Адвечная песьня/V. За сахою

З пляцоўкі Вікікрыніцы

V. ЗА САХОЮ

Поле. Неба яснае. У недалёкай зялёнай дуброве кукуе зязюлька. Мужык арэ. Конік, малы і худы, штомінуту прыпыняецца. Над галавой аратага пяюць жаваранкі. Гасцінцам прыбліжаецца падарожны.

Араты
(ходзячы за сахой)

Гэй жа, баразною,
Косю мой маленькі,
Гэй жа, за сахою,
Селянін худзенькі!

Гэткае раздолле
На усе староны!
Выарам мы поле
Ў скібіны, ў загоны.

Зерне ў полі зложым
Жменяй спрацаванай;
Зарунейся збожжам,
Цьмяная паляна!

Пройдуць гэтта людзі,
Бедны і багаты.
Дзіўна, дзіўна будзе,
Што зрабіў араты?

Гэй жа, баразною,
Косю мой маленькі!
Гэй жа, за сахою,
Селянін худзенькі!

Падарожны
(падбліжаючыся)

Гэтак з песняй, гэтак,
3 верай і надзеяй
Кожны свой палетак
Хай арэ і сее!

Ці дождж залівае,
Ці вецер бушуе,
Птушка ані дбае,
Гнёзды ўе, будуе.

Не пытаў араты
Свайго шчасця, долі,
Што дадуць зярняты,
Кінутыя ў полі.

Гэтак з песняй, гэтак,
3 верай і надзеяй
Кожны свой палетак
Абарэ, засее!

Араты
(як бы сам да сябе)

Тупы штось нарогі,
Конь ісці не хоча,
Млеюць рукі, ногі,
Пыл засыпаў вочы.

Ліха чуць старое —
Ломіць косці, грудзі.
Жонка, як на тое,
3 полуднем марудзіць.

Гэй, спачыньма, косю!
Люльку закуру я,
Можа, праца после
Лепш памашыруе.

Падарожны
(мінаючы аратага, кланяецца)

Памажы вам Божа,
Спрацаваны браце!
Выараў прыгожа,—
Толькі засяваці.

Знаць, жывеш шчасліва,
Маеш хату, поле…
Дзе ж мой дом? дзе ніва?
Доля ж мая, доля!
(Ідзе далей.)

Араты

Ён ідзе і плача,
Я плачу парою…
Эй ты, небарача,
А дзе шчасце тое?

Выпрагае каня. Жонка ў спарышах прыносіць полудзень.