Адвечная песьня/VIII. Восень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

VIII. ВОСЕНЬ

Досвітак. Ток. Бледна курыцца на сцяне газоўка. Мужык малоціць. Цэп гудзе. Яму, глуха заводзячы, падцінае вецер. Дзверы адчыняюцца, уваходзіць Восень. У адной руцэ трымае пук усялякіх павялых зёлак, у другой — пусты мех.

Восень

Я усюды хадзіла,
Я усюды была,
Як дзе што урадзіла,
Я рахунак вяла.

І к табе во зайшлася
Паглядзець, запытаць,
Як ты жыў, як спраўляўся,
Што відаць, што чуваць?

Вясна, Лета блудзілі
Па ўсёй чыста зямлі;
Ці ж пароўні дзялілі,
Роўна ўроду няслі?

Цябе з краю да краю
Было ўсюды ўдаволь:
Даказаў дзіваў, знаю,
Твой і пот, і мазоль.

Дык як з кормам? як жыта?
Двор то мае чым жыць:
Сенам пуня набіта,
3 дабром ток аж трашчыць.

Мужык

Восень, ясная пані,
Глянь! я лгаць не хачу —
Да паўзімкі не стане,
Як лічу, не лічу.

Няма штосьці ўмалоту,
Ды і што малаціць?
Копкі дзве акалоту,
Грэчкі з возік ляжыць.

3 копку яркі, ячменю,
Трохі сена, аўса…
Вось і хлеб, і насенне,
І за труд плата ўся!

Пры стале ж сядзе спора
Спажываці дары
Жонка, дзетак сямёра
Ды татуля стары.

Восень

Праўду вашэць гамоне:
Бог не вельмі ўспамог,
Але ты не сягоння
Так устаў, так і лёг.

Вось і сёлета трэба
Дацягнуць да канца,
Прыкупі з пудзік хлеба
Да пазыч з воз сянца.

Пудзік хлеба з мякінай,
Груцы, бобу крыху,
Якой бульбы асьміну —
Ці ж не дось мужыку?

Мужык

Ну і рада, ой рада!
Дакупіць, дакупіць!..
Дзе ж капейка ў «гада»?
Дзе яго скарб ляжыць?

На насенне, на страву
Трос вясной кішанёй,
Летам штраф за «патраву»;
Воласць не за гарой.

Восень

Як гляджу, ўсё находжу
Недастаткі адны,
Будзь здароў! Я адходжу
Да суседкі Зімы.

Выходзіць. На дварэ вецер вые штораз мацней. Каплі сцюдзёнага дажджу шлёпаюць аб гнілыя сцены. Мужык набірае ў рэзгіны вязку саломы і ідзе даваць скаціне. Дзверы са скрыпам зачыняюцца.