Адвечная песьня/IX. Свята

З пляцоўкі Вікікрыніцы

IX. СВЯТА

Хата, што і вясной. На стале ляжыць стус грачаных бліноў. На палку ляжаць двое хворых дзяцей; другія босыя і ў адных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкча бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармоча.

Мужык

Ну, ламака, ну, хамула!
Ці ж стагнаць не годзе?
Што мінула, то мінула,
Болей не прыходзіць.

Пёкся, пёкся вясну, лета,
Аж толькі дзяржыся,
А цяпер спачынь за гэта
Ды павесяліся.

Трохі жонка хваравіта,
Трохі хворы дзеці,
Выпі чарку! ну і квіта!
На што там глядзеці?

Юрку варта бы да школы,
3 гора, пасылаці!
Не шлі: будзе, як ты, голы,
Хай сядзіць у хаце…

Насці трэба чаравікі,
Кажушок Сымонку,
Ну, на гэта час вялікі…
Пара ж і ў карчомку!

Жонка

Што ты там бурчыш пад носам?
Скрабеш каля вуха?
І ўдаеш паглядам косым
Вялікага зуха?

«Пагуляці… да карчомкі…»
Вось дык малайчына!
А дзе лапці ў тваёй жонкі?
Дзе дровы, лучына?

Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба.
Просіць фельчара Мікіта —
Ўжо не есць і хлеба.

Не табе спачыць, хамуле,
Не табе спяваці,
Не да смеху, не да гуляў,
Калі бяда ў хаце.

Стараста
(уваходзіць, трохі падпіўшы, з нейкай смешнай важнасцю і строгасцю)

Вось і трапіў к вам нарэшце…
Ну рыхтуйся, братка!
Кішанёй мусіш патрэсці:
Трэба нам падаткаў.

Трэба чыншу, трэба «пені» —
Быў прыказ з павету,
Каб за тыдзень непраменне
Ўнесці дробязь гэту.

Дык спраўляйся ж і то лоўка!
Бо не жыць і ў хатцы
І з апраткай, і з кароўкай
Прыйдзецца расстацца.

Магазыннік
(уваходзіць таксама п’янаваты)

Пахвалёны вам, суседзе!
Як дуж, як здароўе?
Ўжо і зімка да нас едзе —
За даўгом прыйшоў я.

Аўса бочку, чвэрць ячменю,
Са дзве чвэрці жыта
Аддаць мусіш непраменне —
Тады будзе квіта.

Мужык

Ну і што? і больш нічога?..
І дакуль так будзе?
Ані сэрца, ані Бога…
Ну жыццё, ну людзі!

Хватае за шапку і ўцякае са сваёй хаты. Жонка ўцірае хусткай слёзы. Стараста і магазыннік высоўваюцца на двор.