Завядзе,
        Ні прыстаньня, ні спакою
            Ой нідзе!

Матка (падходзючы).

        Што ня весел так, сынулька,
            Мой жэ ты?
        Табе кланяўся татулька
            І браты.

        Гавары-ж ты мне, мой мілы,
            Родны мой,
        Як там служба, як там сілы,
            Як з ядой?

        Ці кусочэк калі ласы
            Паднясуць?
        Ці ня крыўдзюць калі часам?
            Ці ня бьюць?

        Калі-ж прыдзе тое сьвятка
            З ласкай тэй,
        Не разстанешся ты с хаткай,
            Са сваей?


Пастушок.

        Як у служкі сходзюць леты —
            Ў пастуха,
        Пытай, маці, птушкі гэтай —
            Канюха.

        Запытайся гэтай хмары —
            Гэтых сьлёз,
        Гэтай кветкі на папары —
            Гэтых лоз.

        Гэтай грушы сярод поля,
            І балот:
        Яны ўсе аб маей долі
            Вядуць шчот.

Матка.

        Не хачу я их пытаці,
            Мой сынок,
        Не пацешуць яны маці,
            Сакалок.

        Калыхала, гадавала,
            Як магла,
        А цяпер што дачэкала?
            Што нашла?

Пастушок.

        Не плач, маці, і ня злуйся
            На жыцьцё,
        Як я ў сілачку ўбяруся,
            Змагу ўсё.

Вечарэе. Пастушок гоне скаціну дамоў. Маці пахліпываючы ідзе у сьлед за им.



III.
Вясельле.

Хата у маладога. Шмат народу. Стол повен гарэлкі і ўселякай яды. За сталом сідзяць на лавах: сват, свацьця. маладые, закосьнік, маршалак, дружкі і прыданые; усе вясёлые. Музыка гульня.

Сват.

        Вот дзе, братцы, разгуляцца!
        Вот пацешыцца калі!
        Хоць бярыся, распраніся,
        Ды у прысядкі валі!

            Звонюць чаркі, трашчаць скваркі,
            Лопат, гоман, сьмех і крык,
            Во! сяло дзе ходам ходзе,
            Гора дзе забыў мужык!

        Гасьцей поўна, усё роўна,
        Як дзе сходка, ці кірмаш.
        Ёсць Марыся, Дамініся,
        Юрка, Саўка і Тамаш.

            Як належэ, ў скрыпку рэжэ
            Наш музы́ка, наш Аўлас;
            За им сьледам, як за дзедам,
            Бье у бубен Апанас.

        Трыльля! трыльля! вось кадрыля,
        Вось лявоніха ідзе,
        Валюць проста, як бы з моста,
        Як ніколі, як нідзе!..

Свацьца.

        Вот забава! вот так слава
        Маладому, маладой!

        Усё ладам, і с парадам,
        І пастаўлена парой.

            Кругом шчыра, сала, сыраў —
            Хоць ты сьліну палыкай,
            Тоўста, густа хлеба лустаў —
            А пірог! а каравай!

        Дзеўкі с твары, як бы ў жары,
        Як бы сонцэ касьнікі,
        Ну, а мальцы — ліжы пальцы!
        Вот яны! вот дзяцюкі!

            Не нарокам, бокам-скокам,
            Не гулялі так даўно.
            Гон-ля! сваце, паскакаці!
            Ну вясельле! ну яно!

Малады.

        Хто вясёлы, хоць і ў горы,
        Таму слава, таму чэсьць!
        Чым багата, рада хата,
        Не жалейце піць і есьць!

(Да маладой).
            Ты, сястрыца, дось смуціцца
            Уздыханьне ў кут пашлі,
            Еш, лябёдка, запі водкай,
            Душу песьняй весялі!

        Кончым зараз гэты галас,
        Гульня пойдзе за нішто;
        Зажывём мы па сваёму,
        Як ніколі, як ніхто.

Маладая.

        Гуляй, мілы, колькі сілы!
        Не ўважай нуды маей:

        Я паплачу, знамо, бачу
        Чужу хату і людзей.

            Чужа хатка, бацька, матка,
            Сама тутка першы разъ;
            Ныюць грудзі, што-то будзе?
            Што чакае ў жыцьцю нас?

Хор.

        Рэдкі сьмехі і пацехі,
        Часты сьлёзы і беда!
        Ё часіна, ё скрыпіна, —
        Весяліся, грамада!

Сват вылазе з-за стала і сыпе лявоніху са свацьцяй; за им малады з маладой і ўся дружына.



IV.
Весна.

Раніца. Вясковая хата; выгляд непрытульны і убогі. Праз маленькае ваконцэ прабіваецца бледнаваты блеск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу зьвесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уходзе Весна: на галаве ў яе с курасьлепу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.

Весна (з рызыкай тоненькім голасам).

        Ну, як дуж, мужычок?
        К табе ў госьці іду.
        На бок жыва, на бок!
        І бяду, і нуду!

            Пратры вочы са сну,
            Марш к другому жыцьцю!
            Строй саху, барану
            І севалку сваю!


        Ўжо прасохла ральля,
        Ўжо рунее трава,
        К сабе клічэ земля,
        Ты ў яе галава.

            Табе рэчкі бурляць,
            Табе кветкі цьвітуць,
            Табе пушчы шумяць,
            І зязюлі пяюць.

        Ды і сонцэ, глядзі,
        Гэтак сьвеце не зра,
        Ну ідзі! ну ідзі!
        Араць, сеяць пара!

Мужык (што хвіля ўздыхаючы).

        Ўжо ўстаю, ўжо іду,
        Ясна пані Весна,
        Толькі вот на бяду
        Зерня к севу німа.

            Трохі нешта было,
            Што мне Восень дала,
            Вось Зіму нанясло,
            І ўсё чыста зьвела.

        Апасьледні мяшок
        К Калядам я змалоў,
        Цяпер сьвіран і ток,
        Як хто махалам зьмёў.

            І сам сеяць я рад,
            Ды, як бачыш, с Кадяд
            Усё выбраў да дна,
            Ой Весна! ой Весна!


Весна.

        Што мармочыш ты там?
        Німа часу чэкаць, —
        Табе раду я дам,
        Як бяду ашукаць.

            Асьмель трохі сябе,
            Пыху с сэрца зьнімі,
            І насеньне к сяўбе
            З магазыну вазьмі.

        Браць ня прыдзецца шмат,
        Які пудзік другі,
        Бо, як чула я, брат,
        Шнур твой вельмі вузкі.

Мужык.

        Міла рада твая,
        Ясна пані Весна,
        Дый, як сьвет пазнаў я,
        Мне вядома яна.

            Знаю я магазын,
            Толькі з им з году ў год
            Адзін выхад, адзін:
            Недарод, недарод.

Весна.

        Бог с табой! — я іду
        Падаць Лету наказ;
        Адно скем: я ў гаду
        Не бываю двух раз.

Адходзіць. Мужык злазе с пала, бярэ с калка хамут і дугу выходзе с хаты. Сонцэ прыветліва заглянула ў ваконцэ.



V.
За сахою.

Поле. Неба яснае. У недалёкай зялёнай дуброве кукуе зязюлька
Мужык арэ. Конік, малы і куды, што мінута прыстанаўліваецца
Над галавой аратага пяюць жаваранкі. Гасьцінцам прыбліжаецца падарожны.

Араты (ходзючы за сахой).

        Гайда, баразною,
        Косю мой маленькі,
        Гайда, за сахою,
        Селянін худзенькі!

            Гэткае раздольле
            На усе староны! —
            Выарэм мы поле
            Ў скібіны, ў загоны.

        Зерня ў полі зложым
        Жменяй спрацаванай;
        Зарунейся збожжэм,
        Цьмяная паляна!

            Пройдуць гэтта людзі,
            Бедны і багаты,
            Дзіўна, дзіўна будзе,
            Што зрабіў араты?

        Гайда баразною,
        Косю мой маленькі!
        Гайда за сахою,
        Селянін худзенькі!

Падарожны (падбліжаючыся).

        Гетак с песьняй, гэтак,
        З верай і надзеяй

        Кожын свой палетак
        Хай арэ і сее!

            Ці дошч залівае,
            Ці вецер бушуе,
            Птушка ані дбае,
            Гнёзды ўе, будуе.

        Не пытаў араты
        Свайго шчасьця, долі,
        Што дадуць зерняты,
        Кінутые ў полі.

            Гэтак с песьняй, гэтак,
            З верай і надзеяй
            Кожын свой палетак
            Абарэ, засее!

Араты (як бы сам да сябе).

        Тупы штось нарогі,
        Конь ісьці ня хочэ,
        Млеюць рукі, ногі,
        Пыл засыпаў вочы.

            Ліха чуць старое —
            Ломе косьці, грудзі,
            Жонка, як на тое,
            С полуднем марудзе.

        Гэй, спачыньма, косю!
        Люльку закуру я,
        Можэ праца посьле
        Лепш памашыруе.

Падарожны (мінаючы аратага кланяецца).

        Памажы вам, Божэ,
        Спрацаваны браце!
        Выараў прыгожа, —
        Толькі засеваці.

15 


            Знаць жывеш шчасьліва,
            Маеш хату, поле…
            Дзе-ж мой дом? дзе ніва?..
            Доля-ж мая, доля!
                                    (Ідзе далей).

Араты.

        Ён ідзе і плачэ,
        Я плачу парою…
        Эй ты, небарачэ,
        А дзе шчасьце тое?..

Выпрагае каня; жонка ў спарышох прыносе полудзень.



VI.
Лета.

Поле. У далі кругом чарнеюцца лясы. На ўзьмежку, пад дзікай грушай, сядзіць задумаўшыся Мужык; напроці яго вёска, далей гасьцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкай сенажаць; направа абсеяные шнуры: ярыну усю пакрывае сьвірэпка, жыта напал з ґірсой і званцом паґерсана градам. С усходу на небе падымаецца хмара — чуваць гром. К Мужыку падходзе Лета, трымаючы у ваднэй руцэ серп, у другой касу.

Лета

        Што задумаўся так, Мужычок?
        Варта глянуць крыху весялей!
        На! касу, малаток і брусок,
        І сярпок на! для жонкі тваей!

            Званцом шастае ўжо сенажаць,
            Цецярэе жытцо і ячмень;
            Час на ґвалт і касіці, і жаць;
            Не на тое настаў Пятроў дзень.


        Час такі: ад зары да зары
        Калі ўздумаеш сілы жалець,
        Дачэкаещся гэткай пары,
        Што прыпомне табе гэта клець.

            Што прыпомнюць і дзеткі твае,
            І скацінка прыпомне твая,
            А Зіма-ж запяе, запяе,
            Хоць памры — ні жыцьця, ні пуцьця!

        Бяры-ж, на! што табе я даю;
        Спадкі мне атказала Весна,
        Ідзі працу зьбіраці сваю,
        Сваё дзела даводзь да канца!

Мужык (водзючы блуднымі вачыма).

        Што? куды ты мне кажэш ісьці,
        Лета яснае, жаць і касіць?
        Лёгка песьні такіе вясьці.
        Але спробуй на дзеле пажыць.

            Свой лажок я падчысьціў вясной;
            Сеяў шнур; — у доўг даў магазын, —
            Цяпер, глянь! луг занесен вадой,
            Колас, глянь! ці ёсьць цэлы адзін?

        Еў, ня еў, ці адзет, не адзет,
        Да ўсяго я ахвотны ў людзей;
        З маей сілаю лічыцца сьвет,
        Чым жэ, чым я на ніве сваей?

            Не ўзьнімаецца к працы рука:
            Апрацівело горэ, жыцьцё.
            Эх ты доля-беда мужыка,
            Ой ты, Лета, ой Лета маё.

17 


Лета

        І ня стыдна-ж табе век вяком,
        Хоць і дуж, як той дуб векавы,
        Вясьці гутарку ўсё су плачом,
        Ніжэй гнуцца павялай травы!

            Нарэканьнем ня зможэш бяды,
            Хоць дзень, ноч нарэкай, небарак:
            Шчасьце ходзе гады-у-рады,
            Абмінаючы вёску ўселяк.

        Вось, як ведаеш, я ў цябе госьць,
        Не драмі-ж, як пад лавой тапор,
        Заработкі ў дварэ, чула, ёсьць,
        Шнур збірай свой, ды жыва у двор!

Мужык

        Двор я знаю даўно, ой даўно!
        З года ў год я там сілу ўсю ўцёк;
        Калі-ж гляну, выходзе адно:
        Пуста хата, сьвіронак і ток.

            Вынімала мне паншчына дух,
            Зжыў яе — думаў, воля дасць хлеб,
            І ці зьвёў ці ня зьвёў той ланцуг,
            Як за паншчынай, бедзен і сьлеп.

Лета

        І паехаў жэ, братка ты мой…
        Не вялікі, знаць, толк выйдзе ў нас;
        На! касу, серп — ваюй хоць з бядой!
        Іду Восені выслаць наказ.

Кідае касу і серп Мужыку пад ногі і адходзе. Мужык вострэ касу, прабуе на ўзьмежку і мінаючы вёску ідзе у двор. Бура пачынаецца на добрае; блыскае маланка; што раз сільней грыміць гром. Бье пярун. Пасыпауся дошч з градам.


VII.
Касьба і жніво.

Сенажаць і поле, што каля грушы. Гарачыня стаиць нязносная. Мужык разхрыстаўшыся косе. Жонка у ваднэй кашулі жнець; пры ей на казлох, абвешаных пасьцілкай, вісіць у начоўках дзіцянё; двое меньшых поўзае ў сьлед за маткай.

Мужык (абціраючы пот рукавом).

        Эх, труды, труды
            Непазбытые!
        Эх, каса, каса,
            Потам зьлітая!

        І калі-ж с табой
            Мы, сталёвая,
        Здабываць пайдзём
            Шчасьцс новае?

        Век зьвініш, сьвішчыш,
            Атклепаная,
        Век плыве сьлеза
            Неўніманая.

        Там гудзіц віхор,
            Лес хістаецца;
        Там пяе касец,
            Пацешаецца.

        Эх, труды, труды
            Непазбытые!
        Эх, каса, каса
            Потам зьлітая!

Жонка (акручываючы нагу, параненую аржоньнем).

        Не палі агнём
            Гэтак, сонейко!

        Не калі мне ног
            Так, аржонейко!

        Трудна сьпіну гнуць
            Спрацаваную,
        Каласы зьбіраць
            Паваляные.

        Дабрыцом-сьцяной
            Не пахвалішся,
        Кроў і пот ліеш,
            Заліваешся.

        Ўсюды Бог гасьціў
            С сваей ласкаю,
        Толькі крыў, мінуў
            Ніву хамскую.

Мужык.

        Ўжо каса мая
            Прытупілася:
        Не бярэ сіўца,
            Замарылася.

        Паклепаць пайду
            Там на межыццэ
        І бруском зьвяду,
            Як належыцца,

        Ды ў ход зноў пушчу
            Пад песьнь сьлёзную,
        Хай зноў бачэ сьвет
            Сілу грозную.

Жонка (выцягаваючы стрэмку с пальца)

        Дзіцянё ў казлох
            Адзываецца;
        Пагляджу, пайду,
            Як там маецца.


        Ох, каб так шнурок
            Свой счырыкалі!
        Ўжо за пашу ў двор
            Адбыць клікалі.

Мужык і жонка (разам).

        І жыцьцё-ж, жыцьцё
            Безпрасьветнае!
        Ці ня лепей ты
            Апраметная!

Мужык садзіцца клепаць касу, а жонка йдзе к казлом і корме грудзёй дзіцянё.



VIII.
Восень.

Досьвітак. Ток. Бледна курыцца на сьцяне газоўка. Мужык малоце. Цэп гудзіць. Яму глуха заводзючы падцінае вецер. Дзьверы атчыняюцца, уходзе Восень. У ваднэй руцэ трымае пук уселякіх павялых зёлак, у другой пусты мех.

Восень.

        Я усюдах хадзіла,
        Я усюдах была,
        Як дзе што урадзіла,
        Я рахунак вела.

            І к табе во зайшлася
            Паглядзець, запытаць,
            Як ты жыў, як спраўляўся,
            Што відаць, што чуваць?

        Весна, Лета блудзілі
        Па ўсей чыста зямлі;
        Ці-ж па роўна дзялілі,
        Роўна ўроду няслі?

21 


            Цябе с краю да краю
            Было ўсюды ўдаволь;
            Даказаў дзіваў, знаю,
            Твой і пот, і мазоль.

        Дык як с кормам? як жыта?
        Двор то мае, чым жыць:
        Сенам пуня набіта,
        З дабром ток аж трашчынь.

Мужык.

        Восень, ясная пані,
        Глянь! я лгаць не хачу —
        Да паўзімкі не стане,
        Як лічу, не лічу.

            Німа штосьці ўмалоту,
            Ды і што малаціць?
            Копкі дзьве акалоту,
            Грэчкі з возік ляжыць.

        С копку яркі, ячменю,
        Трохі сена, аўса…
        Вот і хлеб, і насеньне,
        І за труд плата ўся!

            Пры стале-ж сядзе спора
            Спажываці дары:
            Жонка, дзетак сямёра,
            Ды татуля стары.

Восень.

        Праўду вашэць гамоне:
        Бог ня вельмі ўспамог,
        Але ты не сягоньня
        Так устаў, так і лёг.

            Вось і сёлета трэба
            Дацягнуць да канца,
            Прыкупі с пудзік хлеба,
            Дапажыч з воз сенца,


        Пудзік хлеба з мякінай,
        Ґруцы, бобу крыху,
        Якой бульбы асьміну —
        Ці-ж ня дось мужыку?

Мужык.

        Ну і рада, ой рада!
        Дакупіць, дакупіць!...
        Дзе-ж капейка у «гада»?
        Дзе яго скарб ляжыць?

            На насеньне, на страву
            Трос вясной кішанёй,
            Летам штраф за «патраву»;
            Воласць не за гарой.

Восень.

        Як гляджу, ўсё находжу
        Недастаткі адны,
        Будзь здароў! я адходжу
        Да суседкі Зімы.

Выходзе. На двара вецер вые што раз сільней. Каплі сьцюдзёнага дожджу шлёпаюць аб гнілые сьцены. Мужык набірае у рэзьґіні вязку саломы — і йдзе даваць скаціне. Дзьверы са скрыпам зачыняюцца.



IX.
Сьвята.

Хата што і вясной. На стале ляжыць стус грычаных бліноў. На палку ляжыць двое хворых дзяцей; другіе босые і ў вадных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкчэ бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармочэ.

Мужык.

        Ну, ламака, ну, хамула!
            Ці-ж стагнаць ня годзе?

        Што мінуло, то мінуло,
            Болей не прыходзе.

        Пёкся, пёкся вясну, лета,
            Аж толькі дзяржыся,
        А цяпер спачынь за гэта,
            Дый павесяліся.

        Трохі жонка хваравіта,
            Трохі хворы дзеці,
        Выпі чарку! ну і квіта!
            На што там глядзеці?

        Юрку варта-бы да школы,
            З гора, пасылаці;
        Ня шлі: будзе як ты голы,
            Хай сядзіць у хаці!..

        Насьце трэба чаравікі,
            Кажушок Сымонку,
        Ну, на гэта час вялікі…
            Пара-ж і ў карчомку!

Жонка.

        Што ты там бурчыш пад носам?
            Скрабеш каля вуха?
        І ўдаеш паглёдам косым
            Вялікага зуха?

        «Пагуляці… да карчомкі…»
            Вот так малайчына!
        А дзе лапці ў тваей жонкі?
            Дзе дровы, лучына?

        Трэба новае карыта,
            Каптан Зосі трэба,
        Просіць хвэльчэра Мікіта,
            Ўжо ня есьць і хлеба.

        Не табе спачыць, хамуле,
            Не табе сьпеваці,
        Не да сьмеху, не да гуляў,
            Калі беда ў хаце.


Стараста. (Уходзе трохі падпіўшы з нейкай смешнай важнасьцяй і строгасьцяй).

        Вось і трапіў к вам нарэшце…
            Ну рыхтуйся, братка!
        Кішанёй мусіш патрэсьці:
            Трэба нам падаткаў.

        Трэба чыншу, трэба «пені»,
            Быў прыказ с павету,
        Каб за тыдзень непрэменьне
            Ўнесьці дробязь гэту.

        Дык спраўляйся-ж, і то лоўка!
            Бо ня жыць і ў хатцэ,
        І з апраткай, і з кароўкай
            Прыдзецца расстацца.

Магазыньнік. (Уходзе такжа пьянаваты).

        Пахвалёны вам, суседзе!
            Як дуж, як здароўе?
        Ужо і зімка да нас едзе —
            За даўгом прышоў я.

        Аўса бочку, цьверць ячменю,
            Са дзьве цьверці жыта.
        Аддаць мусіш непрэменьне,
            Тады будзе квіта.

Мужык.

        Ну і што? і больш нічога!?..
            І дакуль так будзе?
        Ані сэрца, ані Бога…
            Ну жыцьцё, ну людзі!

Хватае за шапку і уцекае са сваей хаты. Жонка ўцірае хусткай сьлёзы. Стараста і магазыньнік высовываюцца на двор.



X.
Зіма.

Лес. У нізу на дзерэвах вісіць кругом шэрэнь. Мужык у палатаным кажуху, у лямцовай шапцэ стаиць па калені ў сьнягу і сячэ таўстую хвойку. Здаля прыбліжаецца Зіма. У яе: у ваднэй руцэ кавадла і молат, у другой жмут жалезных путаў, Як ідзе, молат ударае аб кавадла, а ланцугі бразґаюць.

Зіма.

        Як жыў, як дуж, як маешся?
        Ці жыці не дакучыла?
        Усюдах я шатаюся,
        І да цябе во лучыла.

            Кандалікамі звонючы,
            Іду к табем — ўсесільная,
            На долю тваю помнючы,
            Іду к табе — магільная.

        Над цэлай, над старонкаю
        Я паняй разгасьцілася;
        Мой сьнег ляжыць пялёнкаю,
        Ў мой лёд рэка пакрылася.

            Гуляю я з марозамі,
            Гуляю я са стужамі,
            Сьмяюся я над сьлёзамі,
            І ўсіх, і ўсё, я дужаю.

        Кінь выгляд акалелага,
        Прысядзь во на калодаццэ!
        Крапчэй ты сьвета цэлага,
        Ну што? каб нам паходацца?


Мужык.

        Ой Зімка, пані ясная!
        Не варта наругаціся,
        Прытыкі кінь напрасные:
        С кім тут за плечы браціся?

            Я з сілаю разлучэны:
            Ў палях, лугах загінута…
            Неўдачамі замучэны,
            Пацехамі пакінуты.

        Рукою чуць пакратаю,
        Ня муч жэ абарванага!
        Пад футры йдзі багатые,
        Ў палацы мураваные!

            Семья мая галодная,
            Хаціна мая хіліцца.
            Ідзі, Зіма нягодная!
            Ня дуж с табою сіліцца.

Зіма.

        Не дам ніколі веры я
        Тваей брахні апьянчэнай,
        Што горэ цябе мерае,
        Што сьлёзамі ты няньчэны.

            Каму-ж тут хвойкі валюцца
            Рукою мазалістою?
            І шуркі каму стаўлюцца
            На пасеку, на чыстую.

        Ці-ж хата с хвойкі зваленай
        Ня грэта, не пастаўлена?
        Ці-ж пасека ня сеяна,
        Сахой тваей абнесена?

27 


Мужык.

        Туды ў краи далёкіе,
        Як дні мінуць кароткіе
        Сасоначкі высокіе
        Плывуць ракой — паводкаю.

            Гасьцінцамі, дарогамі
            У горад шуркі цягнуцца,
            Не за маймі парогамі
            Скарб пасечны хаваецца.

Зіма.

        Табе жыцьцё, знаць, сьцеліцца,
        Як бы сама нуда тая;
        Пашлю ў дабаў мяцелицу,
        Нехай з бядой разсватае.

Адходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка падсечэная с трэскам і грукам валіцца і забівае мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябошчыку. Лес стогне.



XI.


Хаутуры.



Хата. Напроць дзьвераў у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ доскі з яго і робе века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябошчыку. Жонка галосе і прыгаварывае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазе с печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые венер.

Жонка.

        А мой ты сакалочэк!
        А мой ты каралёчэк!
        Ляжыш не ўстанеш болей…
        О доля-ж мая, доля!

28 


            Без часу смерць-магіла
            Жыцьцё тваё згасіла;
            Ў нешчасную гадзіну
            Сіротачак пакінуў.

        Сіроткі ўсе малые,
        І есьць не маюць тые,
        І дроў німа палена,
        І ў пуні німа сена.

            Як жыў, як ты сьвет бачыў,
            Усё-ж было іначай,
            Ці ў поле ты… ці ў людзі…
            Што з намі цяпер будзе?

        На што на сьвет раджацца,
        Хто мае з им разстацца,
        І горкі жаль кідаці
        Ўдаве, бацьком, дзіцяці.

Бацька (уцераючы неўзнак сьлёзы).

        Дзяржыць беда старога,
        Хаваюць маладога;
        Забрала дамавіна
        Не бацьку, але сына.

            Ня места мне у хаце:
            Ня дуж я працаваці;
            Пры кім дажыць тут веку
            Нешчаснаму калеку?

        Вазьму я хіба ўнука,
        Ці ў сьвет ісьці навука? —
        Пайдзём ад хат да хаты,
        І к бедным, і к багатым.

            Зьбірай, стары, хатомкі,
            І зрыўкі, і атопкі;

29 

            І жыва с хаты роднай
            На сівер на нязводны!

Выцягівае з-за печы лахманы і атопкі.

Сталяр (кончыўшы века да труны).

        Як згаварьці слова,
        І века ўжо гатова.
        Закрыць дамоўку можна,
        Падходзь прашчацца кожны.

            Падходзь чужы і хатні
            Заглянуць раз астатні
            Вось на таго, што дзетак
            Без часу кінуў гэтак.

        Ня кепскім быў суседам:
        Шоў прадзедаўскім сьледам,
        Ня крыўдзючы нікога;
        Цярпеў сам крыўдаў многа.

Меньшы сынок (цалуючы нябошчыка руку — да маткі):

        Чаму, скажы, матуля,
        Прыбраны так татуля
        Ляжыць у гэтай скрыні
        Такі халодны, сіні?!

Большы сынок.

        Ня лезь ты без патрэбы:
        Душа ўжо таткі ў небе.
        Не ўстане і на лета;
        Памёр ён, значэ, гэта.

Дзеці атступаюцца; падходзюць прашчацца другіе. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябошчыка на плечы выносюць с хаты.

30 


Хор.

        Рай сьветлы безканечны
        На судзе астатэчным
        Дай, Божэ, ўсім загнаным,
        На векі векаў. Амэн!

Жонка і дзеці галосюць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў сьвет. Хата астаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.



XII.
На магілках.

Цёмная ноч перад Узьвіжэньнем. Магілкі. Лётаюць совы і кажаны. На паваленым крыжу сядзіць цень Мужыка.

Цень Мужыка.

        Што насып размыло жвіровы?
            Што спаць мне ў зямлі не дае?
        Чаго кажаны тут і совы
            Зьляцелісь на косьці мае?

        Проч, гадзіны, сліўні, рапухі!
            Хоць зьгіньце ў праметнай на дне.
        Благіе і добрые духі
            Прыбліжцеся жыва ка мне.

        Так спаць не ахвота век цэлы;
            Мне хочэцца ведаць, пачуць,
        Што чутна на сьвеце на белым?
            Патомкі мае як жывуць?

        Ці досіць им хлеба да хлеба,
            Як добра им плаціць земля?
        Ці ласкі ад сьвету, ад неба
            Не маюць, як некалі я?

        Ці песьні пяюць, ці як мухі
            Ў цянётах гніюць павука?

        І ўсё гаварыце мне, духі,
            Што зроблена для мужыка.

Зьлетаюцца тые-ж самые духі, што пры хрэсьбінах. Верцюцца каля Мужыка і папераменна пяюць:

Беда.

        Мы скажам табе ўсё з ахвотай,
            Па сьмерці тваей што зайшло:
        Ня зломлены к шчасьцю вароты,
            Сьлязы не ўбыло, — прыбыло.

Голад.

        Усьмехаюцца пусткай папары,
            Урода ня йдзе, як не йшла.
        Па небе за хмараю хмара
            Плыве і плыве, як плыла.

Холад.

        Хаціна згнівае у плесьні,
            Хаўтурны ня зводзіцца звон,
        Пад дзікіе ветравы песьні
            Пракляцьця разносіцца стон.

Хорам.

        Завалены сьцежкі к прасьвету
            Крыжамі безчасных магіл,
        А брат твой, мужык без прывету
            Ва ўсім гэтым чахне бяз сіл.

Доля

        Табе яшчэ ведаць цікава,
            Што стала с сынамі тваймі?
        З усякай вялося им славай,
            Усяк им жылося з людзьмі.

        Адзін, як і ты, шнур пахае,
            Карчомкай душу весяліць,

32 

        Другога чужына змагае,
            А варта пры трэцьцім стаиць.

        Чацьвёрты у здзеку загінуў
            За праўду, за крыўду сваю,
        Руку атсек пяты машынай,
            І торбаю корме сямью.

Жыцьцё.

        Ну што? як старонка, як дзеткі,
            Як што між людзьмі, ці зьвярмі?
        Я лоўка разставіло сеткі!
            Папробуй, расплутай вазьмі!

        Я сілам цямрычным у рукі
            Непраўд пустазельле дало,
        Хай сеюць зьнішчэнне і мукі
            Хай корчэ ўсіх змога і зло.

Цень Мужыка.

        Ня міла мне слухаць, ня міла
            З зямлі маей гэткі прывет.
        Раскрыйся нанова магіла:
            Страшней цябе людзі і сьвет.

Магіла раскрываецца. Чутна запеяў недзе пятух. Духі разлетаюцца. Нікне цень мужыка. Перагуківаюцца з зайцамі совы. У паветры лапочуць крыльлямі кажаны і начніцы.

Бароўцы, 1908 г. 22 Серпня.