Адвечная песьня/IV. Вясна

З пляцоўкі Вікікрыніцы

IV. ВЯСНА

Раніца. Вясковая хата: выгляд непрытульны і ўбогі. Праз маленькае аконца прабіваецца бледнаваты бляск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу, звесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уваходзіць Вясна: на галаве ў яе з кураслепу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.

Вясна
(з рызыкай, тоненькім голасам)

Ну, як дуж, мужычок?
К табе ў госці іду.
І каб жыва, набок!
І бяду, і нуду!

Пратры вочы са сну,
Марш к другому жыццю!
Ладзь саху, барану
І сявалку сваю!

Ўжо прасохла ралля,
Ўжо рунее трава,
К сабе кліча зямля —
Ты ў яе галава.

Табе рэчкі бурляць,
Табе кветкі цвітуць,
Табе пушчы шумяць
І зязюлі пяюць.

Ды і сонца, глядзі,
Гэтак свеціць не зра.
Ну ідзі! ну ідзі!
Араць, сеяць пара!

Мужык
(штохвіля ўздыхаючы)

Ўжо ўстаю, ўжо іду,
Ясна пані Вясна,
Толькі вось, на бяду,
Зерня к севу няма.

Трохі нешта было,
Што мне Восень дала,
Вось Зіму нанясло,
І ўсё чыста звяла.

Апаследні мяшок
К Калядам я змалоў,
Цяпер свіран і ток
Як хто махалам змёў.

І сам сеяць я рад,
Ды, як бачыш, з Каляд
Усё выбраў да дна.
Ой, Вясна! ой, Вясна!

Вясна

Што мармочаш ты там?
Няма часу чакаць, —
Табе раду я дам,
Як бяду ашукаць.

Асмель трохі сябе,
Пыху з сэрца знімі
І насенне к сяўбе
3 магазына вазьмі.

Браць не прыйдзецца шмат,
Які пудзік, другі,
Бо, як чула я, брат,
Шнур твой вельмі вузкі.

Мужык

Міла рада твая,
Ясна пані Вясна,
Дый, як свет пазнаў я,
Мне вядома яна.

Знаю я магазын,
Толькі з ім з году ў год
Адзін выхад, адзін:
Недарод, недарод.

Вясна

Бог з табой! — я іду
Падаць Лету наказ;
Адно скем: я ў гаду
Не бываю двух раз.

Адыходзіць. Мужык злазіць з пала, бярэ з калка хамут і дугу, выходзіць з хаты. Сонца прыветліва заглянула ў аконца.