Аб праве да Бацькаўшчыны
Аб праве да Бацькаўшчыны Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1936 год Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 1 (5). — С. 42—44 |
Аб праве да Бацькаўшчыны
Ёсьць балючыя праблемы, яб якіх грамадзкая апінія разважае неахвотна. Кожнае грамадзянства мае свае, непапулярныя тэмы. Ёсьць іх нямала й у беларускім жыцьці. Да адной з такіх тэмаў належыць пытаньне адносінаў нашых да Палякоў.
Гісторыя нашага Адраджэньня мае ўжо некалькі этапаў ў суадносінах двох народаў — беларускага і польскага, бяручы найнавейшыя падзеі й не варочаючыся да далёкае гісторыі. Найбольш будуць тутака яркімі тры мамэнты: даваенная пара да 1914 г., пара рэвалюцыі ў Расеі ў 1917 г. і войнаў незалежнае ўжо дзяржавы польскае й наканец падзеі ў незалежнай Польскай Рэспубліцы, дзе складоваю часткаю лучылі й мы, Беларусы.
Пачаткі нашага Адраджэньня, трэба адцеміць, сустрэнулі, агульна бяручы, адносіны нэўтральныя са стараны Палякоў, або на’т даволі цёплыя. Рэакцыя гэная была абаснавана на вельмі рознаякіх умовах тагачаснага палітычнага ладу. Беларусы былі тады адным з тых дзейнікаў, з якім народы панявольныя ў Расеі маглі мець супольны шлях. Да таго-ж і непалітычна было-б глядзець варожа на адраджэньне Беларусаў, варожасьць геная магла-б быць лёгка аружжам проці самых сябе.
Частка польскага грамадзянства зусім шчыра, бяз ніякіх падыходаў, вітала спробу загнанага народу знайсьці назад сваё імя ў гісторыі. Былі паміж гэнымі сымпатыкамі адзінкі рознаякія. Адныя па традыцыі йшлі за лёзунгам „вольныя з вольнымі“, іншыя нават пачувалі ў сабе родны кліч; адным і другім імкненьні пачынальнікаў новае пары ў жыцьці беларускага народу былі зразумелыя; можна было ў іх толькі папытацца, чаму яны ня станулі супольна да змаганьня, чаму асталіся толькі сымпатыкамі? І шмат было такіх, што ня стрывалі, пачуўшы, што родныя гоні ажываюць і паклалі, хто колькі мог, працы пад фундаманты нашага Заўтра.
Нажаль, колькасьць іх ня была такая, як можна было-б чакаць, і якая была-б патрэбная згодна з палажэньнем беларускага народу. Вайна з усімі яе раструскамі, новымі аспэктамі палітычнага жыцьця, працерабіла рады і гэных адзінак. Захопленыя новымі магчымасьцямі польскімі, адны саромліва крыху, іншыя з пачуцьцём ахвяры, іншыя нічога не выяўляючы, пакінулі рады змагароў беларускіх. Шкада дзеля нас, шкада й дзеля іх самых.
Сяньня мо’ было-б яшчэ захутка шукаць адказу канкрэтнага на прычыну, чаму тыя людзі ад нас адышлі, ды чаму людзі з іх сфэры асталіся нам чужымі. Дасьледчыкі ў будучыне мецімуць магчымасьць падрабязна й абасновываючыся на дакумантах даць на гэныя пытаньні адказ.
Хаця гэта падзеі з апошніх амаль дзён, падзеі з канца вайны і рэвалюцыі, аднак тады людзі гэтак хутка жылі й працавалі, што неяк неспадзеўкі дзеля самых сябе, быццам нечакана, згледзілі, што нешта перамянілася ў іх і адышлі ад беларускага загону.
Крыўду мы зрабілі-б тым адышоўшым, шукаючы аднаго толькі выключна матыву ў іх, а мяноўна карыснасьці вузка матарыяльнае, імкненьня за гонарам ці славаю. Ня трэ’ нам забывацца, што ўздойм рэвалюцыі выкінуў на верх новыя каноны, накінуў людзям іх міжвольна, што выйсьці з кругу катэгорыяў новага думаньня яны не маглі.
Хто пачынаў Адраджэньне Беларусі? Ці можна казаць, што гэта былі выключна прадстаўнікі сялянства й работніцтва? Ці ў фундаманты вызвольнага руху былі пакладзены думкі клясавасьці й выключнасьці клясавае?
Калі сілаю фактаў паміж першымі рабачаямі на ніве беларускай бачым сыноў вёскі, то ўсё-ж такі ня трэ’ забывацца, што нямала паміж імі было й тых сыноў народу, што радзіліся, калі й не у палацах, дык прынамся ў том асяродзішчы, якое даўно парвала лучнасьць з гушчаром народу й адыйшло ад яго далёка.
Ці яны не маглі вярнуцца на ўлоньне народу? Ці мог ім гэтага нехта забараніць?
Яны прышлі, пачалі працаваць і гэтым пацьвярдзілі вялікую праўду, што кожны народ — гэта сялянства, работніцтва й яшчэ „нешта“. Генае „нешта“ неканечна мае быць клясаю. Хачу тут падчыркнуць, што народ і кляса з сацыяльнага боку гледжаньня гэта паймы, якія стыкаюцца з сабою ды ніколі не супадаюць. Народ — гэта сынтэза ўсяго, бяручы гістарычна, ды на’т у кожным актуальным разрэзе свайго жыцьця.
І вось вайна з рэвалюцыйным віхром скалыхнулі ў нас гладзь жыцьця і побач розных іншых сьледамкаў, вельмі добрых і вельмі благіх, накінулі нацыянальнаму жыцьцю аспэкт клясавасьці. Яно праўда, што Беларусь „мужыцкая“, што стаіць на селаніне, гэта ўжо факт гістарычны. Аднак гэта яшчэ не азначае, што сялянства — гэта Беларусь.
Падзеі нашыя пайшлі сваімі каляінамі, мінула рэвалюцыя, аджыў кліч „роўныя з роўнымі“. Ці было гэта шчыра, ці толькі гест, выкліканы іншымі плянамі, ня будзем уваходзіць. Адно толькі можна адцеміць, што яны ўжо былі „вольныя“, а мы асталіся паднявольнымі й хутка мы ня чулі ўжо аб „роўнасьці“.
Чарговыя дні, настроі маладога польскага вялікадзяржаўніцтва заганялі штораз больш на накінуты беларускаму Адраджэньню шлях выключнасьці народу-клясы. Толькі таўро (кляймо) паходжаньня з пад сялянскае страхі давала быццам права прызнавацца да беларускасьці.
І мы прывыклі да новага ладу. Часта на’т не ўяўляем сабе іншых магчымасьцяў, зусім быццам забываемся, што народ гэта ня толькі мы, а народ — гэта ўсенькае тое, што было, што народ ня толькі тое, што ёсьць, а й тое, што будзе!.. Але — скажа нехта — нашто ламаць адчыненыя дзьверы, кожны хай прыходзіць у сьвятыню, дзе правіцца Служба вялікая ў імя Народу Беларускага.
На першы пагляд сказ слушны, шмат у ім праўды. Ніхто забараніць ня сьмее, калі брат заблудзіўшы й змадзеўшы зусім, варочаецца на загон бацькі свайго. Шмат цяжэй часта гаварыць з такім братам, які прыходзіць пышаючыся сваім багацьцем і новаю Бацькаўшчынаю, хаця ён там толькі заўсёды быў прымаком. І такога трэба прыняць, не адкідаць яго, ён хаця й бадзяўся па бездарожжы, то ён усё-ж такі наш, хай толькі пачуе ён родны загон, які загаворыць да яго сэнтымэнтам усяе мінуўшчыны.
Клікаць яго мы ня можам. Трэба аднак, каб ён ведаў, што прымем, калі схоча прыйсьці, і прымем сапраўды як роўнага з намі.
Ці гэткія магчымасьці павароту належаць да галіны сапраўднасьці?
Ужо маглі мы бачыць у жыцьці іншых народаў (Чэхі, Літоўцы), што выключнасьць клясавая, ці на’т толькі ідэолёгічная, шкодная дзеля паўніні жыцьця Народу. Не раней дык пазьней трэба варочацца й папраўляць памылкі гэткія, зробленыя ў мінуўшчыне. Паварот пазьнейшы на ўлоньне Бацькаўшчыны, калі яна ўжо загадае сваім заблудзіўшым сынам вярнуцца, не такі прыгожы. Лепш было-б і дзеля нас і дзеля тых ейных сыноў, а нашых братоў, каб хутчэй яны ўявілі, што Бацькаўшчына Беларусь іх жджэ й вітае.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.