Перайсці да зместу

Аб сыстэматызацыі беларускае выдавецкае працы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб сыстэматызацыі беларускае выдавецкае працы
Крытыка
Аўтар: Макар Краўцоў
1925 год
Крыніца: Студэнская Думка. — Травень—чэрвень 1925. — №4 (5). — С. 10—12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб сыстэматызацыі беларускае выдавецкае працы.

(Праекцыонны нарыс).

Як ужо ня раз было сьцьверджана галоўнымі, найбольш яркімі праявамі беларускага адражэнскага руху зьяўляюцца: беларуская літэратура, прэса, тэатр і школа.

У гэтых чатырох галінах беларускія культурныя здабыткі ёсьць найбольш імпаніруючымі. Гэным разам мы-б жадалі зьвярнуць увагу паважаных чытачоў на беларускую літэратуру. Пэўна-ж, што яе нельга назваць надта багатай, але шмат каму, на‘т спасярод Беларусаў палажэньне яе прадстаўляецца шмат горшым чымся гэта ёсьць у запраўднасьці.

Што-ж гэта? Якая-ж прычына облягчае ўтварэньне гэткіх абмылкавых паглядаў на беларускую літэратуру, адначасна робячы немагчымым (прынамся для большасьці) яе правідловую ацэнку?

Гэтай прычынай ёсьць бязсыстэмнасьць, пануючая ў выдавецкім руху, а з другога-ж боку адсутнасьць патрэбных капіталаў, Дзякуючы гэткаму палажэньню выкліканаму прадусім адсуднасьцю матэрыялна-моцнага беларускага кніжнага выдавецтва („Бел. Кніжнае Выдавецтва ў Вільні“, зяўляючаеся сымпатычнай спробай ў гэтым напрамку, ня мае патрэбных на гэта грошай і ледзь дыхае!), — выдрукаваньне якой колячы новай беларускай кніжкі зусім залежыць ад прыватнага выдаўца-спэкулянта, кіруючагася — зразумела — пабуджэннямі прадусім матарыяльнага характару.

Аб нейкайсь ідэйнасьці у гэткім выпадку ня можа быць і гутаркі — хіба, што выняткова!.. Выдавец гандляр друкуе нічога нявартую ерунду, калі яна можа мець ход, а цэнная навучная праца, ці арыгінальны літэратурны твор, да якіх ня знайдзецца шмат ахвотнікаў, будуць гэткім выдаўцом або зразу адкінены, або ў лепшым выдадку — будуць ляжаць цэлыя гады у століку выдаўца, чакаючы свайго „чароду“.

У рэзультаце вышэйказанага бачым на беларускім кніжным рынку адсутнасьць шмат якіх беларускіх кніжак, а дзеля таго, што далёка ня кожны Беларус (як гэта не сорамна, а трэба прызнацца!) „адважыцца“ на прачытаньне (акуратнае!) гісторыі беларускае літэратуры, — дык і маем у канцы канцоў сярод Беларусаў даволі-ткі імглістае паняцьцё аб роднай літэратуры, угрунтаванае нясумленай агітацыяй з польскага (ці расейскага) боку!

Шчасьлівейшыя за нас народы маюць па некалькі, а на‘т — колькінадцаць выданьняў аднаго і таго-ж самага твору; а беларускія-ж пісьменьнікі, ня выключаючы найбольш талянтных, ня маюць падчас, аж па сёньняшні дзень, ані воднага на‘т выданьня нікаторых сваіх твораў; дый яшчэ горш, — бо нікаторыя з рэчаў, як напрыклад творы вядомай беларускай пясьняркі Н. Арсэньневай наагуль ня выданы паасобнай кніжкай і дасюль бадзяюцца па розных газэтах ды журналах!

Вось-жа бачым пільную патрэбу у рацыянальным і ідэйным беларускім выдавецтве. Зразумела што нейкімісь сацыяльна-палітычнымі, ці маральнымі пабуджэньнямі пры друкаваньні кніжак можа кіравацца або дзяржаўнае, або прыватнае, але грымадзкае па духу выдавецтва. Гэнае апошняе і павінны стварыць віленскія Беларусы, для якой мэты маглі-б скарыстацца ўжо істнуючым Беларускім Выдавецкім Таварыствам у Вільні, рэарганізуючы яго ў напрамку ўзьвялічэньня ягоных фінансова-выдавецкім магчымасьцяў, якое дазволіла-б яму заняцца сыстэматычнай і пляновай выдавецкай працай, у вялікшым, чымся дасюль, маштабе.

Не заглыбляючыся ў дэталі гэнае рэарганізацыі, пяройдзем да галоўных заданьняў, якія павінна было-б зьдзейсьніць гэнае новае, ці толькі абноўленнае Выдавецкае Таварыства.

У нашым артыкуле спынімся толькі над галінай прыгожага пісьменства, як найбольш популярнага, а дзеля таго патрабуючай неадкладнаго упарадкаваньня.

Вось-жа адным з першых заданьняў гэтага таварыства, была-б сыстэматычнае выданьне найлепшых твораў беларускае літэратуры, на ўзор аналёгічных польскіх выдавецтваў (напрыклад вядомая „Bibljoteka Narodowa“). Кніжкі гэтыя павінны быць танымі і адначасна з тым скромна але старанліва выданымі. Ніжэй дамо праэкціонны нарыс гэткае скажам „Беларуснае Нацыянальнае Бібліятэкі“.

Вось з грубшага — яе паасобныя аддзелы:

I-шы аддзел „Найлепшыя аутары” (Марцінкевіч, Богушевіч, Ядвігін Ш., Колас, Купала, Богдановіч, Аляхновіч, Бядуля, Гарун і г. д.) поунае выданьне

II-гі аддзел: „Другарадныя аутары“ (Няслухоўскі, Пшчолка, Каганец, Цётка, Паўловіч, Леўчык, Умястоўскі і г. д.) У гэтым аддзеле зьвяртаем увагу на патрэбу перакладу гэткіх прыгожых і даволі вялікіх беларускіх твораў XIX ст. пісаных у польскай ці маскоўскай мове, як напрыклад: 1) путешествіе по Полѣсію и Бѣлорусскому краюШпілеўскага 2) Szlachcic Zawalnia czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniachБаршчэўскага і 3) Богачы повесьць Брайцава 4) MemuaryАбуховіча 5) апавяданьня Пшчолькі і г. д.)

III-ці аддзел: „Дробныя ауторы“ У гэтым аддзеле знойдуць сабе прыпчнак, маючыя літэратурную цэннасьць творы нязнаных, або мала знаных аўтараў, якія трэ‘ будзе адшукаць і павыбіраць са старых беларускіх газэтаў, журналаў, зборнікаў, каляндароў і г. п. Тут знойдуцца і вершы і проза і драматычныя творы.

IV аддзел: „Беларускі быт у расейскай і польскай літэратуры“ (Пераклады). Гэты будзе складацца з польскіх і расейскіх твораў на тэмы з беларускага жыцьця, пісаных пераважна праз здэнацыяналізаваных Беларусаў. Аддзел гэты надта-ж добра узбагаціць беларускую повесьць, зяўляючуюся сапраўднай „Ахіллесавай пяткай“ беларускае літэратуры. Тут знойдзем пераклады гэткіх аўтараў як: Ажэшкова, Родзевічуўна, Вэйсэнгоф і шмат іншых!

Але нельга агранічыцца толькі беларускай адраджэнскай літэратурай (XIX і пачатак XX веку); і вось

V аддзель: „Старая літэратура“ перанясе нас у XVI век, „Залатую пару“ беларускага рэнэсансу, знаёмячы нас з гэткімі пэрламі тагачаснага беларускага пісьменства як: напрыклад БібліяСкарыны, ЭвангельлеЦяпінскага Літоўскі Статут ці містычны „Ай кітаб“, а далей з лепшымі творамі XVII і XVIII стагодьдзяў. Урэшці

VI чужаземны аддзел: „Перанлады“, дасьць нам пэрлы сусьветнае творчасьці і рожныя рэчы для шырэйшых слаёў грамадзянства. Спэцыяльную увагу трэба тут будзе зьвярнуць на дзіцячую літэратуру, (Байкі апавяданьня, сцэнічныя творы і творы для моладзі).

Калі гэная праграма будзе, хоць толькі часткава (без старое беларускае і чужацкае літэратуры), зьдейсьнена, — прад нашымі вачыма вырасьце, як у байцы, салідная і багатая бібліятэка беларускае літэратуры і тады ўжо напэўна ня знойдзецца такога дурня, які-б паверыў, што ўсю беларускую літэратуру можна змясьціць „на дзьвюх палічках“, як гэта кажуць цяпер рожныя брахуны.

Дык памятаймо, што нармалізацыя і угрунтаваньне беларускай выдавецкай працы ёсьць адным з первейшых культурных заданьняў беларускага народу!

У працы-ж гэтай можам разьлічваць толькі на ўласныя сілы; на салідарны высілак усяго грамадзяньства!

С. Язэп

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.