Адвечная песьня/VI. Лета

З пляцоўкі Вікікрыніцы

VI. ЛЕТА

Поле. У далі кругом чарнеюцца лясы. На ўзмежку пад дзікай грушай сядзіць, задумаўшыся, Мужык, напроці яго вёска, далей гасцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкай сенажаць, направа абсеяныя шнуры; ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом пагерсана градам. 3 усходу на небе падымаецца хмара — чуваць гром. К Мужыку падыходзіць Лета, трымаючы ў адной руцэ серп, а ў другой касу.

Лета

Што задумаўся так, Мужычок?
Варта глянуць крыху весялей!
На! касу, малаток і брусок,
І сярпок на! для жонкі тваей!

Званцом шастае ўжо сенажаць,
Цецярэе жытцо і ячмень;
Час на гвалт і касіці, і жаць:
Не на тое настаў Пятроў дзень.

Час такі: ад зары да зары…
Калі ўздумаеш сілы жалець,
Дачакаешся гэткай пары,
Што прыпомніць табе гэта клець,

Што прыпомняць і дзеткі твае,
І скацінка прыпомніць твая,
А Зіма ж запяе, запяе,
Хоць памры — ні жыцця, ні пуцця!

Бяры ж, на! што табе я даю;
Спадкі мне адказала Вясна.
Ідзі працу збіраці сваю,
Сваё дзела даводзь да канца!

Мужык
(водзячы блуднымі вачыма)

Што? куды ты мне кажаш ісці,
Лета яснае, жаць і касіць?
Лёгка песні такія вясці,
Але спробуй на дзеле пажыць.

Свой лажок я падчысціў вясной;
Сеяў шнур — у доўг даў магазын, —
Цяпер, глянь! луг занесен вадой,
Колас, глянь! ці ёсць цэлы адзін.

Еў, не еў, ці адзет, не адзет,
Да ўсяго я ахвотны ў людзей;
3 маёй сілаю лічыцца свет,
Чым жа, чым я на ніве сваей?

Не ўзнімаецца к працы рука:
Апрацівела гора, жыццё.
Эх ты, доля-бяда мужыка,
Ой ты, Лета, ой, Лета маё!

Лета

І не стыдна ж табе век-вяком,
Хоць і дуж, як той дуб векавы,
Вясці гутарку ўсё са плачом,
Ніжэй гнуцца павялай травы!

Нараканнем не зможаш бяды,
Хоць дзень, ноч наракай, небарак:
Шчасце ходзіць гады у рады,
Абмінаючы вёску ўсяляк.

Вось, як ведаеш, я ў цябе госць,
Не драмлі ж, як пад лавай тапор,
Заработкі ў дварэ, чула, ёсць,
Шнур збірай свой ды жыва у двор!

Мужык

Двор я знаю даўно, ой, даўно!
3 году ў год я там сілу ўсю ўпёк;
Калі ж гляну, выходзіць адно:
Пуста хата, свіронак і ток.

Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе — думаў, воля дасць хлеб,
І ці звёў, ці не звёў той ланцуг,
Як за паншчынай, бедзен і слеп.

Лета

І паехаў жа, братка ты мой…
Невялікі, знаць, толк выйдзе ў нас:
На! касу, серп — ваюй хоць з бядой!
Іду Восені выслаць наказ.

Кідае касу і серп Мужыку пад ногі і адыходзіць. Мужык вострыць касу, прабуе на ўзмежку і, мінаючы вёску, ідзе ў двор. Бура пачынаецца на добрае; бліскае маланка; штораз мацней грыміць гром. Б'е пярун. Пасыпаўся дождж з градам.