Адвечная песьня/II. На службе

З пляцоўкі Вікікрыніцы

II. НА СЛУЖБЕ

Дворны папар, лагі. Недалёка лес. Дзень хмуры; слата. Пасецца скаціна; каля яе снуе маленькі пастушок. Апратка ў яго паабрываная. Босы. У зазябнутых руках трымае бяроставую трубу. 3 лесу дарогай паказваецца кабеціна — яго матка.

Пастушок

Ў сваёй хатцы і пры матцы
Жыў не жыў,
Бяда выпхнула бадзяцца,
Ў свет пабрыў.

Кожны гоніць, папіхае,
Свой, не свой.
Ой ты, служба, ой, благая,
Божа мой!

Ой ты, доля пустасейна!
Рад не рад;
Далі кут, і той не пэўны —
Да Каляд.

Нясуць хлеба ці да хлеба
І глядзяць:
Ведай, есці шмат не трэба…
Ўзяць?.. не ўзяць?

Воўк, ваўчыха за гарою
Завядзе…
Ні прыстання, ні спакою,
Ой, нідзе.

Матка
(падыходзячы)

Што не весел так, сынулька
Мой жа ты?
Табе кланяўся татулька
І браты.

Гавары ж ты мне, мой мілы,
Родны мой,
Як там служба, як там сілы,
Як з ядой?

Ці кусочак калі ласы
Паднясуць?
Ці не крыўдзяць калі часам,
Ці не б’юць?

Калі ж прыйдзе тое святка
3 ласкай тэй,
Не расстанешся ты з хаткай
Са сваей?

Пастушок

Як у служкі сходзяць леты —
Ў пастуха,
Пытай, маці, птушкі гэтай —
Канюха.

Запытайся гэтай хмары —
Гэтых слёз,
Гэтай кветкі на папары —
Гэтых лоз,

Гэтай грушы сярод поля
І балот:
Яны ўсе аб маёй долі
Вядуць шчот.

Матка

Не хачу я іх пытаці,
Мой сынок,
Не пацешаць яны маці,
Сакалок.

Калыхала, гадавала,
Як магла,
А цяпер што дачакала?
Што найшла?

Пастушок

Не плач, маці, і не злуйся
На жыццё,
Як я ў сілачку ўбяруся,
Змагу ўсё.

Вечарэе. Пастушок гоніць скаціну дамоў. Маці, пахліпваючы, ідзе ўслед за ім.