Аб прывычцы ў самаўзгадаваньні
Аб прывычцы ў самаўзгадаваньні Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1928 год Крыніца: Студэнская Думка. — Верасень—кастрычнік 1928. — №3 (10). — С. 7—10 |
Аб прывычцы ў самаўзгадаваньні.
Характар у чалавека-адзінкі, чалавека-народу, чалавека-дзяржавы — гэта ўсенька. Тутака й шчасьце, бяздольле, мадзеньне бязконцае й дзейнасьць кіпуча-карысная. Прысутнасьць ягоная, ці адсутнасьць — асноведзьдзю ўсіх магчымасьцяў. Цяпер асабліва, калі ўсюды ў нас плоймы злыдняў-зданьняў лунаюць, агортваючы сьветлыя ідэалы йлжою, трэба змагацца, трэба клікнуць усю магутнасьць характару, бараніцца ня перад сумляваньнямі аб праўдзе нашага шляху, а перад тым, каб ня згубіць яго, каб не расьцярушыцца ў штодзеншчыне, каб ані на хвіліну не апынуцца з пытаньнем: „ці так?“ „дзе ён, — наш шлях?“ а магчыма па чарзе й „нашто, пашто“, а потым і сапраўды, каб не застрагнуць у жыцьцёвай дрыгве-трасіне. Боязна, каб яна — дрыгва — нас не засмактала! Гляньма на маразм у сучасных валадароў сьвету, ці нашых суседзяў! — Каб нам ня бачыць на сабе гэткае заразы!!
Найвялікшы ідэал нічога, — калі і пакуль мала робяць дзеля зьдзейсьненьня яго. Ён будзе сам у сабе без перамены, не паменшае, не пагоршае, ды й мы ад яго будзем адступаць, а не падыходзіць, калі абмяжуемся лятуценьнямі, прыгожымі гутаркамі, ці бядульлівымі сказамі аб сучаснасьці.
Нам трэба дужых, цьвёрдых людзей, а не расхістаных ды страгнучых у плыткасьцях.
Хай падумаюць, у каго сэрца яшчэ не астыла, яшчэ адклікаецца на згукі шырокія, думкі вялікія, што да сьвятое — вялікае справы трэба ўзгадаваць, дагадаваць сябе. І тыя знойдуць мо‘ ў ніжэй паказаных словах шмат спасьцярог, якія, не замінала-б, каб ведалі ўсенькія.
— о —
Кажам аб добрых і благіх звыках, больш цямячы на кірунак благога. Кажама аб звыку п’янства, кляцьбы, — а менш думаем аб звыку памяркоўнасьці, цярплівасьці… Аднолькава-ж розьніцы сапраўднае, глыбокае паміж цнотамі, а пахібамі, благімі старонамі характару ня ўбачыма. Жывема мы з бязумоўнаю прысутнасьцю волі ў сабе, волі — дык знача незалежнага, самахотнага выбару гэткага, ці іншага дзеяньня, — ды незаўсёды „вольная воля“ паказуе сябе. Вялікая частка ўсенькіх людзей жыве хутчэй імпульсамі, залежна ад прывычкі казаць гэтак, ці рабіць, залежна ад нахілу прыроднага, ці ўзгадаванага. Прывычкі, звыкі, нахілы — вось дзякуючы чаму немагчыма нам быць іншымі, калі-б мы й хацелі бачыць у сабе іншую, лепшую рэакцыю на ўсе магчымыя праявы жыцьця.
У прывычцы, зьявішчы звыкаў — адначасна шчасьце з няшчасьцем. Дзякуючы ім перад намі бясконцы шлях не парываў, а напружаньня, без чаго трывалае будучыні няма. Парывамі жывуць хвіліны; жыцьцё, стагодзьдзе хаця й мераюць хвілінамі, ды гэта ня тое самае. Быць волатам — героям на хвіліну, кажуць, лягчэй, чымся шэрым змагаром чуняць адзін год. — Гэтыя прывычкі праклёнам будуць, калі з благое крыніцы яны ў нас!
Зьявішча прывычкі абаснавана мо‘ на тым, што сьвядомыя нашыя падзеі, ды ўсе агулам магчымыя, пачынаюцца ў нэрвовай сыстэме. Свомасьць аднолькава й нэрвовага каліўя і цэлае сыстэмы — гэта адказ на раздражненьне. Адказ гэты або будзе рэфлексам, або сьвядомаю праяваю рознаякае дзейнасьці. Свомасьць, у якой практыкаваньні зробяць нешта, перадом хто казаў-бы немагчымае. А гэта дзякуючы плястыцы мозгавае тканіны. У ёй быццам пратоптваецца дарожка, цярэбіцца пуцявіна, па якой новая адказная дзейнасьць выявіцца хутчэй, лягчэй, а паждаўшы тая самая дзейнасьць, на якую трэба было напружаньня вялікага, цяпер у нас — маўляў просты хрыбетны рэфлекс, рэфлексная дуга.
Дзеля таго й кажуць, што звык — гэта нашая другая натура, а льга было-б казаць — што яшчэ больш. Прывычкі могуць здужаць, паняволіць і натуру, прыродныя нахілы. Дзевяцьдзесят дзевяць і дзевяць дзесятых усяго, што мы робім, гэта з прывычкі, ня думаючы зусім. Мы ведаем, што робім устаючы, апранаючыся, потым кратаючыся ўвесь дзень, і кладучыся адпачываць, аднолькава-ж гэта ўсё аўтоматычныя рухі. Рэфлекс з канцавін нэрваў на калені, ці пятцы, а гэткія дзеі суседуюць з сабою калі ня ў тэорыі, дык у сапраўднасьці.
Нешта немагчымае было-б у тых людзей, якім трэба надумляцца, ці сядзець цяпер ці стаяць, курыць ці не, кладавіцца, ці яшчэ не і г. д., гэта-ж мука нявыказная, такія сумляваньні прадусім забіваюць, адбіраюць характар, выкідаюць такога чалавека з ліку працаздольных адзінак, ён быў-бы ў нас хворым, псыхопатам.
Мы ўсенькія — ня думаючы — гэткія практыкаваньні наладжваем змалку ўжо. Маці з бацькаю першыя нам настаўнікі, хатнія абставіны ўкладаюць нас да рэакцыяў такіх ці іншых, потым равесьнікі, іхні капітал моральны й толькі ў пару сьвядомае думкі собскае, у пару дасьпяваньня ўсебаковага, мы сьвядома самі пачынаем укладаньні. Стульна ўвесь час злучаны з сабою ўкладаньні фізычныя — ад вельмі простых, як хадзьба, да вельмі заблытаных умецтваў штукарства. Бяспынная аналёгія хай нас тутака навучыла-б аб тых неабмежаваных магчымасьцях звыкаў.
Добрыя бацькі, добрыя настаўнікі часта дадуць такую аснову маладзіку з хатняга й школьнага ўзгадаваньня, што лёгка яму потым стаяць на сваём шляху і ня трэба рабіць адумысловых ахвяраў, каб прышчапіць сабе карысную ці неабходную мо‘ прывычку. Ня шмат будзе гэткіх шчасьлівых!..
Прафэсар Бэн паказвае некалькі правілаў вельмі карысных таму, хто хоча нешта з звыкаў кінуць, а збагацець новымі прывычкамі.
Першае — хочучы зьдзейсьніць або адно або другое, ці абодвыя жаданьні адначасна, трэба пастановы рабіць з усею дужасьцю і непарушнасьцю энэргіі ў нас магчымае. Уяўляйма сабе ў гэткія хвіліны ўсе абставіны, якія памагчымасьці будуць спагаднымі нашым пастановам. Прыдбайма іх такімі, калі нам будзе лягчэй вытрываць у новых прывычках, ці забыцца аб старых. Напружвайма ўсю сілу, каб ня мінуць і першае нагоды, дзе трэба паказаць перад сабою й людзьмі новыя рысы характару. Перад людзьмі дзеля таго, што лягчэй трываць з пастановаю нейкаю, памятуючы, што людзі сочаць за мною й зробяць прысуд, калі будуць ведаць, што я йнакш кажу, а йнакш раблю, — бачучы мае спробы адхіліцца ад зробленых пастановаў.
Другое правіла — ніколі не рабіць выключнасьцяў, пакуль новая прывычка намі не заваладае, пакуль яна для нас ня будзе неабходнасьцю. Тое самае што з клубком ніцей: навіваем, навіваем, а як упаў, дык ня хутка наўем назад тое, што было ўжо, ня кажучы аб пабольшаньні. Бязспыннасьць навытару й у сыстэме нэрваў, як ведаем, мае значэньне вялічэзнае. Тое й тутака. Раўнуючы прывычкі моральныя рознаякастнага напрамку з ворагамі-змагальнікамі, праф. Бэн кажа: „найвялікшым нашым імкненнем у дасяганьні ідэалу ў гэнай галіне — гэта такі тасунак вышэйпаказаных ворагаў, каб у аднаго былі адна за аднэю перамогі, пакуль навытар у іх абдужае нас настолькі, што нягледзячы на ніякія запыні, заўсёды зробіма што належыць ад нас. Сапраўды, гэта адзін магчымы шлях поступу духовага.
Калі ня шукацімем нагоды, каб узмацаваць свае здабычы, — карысьці з пастановаў ня будзе. Чалавек мерацімецца й самым пад канец дзён сваіх і нашчадкамі, што будуць па ім, не шляхотнымі прынцыпамі, якія меў, ня тымі лятуценьнямі, ад якіх манілася яму, ён пакідае зямлю й лунаючы над ею, забыўшыся на ўсенька, робіць максімум. Самая лепшая пастанова, шляхотная думка, калі бяз выпладу астанецца, не пакіне рэальнага рэзультату — горш яшчэ чымся-б іх зусім ня было. Пры другой аказіі думка аб здрадніцтве колішнім ня дасьць магчымасьці выявіцца ўсенькай патрэбнай дужасьці. Бязсумліўна, няма больш благога чалавека, чымся бязвольны, сэнтымэнтальны лятуценьнік, які шмат і прыгожа, вельмі прыгожа гавора, а сапраўды дык ніколі нічога як сьлед па мужчынску не зрабіў.
Вельмі цікаўна паўслухацца на тое, што кажа Дарвін, дзе як ня трэ‘ лепш паказвае сілу навытару — прывычкі: „Да трыццатага году, ці пазьней яшчэ, я вельмі любіў паэзію; быўшы яшчэ вучням, я ўжо захопліваўся Шэкспірам, асабліва-ж ягонымі драмамі гістарычнымі. Любіў я калісь і малярства, а музыка была мне насалодаю раскошнаю.
Цяпер ніякім чынам ня здолею прымусіць сябе, каб прачытаць абыякі верш. Узяў я прачытаць Шэкспіра, гэткі прыдаўся ён мне мляўкі, што й ахвота прапала. Няма й колішняга захопленьня перад малюнкамі, музыкаю… Здаецца мозаг мой цяпер быццам нейкая машына для формуляцыі законаў агульных з дзеяў паасобных; уцяміць не магу, дзеля чаго аднолькава-ж недзе счэзьлі тыя часьці мозгу, якімі я ўяўляў прыгожаеьць…
Калі-б было магчыма навава жыць — перажыць, — правілам, несабходнасьцю мне было-б прачытаць крышку вершаў, паўслухацца на мілазычныя згукі музыкі, прынамся раз на тыдзень; мо‘ тады тыя часьціны мозагу, якія чэзнуць цяпер, былі-б здаровыя, рэагавалі-б на ўсенька. Ня маючы тых спадобаў, ня маю я й таго шчасьця, якое ёсьць у кожным прыгожстве; дзякуючы гэнай нястачы розум мой мо‘ ня будзе гэткім пруткім у будучыне, шкада й майго характару, бо дзеля гэтага не расьце ў ём старана пачуцьцёвая“.
Шмат хто з маладых з гарачаю, прагавітаю душою на ўсенька, чым жыве, дыхае думка чалавецкая, бачыў сябе й у будучыне далёкай заўсёды маладым, бо-ж моладасьць не гадамі трэ‘ мерыць, а пругкасьцю, жывадзейнасьцю душы. А ён уяўляў душу сваю вечна кіпучаю, з смагаю таго, што добрае, прыгожае…
Усе інтэлігэнты, якім часта трэба абмяжавацца ў сваей адумысловасьці, кажуць — пакуль яшчэ небасхіл іх вялікі, — што ўсенькія галіны чалавецкае думкі чужымі ім ня будуць.
Ці шмат аднолькава-ж паміж намі тых сапраўды вечна маладых, ці прынамся людзей, якія не астаюцца з-заду ад поступу, якія сочаць за меркаваньнямі й здабычамі дужэйшых за іх, што самыя цярэбяць шлях да заўтра?!
Ня шмат, вельмі іх мала. А чаму так, бачыма добра з правілаў прывычкі. Якая што ніна ёсьць вялікая зацікаўленасьць, калі не карміць усё новаю й новаю страваю — змадзее, прападзе ад напору штодзенных, шэрых прывычкаў. Мы шчыра цяпер хочам, каб усё, што толькі хапае за душу цяпер, назаўсёды з намі было, ды нічога дзеля гэтага ня робім, ня кратаемся, каб зацікаўленасьць была нашаю прывычкаю, а ня плыткія нахілы. Трэба пачынаць навытар ад сёньня, а ў нас калі й думаем аб укладаньні, дык і то пакідаем на заўтра. А дабра, перамогі няма без напружаньня, змаганьня мо‘ ня лёгкага пачаткова,
Тыя, што мелі магчымасьць паглядзець на сыноў усходу — Індусаў — і параўняць іх твар з эўропэйскімі, не маглі надзівіцца нейкай шляхотнасьці, якую ў іх бачылі, паважнасьці, розуму, вялікай інтэлігэнцыі ў людзей без асьветы. А яно ня так ужо, каб заблытаны быў адказ. Тутака. Жывуць яны больш па чалавецку, чымся мы, прывыклі штодзень, хай некалькі хвілін, падумаць аб найбольш патайных пытаньнях, імкненьнях сваіх. Гэта-ж у іх бацкаўшчыне мэтоды перамогі над сабою, ці, лепш казаць, над плыткімі сваімі нахіламі, зьдзейсьнілі верх дасканальнасьці. А ўсяму прычына — штодзенны, бязспынны навытар у напрамку зробленых пастановаў.
І таму ня трэба аглядацца за чым вялікім, каб паказаць сабе, што я не драмлю, а чуняю, іду наперад, а карыстаць з таго, што кожны дзень нам дае. Нагодаў штодзень, напагляд вельмі малых (бо ў сапраўдзасьці яны-ж усенька), шмат. Гэта, як кажуць, будзе нейкая адносна самых сябе „штрахоўка“. Пакуль што будзем плаціць і плаціць сваімі змаганьнямі, аж прыдзе й тая часіна, калі карысьць уявіцца прад намі. Будзе такая пара, калі маланкі й пяруны жыцьця справядлівага ды бязміласэрнага будуць грукацець нада мною, а я непарушны буду, усе-ж людзі хістацца, дрыжэць, што лісьця ад ветру на дрэвах. Шлях шырокі, вялікі прад намі, памятайма й ня дляймася!

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.