Адвечная песьня/VII. Касьба і жніво

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

VII. КАСЬБА І ЖНІВО

Сенажаць і поле, што каля грушы. Гарачыня стаіць нязносная. Мужык, расхрыстаўшыся, косіць. Жонка ў адной кашулі жне; пры ёй на козлах, абвешаных пасцілкай, вісіць у начоўках дзіцянё; двое меншых поўзае ўслед за маткай.

Мужык
(абціраючы пот рукавом)

Эх, труды, труды
Непазбытыя!
Эх, каса, каса,
Потам злітая!

І калі ж з табой
Мы, сталёвая,
Здабываць пайдзём
Шчасце новае?

Век звініш, свішчыш,
Адкляпаная,
Век плыве сляза
Неўніманая.

Там гудзе віхор,
Лес хістаецца;
Там пяе касец,
Пацяшаецца.

Эх, труды, труды
Непазбытыя!
Эх, каса, каса,
Потам злітая!

Жонка
(абкручваючы нагу, параненую аржоннем)

Не палі агнём
Гэтак, сонейка!
Не калі мне ног
Так, аржонейка!

Трудна спіну гнуць
Спрацаваную,
Каласы збіраць
Паваляныя.

Дабрыцом-сцяной
Не пахвалішся,
Кроў і пот ліеш,
Заліваешся.

Ўсюды Бог гасціў
3 сваёй ласкаю,
Толькі крыў, мінуў
Ніву хамскую.

Мужык

Ўжо каса мая
Прытупілася:
Не бярэ сіўца,
Замарылася.

Пакляпаць пайду
Там на межачцы
І бруском звяду
Як належыцца.

Дый ў ход зноў пушчу
Пад песнь слёзную,
Хай зноў бачыць свет
Сілу грозную.

Жонка
(выцягваючы стрэмку з пальца)

Дзіцянё ў казлах
Адзываецца;
Пагляджу пайду,
Як там маецца.

Ох, каб так шнурок
Свой счырыкалі!
Ўжо за пашу ў двор
Адбыць клікалі.

Мужык і Жонка
(разам)

І жыццё ж, жыццё
Беспрасветнае!
Ці не лепей ты,
Апраметная!

Мужык садзіцца кляпаць касу, а жонка ідзе к козлам і корміць грудзёй дзіцянё.