Агата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Агата
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
Крыніца: http://www.maksimbogdanovich.ru/stories/86.htm



Помню — йшла я да ратушы хутка
Паглядзець, як гараць ведзьмакі,
Толькі чую — гукае Марутка:
«Бач, Агата, красунчык які!»
 
Ў задуменні, маруднай хадою,
Увабраны ў шалом залаты,
Ехаў ён на кані саматою,
А прыгожы,— як Юры святы.
 
Шмат адгэтуль мінулася часу…
Ах, калі бы ізноў павідаць
І каня, і убранства пакрасу,
І знаёмую сэрцу пастаць!
 
Я сяджу дзень за днём у аконца
Ды праду апрыкрылы кужэль,
І гудзіць, ўсё гудзіць верацёнца.
Як у полі далёкім мяцель.
 
Ах, чаму я, на што змарнавала
Так свае маладыя гады, —
Ах, чаму я, на што не спытала,
Хто ён гэткі, і едзе куды!
 
Толькі б зведаць — і з воску фігуру
Я найменнем яго ахрышчу,
Выйду ноччу на поле у буру
І закляцце сваё нашапчу.
 
І праз свіст, праз гудзенне вятрыска,
Цераз шум прыдарожных ракіт
Я пачую так блізка, так блізка
Гук знаёмы ад конскіх капыт.
 
Не забыць мне, што спасенне трачу,
Што душу варажбою гублю,
Але знаю — яго я пабачу
І нарэшце скажу, як люблю.